Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ступені дасканаласці (1986 г., Вячэрні Мінск)

Ступені дасканаласці (1986 г., Вячэрні Мінск)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

СТУПЕНІ ДАСКАНАЛАСЦІ

З рэжысёрам Беларускага тэатра музычнай камедыі Барысам Пятровічам Вторавым я сустрэўся ў час рэпетыцыі аперэты І. Дунаеўскага "Вольны вецер". Ішла першая зводная рэпетыцыя, але тое, што адбывалася на сцэне, адразу захапіла. Спявае матроскі хор. На маю думку, усё ідзе ладна. Але Барыс Пятровіч узнімае руку, ляпае ў далоні: "Дрэнна! Трэба жвавей! Больш энтузіязму! Паўтарыць!". Зноў пачынае хор, зноў Барыс Пятровіч незадаволены. Потым ішлі дыялогі, матроскія танцы, і Барыс Пятровіч зноў і зноў патрабаваў паўтарэння, каб дабіцца ад акцёраў неабходных спеваў, інтанацыі голасу. Ён то ўзбягаў на сцэну, паказваў артыстам, дзе стаяць, як рухацца, гаварыць, то зноў спяшаўся ў залу. І адтуль быў чутны яго голас: "Не так! " На гэты раз артыстка не так, як трэба, рэагавала на сігнал аўтамашыны.

Праз тры гадзіны аб’яўляецца перапынак. Падыходжу да Барыса Пятровіча.

– Даруйце. Ні хвіліны няма. Прыходзьце заўтра ў тры гадзіны, – адказаў Барыс Пятровіч і паспяшаўся да артыстаў. Назаўтра ў вызначаны час сустрэча адбылася.

Каб пачаць размову, пытаюся навошта рэжысёр некалькі разоў патрабаваў, каб артыстка паўтарала сцэну, дзе сігналіць аўтамабіль? У кожнага пешахода свая рэакцыя. Ды і, наогул, ці так гэта важна?

– Вуліца вуліцай, а сцэна сцэнай, – адказаў Барыс Пятровіч. – Тут рэакцыя павінна быць адэкватнай дзеі і ніякай іншай. Каб дасягнуць дакладнасці на сцэне, неабходна прадумаць кожны крок, кожны жэст.

Барыс Пятровіч зазначыў: тое, што я ўбачыў на рэпетыцыі, – вынік вялікай папярэдняй працы. Спачатку адбываюцца так званыя класныя заняткі з акцёрам, першыя наміткі яго сцэнічнага жыцця. Потым пачынаецца пастановачны перыяд. Ён у музычным тэатры значна адрозніваецца ад таго, як гэта ідзе ў драматычным тэатры. А ў Б. Вторава вялікі вопыт работы менавіта ў драматычных тэатрах. Пасля заканчэння ў 1955 годзе тэатральнага вучылішча імя Б. Шчукіна чатыры гады працаваў акцёрам у Грозным у драмтэатры імя М.Ю. Лермантава.

У 1959 годзе паступіў у Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут на рэжысёрскі факультэт. У час вучобы працаваў асістэнтам рэжысёра і акцёрам у Віцебскім тэатры імя Я. Коласа, рэжысёрам у Дзяржаўным рускім драматычным тэатры імя М. Горкага, дзе паставіў два спектаклі – "Лёс-індзейка", "У дзень вяселля". Яны сталі дыпломнай работай.

Закончыўшы Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут, працаваў чарговым рэжысёрам у Саратаўскім акадэмічным тэатры імя Карла Маркса, быў галоўным рэжысёрам у драмтэатрах Чэлябінска і Архангельска.

– Можа каго здзівіць частая перамена месц, – задумліва гаворыць Барыс Пятровіч. – У той час я і сам не растлумачыў бы, чаму так здаралася... Я нарадзіўся і вырас у Маскве, у музычнай сям'і. Бацька скрыпач, маці педагог вакала. З малых гадоў я захапіўся музыкай. Люблю іграць на фартэпіяна. I калі ў 1977 годзе зноў прыехаў у Мінск і пачаў працаваць у тэатры музкамедыі, адчуў, што знайшоў сваё прызванне. Я і зараз часам вяртаюся ў драматычны тэатр: у тэатры-студыі кінаакцёра паставіў п'есу А. Астроўскага "Жаніцьба Бальзамінава", у тэатры імя Янкі Купалы – п'есы "Успаміны" А. Арбузава і "Валенсіянскія вар'яты" Лопэ дэ Вэга, а таксама вадэвіль "Ажаніцца – не журыцца" М. Чарота і братоў Далецкіх, які ідзе і зараз. Гэты вадэвіль прайшоў амаль 500 разоў. Але асноўная і любімая мая праца ў тэатры музкамедыі. Тут пастаўлены аперэты "Мост мары" В. Лебедзева, "Несцерка" і "Судная гадзіна" Р. Суруса, "Дзяніс Давыдаў" А. Мдзівані. Спектакль "Судная гадзіна" прысвечаны 40-годдзю вызвалення БССР ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, "Дзяніс Давыдаў" – 40-годдзю Перамогі.

На сцэне тэатра музычнай камедыі найбольш цікавай для рэжысёра была работа над аперэтай Рыгора Суруса "Судная гадзіна", створанай па п'есе Андрэя Макаёнка "Трыбунал". П'еса гэта шырока вядомая і натуральна ўзнікала трывога, ці справіцца музычны тэатр з такой трагедыйнай тэмай. Патрабаваўся прынцыпова новы падыход да яе вырашэння.

– Увасобіць задуму п'есы мне дапамог мастак Б. Герлаван, – гаворыць Б. Втораў. – Мы імкнуліся вывесці дзеянне за рамкі адной беларускай сям'і. Нам удалося знайсці неабходнае рэчышча пастаноўкі. Узаемаразуменне, сапраўды творчая атмасфера ў калектыве спрыялі пераадоленню ўсіх цяжкасцей. Паспяхова справіліся са сваімі ролямі заслужаная артыстка РСФСР Н. Равінская, заслужаны артыст БССР В. Фаменка, артысты В. Сердзюкоў, У. Лінкевіч, Г. Казлоў, В. Пятліцкая, З. Вяржбіцкая і іншыя.

Колькі творчай энергіі ў гэтага чалавека! Будучы рэжысёрам тэатра музкамедыі, працаваў у Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце, выкладаў рэжысуру і майстэрства акцёра, паставіў некалькі студэнцкіх дыпломных спектакляў, сярод іх "Тарцюф" Мальера, "Смерць Тарэлкіна" Сухава-Кабыліна.

Добразычлівасць і працалюбства – вось асноўныя якасці характару Барыса Пятровіча Вторава. Гэта асабліва відаць, калі бачыш яго на працы ў тэатры, калі гутарыш з ім.

А. СТАВЕР.
Вячэрні Мінск. – 1986. – 13 студз.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: