Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/…І закон прыцягальнасці (1982 г., Літаратура і мастацтва)

…І закон прыцягальнасці (1982 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

…І ЗАКОН ПРЫЦЯГАЛЬНАСЦІ

Мюзікл "Мая цудоўная лэдзі" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР

Вось што сказаў адзін з дасведчаных тэатралаў, які вельмі ўпадабаў спектакль: "Пра яго варта напісаць! І абавязкова – з агаворкамі. Без агаворак – гэта простая ліслівасць, а каму яна патрэбна?..". 

Сапраўды, пастаноўшчыкі мюзікла "Мая цудоўная лэдзі", відаць, і так ужо стаміліся ад вусных кампліментаў у адрас іх новай работы. Да таго ж, камплімент – не лепшы спосаб падтрымаць трупу, якая зноў апынулася ў становішчы так званай "няпоўнай сям’і": пайшоў з нашага тэатра музкамедыі – каторы ўжо – галоўны рэжысёр. Таму насуперак вядомым песенным радкам, прапаную: сёння давайце не гаварыць адно аднаму кампліменты. Бо ўслед захопленасці просіцца слоў колькі па шчырасці… І ўсё ж менавіта па шчырасці мы вылучаем спектакль "Мая цудоўная лэдзі" (рэжысёр-пастаноўшчык С. Штэйн, мастак А. Марозаў, балетмайстар В. Бутрымовіч, музычны кіраўнік і дырыжор А. Лапуноў) як найбольш прыцягальны ў сённяшнім рэпертуары гэтага тэатра. 

Калі ў фізіцы ёсць закон прыцягнення, дык у мастацтве, мусіць, – закон прыцягальнасці? Які ж яго "механізм дзеяння" ў гэтым канкрэтным выпадку? 

Па-першае, драматургія… І вядомая многім, любімая музыка. Радаслоўная самога сюжэта, якая вядзецца ад антычнага міфа пра Пігмаліёна і Галатэю – праз "Пігмаліёна" Б. Шоу да лібрэта А.Д. Лернера, багатая на ўдалыя версіі і правалы на драматычнай сцэне, у кіно, у харэаграфіі… Пастаноўка папулярнага мюзікла Ф. Лоу па матывах п’есы Б. Шоу – яшчэ адна галінка гэтай радаслоўнай, і ўжо таму прыцягальная. 

Па-другое, адносная навізна жанру: у нешматгадовай гісторыі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР гэта першая і адзіная пакуль пастаноўка мюзікла. 

У мюзікле ж, як вядома, спалучаецца сучасная музыка з драмай. І гэтым ён адрозніваецца ад "свякоў па сцэне" – ад класічнай аперэты і ад жанру музычнай камедыі. Прычым (так меркавалі і ўдзельнікі навукова-практычнай канферэнцыі, што праходзіла ў дні сёлетняга фестывалю творчай моладзі музычных тэатраў краіны), у спектаклі "Мая цудоўная лэдзі" найбольш плённа раскрылася праца творчага калектыву, так ці іначай выявілася, нарэшце, яго жывая душа. Гэта – побач з пастаноўкамі так званых старых твораў, у якіх адчуваецца арыентацыя трупы на тыя спрэчныя, анахранічныя традыцыі, славутыя аперэтачныя штампы, ад якіх даўно варта адмовіцца тэатру, калі ён хоча называцца сучасным. 

Уражанне, напрыклад, ад "Сільвы", ад "Вясёлай удавы" на сцэне нашага тэатра такое, быццам пастаноўшчыкі і выканаўцы мелі на мэце дэманстрацыю музыкі, спяшаючыся да яе праз усе "зоны зместу": інтэрмедыі, рэпрызы. Ці не таму такімі няўтульнымі, неабжытымі выглядаюць падмосткі ў масавых сцэнах гэтых спектакляў? Аслупянелы хор; "стоп-кадры" з удзелам усіх герояў, якія нібыта нудзяцца: калі ж скончыць сваю песню партнёр! – хіба што не глядзяць дапытліва яму ў рот… Вядома, пасля гэткіх уражанняў куды цікавей пабачыць шматнаселеныя, рухавыя мізансцэны "Лэдзі…". 

Па-трэцяе, аўтарытэт рэжысёра-пастаноўшчыка. Гэта – як добрая рэклама, гарантыя поспеху і страхоўка ад няўдач, бо гледачы ўжо загадзя настроены: хіба спектакль Штэйна можа не атрымацца?! 

Так, у "Лэдзі…" пазнаецца спрактываная, па-дзелавому цвёрдая, але не жорсткая, рука менавіта гэтага рэжысёра. Ён адразу ж проста і дакладна заяўляе пра сацыяльны сэнс спектакля, размяжоўвае яго дзейныя сілы. Па краях сцэны, перад не ўзнятай яшчэ суперзаслонай, глядач заўважае манекены: чапурысты джэнтльмен у фраку і расхрыстаны вясёлы абарванец. Гэта памятка на ўвесь спектакль: маўляў, тут суіснуюць два абагульненыя вобразы-антаганісты, Англія фешэнебельных кварталаў і Англія трушчоб. Вось так рэзка, без прэамбул і паўтаноў, як у чорна-белай фатаграфіі, акрэслена і зафіксавана гэта рэжысёрская думка. Нават Альфрэд Дулітл, няпрошаны госць Хігінса, звернецца са сваімі сентэнцыямі наконт буржуазнай маралі не да тых, хто на сцэне, а да публікі ў зале.

Паралельна, як гэтага вымагае музычная драмарургія твора, вядуць пастаноўшчыкі галоўную, лірыка-драматычную тэму. Яны звярнулі ўвагу на літаратурную крыніцу: Б. Шоу пазначыў жанр свайго твора "паэма", з паэтычнасці п’есы, відаць, і нарадзілася музыка Ф. Лоу. Вось пастаноўшчыкі мюзікла ў Мінску, як гаварылася ў адным інтэрв’ю, і задумалі "Лэдзі…" як спектакль-паэму пра стварэнне асобы Чалавека. З развіццём падзей на сцэне і сапраўды штосьці мяняецца не толькі ў Элізе. Вышэе чалавечая годнасць самога "Пігмаліёна"-Хігінса, "татулі" Дулітла, Пікерынга, Фрэдзі – у кожнага, вядома, па-свойму… 

Рэжысёрскі почырк С. Штэйна пазнаецца ў пабудове мізансцэн. Першы выхад Элізы – з аркестравай ямы (на жаль, у тэатры музычнай камедыі гэта "памяшканне" аркестра не досыць глыбокае, і музыканты часам заглушаюць голас артысткі). На "краю ямы" ідзе начная размова кампаніі Дулітла з разбуджанай суседкай. Нечакана "вынырвае" з-за парапета набярэжнай Тэмзы стракаты беспрацоўны лонданскі люд (дарэчы, у гэтай карціне добра гучыць мужчынскі хор – хормайстры Н. Андросава. М. Шпакоўская). 

І, як заўсёды, С. Штэйн імкнуўся максімальна ажывіць, індывідуалізаваць масоўкі. Нават на балі ў пасольстве амаль не заўважыш статычныя постаці. Кожны нечым заняты: калі і не гутарыць з партнёрам, то, хаця б, не "губляе кантакту" з уласным вобразам. А што ўжо казаць пра баль галадранцаў! Калі, напрыклад, ажывае пярэсты, у неверагодна вульгарных спалучэннях колераў, жабрачы свет, з якім развітваецца "жаніх" Дулітл, назіраць за некаторымі безыменнымі характарамі з другога, трэцяга планаў масоўкі не менш цікава, чым за танцорамі ля рампы. Толькі калі гэта густа замешанае жыццё пачынае "брадзіць", часам і паспачуваеш артыстам. Так, іграюць яны шчыра, са смакам, ды няма асабліва дзе разгарнуцца, быццам заціснуты-абмежаваны яны ў сцэнічнай прасторы, і плоскае палатно маляванай дэкарацыі ўсё наступае ім на пяткі, ледзьве не гоніць у залу… 

Вось, нарэшце, чацвёртае: любімыя публікай акцёрскія імёны. Як жа не "схадзіць на Гайду" ў ролі Элізы! 

Нярэдка ў гэтай ролі актрысы так шчыруюць, так груба жэстыкулююць і мову перакручваюць, што і ператварэнне "ў Галатэю" ўспрымаецца як мудрагелістая выхадка вульгарнай вулічнай гандляркі. Іншая Н. Гайда. Яна не ўтрыруе спецыфічную фанетыку непісьменнай кветачніцы (хаця і спявае ў першых карцінах характэрным, амаль адкрытым гукам), яе жахлівыя манеры. Яе гераіня спярша нават нагадвае мурзатае хлапчанё-беспрытульніка – калі гэткай цікаўнай звонкагалосай "круцёлкай" з’яўляецца ў доме прафесара Хігінса. І тады ўжо, у нейкай няўлоўнай, унутранай грацыі, высакароднасці, абаяльнасці, намячае арганічныя абрысы будучай лэдзі. Падалося, што актрыса часам згладжвае магчымыя вострыя вуглы малюнка сваёй ролі, быццам баючыся грубых штрыхоў, – нават на скачках, дзе злятае старанная чыннасць з твару Элізы і яна, захопленая відовішчам, размахвае парасонікам. 

Партнёр Н. Гайды, Р. Харык увасабляе свайго Хігінса чалавекам не пажылым, амаль заўсёды холадна-абыякавым (ад таго, мабыць, і сумным) і… сентыментальным (у меладраматычнай сцэне запозненага ўрока, у фінале). 

А гэты стыхійны філосаф – "бутэлька веры, кубак надзеі, чарка ўдачы", – Дулітл, сыграны А. Ранцанцам досыць каларытна. Парадаксальная фігура: маладжавы, нахабны гарлапан са сваёй цынічнай філасофіяй, якая не шакіруе, мабыць, таму, што бядняк Дулітл не можа дазволіць сабе "такую раскошу, як маральныя правілы". Ён мітуслівы ў рухах і насцярожаны пры слове "паліцыя", у сваім жа асяроддзі ён фарсіць замашкамі ледзьве не арыстакрата… 

А вось прыкметная работа маладой артысткі І. Скорабагатавай – місіс Пірс. Пераканальны вобраз гэткай "вышкаленай язвы", кемлівай, увогуле незласлівай, іранічнай. Іроня і ў тым, як мудрагеліста і шматзначна выгінае яна палец, маючы нешта на думцы, і ў тым, як выразна зыркае праз ларнет на букецік, прынесены Фрэдзі для Элізы, і ў тым, як адной толькі постаццю выказвае сваё здзіўленне і пагарду да прафесара, даведаўшыся пра знікненне Элізы. 

…І досыць на сёння пра гэтую, пакуль што самую свежую і найбольш удалую работу, дзякуючы якой тэатр на ўласным вопыце ўведаў закон прыцягальнасці сцэнічнага твора. Калі калектыў ацэньвае новы спектакль як сукупнасць станоўчых арыенціраў для будучых творчых спраў і не за моўчвае яго недахопы, – яно добра. Абы толькі не прымаў за бездакорны эталон – іначай мастацкі рост нашага тэатра можа надоўга затрымацца ўсё на той жа, цяперашняй прыступцы.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1982. – 11 чэрв. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: