Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Вальс на дылеме ды пуантах (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 03.10.2020)

Вальс на дылеме ды пуантах (Надзея Бунцэвіч, "Культура", 03.10.2020)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Вальс на дылеме ды пуантах

У Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры паставілі аперэту "Кароль вальса", дзе да любоўнай інтрыгі дадаецца тэма музычнага спаборніцтва і адданасці мастацтву, а над усім пануе музыка Іагана Штрауса-сына. Дык што, гэта лепей за канцэрт яго вальсаў-полек-маршаў?

король-вальса-культура (1)

Тое, што ў рэпертуары тэатра паболела музыкі І. Штрауса, трэба толькі вітаць. Уласна кажучы, менавіта яна становіцца галоўнай дзеючай асобай спектакля — і менавіта дзеля яе ўзыходжання на каралеўскі трон і трэба было да гэтай аперэты звяртацца. Аркестр на чале з Мікалаем Макарэвічам гучыць бездакорна. Спевакі і асабліва спявачкі годна дэманструюць свае фіярытуры. Вакал салістаў, узброеных гарнітурай, — без аніякай іроніі, на вышыні. Гледачы насалоджваюцца цудоўнымі мелодыямі, знаёмымі і не. Дый воку ёсць за што зачапіцца, бо танцоўшчыкі вальсуюць удосталь: тут і звыклы бальны вальс, і класічны балетны з прыгожымі падтрымкамі-ўзлётамі (харэограф — Ніна Дз’ячэнка), і, у якасці танцавальнай "уверцюры", асучаснены лендлер як дэмакратычны побыт прадмесцяў (балетмайстар — Алена Дзмітрыева-Лаўрыновіч). Гэтае супрацьстаўленне-"спаборніцтва" розных вальсаў можна было б і пашырыць, але і без таго ўсе, хто на сцэне і ў зале, адчуваюць сябе венцамі (у сэнсе — жыхарамі Вены) з вянцамі на галовах. Сапраўды, ну чаго яшчэ трэба? Адкажам: тэатра, прычым пачынаючы з сюжэтнай лініі.

Прызнацца, яна ёсць. Ды толькі такая, што лепей не было б. Так, пастаноўшчыкі зрабілі неверагодныя намаганні, каб "выруліць" на больш ці менш прыстойныя жарты — і гэта, за выключэннем аднаго-двух выпадкаў, атрымалася. Былі дапісаны, дзе патрабавалася, добрыя вершаваныя радкі, за што асобнае ўхваленне Сяргею Макарэю. Дзякуючы рэжысёру Зінаідзе Вяржбіцкай, у артыстаў з’явілася запаволена-высакароднае маўленне, папраўдзе арыстакратычныя манеры — адпаведна выкшталцоным капелюшыкам (мастак па касцюмах — Вікторыя Ця-Сен). Смех выклікае "актуалізаваная" пандэміяй згадка нядаўняй замежнай вандроўкі Вільгельма фон Мітэльшпрыца (Аляксандр Асіпец ці, у іншым складзе, Яўген Ермакоў), бо ягоны суразмоўца Міхаэль Йагансан (Дзяніс Нямцоў) адразу прымае меры — распырсквае навокал антысептык. Але ва ўсіх іншых выпадках героі дзейнічаюць акурат так, як у праславутых "мыльных" серыялах: не ў адпаведнасці са сваімі псіхалагічнымі рысамі, эмацыйным станам, а паводле пэўных сітуацый, зададзеных сцэнарнымі "прыхамацямі". Таму логікі ў разгортванні падзей і асабліва ў развіцці характараў персанажаў — на жаль, аніякай.

король-вальса-культура (2)

У першай сцэне мы бачым клапатлівую, пяшчотную Фрэдэрыку (Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова), разам з Людвігам (Анзор Алімірзоеў) яны складаюць закаханую сямейную пару. А ў другой — гераіня трапляе на баль, там невядома з чаго напіваецца "ўхлам" і замест мудрай, адданай мужу жанчыны становіцца поўнай дурнічкай. Маўляў, адмоўнае дзеянне алкаголю? Тая ж непаслядоўнасць — у дзеяннях кампазітара Густава Штайна (Арцём Хамічонак, Сяргей Суцько), спявачкі Эдзіт Флавон (Наталля Дзяменцьева). Пераапрананне Эльзы Вірт (Маргарыта Александровіч, у кастрычніку — дэбютантка Яўгенія Крохіна) ва ўяўную кітаянку выглядае недарэчы. Больш урачыстым па выкарыстанай музыцы мог быць выхад Карла Вестфальскага (Антон Заянчкоўскі, Уладзіслаў Даніловіч), менш пампезным — артыстаў каралеўскага балета. А галоўнае, музыка І. Штрауса — лёгкая, іскрыстая, скрозь прасякнутая святочным настроем — ніяк не стасуецца ні з драматычным, відавочна кальманаўскім фіналам першай дзеі, ні з атмасферай конкурсу ў другой.

Можна знайсці свой шарм у сцэнаграфіі Ільі Падкапаева з яе рамантызаваным сіне-зялёным відарысам, зусім не цяжкавагавымі калонамі, зробленымі з лёгкай, празрыстай тканіны. Але блакітны графска-герцагскі пакой глядзіцца беднавата, і з-за гэтай маленькай дэталі не такой ужо прэстыжнай успрымаецца пасада прыдворнага капельмайстра, на якую, паводле лібрэта, будзе прыняты пераможца конкурсу — аўтар лепшага вальса. Шкада, што гэта думка не была рэалізавана. А дылема між каханнем, памножаным на сямейныя абавязкі, і творчасцю, звязанай з музычнай кар’ерай, вырашылася аднабакова: адным тое — другім гэта, без магчымасці сумяшчэння. Састарэлая дактрына?

Надзея Бунцэвіч
"Культура" №40 (1479). - 2020. - 3-10 кастр.
На фотаздымках сцэны з аперэты "Кароль вальса".



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: