« Назад
АКРЫЛЕНАСЦЬ МАРАЙ
Мастацтва аперэты нездарма называюць жанрам сінтэтычным. Нараджэнне такога спектакля і цэласнае яго ўспрыняцце ствараецца намаганнем многіх людзей розных індывідуальнасцей і прафесій: дырыжора, мастака, балетмайстра, хормайстра...
У новым спектаклі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР "Судны час" паводле п'есы А. Макаёнка "Трыбунал" гледачам запомнілася не толькі рэжысёрская і акцёрская работа, але і багатая на фарбы харавая палітра – вакаліз пралога і разгорнуты фінал "Слухайце, дзеці! Я вам Радзіма! Я ваша маці!".
Як хвалі, плаўна коцяцца на нас шырокія і паўнагучныя акорды. Уражвае маналітнасць гучання, хор уяўляецца нам нібыта адзіным жывым арганізмам. Ён – як голас народа, голас Радзімы, як голас маці, як зварот да сённяшняга пакалення.
– Сапраўды, магчымасці хору невычэрпныя – гаворыць галоўны хормайстар тэатра Нэлі Уладзіміраўна Андросава. – Увабраўшы ў сябе дасягнені прафесіянальнага і народнага харавога мастацтва мінулага, музыка ў гэтым спектаклі нашага беларускага кампазітара Р. Суруса працягвае пошук новых шляхоў адлюстравання і эмацыянальнага ўздзеяння на слухача.
Калі вехі ў жыцці акцёраў – сыграныя імі ролі, то ў творчасці Н. Андросавай галоўным стымулам яе мастацкіх імкненняў заўсёды была любоў да харавога выканання і крапатлівая, не вядомая гледачу работа з калектывам над павышэннем вакальна-тэхнічнага майстэрства.
Каля пятнаццаці гадоў працуе Н. Андросава ў тэатры музкамедыі. Яна прымала ўдзел у стварэнні амаль трыццаці пастановак.
Працуючы над харавымі сцэнамі да спектакляў "Пяе жаваранак", "Вяселле ў Малінаўцы", "Паўлінка", "Бабскі бунт", "Несцерка", галоўную задачу яна бачыла ў тым, каб хор гучаў не толькі тэхнічна зладжана, пранікнёна і выразна, але і каб узнаўляў жыццё ва ўсёй яго паўнаце, у рамантычных, гераічных, камедыйных праяўленнях. I ў класічных аперэтах "Ноч у Венецыі", "Лятучая мыш", "Мая цудоўная лэдзі", "Д'ябальскі коннік" артысты хору ў масавых сцэнах жылі асэнсавана, дакладна вырашалі сваю мастацкую задачу.
– Дзіўная з'ява ў нашым жыцці – песня, – гаворыць Андросава. – У ёй мы знаходзім прыкметы часу, жыцця краіны, характару пакаленняў.
Любоў да народнай песні прывіла ёй у дзяцінстве маці, якая добра спявала і марыла вучыцца музыцы. Аднак у той цяжкі час гэтым планам не суджана было ажыццявіцца. Пятнаццацігадовай дзяўчынкай пачала маці працаваць на ткацкай фабрыцы, каб дапамагаць вялікай сям'і. Потым па пуцёўцы камсамола пайшла ў авіяцыю, стаўшы лётчыкам-выпрабавальнікам і рэкардсменкай свету па планёрнаму спорту. Але сваю запаветную мару прысвяціць жыццё музыцы – яна перадала дачцэ.
– У нашай сям'і, – успамінае Н. Андросава, – ніводнае свята не абыходзілася без песень. Ведалі мы іх мноства. Былі яны і аб цяжікай сялянскай долі, і аб тым, як ішлі байцы па спаленых палях, па партызанскіх лясах.
Дзякуючы песні яшчэ ў раннім дзяцінстве Нэлі Уладзіміраўна атрымала азы музычнай адукацыі. З сямі гадоў удзельнічае яна ў самадзейнасці, займаецца ў хоры Палаца піянераў. Смела і настойліва ідзе да сваёй мары – быць хормайстрам. Яшчэ тады запомніліся ёй словы П.I. Чайкоўскага аб тым, што "натхненне – гэта такая госця, якая не любіць наведваць лянівых". I не толькі запомніла, але і старалася звязаць з імі свае далейшыя крокі ў мастацтве.
Яна паспяхова заканчвае дырыжорска-харавое аддзяленне Маскоўскага музычнага вучылішча імя Гнесіных. Затым займаецца ў Белдзяржкансерваторыі ў такіх вядомых педагогаў і майстроў беларускага мастацтва, як народныя артысты БССР В. Роўда і А. Коган, якія дапамаглі ёй авалодаць асновамі майстэрства, больш ярка праявіць сваю індывідуальнасць, спасцігнуць глыбіні музыкі.
Яшчэ будучы студэнткай, Андросава працуе другім хормайстрам у Акадэмічнай харавой капэле Белдзяржуніверсітэта, пазней арганізуе і кіруе гарадскім хорам пры Белдзяржкансерваторыі.
У праграмах, з якімі гэтыя калектывы выступалі перад слухачамі, былі творы розных эпох, стыляў, манер, ад класічных да самых сучасных твораў рускіх і беларускіх кампазітараў.
Па складу сваёй творчай натуры Н. Андросава не змагла абмежавацца светам "чыстага мастацтва". Усе гэтыя гады яна шмат часу ўдзяляе грамадскай рабоце. Яна камуніст, дзевяць гадоў выбіралася сакратаром партыйнай арганізацыі тэатра, была сакратаром БРК прафсаюза работнікаў культуры.
Цяпер яна па-ранейшаму ў пошуку. Ідуць рэпетьіцыі над харавымі сцэнамі да спектакля "Фраскіта" Ф. Легара.
А колькі планаў яшчэ наперадзе? Ажыццяўленне іх запатрабуе ад хормайстра яшчэ большай працавітасці, настойлівасці.
Л. БЕСПРАЗВАНАЯ. Мінская праўда. – 1984. – 26 чэрв.
|