Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пра вольны вецер, вольнасць і падводныя рыфы (1986 г., Мастацтва Беларусі)

Пра вольны вецер, вольнасць і падводныя рыфы (1986 г., Мастацтва Беларусі)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ПРА ВОЛЬНЫ ВЕЦЕР, ВОЛЬНАСЦЬ І ПАДВОДНЫЯ РЫФЫ

Аперэта "Вольны вецер" I. Дунаеўскага ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР

Амаль сорак гадоў мінула з таго часу, як аперэта "Вольны вецер" I. Дунаеўскага была ўпершыню пастаўлена ў Маскоўскім тэатры аперэты. I па сённяшні дзень гэты твор уваходзіць у залаты фонд савецкага музычна-тэатральнага мастацтва. Прычына такой папулярнасці аперэты ў тым, што яна вызначаецца яскравым і своеасаблівым меладычным почыркам кампазітара, свежасцю і непаўторнасцю выказвання. У "Вольным ветры" аўтар не абмежаваўся традыцыйнай для жанру аперэты любоўна-лірычнай тэматыкай, а адлюстраваў важныя падзеі ў палітычным жыцці пасляваеннай Еўропы, міжнародную сітуацыю, складаныя праблемы, якія трэба было вырашаць краінам, што вызваліліся ад фашызму. I. Дунаеўскі звяртаў увагу на дзейнасць калабарацыяністаў, заклікаў да пільнасці народы тых краін, якія сутыкнуліся з унутранай рэакцыяй. Актуальнасць гэтых праблем бясспрэчная і сёння, і таму творчая група, якая ажыццявіла пастаноўку спектакля на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР, прысвяціла яе XXVII з'езду КПСС і XXX з'езду Камуністычнай партыі Беларусі.

Нягледзячы на папулярнасць музыкі гэтага твора, экранізацыю аперэты, усё ж далёка не кожны музычны тэатр мае яе ў сваім рэпертуары. Галоўная, бадай, прычына ў тым, што драматургія твора (мяркуючы па клавіру 1955 года выдання) не пазбаўлена недахопаў. Аднак пры ўважлівых і крытычных адносінах пастаноўшчыкаў да аперэты магчымасць творчага, сучаснага вырашэння спектакля ў лепшых традыцыях рэалістычнага музычнага тэатра ёсць. Назіраецца гэта і ў рабоце мінчан.

Аперэта "Вольны вецер" складаецца з трох дзей, аднак для апошняй, трэцяй дзеі кампазітарам напісана вельмі мала музыкі, усяго тры нумары (куплеты паліцэйскіх, песня Янга і заключны хор "Друг мой, будь как вольный ветер"). У выніку складаецца няўдзячная для музычнага тэатра сітуацыя, калі ў развіцці дзеяння больш значную ролю іграюць размоўныя, пазбаўленыя музыкі эпізоды, а само дзеянне траціць музычную напоўненасць, што, згадзіцеся, для жанру аперэты нетыпова. Разумеючы гэта, музычны кіраўнік пастаноўкі А. Лапуноў увёў у трэцюю дзею матэрыял некаторых эпізодаў першай і другой дзей.

Трэба адзначыць, што зрабіў ён гэта з разуменнем і ўлікам музычна-драматургічных асаблівасцей гэтай аперэты. У якасці ўступу да трэцяй дзеі А. Лапуноў ужыў тэму куплетаў Рэгіны дэ Сен-Клу як музычную характарыстыку багатага дома Георга Стана, як сімвал легкадумнага і шыкоўнага жыцця маркізы. А. Лапуноў зрабіў купюры ў песні Янга, калі ён расказвае пра свае пакуты, звязаныя са "здрадай" любімай ім Стэлы, і тым самым дасягнуў большай цэласнасці ў развіцці дзеяння, таму што песня Янга – гэта паўторнае выказванне пачуццяў крыўды, недаўмення і гора, якія герой перажыў раней, у фінале другой дзеі. Замест гэтага А. Лапуноў уводзіць у трэцюю дзею фрагмент дуэта Янга і Стэлы з першай ("Стелла, я всегда и повсюду с тобой, лишь с тобой!"). З'яўленне ў фінале аперэты тэмы баркаролы з першай дзеі ("Пусть нас всегда ведет вперед попутный ветер!") і песні пра вольны вецер як бы падводзіць вынік развіцця дзвюх асноўных тэматычных ліній аперэты – лірычнай (асабістае шчасце закаханых) і сацыяльна значнай (народ змагаецца за нацыянальную незалежнасць).

Да ліку безумоўных знаходак пастаноўкі варта аднесці павелічэнне ролі хору, які нібы акаймоўвае масавыя сцэны. Некаторыя сольныя эпізоды, што пачынаюць музычнае дзеянне, як, напрыклад, дуэтныя куплеты Фамы і Філіпа, у рэдакцыі А. Лапунова выконваюцца не толькі гэтымі персанажамі, але ўсімі ўдзельнікамі спектакля, хоць гэта часам выглядае даволі штучна з-за значнай статычнасці хору. Другая дзея пачынаецца святочным хорам усіх тых, хто прыйшоў на вяселле Стэлы і Янга. А. Лапуноў лічыць, што такія акцэнты на масавыя сцэны цалкам адпавядаюць задуме кампазітара, згодна якой галоўнай дзеючай асобай аперэты "Вольны вецер" з'яўляецца народ, які дзякуючы свайму адзінству і згуртаванасці набывае сілы для змагання з ворагамі свабоды і дэмакратыі. Адзначу таксама дакладнае вызначэнне ў пастаноўцы нумароў, якія нясуць вельмі важную ідэйна-сэнсавую нагрузку. У першай дзеі гэта песня "Трудно моряку без корабля" (тэма адзінства маракоў) а таксама песня акцёра Цэзара Галя пра вольны вецер (асноўны лейтматыў твора).

Як вядома, аперэта – гэта спектакль, які аб'ядноўвае музычныя нумары і размоўныя дыялогі. З цягам часу многія тэксты ў старых аперэтах страчваюць сваё значэнне, актуальнасць ці робяцца ўвогуле непрымальнымі. У такіх выпадках у працэсе работы над спектаклем яны замяняюцца новымі.

У беларускім тэатры музкамедыі пастаноўшчыкі не ўнеслі змяненняў у сюжэт, аднак значна актывізавалі размоўныя эпізоды герояў аперэты моцным палітычным падтэкстам. У большасці выпадкаў гэта атрымалася даволі арганічна і не выклікае пярэчанняў (напрыклад, інтэрв'ю Стана, з якога пачынаецца дзеянне аперэты), аднак прывязку спектакля да сучаснасці, зробленую, як кажуць, "у лоб" (упамінанне "крылатых ракет"), трэба лічыць усё ж залішняй у спектаклі, які сам па сабе прачытваецца вельмі сучасна. Таму што ў гэтым сэнсе атрымліваецца даволі значнае разыходжанне па стылістыцы паміж лібрэта 1947 года, на аснове якога і стваралася I. Дунаеўскім музыка, і новым тэкстам 1986 года.

І яшчэ адна заўвага наконт тэксту. Як трэба разумець дзеянне аперэты разгортваецца ў партовым горадзе на беразе Адрыятыкі. Дык чаму ж тады на вяселлі Стэлы і Янга чуюцца воклічы "Горка!"?! Чаму Фама і Філіп, разліваючы на тым жа вяселлі пітво з бутэлькі, акцэнтуюць увагу на тым, што п'юць яблычны сок? Што гэта – таксама імкненне акцэнтаваць сучаснасць і злабадзённасць спектакля?

Варта адзначыць, што ён знаходзіцца яшчэ на стадыі станаўлення. Паступова выпраўляюцца некаторыя хібы ў тэксце; патрабуюць карэкцыі некаторыя музычныя фрагменты, што запавольваюць дзеянне. Аднак пры ўсім пры гэтым трэба сказаць, што пошукі арыгінальнага і свежага ўвасаблення класічнага твора не павінны былі абапірацца на дзяшовыя і недарэчныя жарты, што густ пастаноўшчыкаў, улічваючы высокае прысвячэнне спектакля, павінен быў паставіць заслон дрэннаму блазнерству яшчэ да першага паказу спектакля!

Рэжысура Барыса Уторава ў цэлым адпавядае патрабаванням музычнага тэатра. Найбольш удалыя, на мой погляд, усе сцэны з удзелам Пепіты і Мікі, танец-квартэт Кліментыны, Галя, Фамы і Філіпа, фінал другой дзеі, ансамбль у шынку "Сёмае неба", песенька і танец Пепіты.

Куды менш уражвае акцёрскае ўвасабленне вобразаў аперэты. Партыя Стэлы – адна з найбольш цяжкіх для выканання ўвогуле ў творах савецкай музычнай камедыі, і перш за ўсё таму, што ўзровень эмацыянальных перажыванняў гераіні непасрэдна выцякае са стылю акцёрскага выканання ў кінематографе 40-ых – 50-ых гадоў, у якім значнае месца займалі светлыя, чыстыя, часам даволі наіўныя характары (асабліва гэта датычыць жаночых роляў). I таму прымусіць сучасных гледачоў суперажываць Стэле – задача вельмі складаная. Для гэтага трэба мець акцёрскае майстэрства Н. Гайды, якая пераконвае натуральнасцю пачуццяў сваёй гераіні. В. Пятліцкая ў гэтай ролі недастаткова пластычная і выразная, да таго ж не вельмі дакладна выконвае вакальную партыю. Партнёр Н. Гайды і В. Пятліцкай П. Рыдзігер (Янга) мае мяккі, прыемны, выразны голас, яго дуэт з Н. Гайдай – адзін з найбольш удалых момантаў спектакля. Таксама адзін з найлепшых дуэтаў у пастаноўцы – Пепіты (З. Вяржбіцкая) і Мікі (А. Кузьмянкоў). У старых аперэтах такіх герояў, як Пепіта і Мікі, называлі "каскаднай парай", таму што выканаўцы павінны былі не толькі спяваць, але і выдатна танцаваць. Запамінаецца яскравая, прывабная, тэмпераментная Пепіта ў выкананні З. Вяржбіцкай, якая вельмі натуральна, свабодна адчувае сябе на сцэне, лёгка і прыгожа рухаецца, валодае выразнай мімікай, майстэрствам падачы слова.

Партнёр З. Вяржбіцкай А. Кузьмянкоў сваім выкананнем яшчэ раз пацвярджае бясспрэчную ісціну: няма маленькіх роляў, ёсць маленькія артысты. Нават у невялічкай ролі Мікі (усяго толькі два дуэты з Пепітай) А. Кузьмянкоў здолеў паказаць свайго героя такім мілым, прывабным, смешным і непасрэдным, што ствараецца адчуванне, нібыта ўвесь тэкст, які ён вымаўляе на сцэне, – гэта яго ўласныя словы.

Два неразлучныя сябры – Фама (Г. Казлоў і В. Фаменка) і Філіп (А. Ранцанц і В. Сердзюкоў) прадстаюць у вобразах бадзяг, гаваруноў-веселуноў, паплечнікаў Янга, але дуэт Г. Казлова і А. Ранцанца робіць больш яскравае ўражанне перш за ўсё з-за кантрастнага знешняга аблічча гэтых акцёраў, якое выклікае асацыяцыі з парай цыркавых клоунаў, адзін з якіх заўсёды бадзёры і вясёлы, а другі – маркотны і сумны.

У кожнай п'есе амаль заўсёды цяжкія для ўвасаблення ролі адмоўных персанажаў. А. Кузьмін (Г. Стан) паказвае свайго героя ў такіх высакародных, арыстакратычных фарбах, што роля тыповага аперэтачнага ліхадзея толькі выйграе ад неадпаведнасці знешняга ўнутранаму. В. {У.} Лінкевіч у гэтай ролі мусіць яшчэ папрацаваць над упэўненым і выразным вымаўленнем тэксту.

Перад выканаўцай ролі маці Стэлы, Кліментыны Марыс, пастаўлена была задача падкрэсліць узрост гераіні. Н. Равінская адчувае сябе ў гэтай ролі натуральна і непасрэдна.

Мушу з жалем адзначыць, што праблема другога саставу ў тэатры існуе. Калі ў спектаклі занятыя Н. Равінская, Н. Гайда, П. Рыдзігер, З. Вяржбіцкая, А. Ранцанц, А. Кузьмін, А. Кузьмянкоў, В. Мазур, Г. Казлоў, К. Лосеў, дык карабель пад назвай "Вольны вецер" не баіцца ні буры, ні падводных рыфаў. Пры іншых выканаўцах пастаноўка шмат у чым траціць свае лепшыя якасці.

Такая няроўнасць уласцівая і аркестру (дырыжор А. Лапуноў). Фальшывыя ноты, неахайнае выкананне (у першую чаргу гэта датычыць групы духавых інструментаў) нельга апраўдаць нічым, але, на жаль, у Мінску гэтым грашыць не толькі аркестр тэатра музычнай камедыі... А вось хор (хормайстар Н. Андросава) ва ўсіх сцэнах спектакля вельмі выразны, і найлепшым доказам таму з'яўляецца заключны радасны хор "Друг мой, будь как вольный ветер!", матыў якога падхоплівае ўся глядзельная зала.

Яскравы, эмацыянальны, аптымістычны тонус уласцівы ўсяму спектаклю. Ён вызначае і стыль танцавальных эпізодаў (балетмайстар-пастаноўшчык В. Бутрымовіч). Адзначу добрую харэаграфічную падрыхтоўку ўдзельнікаў спектакля, а таксама ўдалую пластыку ва ўсіх эпізодах пастаноўкі.

Сцэнаграфія спектакля нешматслоўная: мора, ветразі, атрыбуты марскога порту (мастак-пастаноўшчык У. Жданаў); на гэтым фоне прыкметна вылучаюцца простыя, але з густам зробленыя касцюмы з выкарыстаннем "марской тэматыкі" ў галоўных герояў і ўдзельнікаў масавых сцэн і знарок кідкае ўбранне шыкоўнай маркізы Рэгіны. Я ўжо згадвала пра мадэрнізацыю тэкстаў, якая адбілася і на касцюмах паліцэйскіх: іх шлемы, пластыкавыя шчыты, можа, і не такая істотная дэталь, але яна ўсё ж не стасуецца з агульным "часавым" каларытам спектакля.

Прэм'ера аперэты "Вольны вецер", якая па-свойму адлюстроўвае інтэрпрэтацыю класікі ў сучасных умовах, даводзіць, што наш тэатр музычнай камедыі мае музыкантаў, здольных вырашаць складаныя і адказныя пытанні.

З. ШАГАЛОВІЧ.

Ад рэдакцыі. У цэлым з усхваляванай, эмацыянальнай рэцэнзіяй маладога аўтара, студэнткі аддзялення музыказнаўства Белдзяржкансерваторыі можна пагадзіцца. Аднак калі зірнуць шырэй, супаставіць пастаноўку "Вольнага ветра" з іншымі спектаклямі тэатра, на наш погляд, можна зрабіць наступныя высновы.

Па-першае, значны непакой выклікае акцёрскае (а потым ужо – вакальнае) майстэрства выканаўцаў. У большасці сітуацый у акцёраў тэатра вельмі адчуваецца зададзенасць у раскрыцці характараў, адсутнасць пошукаў індывідуальнага іх вырашэння. Такое ўражанне, што большасць акцёраў імкнецца ў першую чаргу пацяшаць. Але калі яны мусяць вырашаць больш складаныя задачы, увасабляць вобразы глыбокага псіхалагічнага зместу, дык іх выкананне не толькі малапрафесійнае, але часам нагадвае студэнцкую самадзейнасць. Прыкладам таму – пастаноўка гераічнай аперэты "Судная гадзіна" Р. Суруса, дзе акцёрскія недапрацоўкі асабліва адчувальныя.

Па-другое, калі зірнуць на апошнія пастаноўкі Б. Уторава ("Судная гадзіна" Р. Суруса, "Дзяніс Давыдаў" А. Мдывані, "Вольны вецер" I. Дунаеўскага), нельга не адзначыць пэўную аднастайнасць мастацкага вырашэння, плакатнасць, сумную статычнасць масавых сцэн.

Па-трэцяе, выклікае непакой і аднабаковасць рэпертуарнай палітыкі тэатра. Ён, трэба прызнаць, умее развесяліць, пацешыць масавую аўдыторыю. Аднак ці дастаткова гэтага цяпер, калі ад усіх відаў мастацтва патрабуецца актуальнасць, надзённасць зместу? Думаецца, тэатр можа (калі не павінен) узнімаць і іншыя, больш сур'ёзныя тэмы, прысвечаныя сучаснасці, прымусіць гледачоў думаць, суперажываць, а не толькі смяяцца. I перш за ўсё – рабіць гэта пераканальна! Магчыма, ёсць сэнс пераарыентаваць тэатр у музычна-драматычны, што дазволіць пашырыць рамкі жанру.

Па-чацвёртае, варта звярнуць увагу на ўкамлектаванасць аркестра і яго стабільнасць. Неадкладнага вырашэння патрабуе якасць работы гукарэжысуры "мікрафонных" спектаклях.

Усе гэтыя заўвагі, безумоўна, маюць дыскусійны характар.

Мастацтва Беларусі. – 1986. – № 10. – С. 14–16.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: