Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Кожная сустрэча – радасць (1982 г., Мінская праўда)

Кожная сустрэча – радасць (1982 г., Мінская праўда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

КОЖНАЯ СУСТРЭЧА – РАДАСЦЬ

Людзям, якія прыходзяць у тэатр, побач з роздумам, перажываннем, патрэбна радасць – звонкая, душэўная, светлая. Патрэбна свята. А радасць жа ў зале нараджаецца ад шчаслівага зліцця акцёра са сваім героем. 

Здаецца, не так даўно прыйшла Вікторыя Мазур у тэатр музычнай камедыі БССР. Прыродны талент і працавітасць хутка вылучылі маладую актрысу ў асноўны выканаўчы састаў. Ужо больш як дзесяць гадоў, пасля заканчэння Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі імя А.В. Луначарскага, яна працуе на сцэне тэатра.

Гэтыя гады сталі для яе гадамі пазнання асноў акцёрскага майстэрства, фарміравання творчых і грамадзянскіх ідэалаў.

Праўда, сама Вікторыя, яшчэ займаючыся ў музычнай школе, пазней у вучылішчы і кансерваторыі, ніколі не думала, што стане салісткай аперэты.

Марай яе заўсёды была оперная сцэна. Але нечакана педагогі А.Карынскі і В. Генілевіч, убачыўшы ў Мазур добрыя даныя артысткі аперэты – жвавасць, лёгкасць, эмацыянальнасць, моцны прыемны голас, абаяльную знешнасць, – параілі ёй праслухацца ў толькі што створаным тэатры музкамедыі. 

Так, яшчэ будучы студэнткай чацвёртага курса, яна пачала сумяшчаць вучобу з работай у тэатры. 

У творчасці актрысы былі радасці ўдач і сумненні, пошукі ўласнага самавыражэння, і тое, што для сапраўднага таленту існуе вечна, – тварэнне. 

Усякі пачатак цяжкі. Было такое і ў працэсе работы над стварэннем першых роляў: прадаўшчыцы кветак Віялеты ў "Фіялцы Манмартра" І. Кальмана, гераічнай Ірыны ў "Пяе "Жаваранак" Ю. Семянякі. Няпроста было на першым часе спалучаць складаныя вакальныя партыі з моўнай інтанацыяй, танцавальную пластыку з драматычнымі перажываннямі, з майстэрствам пераўвасаблення. 

…Ідзе "Паўлінка" – спектакль па аднайменнай камедыі Янкі Купалы. Бацька Паўлінкі Сцяпан Крыніцкі толькі што вярнуўся з кірмашу, дзе сасватаў сваю дачку за багатага шляхціча Быкоўскага. Ён расказвае пра гэта жонцы. Шчасце Паўлінкі ў небяспецы – яна кахае другога. Гераіня крыху падалася наперад, каб бацька бачыў яе. Усё ў ёй, здаецца, гаворыць: "Бацька, родненькі, не аддавай за нялюбага, не губі мяне!".

Сваёй ігрой Вікторыя прымушае забыць умоўнасці таго, што адбываецца на сцэне, будзіць суперажыванне гледача. А гэта, бадай галоўнае.

Жыццялюбствам і песеннай акрыленасцю натуры, страснасцю ўспрыняцця жыцця, душэўнай шырынёй захаплялі нас Лала ("Каўказская пляменніца"), Вера Чарнова ("Увага, здымка!"), Каця ("Чацвёра з вуліцы Жанны"), Насця ("Халопка"), Чана, Анжэла ("Пацалунак Чаніты"), Марыца ("Марыца"), Ганна Главары ("Вясёлая ўдава"), Разалінда ("Лятучая мыш").

Сёння ў жанры аперэты В. Мазур у поўнай меры раскрыла свае як музычныя, так і драматычныя здольнасці.

Непасрэднасцю і шчырасцю пакарае гледачоў яе Сільва ("Сільва"), бясконца зварушлівая Каця ("Патрабуецца гераіня"), мяккая лірычная Зорыка ("Цыганскае каханне"), рашучая і свавольная Насця – старшыня жаночага савета ("Бабін бунт").

Зусім іншая, нечакана новая яе Феніса са спектакля "Хітрамудрая закаханая". Яе гераіня – не проста камедыйны вобраз. Гэта чалавек з даволі складаным лёсам, які змагаецца з коснасцю, за свабоду сваёй асобы. Яна пераконвае не толькі розумам, талентам, энергіяй і спрытам, але і чароўнай сваёй жаноцкасцю, якая сама па сабе – зброя амаль непераможная. 

Дасягненняў шмат у яе акцёрскім лёсе. І кожная роля Вікторыі Мазур гучыць па-свойму, самабытна. 

Работа над сцэнічнымі вобразамі дапамагае ёй і ў канцэртнай дзейнасці. Памятаюць слухачы Беларусі, Украіны, Азербайджана і Грузіі ў яе выкананні "Люблю цябе, Белая Русь", "Квітней, Беларусь", рамансы Рахманінава, Чайкоўскага, народныя рускія і беларускія песні. Песня ж таксама – своеасаблівая сцэнічная мініяцюра. 

Памятныя яе сустрэчы з нашымі суайчыннікамі за рубяжом – у розных гарадах Амерыкі, дзе актрыса прадстаўляла савецкае мастацтва па запрашэнню таварыства "Радзіма". 

Цяпер актрыса працуе над стварэннем новага вобраза – Элізы Дулітл у спектаклі "Мая прыгожая ледзі". 

– Як вядома, гаворыць яна, – у гэтай ролі вялікая гісторыя, яе ігралі майстры з сусветным імем, таму тут важна не паўтарыцца, знайсці сваю Элізу. 

Часам адчуваецца ў яе размове і сум, жаль аб нясыграных ролях, няспетых песнях. Гэта зразумела і апраўдана. Але калі аглянуцца назад – колькі створана выдатных, непаўторных вобразаў! 

Неяк Вікторыя Мазур сказала, што прафесія акцёра – шчаслівая і ўдзячная: бо калі закранеш душу сучасніка, значыць, ты нездарма жывеш у мастацтве, нездарма носіш званне акцёра. 

І яна самааддана працуе, каб кожная новая сустрэча прыносіла гледачу радасць.

Л. БЕСПРАЗВАННАЯ.
Мінская праўда. – 1982. – 5 студз.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: