Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ваш выхад, Сірано! (1985 г., Мастацтва Беларусі)

Ваш выхад, Сірано! (1985 г., Мастацтва Беларусі)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ВАШ ВЫХАД, СІРАНО!

Нататкі пра музычную фантазію па матывах камедыі Эдмона Растана

Сёння на вашых вачах заб'юць паэта.

За тое, што, смеючыся з сябе, ён тым самым смяяўся са зменлівасці лёсу.

Зрэшты, у яго на гэтым свеце ворагаў было шмат. Але што яны значаць для чалавека, які нават смерці смяяўся ў вочы! I, ведаеце, мы абавязкова павінны зрабіцца лепшымі. Бо Сірано дэ Бержэрак цяпер у нашым горадзе.

Такое было першае ўражанне ад музычнай фантазіі "Сірано" С. Пажлакова, пастаноўку якой ажыццявіў у Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР Вячаслаў Цюпа. "Сірано" – першая работа рэжысёра на мінскай сцэне, што, несумненна, павінна было інтрыгаваць і артыстычнае асяроддзе, і прыхільнікаў жанру аперэты. Ці зрабіўся спектакль падзеяй? Якім паказаў сябе на новым месцы В. Цюпа?

У гэтай рабоце выразна акрэслілася мастакоўскае крэда новага галоўнага рэжысёра. Характэрныя рысы яго творчай манеры – нечаканыя метафары і культура асацыятыўнага мыслення.

Метафара ў спектаклі выконвае надзвычай значную ролю. Гэтым прыёмам В. Цюпа карыстаецца з сілай, падобнай да той, якую ў літаратуры выпраменьваюць творы М. Гогаля, Ю. Алешы, Б. Ясенскага (у Л. Талстога, напрыклад, П'ер сядзіць, паклаўшы свае вяілікія рукі на сіметрычна выстаўленыя калені, у наіўнай позе егіпецкай статуі). У спектаклі "Сірано" метафарычнасць прасяквае ўсё дзеянне.

Так, герой п'есы – такое ўяўленне – сваім доўгім носам (прыкмета геніяльнасці!) дастае да Месяца; у сцэне "Французская кухня" ў ролі міндальнага пячэння выступае... балет; тут жа бравы мушкецёр – цэлы сажань у плячах, ерыхонская труба і розуму "палата № 6" – смажыць на патэльні сваю "курачку" (якраз той выпадак, калі малюнак, як пісаў вядомы рускі тэатральны крытык У. Дарашэвіч, пікантны і дасціпны без пошласці). Нарэшце, асноўная, "метадалагічная" для спектакля метафара: гасконцы – лёгкія, як матылі, што гарэзліва кружацца над лугам, і Сірано – махаон сярод іх, ляціць на святло, а ўслед за ім – рой выдуманых ім самім дзівосных персанажаў яго твораў. Здаецца, што летуценні і рэальнасць вось-вось зліюцца ў адно цэлае... Якраз у гэты момант рэжысёр раздзяляе іх "шклом" тэатральнай заслоны – на два антысветы. I, як матыль, б'ецца аб шкло паэт...

Тут хочацца сказаць некалькі слоў пра ўменне пастаноўшчыка актыўна ўмяшацца ў духоўны свет гледача. Трапна выкліканая асацыяцыя – менавіта тая, а не іншая – дапамагае лепш разабрацца ў тым, што адбываецца на сцэне, узмацняе ўражанне. I трэба прызнаць, што тэхнікай такога глыбокага позірку ў сітуацыю В. Цюпа валодае ўпэўнена. Напрыклад, у сцэне "Месячная дарога", па якой адыходзіць паэт, на памяць прыходзіць геніяльны Майстар і яго вучань з рамана М. Булгакава. Або эпізод з "Французскай кухні". Рагно, спяваючы куплеты, робіць пячэнне, і ніякіх цудаў у кандытарскай не адбываецца. Але як толькі Сірано пачынае пісаць ліст да Раксаны, кухары ўздымаюцца над зямлёй і завісаюць у паветры. Ім не стае толькі лукаў і стрэл. Міжволі ўспамінаюцца радкі іншага паэта:

В небе ангелы, ангелы в белом!
Нарядился один офицером.
Нарядился другой поваренком.
Остальные запели звонко.
Пух и перья летят из гусей:
Повар взялся за дело. И кружит,
Кружит снег над землей. Почему же
Я не рядом с любимой моей? 

Наколькі падобныя кантэксты мізансцэны і верша Г. Апалінэра! I куды больш зразумелыя цяпер кухары, якія пераадолелі закон гравітацыі!

У некалькіх словах пра работу мастакоў. Пастаноўшчык I. {У.}Жданаў, відаць, бачыў сваю задачу ў тым, каб сцэнаграфія не толькі па-мастацку ўражвала, але і была б функцыянальна карыснай. Дзякуючы афармленню сцэна ператварылася ў луг. Гасконцы з'яўляюцца не з-за кулісаў, а праз прарэзы ў палатне, і ствараецца ўражанне, што яны ўзнікаюць з травы, з загадкавага свету насякомых. Іх плашчы (мастак па касцюмах В. Жалонкіна) без традыцыйных для мушкецёраў крыжоў, яны хутчэй нагадваюць крылы матыля, не пакідаючы сумнення ў тым, што менавіта з матылямі і параўноўваюць мушкецёраў стваральнікі спектакля.

Сярод больш чым двух дзесяткаў дзейных асоб спектакля найбольшую цікавасць уяўляюць Сірано, Раксана, Крысціян і граф дэ Гіш. Астатнія персанажы ствараюць не калізіі, а падзеі вакол галоўных герояў і не нясуць значнай сэнсавай нагрузкі, хоць знешне і вырашаны часам надзвычай эфектна (Злодзей, Буфетчыца).

Крысціян у пэўнай меры персанаж трагічны. Яго трагізм толькі пачынае вымалёўвацца, як герой гіне. Безумоўна, яму патрэбна новая п'еса, бо ў гэтай яму паэтам не быць. Але Крысціян сумленны, смелы, здольны горача прывязацца і пакахаць. Такім яго і іграе А. Цівуноў.

У ролі графа дэ Гіша гледачы ўбачылі У. Лінкевіча і П. Рыдзігера. Больш свежы голас апошняга не зрабіўся, аднак, важкім аргументам на яго карысць. Багаты ад прыроды голас можа забяспечыць поспех у зале кансерваторыі ці філармоніі, аднак не на сцэне тэатра, няхай сабе і музычнага, дзе патрэбны не толькі вакальныя, але і акцёрскія здольнасці. А тут – вяльможа часоў Рышэлье! Вытанчанай, але аднастайнай "фрачнасці" для гэтай ролі недастаткова, і граф дэ Гіш выглядае больш праўдзіва і пераканальна ў выкананні У. Лінкевіча.

Дасканалы вакал, тонкае разуменне вобраза заўсёды вызначалі ігру Н. Гайды. Новая яе работа – не выключэнне. Пераўтварэнне Раксаны са свавольнай выдумшчыцы ў жанчыну з драматычным лёсам паказана з выключнай сілай і глыбінёй. Другой выканаўцы гэтай ролі, В. Пятліцкай, хочацца пажадаць, каб яе Раксана выказвала большую цікавасць да жыцця, а сама актрыса не забывалася ні на хвіліну, што яе гераіня – жанчына хутчэй сангвінічнага тэмпераменту.

Ролю Сірано выконвае Р. Харык. Яго герою верыш, нягледзячы на тое, што лібрэтыст (В. Сумарокаў) некалькі змяніў арыгінальны характар у бок яго знешняй эстэтызацыі. Пакуты Сірано зрабіліся празмерна вытанчаныя, смерць – залішне патэтычная. Тым не менш акцёр выдатна адчувае ролю і ігрой выклікае непадробнае спачуванне герою.

I, нарэшце, – музыка.

Партытуру "Сірано" наўрад ці можна назваць падзеяй. Твор С. Пажлакова, дастаткова эмацыянальны і выразны па музычнай лексіцы, тым не менш не вызначаецца мелодыка-тэматычнай разнастайнасцю. Як толькі на сцэне ствараецца сітуацыя "шпагі да бою", аркестр адразу пачынае выконваць тэму "гвардзейцы-гасконцы", якая праходзіць праз увесь твор. Відаць, за выключэннем 2-3 дуэтаў ды куплетаў Сірано "Так пажартаваць маглі б вы...", нічога так і не запамінаецца нават пасля двух-трохразовага наведвання спектакля. Калі дадаць, што сцэна тэатра абсталявана далёка не самай дасканалай гукаўзмацняльнай апаратурай (што, дарэчы, адмоўна адбіваецца на якасці іншых "мікрафонных" спектакляў) і дырыжор (А. Лапуноў) час ад часу на вакальных нумарах "спускае аркестр з ланцуга" (Р. Ралан) і празмерна запавольвае тэмп, дык музычны бок спектакля не робіць належнага ўражання.

I ўсё ж калектыў тэатра можа лічыць спектакль "Сірано" хоць не ва ўсім удалым, але цікавым творчым здабыткам. Не выклікае сумненняў і пэўны творчы патэнцыял новага галоўнага рэжысёра, што асабліва важна на цяперашнім этапе дзейнасці калектыву. Доўгі час толькі талент Н. Гайды ратаваў аднастайна шэрыя і млявыя класічныя спектаклі нашай аперэты. Здаралася, тэатр абуджалі рэжысёры-гастралёры... Цяпер у нашай музычнай камедыі – трэба спадзявацца – з'явіўся свой самабытны пастаноўшчык, які ўжо звярнуў на сябе ўвагу. I ёсць усе падставы думаць, што ў бліжэйшы час цікавасць да работ тэатра ўзрасце.

Гэтыя нататкі не прэтэндуюць на раззгорнутую рэцэнзію. Поруч з сапраўды цікавымі вобразамі, знаходкамі ў музычнай фантазіі "Сірано" хапае не зусім выразных месцаў, прыёмаў, даведзеных да лагічнага канца, тым больш што пасля прэм'еры ў спектаклі адбыліся пэўныя змены.

Час не здолеў перамагчы Сірано. Паглядзім, наколькі літасцівы ён будзе да работы Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР.

Ігар РЫБАЛТОЎСКІ.
Мастацтва Беларусі. – 1985. – № 12. – С. 65–66.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: