« Назад
ЗВАРОТ ДА ТЭМЫ ГЕРОІКІ
Творы сучасных аўтараў – важнейшая састаўная частка рэпертуару тэатраў. Аднак выбар твору для пастаноўкі заўсёды тоіць нямала цяжкасцей. Яны звязаны перш за ўсё з выпрацоўкай крытэрыяў адбору, якія і вызначаюць творчую пазіцыю тэатра, і ў канчатковым выніку – яго рэпертуарную палітыку. У музычным тэатры ёсць і асаблівыя праблемы рэпертуару, абумоўленыя спецыфікай жанру.
У апошнія гады тэатр музычнай камедыі прыцягвалі мюзіклы, у якіх музыка была на другім плане. Паваротным момантам з'явіўся зварот да героіка-патрыятычнай тэматыкі ў гераічных камедыях Р. Суруса "Судная гадзіна" паводле п'есы А. Макаёнка "Трыбунал" і А. Мдзівані "Дзяніс Давыдаў" паводле п'есы В. Салаўёва. Зварот тэатра да новай для сябе тэмы – сведчанне сталасці яго пазіцыі. Аднак на гэтым шляху чакалі значныя цяжкасці. Як увасобіць героіка-патрыятычную тэму ў такім спецыфічным жанры, як музычная камедыя? Калі ў "Суднай гадзіне" многае яшчэ не ўдалося, то "Дзяніс Давыдаў" – гэта бясспрэчны поспех тэатра, які сведчыць аб велізарным кроку наперад.
Перш за ўсё ў спектаклі вабіць музыка – яркая, выразная. Усю драматургію спектакля прасякае танцавальная аснова, якая ў найбольшай ступені адпавядае прыродзе тэатра. Гэту акалічнасць хочацца асабліва падкрэсліць. Бо апошнія спектаклі сучаснага рэпертуару так мала радавалі нас добрай музыкай.
Музычная драматургія новага твору А. Мдзівані вызначаецца арыгінальнасцю і навізной. Кампазітар адмаўляецца ад звыклых для тэатральных жанраў лейтматываў – музычных характарыстык галоўных дзеючых асоб, якія пастаянна гучаць пры іх з'яўленні на сцэне. Тут ён больш абапіраецца на прынцып скразнога музычнага развіцця, што з'яўляецца незвычайным для жанра музычнай камедыі.
Самабытная і жанравая аснова твору, які сінтэзуе ў сабе рысы оперы – дзякуючы разгорнутым масавым сцэнам, узмацненню сімфанічнай асновы, – і араторыі – у сувязі з шырокім выкарыстаннем хору.
Драматычнае развіццё ў спектаклі ажыццяўляецца ў цэлым дынамічна і жыва. Рэжысёрскае вырашэнне спектакля (рэжысёр Б. Утораў) – сведчанне гібкіх і ўдумлівых адносін да музыкі. Характэрнай рысай рэжысуры з'яўляецца ўзбуйненне тэмы, канцэнтрацыя ўсяго дзеяння вакол вядучай ідэі спектакля – гераічнага подзвігу чалавека. Адсюль шматпланавасць і паліфанічнасць мізансцэн, увядзенне прыёмаў кінадраматургіі.
У гэтым жа русле знаходзіцца і мастацкае афармленне спектакля, хоць яно залішне дэталізавана. У сваім вырашэнні мастак абапіраецца на традыцыі рускага жывапісу (мастак-пастаноўшчык В.{У.} Жданаў).
Поспех спектакля ў многім быў забяспечаны аркестрам і яго дырыжорам Г. Аляксандравым, для якога прэм'ера "Дзяніса Давыдава" з'явілася першым выступленнем у нашым тэатры. Аркестр, хоць яшчэ сёе-тое трэба дапрацаваць, у асноўным паспяхова справіўся са сваёй задачай, асабліва калі ўлічыць, што перад ім была складаная сучасная партытура.
Неабходна адзначыць і выразную харэаграфію спектакля (балетмайстар-пастаноўшчык В. Саркісян), яркую, выразную пантаміму са сцэны бою.
У спектаклі падабран добры выканальніцкі састаў. Артысты тэатра прадэманстравалі высокае акцёрскае майстэрства і прафесіяналізм. Прывабны вобраз галоўнага героя Дзяніса Давыдава (артыст Р. Харык), шчырасць і непасрэднасць уласцівая выканаўцу ролі Андрэя (Г. Казлоў), цэласнасцю і адзінствам вызначаецца вобраз Агнесы ў выкананні В. Пятліцкай. Ярка і выразна быў прадстаўлены вобраз Кутузава (К. Лосеў).
Самая галоўная вартасць спектакля ў тым, што ён з'яўляецца адзіным арганічна цэлым, аб'ядноўваючы ўсе бакі сінтэтычнага па сваёй прыродзе тэатральнага мастацтва. У выніку – яркі і хвалюючы спектакль, цёпла і сардэчна сустрэты гледачамі.
Р. СЕРГІЕНКА, музыказнавец. Вячэрні Мінск. – 1985. – 24 чэрв.
|