Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Натхненне (1984 г., Чырвоная змена)

Натхненне (1984 г., Чырвоная змена)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НАТХНЕННЕ

Гледачы, напэўна, добра ведаюць вядучую артыстку Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР заслужаную артыстку рэспублікі Вікторыю Мазур. Жанр аперэты патрабуе вельмі многага: добра спяваць, танцаваць, умець падпарадкаваць усе выразныя сродкі зместу вобраза. Усё гэта артыстка робіць аднолькава добра. Яе голас – надзвычай багаты, чароўны – выдзяляе яе сярод іншых. Як, між іншым, і тонкая мастацкая выразнасць, артыстызм, узбагачаны сцэнічным вопытам, натуральнасць выканання, натхнёнасць і працаздольнасць. I ўсё ж галоўнае багацце Вікторыі Мазур як мастака заключана ў яе голасе, яркасці і рухомасці ўсёй гукавой лініі.

Спектакль даўно закончыўся, самой артысткі ўжо няма на сцэне, а зачараванасць працягваецца. Удзел Вікторыі Мазур у спектаклях нязменна выклікае ў зале настрой асаблівай узнёсласці. Уражанне, якое яна робіць, – хвалюючае. Такая сіла сапраўднага мастацтва!

На працягу 13 гадоў свайго артыстычнага шляху В. Мазур стварыла цэлую галерэю запамінальных вобразаў. Запамінальных сваёй гарманічнай закончанасцю, уменнем знаходзіць для пераканаўчай абмалёўкі характару сцэнічнага вобраза, выражэння розных чалавечых пачуццяў неабходную афарбоўку інтанацыі, тонкую нюансіроўку.

Адна з лепшых партый рэпертуару артысткі – Разалінда ў "Лятучай мышы", дзе ствараемы вобраз становіцца ўпоравень з неперадавальнай прыгажосцю моцнага цудоўнага голасу. Уражвае жыццярадаснасць, рэльефны эмацыянальны малюнак вядзення ролі. Прыгожа, плаўна льецца голас спявачкі. Ён перадае і тонкую хітраватасць, і весялосць – мноства тонкіх пачуццяў. Прыкметна, што весялосць гэта – без налёту пошласці. У аперэце лёгка згубіць пачуццё меры, перайграць. Тут жа – ніякіх танных эфектаў. Пачуццё меры захоўваецца ідэальна. У складаных ансамблях, рухомых камедыйных мізансцэнах уся пластыка артысткі стрыманая, пявучая. Як і голас – то задумліва-пяшчотны, то ласкавы, то хвалюючы, захапляючы і прыцягальны. Столькі часам імгненных змен душэўных станаў гаворыць аб уменні артысткі жыць у вобразе.

Кожны спектакль з удзелам В. Мазур ператвараецца ў своеасаблівую ўрачыстасць, свята. Вось Эліза Дулітл у мюзікле "Мая цудоўная лэдзі" Ф. Лоу, якую з вялікім майстэрствам, пераканаўча іграе артыстка. Між іншым, слова "іграе" недакладна выказвае тое, як арганічна Мазур уваходзіць у гэту ролю. З першых сцэн пастаноўкі, калі Эліза гаворыць яшчэ на вулічным жаргоне, мы адчуваем абаяльнасць, годнасць, непасрэднасць гераіні, якія яна захавала ў свеце пазбаўленняў і галечы. Уся партыя, не гаворачы ўжо аб вядомай арыеце "Вось гэта было б здорава", сцэне вучэння, радасным танцы з паўторамі "У Клары Карл учора ўкраў каралы" і, нарэшце, арыі "Я танцаваць хачу", вядзецца тэмпераментна, з высокім эмацыянальным напалам. I далей, на бале, мы бачым сапраўдную цудоўную лэдзі (тут можна гаварыць не проста аб сцэнічных здольнасцях артысткі, але і аб яе сапраўдным таленце пераўвасаблення). У гэтым спектаклі В. Мазур дэманструе арганічнае спалучэнне законаў вакальнага і сцэнічнага мастацтва, што асабліва знамянальна, бо, як вядома, вакал і тэатр нярэдка знаходзяцца ў разладзе.

Здаецца, чым цяжэй і больш адказная задача, тым больш натхнёна і ўпэўнена вырашае яе актрыса. Складаныя партыі выяўляюць вялікія рэзервы яе таленту, уменне мабілізаваць усе сілы і ўяўленне для выканання вялікіх мастацкіх задач.

Шмат гадоў у рэпертуары артысткі роля Ганны Главары ў аперэце Ф. Легара "Вясёлая ўдава", аб якой, дарэчы, добра адазвалася, даўшы высокую ацэнку, вядомы музыказнавец А. Уладзімірская з Ленінграда, дзе летам мінулага года з вялікім поспехам прайшлі гастролі Беларускага тэатра музычнай камедыі.

Прырода шчодра адарыла артыстку. У самім гуку яе голасу закладзена пакараючая слухача зачараванасць. Але толькі гэтага для сапраўднага поспеху было б мала. Прыроднае дараванне В. Мазур адшліфоўвае да ўпэўненага высокага майстэрства. Цудоўнае піяна, фортэ – без націску, "бархатныя" ноты яе тэмбру і поўная адсутнасць якіх-небудзь знешніх эфектаў – усё гэта накіравана на раскрыццё музыкальнай і псіхалагічнай характарыстыкі ролі. У выніку – артысткай ствараюцца разнастайныя па стылю і характару партыі, а дыяпазону яе голасу адпавядае дыяпазон унутранай дзейснасці. Насця ў "Бабіным бунце" Я. Пцічкіна, Пенелопа ў аднайменным мюзікле А. Журбіна, Віржыні ў мюзікле В. Лебедзева "О, мілы друг!", рыбачка Аніна ў аперэце I. Штрауса – усе гэтыя ролі ўражваюць эмацыянальнай праўдзівасцю, высокай прастатой, пранікнёнымі спевамі. Сапраўды, гледачы атрымліваюць вялікае задавальненне! Мазур спявае так, што тое, што спявае артыстка, становіцца нібы бачным.

Творчы неспакой не пакідае Вікторыю Мазур. Яе мастацтва – гэта майстэрства, памножанае на натхненне. Шчаслівае спалучэнне знешніх і галасавых даных, вакальнай тэхнікі і шчырасці, праўдзівасці мастацкай інтэрпрэтацыі заўсёды вызначаюць артыстычнае аблічча актрысы.

І. БАРХАТКОВА.
Чырвоная змена. – 1984. – 28 студз.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: