Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пра высакароднасць і мужнасць (1985 г., Звязда)

Пра высакароднасць і мужнасць (1985 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПРА ВЫСАКАРОДНАСЦЬ І МУЖНАСЦЬ

За апошнія дзесяцігоддзі рэпертуар савецкай музычнай камедыі значна змяніўся. Усё часцей на змену класічнай аперэце з яе разгорнутымі, меладычнымі арыямі, ансамблямі, танцавальнымі нумарамі прыходзяць мюзіклы ці спектаклі, пад назвай якіх ёсць надпісы: "паводле", "па матывах". Адышлі ў нябыт і прынцыпы пабудовы лепшых савецкіх аперэт, што набліжаюцца па свайму музычнаму матэрыялу да класічных.

Аднак улічваючы, што класічны рэпертуар пабудаваны на побытавых "вялікасвецкіх" лібрэта, далёкіх ад нашай рэчаіснасці, тэатрам вельмі патрэбны новыя, змястоўныя і цікавыя музычныя камедыі аб сучасным жыцці. І некаторыя савецкія кампазітары імкнуцца запоўніць гэты рэпертуарны прабел. Даволі цікава і плённа працуюць у гэтым жанры кампазітары А. Эшпай, Г. Партноў, А. Пятроў, А. Колкер, Б. Краўчанка, В. Баснер, А. Далуханян і іншыя. Праўда, не ўсе іх творы прысвечаны сучаснасці. Частка заснавана на вядомых драматычных спектаклях, некаторыя з якіх зусім не адпавядаюць "амплуа" вясёлай музычнай камедыі.

Такія думкі міжволі ўзніклі пасля праслухоўвання новай работы Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР "Сірано" ленінградскага кампазітара Станіслава Пажлакова, назву якой ён вызначыў так: "Музычная фантазія па матывах камедыі Эдмона Растана "Сірано дэ Бержэрак". Няма патрэбы расказваць пра яе змест – гэта твор аб мужнасці, самаадданасці, палкім каханні. Ён добра вядомы па шматлікіх спектаклях драматычных тэатраў.

Аўтар музыкі – кампазітар-песеннік, і новы спектакль вылучаецца яркім меладызмам і драматургічнасцю музыкі. Ашчадна выкарыстаны ў партытуры драўляныя, і медныя духавыя інструменты, што надае музыцы лёгкасць і своеасаблівую "палётнасць". Музычная мова спектакля сучасная, але, на жаль, грашыць рознастылёвасцю – ад сучаснай савецкай песеннасці, да навамоднага заходняга шлягера. Аднак музыка новай пастаноўкі вылучаецца прафесіяналізмам, мае нямала цікавых аркестравых эпізодаў, хораў, танцавальных нумароў, сольных партый. Праўда, кампазітар не ўвёў у свой твор амаль ніводнай больш-менш разгорнутай арыі ці дуэта, за выключэннем працяглых эпізодаў у партыях Раксаны і Сірано. А між тым паэтычны тэкст камедыі Растана даваў багатыя магчымасці для стварэння вялікіх арый і ансамбляў.

Музычны кіраўнік і галоўны дырыжор тэатра А. Лапуноў нямала папрацаваў над музычным увасабленнем спектакля, над яго аркестравымі і балетнымі нумарамі, акампанементам салістам, Дзякуючы гэтаму ён здолеў дабіцца добрага гучання, раўнавагі аркестравых груп. Аднак не абышлося і без асобных недахопаў. Так, занадта запаволеным быў тэмп першай дзеі, што стварыла для салістаў і хору дадатковыя цяжкасці пры выкананні сваіх партый. Мог быць лепшым строй медных і драўляных духавых інструментаў.

У галоўнай партыі спектакля надзвычай удала і пераканаўча выступіў артыст тэатра Р. Харык. Ужо з першага свайго паяўлення на сцэне ён прыцягнуў увагу слухачоў, і, трэба сказаць, што ўвага гэтая з кожнай дзеяй узрастала. Перад імі паўстаў складаны вобраз паэта Сірано з задзірыстым характарам, смеласцю і прынцыповасцю, жаданнем прыйсці на дапамогу таму, каму яна была патрэбна.

Для сцэнічнага ўвасаблення гэтага надзвычай складанага вобраза ад выканаўцы патрабуецца драматычны талент, і Р. Харык выдатна праявіў яго. Ён ярка і маляўніча паказаў свайго героя, яго самаадданае каханне да Раксаны, смеласць у сутычках з ворагамі, дасціпнасць і паэтычны талент. Бездакорна быў выкананы і вакальны бок партыі.

У галоўнай жаночай ролі Раксаны на прэм'еры выступіла народная артыстка БССР Н. Гайда. Яна зноў пацвердзіла сваё цудоўнае вакальнае майстэрства, паказала і выдатны драматычны талент. Яе Раксана валодае высокімі чалавечымі пачуццямі, сціпласцю, смеласцю, незвычайным розумам, вернасцю свайму каханню.

З тонкім музычным густам і натхненнем праспявала артыстка самыя разнастайныя па характару, эмацыянальнаму настрою і складанасці арыі і дуэты.

У другім спектаклі ў ролі Раксаны выступіла артыстка тэатра В. Пятліцкая, якая праспявала гэтую складаную партыю з маладым запалам і непасрэднасцю.

Задзірысты, прыгожы, але недалёкі Крысціян спачатку карыстаецца дапамогай Сірано ў сваіх любоўных справах, у рэшце рэшт усё ж прыходзіць да высновы, што ён недастойны Раксаны, якая кахае Сірано, і адмаўляецца ад яе. Гэты ўчынак робіць вобраз Крысціяна больш высакародным, выклікае сімпатыі слухачоў. Яго партыю добра праспяваў і сыграў артыст А. Цівуноў.

Сімпатыі слухачоў выклікалі выканаўцы ролі кандытара Рагно заслужаны артыст РСФСР А. Кузьмін і заслужаны артыст БССР К. Лосеў. Яны стварылі прывабны вобраз аматара паэзіі, адданага сябра паэтаў.

У спектаклі даволі многа самых разнастайных хораў, і нельга не адзначыць плённую работу хормайстра Н. Андросавай, якая здолела дабіцца ад харыстаў чысціні інтанацыі, рытмічнай дакладнасці і добрай нюансіроўкі.

Значна ажывілі спектакль балетныя нумары, пастаўленыя балетмайстрам Ю. Лапшай.

Нельга не аддаць даніну мастаку-пастаноўшчыку У. Жданаву. Яго дэкарацыі, напісаныя ў сучасным, умоўным стылі, надзвычай маляўнічыя, цікава вырашаныя і поўнасцю адпавядаюць задуме спектакля. Xуткай змене асобных сцэн дапамагаюць суперзаслоны і кулісы.

Аднак галоўная заслуга поспеху новага спектакля рэжысёра-пастаноўшчыка Вячаслава Цюпы. Цалкам адмовіўшыся ад канцэпцый папярэдніх шматлікіх пастановак "Сірано дэ Бержэрака", ён "прачытаў п'есу па-новаму, у сваім "ключы": засяродзіў увагу на характарах галоўных герояў, у першую чаргу паэта Сірано, яго высакароднасці і самаадданасці. Такая рэжысёрская пастаноўка спектакля адразу прыцягнула ўвагу слухачоў. Дэталёва распрацаваў В. Цюпа ўсе мізансцэны, здолеў паставіць задачу не толькі перад галоўнымі дзеючымі асобамі але і перад кожным харыстам, і артыстам балета. Дзякуючы такой карпатлівай рабоце рэжысёра спектакль глядзіцца з неаслабнай увагай і цікавасцю. Адсутнічаюць у ім нерухомыя карцінныя сцэны, і з самага пачатку спектакля сцэнічнае жыццё віруе з неаслабнай сілай і хуткасцю.

Такое цікавае, арыгінальнае вырашэнне спектакля і натхнёная ігра яго ўдзельнікаў на сцэне, выклікалі станоўчую рэакцыю глядзельнай залы.

Д. ЖУРАЎЛЁЎ,
музыказнавец, заслужаны дзеяч культуры БССР.
Звязда. – 1985. – 27 лют.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: