Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Наперадзе шмат работы (1986 г., Вечерний Минск)

Наперадзе шмат работы (1986 г., Вечерний Минск)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НАПЕРАДЗЕ ШМАТ РАБОТЫ

Сёння адкрывае новы тэатральны сезон Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Якія вынікі мінулага года? Якія планы і задумы тэатра? З гэтымі пытаннямі наш карэспандэнт звярнуўся да дырэктара тэатра Л.А. ГОДАВА.

– Вялікая цяга савецкіх людзей да мастацтва, іх асабістая зацікаўленасць у поспеху творчай справы патрабуюць ад нас, тэатральных работнікаў, павышанай адказнасці за яе ідэйны і мастацкі ўзровень.

У мінулым сезоне тэатр паставіў феерычны атракцыён "Іграем у прынца і жабрака" кампазітара Аляксандра Журбіна. Гэта незвычайная работа выклікала цікавасць гледачоў.

Падзеяй з'явілася і пастаноўка аперэты Ісаака Дунаеўскага "Вольны вецер". Гэту работу мы прысвяцілі XXVII з'езду КПСС і XXX з'езду Кампартыі Беларусі.

Шмат зроблена па паляпшэнню якасці спектакляў бягучага рэпертуару, прыкметна ўзраслі патрабаванні да ўзроўню акцёрскага майстэрства, праводзілася вялікая работа над павышэннем вакальнага ўзроўню салістаў. Мінулы сезон для тэатра, бясспрэчна, з'явіўся крокам наперад, але не ўсё, што было намечана, удалося рэалізаваць у поўнай меры. Давядзецца многа працаваць работнікам усіх тэатральных службаў у новым сезоне.

– Падвядзеннем вынікаў тэатральнага года для кожнага тэатра з'яўляюцца гастролі. Сёлета ў вас была насычаная гастрольная праграма. Раскажыце пра яе больш падрабязна.

– Так, гастролі для кожнага тэатра – гэта праверка яго творчых магчымасцей. У чэрвені ў нас прайшлі вельмі адказныя гастролі ў сталіцы Украіны горадзе-героі Кіеве. Мяркуючы па водгуках гледачоў і кіеўскай прэсы, яны прайшлі паспяхова. Цікавасць гледачоў выклікалі як спектаклі класічнага рэпертуару, так і нашы новыя работы.

Акрамя спектакляў на стацыянары мы правялі шмат шэфскіх канцэртаў у Кіеве і вобласці, у Чарнігаве. Высокай ацэнкай работы тэатра стала ўзнагароджанне яго за правядзенне гастроляў у Кіеве Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Украінскай ССР.

Значнай падзеяй стала наша паездка з шэфскімі канцэртамі ў Чарнобыль, дзе артысты выступалі перад рабочымі і воінамі, якія прымаюць удзел у ліквідацыі вынікаў аварыі. Прыпяцкі гарком партыі прыслаў у тэатр пісьмо з падзякай нашым акцёрам.

Пэўныя цяжкасці былі ў тэатра пры падрыхтоўцы і правядзенні гастроляў у горадзе-героі Севастопалі. Але вынікамі гэтай гастрольнай паездкі мы ў асноўным задаволены: нашым акцёрам удалося заваяваць сімпатыі севастопальскай публікі, і спектаклі ішлі паспяхова.

– Леанід Аўраамавіч, раскажыце, калі ласка, якія новыя спектаклі змогуць убачыць гледачы ў новым сезоне на сцэне вашага тэатра?

– Мастацкі савет тэатра разгледзеў і зацвердзіў план новых пастановак на сезон 1986-87 года. Сёлета мы запрашаем нашых гледачоў на спектакль "Сільва" Імрэ Кальмана. Некалі яго назва ўжо была ў афішах нашага тэатра. Цяпер мы ажыццяўляем новую пастаноўку славутай і такой любімай усімі класічнай аперэты. Вядзецца работа над дзіцячым спектаклем "Пэпі – Доўгая Панчоха". Думаем, што неўзабаве зможам прапанаваць яго нашым юным гледачам.

Затым пачнецца работа над музычным спектаклем "Мільянерша" паводле матываў п'есы Бернарда Шоу. Музыку да гэтага спектакля напісаў вядомы беларускі кампазітар Яўген Глебаў.

I яшчэ адну класічную пастаноўку маем намер ажыццявіць у гэтым сезоне – "Фіялку Манмартра" Імрэ Кальмана.

Разглядаем пытанне аб пастаноўцы няпланавых спектакляў, выязных спектакляў з невялікай колькасцю выканаўцаў.

А цяпер, у пачатку нашага шаснаццатага сезона, важна з першых дзён узяць добры старт.

Вячэрні Мінск. – 1986. – 9 верас.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: