Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Яшчэ адно жыццё "Паўлінкі" (1982 г., Тэатральны Мінск)

Яшчэ адно жыццё "Паўлінкі" (1982 г., Тэатральны Мінск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЯШЧЭ АДНО ЖЫЦЦЁ "ПАЎЛІНКІ"

Афішай гэтага тэатра я асабліва цікаўлюся: яго нараджэнне адбывалася на маіх вачах. Я ведаю яго прадгісторыю. I вельмі добра помню дзень адкрыцця тэатра: 17 студзеня 1971 года на яго сцэне быў паказаны першы спектакль – гераічная музычная камедыя Юрыя Семянякі "Пяе Жаўранак". 

За мінулыя гады зроблена нямала. На афішы Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР з'яўляліся ўсё новыя і новыя назвы; адны спектаклі хутка сыходзілі са сцэны, другім быў наканаваны шчаслівы лёс. Сярод апошніх – спектакль, з'яўленне якога было адзначана як нараджэнне беларускай нацыянальнай аперэты. I кожны раз, калі чытаю чарговую афішу тэатра, з нейкім асаблівым пачуццём, нават раўніва шукаю сярод назваў гэты спектакль... 

"Паўлінка"... У Беларусі, напэўна, няма ніводнага чалавека, які не ведаў бы славутую купалаўскую камедыю. "Паўлінка" Янкі Купалы – адзін з тых дыяментаў, што складаюць скарбонку нацыянальнай культуры беларускага народа. Не адно пакаленне акцёраў славутага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы іграе ў гэтым спектаклі, не адно пакаленне гледачоў захапляецца спектаклем купалаўцаў. Героі п'есы жывуць і на самадзейнай сцэне, у свой час атрымалі новае жыццё на экране... 

Музычны тэатр доўга не рашаўся дакрануцца да купалавай п'есы, але прыйшоў час – і мы сталі сведкамі нараджэння музычнага спектакля, які, думаецца, увойдзе ў гісторыю беларускага музычнага тэатра як адметная з'ява... 

Мне ўсё імпануе ў гэтай аперэце. Музыка Юрыя Семянякі і лібрэта Алеся Бачылы, рэжысёрская работа Сямёна Штэйна, сцэнаграфія Анатоля Марозава, гучанне хораў і танцы, увесь музычны лад спектакля. 

Калі я бываю ў тэатры на "Паўлінцы", зноў пераконваюся, што стваральнікі гэтага яркага сцэнічнага відовішча не проста "аздобілі" музыкай купалаву п'есу. Не, яны стварылі прынцыпова новы, музычны спектакль, расказалі п'есу Купалы мовай музыкі. Пры гэтым былі захаваны многія дыялогі, сцэны п'есы, а вершы Алеся Бачылы далі магчымасць кампазітару стварыць на іх аснове шэраг арый, арыёза, ансамбляў, хораў. 

Музыка Ю. Семянякі сакавітая, каларытная, меладычна выразная, у ёй ясна адчуваецца сувязь з нацыянальнай музычнай стыхіяй. Ды ў такім спектаклі інакш было б нельга. Кампазітар звяртаецца і да народных песень і танцаў, і выбар іх строга абумоўлены развіццём сюжэта. Гэтыя народныя мелодыі арганічна зліліся з усёй музыкай Юрыя Семянякі і сталі яе неад'емнай часткай. "Чаму ж мне не пець", "Ой, там у бору", "А ў полі ніўка", "Туман ярам" – якое хараство!.. 

У аперэце "Паўлінка" вельмі ясная музычная драматургія. Два асноўныя музычныя вобразы, дзве лейттэмы – тэма Якіма (песня "Мужык") і "Карусель" (вобраз Кірмаша) – складаюць яе сутнасць. Музычнае развіццё ідзе адзіным імклівым патокам, і гэтак жа імкліва разгортваецца дзеянне на сцэне. 

Першае рэжысёрскае прачытанне твора заўсёды накладае на пастаноўшчыка вялікую адказнасць. Рэжысёру даводзіцца быць першаадкрывальнікам, працаваць без спасылак на аўтарытэты і іншыя рэжысёрскія трактоўкі. Тым удзячней гэта работа, тым больш каштоўныя яе мастацкія вынікі... 

Думаючы аб гэтым, я ўспамінаю работу над спектаклем "Паўлінка" рэжысёра-пастаноўшчыка народнага артыста БССР Сямёна Штэйна. Менавіта С. Штэйн прапанаваў кампазітару звярнуцца да купалаўскай "Паўлінкі". Спачатку думка гэта выклікала ў Семянякі сумненне: маўляў, ці трэба чапаць нашу класіку, якая многія дзесяцігоддзі ідзе з поспехам на сцэне тэатра імя Янкі Купалы?.. 

Але Сямён Аляксандравіч быў перакананы, што "Паўлінка" – гэта менавіта тое, што патрэбна тэатру і кампазітару. Помню, ён расказваў мне: "...Я ўжо, здаецца, чуў гучанне музыкі; здавалася, што п'еса прызначана для музычнай сцэны і даравання Юрыя Семянякі; яе шчырасць, народнасць, прастата, задушэўнасць заварожвалі мяне... I пачалася работа. Юрый Уладзіміравіч ствараў асобныя нумары, сцэны – на вачах нараджалася музычная фантазія на тэму "Паўлінкі". Алесь Бачыла таксама ствараў вершаваную, паэтычную фантазію... "Я доўга не мог адчуць таго стрыжня, які стаў бы вобразным ключом спектакля. I раптам – "Мужык"! Адзін з самых выдатных вершаў Янкі Купалы, напісаны ў пругкім рытме, у тым ключы, які не толькі сцвярджае прыгажосць паняцця "мужык", але мае асаблівы выбуховы характар. Я зразумеў – гэта і ёсць пачатак спектакля і сэнс канфлікту: Якім – мужык! I нежаданне бацькоў Паўлінкі ўвесці яго ў сям'ю, бо Якім – мужык! I арыштавалі яго таму, што ён мужык! Гэта лінія павінна была стаць скразной... Але жанр аперэты вымагаў і другой скразной тэмы. Ёю стала тэма Кірмаша, вясёлая, энергічная, імклівая, "карусельная", якая сцвярджае жыццярадасны народны пачатак. Абедзве тэмы нараджаюць атмасферу спектакля". 

Я вельмі добра разумею аўтараў і рэжысёра, якія падчас работы над аперэтай "прымяралі" Паўлінку на Наталлю Гайду. Гэта бліскучая работа таленавітай артысткі. Не так даўно мне трапіў на вочы нумар "Тэатральнага Мінска" за 1973 год. З вокладкі глянула на мяне Паўлінка-Гайда. Такая яна была тады, на пачатку жыцця сваёй гераіні – пяшчотная, трапяткая, абаяльная. Такая Гайда і сёння. I кожны раз, калі трапляю на спектакль "Паўлінка", з хваляваннем чакаю сустрэчы з Гайдай... 

Роля Паўлінкі вельмі цяжкая. Яна знаходзіцца ў самым цэнтры дзеяння на працягу ўсяго спектакля. Партыя Паўлінкі насычана спевамі, танцамі. Выканаўцы ролі Паўлінкі амаль не даводзіцца, як гавораць, "перавесці дух". Паўлінка – гэта той "нерв", вакол якога разгортваецца дзеянне. Народная артыстка БССР Наталля Гайда іграе сваю гераіню вось ужо амаль дзесяць гадоў, і да сённяшняга дня яе Паўлінка захоўвае свежыя музычна-сцэнічныя фарбы. 

Ён не старэе, спектакль "Паўлінка". З часам з'яўляюцца сярод яго ўдзельнікаў новыя выканаўцы, яны ўваходзяць у спектакль, прымаючы яго законы, уліваюцца ў трывалы акцёрскі ансамбль. Відаць, добра "сцэментаваны" рэжысёрам усе элементы сцэнічнага "будынка". Дзесяць год ідзе "Паўлінка" на сцэне тэатра музычнай камедыі. Не такая частая з'ява ў нашым тэатры!.. Такі ж яркі і вясёлы кірмаш, усё гэтак жа ўпарта і шчыра змагаецца Паўлінка за сваё каханне. I няхай у канцы дзеяння Якіма арыштоўваюць, і няхай Паўлінка ў адчаі глядзіць яму ўслед... Гучыць песня "Мужык" – песня мужнасці і сілы, песня надзеі. I не застаецца ў гледачоў адчування горычы і болю: прыдзе час, і будзе Паўлінка шчаслівая... 

Не хочацца пакідаць гэтую ўтульную прыгожую залу новага тэатра, не хочацца расставацца з героямі спектакля… На вуліцы вечар, паветра па-веснавому пранізліва празрыстае і чыстае. Прыходзіць думка: як паставіўся б вялікі пясняр да новага – музычнага – жыцця сваёй гераіні, калі б мог пабачыць яе на сцэне татра? Быў бы ўзрушаны, крануты, задаволены? Напэўна быў бы. Мне хочацца так думаць...

А. РАКАВА.
Тэатральны Мінск. – 1982. – № 3.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: