Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Абрысы фестывалю (1982г., Літаратура і мастацтва)

Абрысы фестывалю (1982г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АБРЫСЫ ФЕСТЫВАЛЮ

29 красавіка ўрачыстым канцэртам завяршыўся ў Мінску III Усесаюзны фестываль творчай моладзі музычных тэатраў

Па-рознаму, у залежнасці ад асвятлення і ракурсу, успрымаем мы настрой, каларыт, гульню святла і ценю, дэталі і перспектыву вялікага жывапіснага палатна. Вось так і фестываль: шматзначная, шматаблічная карціна яго выклікала і выклікае нямала зацікаўленых меркаванняў, палемічных уражанняў, сімпатый і адкрытых спрэчак. Гэта ж зразумела: хоць ідэйна-эстэтычныя задачы і асноўныя арганізацыйныя прынцыпы вызначыліся яшчэ пасля першага такога творчага форуму, душа свята мастацтваў – маладая. А дзе маладосць – там і пошук, там і неспадзяванае, і цудоўнае, і спрэчнае.

Сёлетні фестываль, як вядома, асаблівы. Ён супаў з падрыхтоўкай да вялікай даты ў гісторыі нашай краіны і з падрыхтоўкай да XIX з'езда ВЛКСМ. Таму, напэўна, яго праграма накіроўвалася на тое, каб не столькі выявіць новыя імёны перспектыўных выканаўцаў, колькі прадэманстраваць сённяшні дзень нашага музычнага тэатра. Не выпадкова сярод удзельнікаў было так многа заслужаных артыстаў, лаўрэатаў адказных усесаюзных і міжнародных конкурсаў. Гэта, напрыклад, прызнаныя слухачом, гледачом вядомыя ў прафесійным асяроддзі лаўрэат прэміі "Фонд Караяна" дырыжор В. Гергіеў (Ленінград), заслужаны артыст РСФСР саліст Куйбышаўскай оперы В. Чарнаморцаў, лаўрэат міжнародных конкурсаў артыстаў балета Т. Кладнічкіна (Новасібірск) і інш.

Сярод удзельнікаў-мінчан таксама было нямала знаёмых імёнаў: заслужаны артыст БССР В. Скорабагатаў, лаўрэаты ўсесаюзных конкурсаў М. Жылюк, Л. Колас, У. Экнадзіёсаў... А вось для маладых оперных спевакоў Н. Галеевай, А. Дзічкоўскага, Н. Рудневай, балерын Н. Дадзішкіліяні, М. Мельнікавай, салістаў Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР В. Пятліцкай, Р. Харыка, дырыжораў М. Калядкі, А. Сасноўскага, іншых беларускіх артыстаў гэты фестываль – першы.

Дарэчы, творчыя сілы тэатраў аперэты і музычнай камедыі ўпершыню прынялі ў ім удзел – вось яшчэ адна асаблівасць сёлетняга фестывалю. Колькасць гасцей Мінска, колькасць спектакляў, канцэртаў, творчых сустрэч, натуральна, павялічылася. I выдаткі напружанай праграмы, на жаль, адчуваліся вастрэй, чым на мінулых фестывалях. Не заўсёды можна было атрымаць належную даведку ў штабе; карэктывы ў спіс выканаўцаў часам уносіліся ледзьве не пры першых гуках уверцюры, але... Але, зрэшты, кур'ёзныя сітуацыі нават абвастралі ўвагу да фестывальных падзей, настройвалі і артыстаў, і крытыкаў на экспромт, нечаканасць, адкрыццё.

I цікавыя старонкі ў фестывальным дзённіку былі. Наваі самыя строгія і скептычныя суддзі шчыра апладзіравалі ўдзельнікам спектакля "Дон Карлас" I. Мількевічутэ і А. Маркаўскасу (Вільнюс), В. Сурыкавай (Свярдлоўск), якія ў ансамблі з мінчанамі Я. Пятровым і У. Экнадзіёсавым па-сапраўднаму ўзрушальна ўвасобілі на сцэне драму вялікіх характараў вердзіеўскай оперы. Нават у анахранічнай атмасферы старой пастаноўкі "Князя Ігара" жыва, пераканальна выглядалі вобразы Ігара і Яраслаўны (куйбышаўцы В. Чарнаморцаў і С. Чумакова).

А якая шчырая ажыўленасць панавала ў зале, калі на сцэне разгортвалася дзеянне оперы Г. Даніцэці "Дон Паскуале"! Салісты В. Гарэлікаў (Львоў), В. Скорабагатаў (Мінск), У. Саладоўнікаў (Ленінград), Т. Кучынская (Мінск) стварылі яркія камедыйныя характары, паказалі сябе вынаходлівымі і чулымі партнёрамі. "Дон Паскуале", дарэчы, – адзін з фестывальных сюрпрызаў: яго дырыжор В. Гергіеў прыбыў у Мінскі аэрапорт толькі за 40 мінут да пачатку спектакля. Яму ўжо была падрыхтавана замена. Але ён прыехаў у тэатр і ўпэўнена стаў за пульт сам...

З новымі акцёрамі з'яўляліся і свежыя інтанацыі ў спектаклях Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Напрыклад, дуэт салістаў з Кемерава У. Цітэнкі (Фальк) і П. Карпава (Генрых) упрыгожыў першую дзею "Лятучай мышы" – нібыта "добра падрыхтаваная імправізацыя".

Аматараў балета не менш за спектаклі зацікавіў вечар-канцэрт. У фрагментах з класічных пастановак, у мініяцюрах і дуэтах у сучаснай харэаграфіі В. Галсцяна, В. Елізар'ева, М. Мурдмаа, В. Фядотава прывабна раскрыліся артыстычныя індывідуальнасці С. Смірновай (Перм), Т. Кладнічкінай (Новасібірск), П. Скірмантаса (Вільнюс), Г. Галсцян (Ерэван), В. Хлябінскаса (Вільнюс), Н. Дадзішкіліяні (Мінск)... Эфектна выканалі свой танец з балета "Ліза і Кален" Л. Герольда мінскія танцоўшчыкі I. Моўчан, С. Манзалеўскі, А. Талочка, Я. Мінін...

Вопыт усесаюзнага фестывалю будзе падагульнены ў Міністэрстве культуры СССР, на старонках друку. Але пэўныя яго ўрокі ўжо сёння дапамагаюць ацэньваць становішча ў музычных тэатрах нашай рэспублікі. Такія арыенціры ў ацэнках вызначаліся на творчых абмеркаваннях, у якіх удзельнічалі намеснік начальніка Упраўлення музычных устаноў МК СССР В. Куржыямскі, народныя артысты СССР В. Боўт, М. Вадзяной, I. Зак, тэарэтыкі і практыкі музычнага тэатра, крытыкі.

У адзін з фестывальных дзён адбылася і навукова-практычная канферэнцыя на тэму "Савецкі шматнацыянальны музычны тэатр і сучаснасць". У дакладах, выступленнях прагучала шмат агульных разваг пра станаўленне савецкага музычнага тэатра і шляхі яго цяперашняга развіцця. Выказваліся і канкрэтныя заўвагі на падставе фестывальных уражанняў. Прынамсі, доктара мастацтвазнаўства Г. Келдыша праграма фестывалю не задаволіла тым, што ў ёй не было ніводнага сучаснага савецкага опернага ці балетнага спектакля (у гэтым сэнсе, лепш выглядаў тэатр музкамедыі, у рэпертуар якога ўвайшлі "Старыя дамы" А. Фельцмана і "Несцерка" Р. Суруса). Гэту думку падтрымаў галоўны дырыжор Куйбышаўскага акадэмічнага тэатра оперы і балета Л. Асоўскі: калі ў рэпертуары няма твораў кампазітараў XX стагоддзя, цяжка меркаваць пра падрыхтаванасць маладых спевакоў, дырыжораў да выканання надзённых творчых задач.

Сур'ёзную размову пра жанры аперэты, музычнай камедыі, мюзікла вялі навуковы супрацоўнік Усесаюзнага інстытута мастацтвазнаўства В. Каліш і дырыжор Рыжскага тэатра аперэты Я. Каякс. Яны падкрэслівалі, што адбываюцца складаныя працэсы сінтэзу музычнага тэатра і драмы і праблема прафесіяналізму ў гэтай галіне адчуваецца асабліва востра.

Думкамі пра новыя з'явы на харэаграфічнай сцэне, у тым ліку беларускай, дзяліліся кандыдаты мастацтвазнаўства М. Эльяш, Т. Шчарбакова, В. Уральская. А ў выступленні народнай артысткі РСФСР прафесара Н. Шпілер прагучаў клопат пра выхаванне маладых спявацкіх кадраў. Яна вылучыла праблему даўгалецця вакаліста: важна дбаць пра тое, каб мастацтва развівалася, а не растрачвала сябе на фестываль. I яшчэ – выказала трывогу за вакальныя кадры Беларусі, за выпускнікоў нашай кансерваторыі, для якіх часта не знаходзіцца месца ў тэатрах рэспублікі.

Фестываль закончыўся – а размову пра сучасныя праблемы шматнацыянальнага музычнага тэатра працягваюць яго практыкі, даследчыкі і летапісцы. Падводзячы вынікі канферэнцыі, старшыня аргкамітэта фестывалю, міністр культуры БССР Ю.М. Міхневіч зазначыў, што прычыны для разваг ёсць. На гэтым творчым форуме паўстала шмат пытанняў – і колішніх, і новых, на якія наўрад ці можна даць хуткі і адназначны адказ. Галоўнае ж, падкрэсліў ён, праца ў складанай сферы культуры вымагае прафесіяналізму і яшчэ раз прафесіяналізму: у падрыхтоўцы маладога артыста, у працэсе ўводзін яго ў творчае жыццё тэатральнага калектыву і г. д.

Правядзенне фестывалю ў Мінску – не проста пачэсна, але і адказна для Беларусі. Гэта да многага абавязвае дзеячаў нашай культуры і мастацтва, дапамагае выявіць нерэалізаваныя магчымасці ў рабоце з артыстычнай моладдзю, дае новыя імпульсы творчаму жыццю рэспублікі.

Літаратура і мастацтва. – 1982. – 30 крас.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: