Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/А цяпер згуляем... (1986 г., Літаратура і мастацтва)

А цяпер згуляем... (1986 г., Літаратура і мастацтва)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

А ЦЯПЕР ЗГУЛЯЕМ...

Пра новы спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР

– Гулялі ў Сірано. Цяпер гуляюць у прынца і жабрака. Потым будуць гуляць у Сільву, так ці што? – разважаў пасля спектакля крытык. Ён наведаўся ў тэатр яшчэ раз, і яшчэ. Спектакль "Гуляем у прынца і жабрака" настроіў яго на гаворку паводле гарачых уражанняў. А ўражанні – палемічныя.

Вось праграмка, "пашпарт" спектакля. Музыка А. Журбіна. Музычны кіраўнік А. Сасноўскі, аранжыроўшчык і асістэнт дырыжора Р. Уласюк, гукарэжысёр С. Юрынок, канцэртмайстар Н. Кавецкая. Рэжысёр-пастаноўшчык В. Цюпа, харэограф Ю. Лапша, сцэнограф У. Жданаў, мастак па касцюмах В. Жалонкіна. Тэатр вызначае сваю новую работу як "феерычны атракцыён для дарослых дзяцей па матывах аповесці Марка Твэна".

– Іменна! – ускліквае крытык. – Ды навошта тут "избыточное" азначэнне? Спыніліся б на чымсьці адным: або "феерыя", або "атракцыён". Феерыя – эфектнае цыркавое прадстаўленне з неверагоднымі трукамі. Атракцыён – эфектная кампазіцыя або асноўны нумар цыркавога прадстаўлення. І ў азначэнні жанру празмернасць, і ў самім відовішчы. Прадстаўлена з выдумкай, але, што называецца, з прэтэнзіямі. Прэтэнзіі на шматзначнасць. А замест яе ўзнікае шматслоўнасць. І як расшыфраваць адрасата пастаноўкі – "для дарослых дзяцей?" Можа, "ні дзецям, ні дарослым"? Каго лічыць дарослымі дзецьмі: падлеткаў ці "маладых душою" людзей саліднага ўзросту?

Пагаджуся: гэта пытанне гучыць слушна. Мне таксама здаецца, што адрасат новага спектакля пакуль не вызначыўся. І яшчэ – што ён ні ў якім разе не для маленькіх. А тэатр падае яго як дзіцячы ранішнік (прычым, у зале і дашкольнікі, і першакласнікі), іграе і ўвечары для публікі паўналетняй. Акцёры вымушаны штораз "пераадрасоўвацца", шукаючы кантакт з аўдыторыяй. Неўпрыкмет у іх арганічную, імправізацыйную пластычнасць пранікаюць "тюгаўскія штучкі". Таму што на ранішніх спектаклях ім даводзіцца не толькі гуляць у прынца і жабрака, а і заігрываць з дзятвой. Бо ёй, дзятве, незразумелыя сацыяльныя акцэнты твора, дзякуючы якім найбольш ярка і трапна ўспыхваюць на сцэне імправізацыя, пародыя, іранічны жарт...

– Шкада мне пастановачныя і акцёрскія знаходкі, якія гледачу даводзіцца шукаць у тоўшчы сцэнічнай шматслоўнасці! – не супакойваецца крытык. I дадае, што відовішча з-за шматслоўнасці страчвае дынаміку, "буксуе" аж тры гадзіны. Для любога дзіцячага спектакля гэта замнога.

Цяпер я паспрабую на нейкі час не слухаць дакучлівы голас крытыка...

На сцэне нашага тэатра музкамедыі апошнім часам з'явілася нямала літаратурных персанажаў. Да іх сямейства далучыліся героі вядомай аповесці Марка Твэна. Сюжэтныя матывы "Прынца і жабрака" набылі новае жанравае аблічча ў творы для музычнага тэатра. Новае аблічча, аблічча вандроўных камедыянтаў, цыркавых артыстаў, набылі на сцэне і героі.

П'еса Ю. Міхайлава "Гуляем у прынца і жабрака" пачынаецца з такой рэмаркі: "На авансцэне кінуты плашч, шыракаполы капялюш з пяром і шпага. Плашчы, багатыя і дзіравыя капелюшы, даспехі, зброя раскіданы па сцэне, развешаны на дэкарацыях. На авансцэну выходзіць акцёр, які будзе выконваць ролю..." і г. д.

Пастаноўшчыкі спектакля асноўны прынцып драматурга (гульня, тэатр у тэатры) не парушаюць. Наогул жа, і тэкст п'есы, і партытура іх ініцыятыву не абмяжоўваюць. Музычную камедыю, пазначаную 1973 годам, жывіць самастойны творчы пошук сённяшніх пастаноўшчыкаў і выканаўцаў.

Спектакль "Гуляем у прынца і жабрака" імітуе цыркавое прадстаўленне. На сцэне быццам размясцілася шапіто. З каласнікоў, як з-пад купала на манеж, звешваюцца вяровачныя лесвіцы. (Праўда, яны неяк нясмела абыгрываюцца, а на заднім плане відаць яшчэ і гамакі, якія зусім не скарыстоўваюцца ў дзеянні). З-за куліс выглядваюць "светлякі" з яркімі каляровымі фільтрамі. Аркестравая яма нязвыкла пустуе: музыканты на сцэне, як паўнапраўныя ўдзельнікі гульні. Акцёры, што рыхтуюцца "згуляць у прынца і жабрака", грыміруюцца пад традыцыйных "белых" і "рыжых" клоунаў.

Гуляць дык гуляць – пераблытваюцца ўсе амплуа! Актрысы-гераіні цяпер травесці. Вусатыя, з блазенскімі званочкамі на крыналінах дзецюкі прадстаўляюць фрэйлін. Белазубы напамаджаны герой адчувае сябе ўтульна ва ўборы кабеты-гандляркі. З'яўляюцца на сцэне статысткі ў дзіўных касцюмах: "раяль", "трамбон", "саксафон", "кантрабас"...

Усяго гэтага ў п'есе няма.

I яшчэ адна выдумка пастаноўшчыкаў – увасоблены акцёрам Брытанскі леў, незласлівая пародыя на занядбаны, кволы сімвал каралеўства. Трэба будзе – ён і сабаку заменіць, і згадзіцца замест быка для каралеўскай рытуальнай стравы.

У спектаклі, чаго таксама няма ў п'есе, мяняюцца ролямі не толькі прынц і жабрак, але і валацугі, стражнікі, фрэйліны, прыдворныя.

Вось ён, тэатр масак, тэатр прадстаўлення! Акцёры жывуць па яго законах радасна. Іграюць (дакладней тут сказаць – гуляюць) у ахвоту. Як добрыя партнёры, іграюць і гуляюць не кожны за сябе, а за ўсю "каманду", у ансамблі. Прытым разнастайна раскрываецца іх міміка, пластыка.

Якая нечаканая, напрыклад, Н. Гайда – цікаўнае і добрасардэчнае "чарцяня" Том Кенці. Скача цераз мікрафонны шнур, быццам цераз скакалачку, хлапечым галаском спявае і ўсміхаецца. Гэты Том можа гарэзліва перакуліцца цераз галаву пад захопленае "ах!" публікі. Без наіўнага даверлівага Тома немагчымы адметны нумар з кашальком: Бадзяга (А. Кузьмянкоў) і жулік Гуга (Г. Казлоў) даюць маленькаму жабраку ўрок палявання на грошы адзінокага прахожага. Дарэчы, і тут, і ў некаторых іншых сцэнах (рытуал снедання ў каралеўскім палацы, змена варты, напрыклад), дзякуючы акцёрскай імправізацыі, знойдзеным пад час рэпетыцый "гэгам", каламбурам, дыялогі падаюцца больш разгорнутымі і больш дасціпнымі ў параўнанні з п'есай.

Выразны клоўнскі дуэт Г. Казлоў – А. Кузьмянкоў. Каларытны персанаж А. Касцецкага – бацька Тома, нахабны цыбаты п'янтос з вялікім парасонам, у шырокіх штанах, з кішэнямі-торбамі, напакаванымі газетамі. Забаўны, абаяльны і арганічны А. Ранцанц у ролі добрай Нэнсі, якая ўсіх частуе піражкамі.

Успамінаеш і ўражанні іншыя: зацягнуты дыялог жабрака Тома з прынцам Эдуардам каля люстэрка; грувасткую сцэну "чарадзейства" Нэнсі...

– А ці не хопіць успамінаў? – зноў узнікае той прыдзірлівы крытык. – Ці не лешп сказаць так: у колеравым афармленні, у пластыцы мізансцэн, у танцы, у тэксце ўсё тая ж празмернасць. Шматслоўнасць, зацягнутасць. Стракатасць, у якой ужо немагчыма вылучыць асноўныя чыстыя фарбы і так званы дадатак, разабрацца, што да чаго прымешана.

Баюся, сам крытык згушчае фарбы. Сказана ж: гэта – атракцыён. А глыбакадумнасць у адносінах да атракцыёна, па меншай меры, смешная. Так, малюнак выглядае страката, Але не таму, што фарбы перамешаны. Ён – як коўдра з рознакаляровых латак. Кожная латка сама па сабе, ды не самастойная, знітаваная з суседнімі.

Дарэчы, "латкі" відовішча павінна знітоўваць музыка. Уласна музычная драматургія гэтага спектакля, на жаль, "шматкаватая". Але тое, што музыка літаральна збліжана з падзеямі спектакля, стварае ўражанне цэласнасці. Спалучэнне жывога гучання інструментальнай групы (музыканты на сцэне – гэта здорава!), фанаграмы, "мікрафоннага" спеву салістаў; аранжыроўка напісанага А. Журбіным і запазычанага ў іншых аўтараў (уведзены, прынамсі, вядомыя фартэпіянныя рэгтаймы). Такая работа значная па аб'ёме, свежая па задуме. Шкада, што ў час спектакля тэхнічныя цяжкасці замінаюць дасканаламу ўвасабленню задуманага.

Мне падумалася, што ў новай сваёй пастаноўцы, услед за "Сірано", рэжысёр меў на мэце звярнуць увагу гледачоў, крытыкаў на тэатр, на акцёрскую трупу (індывідуальнасці ўсіх салістаў па-новаму раскрыліся ў гэтым спектаклі), на ўласную работу. Увага звернута. Што далей?

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1986. – 31 студз. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: