Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Ёсць у тэатры акцёры (1987 г., Літаратура і мастацтва)

Ёсць у тэатры акцёры (1987 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЁСЦЬ У ТЭАТРЫ АКЦЁРЫ

Яшчэ раз пра аперэту

Дэкарацыя нагадвае палубу карабля. Але аквамарынавы гарызонт чамусьці не выклікае пачуцця марской прасторы. А "камандзе" (акцёрам), відаць, ніякавата на сваім "караблі". Мітусяцца выканаўцы, жэстыкулююць, гавораць фарсіраванымі галасамі... Як ні стараюцца, іхняя "арганіка" ў прапанаваных абставінах выглядае штучнай.

Так, на сцэне ўсе прыкметы карабля, але карабля, які не плыве і не паплыве: ці то з сушы не зрушыў, ці то сеў на мель.

Параўнанне з такім "караблём" прыкра для любога спектакля. А на гэты ж ускладаліся асаблівыя надзеі: "Вольны вецер" I. Дунаеўскага, наша аперэтачная класіка, пастаноўка (пра што абвясцілі афішы і праграмка), прысвечаная XXVII з'езду КПСС і XXX з'езду Кампартыі Беларусі. Ды ўжо год назад, калі Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР сыграў прэм'еру "Вольны вецер" (рэжысёр-пастаноўшчык Б. Утораў, музычны кіраўнік і дырыжор А. Лапуноў, сцэнограф У. Жданаў), можна было зразумець марнасць "асаблівых надзей". Нягледзячы на тое, што новаму спектаклю апладзіравалі гледачы.

Апладзіруюць яны і сёння. "Вольны вецер" даволі часта з'яўляецца ў бягучым рэпертуары. Апладзіруюць... па інерцыі. Таму што расхінулася заслона. Таму што прагучала знаёмая мелодыя. Таму што на сцэну выйшлі любімыя артысты. Таму што дырыжор павярнуўся тварам да залы. Таму што апладзіруюць ці не ўсе вакол, калі хтосьці раптам запляскае ў ладкі. Ветлівая публіка ходзіць "у аперэту"...

Аднак у інертнай цырымоннай ветлівасці, з якою прымаюць гэты спектакль, ёсць дзёрзкі апанент: свежы погляд. Скіньце акуляры фальшывай ветлівасці, калі яны ўсё ж замінаюць вам убачыць, што "карабель" не плыве! Ён спыніў свой рух гадоў, па меншай меры, 25 назад.

Па тым часе ад гісторыі пра сумленных бунтоўных маракоў, пра хцівых подлых эксплуататараў, пра закаханых Стэлу і Янга яшчэ не павявала наіўнай архаікай. А сёння? Сёння гісторыю, што разгортваецца ў "Вольным ветры", успрымаеш з усмешкай, і ўсмешкай непаблажлівай. (Так глядзіш, бывае, некаторыя пасляваенныя кінастужкі: яны цікавыя толькі для тых, хто быў малады 30-40 гадоў назад, ці для даследчыкаў). Ды наўрад ці іранічная рэакцыя і скепсіс цяперашняй маладой публікі прадугледжваліся пастаноўшчыкамі аперэты, якія імкнуліся яшчэ і мадэрнізаваць твор, рабілі пэўныя перакампаноўкі матэрыялу (крытыка адзначыла гэта ў "Мастацтве Беларусі", № 10, 1986 г.).

Што можа прывабіць у гэтым спектаклі? Бадай, вечная для мастацтва лірычная тэма. У астатнім жа... Нейкая ўмоўная краіна-"заграніца". Схематызм канфлікту паміж "гаспадарамі" (суцэльна мярзотнікамі) і вольным народам. Час дзеяння, відаць, – рубеж 40-50-х гадоў. А цяпер канец XX стагоддзя. Так што антымілітарысцкі і антыімперыялістычны пафас "Вольнага ветру" сёння проста не гучыць на магутным шматгалосым фоне заклікаў да прадухілення сусветнай ядзернай катастрофы! Сучасная амуніцыя сцэнічных паліцэйскіх (каскі, празрыстыя шчыты, гумовыя дубінкі), радкі наконт крылатых ракет, устаўленыя ў куплеты Фамы і Філіпа, зусім дыскрэдытуюць пастаноўку. А знакамітая маршавая песня пра вольны вецер, пададзеная як апафеозны нумар для саліста з хорам? Гэтую па-канцэртнаму франтальную мізансцэну не параўнаеш нават з плакатам. Бо лепшыя сучасныя плакаты – гэта тонкія мастацкія творы, з філасофскай ідэяй, лаканічныя па кампазіцыі, складаныя па тэхніцы выканання.

Пагадзіцеся, што "лёгкасць" жанру аперэты не апраўдвае тую лёгкасць, з якой актуальнасць спектакля падмяняецца прэтэнзіямі на актуальнасць. Шкада акцёраў, якія вымушаны не толькі "лицедействовать", але і "лицемерить", гэта значыць, ашукваць і сябе, і гледача.

I радасна за акцёраў, калі ў рэпертуары з'яўляецца твор, які знешне далёкі ад нашага жыцця і часу, але які можна расквеціць захопленай ігрой, непасрэднасцю пачуццяў, напоўніць дасціпнай назіральнасцю. Хіба не такія магчымасці дае "Сільва" I. Кальмана?

Не так даўно наш тэатр сыграў гэту прэм'еру. Рэжысёр В. Цюпа, які паказаў сябе прыхільнікам сучасных нетрадыцыйных "амплуа" музычнай камедыі ("Сірано", "Гуляем у прынца і жабрака"), дэбютаваў на мінскай сцэне як пастаноўшчык класічнай аперэты. Разам з ім працавалі дырыжоры А. Лапуноў, А. Сасноўскі, мастакі У. Жданаў і В. Жалонкіна...

Папулярнасць "Сільвы", яе доўгая сцэнічная гісторыя (аперэта і ў Мінску ставіцца, вядома, не ўпершыню), яе з'яўленне на экране, – прычыны таго, што новыя версіі твора ўжо не ўспрымаюцца як абсалютна непаўторныя. Таму вельмі многае залежыць ад акцёраў: іх ігра нясе або застарэласць аперэтачнага штампа, або свежы водар непаўторнасці.

Якая ж яна, новая "Сільва"? Не бяздумная і не бяздушная. Вясёлая, камічная, іранічная, сумнаватая... Героі гэтага спектакля не манекены ў фраках, не ўпрыгожаныя лялькі, а людзі, са сваімі эмоцыямі і звычкамі, слабасцямі і прыхільнасцямі, са сваім лёсам, са сваімі адносінамі да жыцця. "Пра што" спектакль? Пра чалавечнасць...

Ва ўсякім разе, для мяне прагучаў найбольш выразна і пераканальна матыў чалавечнасці – дзякуючы ансамблю акцёраў. Выканаўцаў у спектаклі многа. Ды сёння спасылаюся толькі на тых, каго вылучаю безагаворачна, не пакрывіўшы душой. Іншы назаве іншых.

Як многа можна расказаць пра Сільву Н. Гайды! Зняўшы маску "красотки кабаре", гераіня ператвараецца ў стомленую, "будзённую", шчырую жанчыну. А безабароннае даверлівае дзяўчо, свецкая дама, няшчасная зняважаная душа, найграна-дурнаватая і вульгарная какетка (перад маці Эдвіна), вынаходлівая закаханая з "часцінкай чорта", актрыса з драматычным лёсам, – гэта ўсё яна!

Завадатар вясёлых спраў, балбатун і няўрымслівы адданы сябра – гэта Боні (віртуозная пластычная ігра А. Кузьмянкова). Пікантная, маладжавая, капрызлівая норавам дама – гэта матухна Эдвіна (удалая работа I. Скорабагатавай ва ўзроставай ролі). Шаржаваны "пад Скалазуба" генерал Рансдорф – каларытная, сакавітая нават, фігура (артыст А. Цівуноў). Імпазантны, "з манерамі", закамплексаваны ўласнай "чыстапароднасцю" – князь Леапольд (з густам праведзеная роля Г. Казлова).

Лёгкасць, за якой не відаць "поту", – адзнака майстэрства ў любой справе. Для аперэты лёгкасць яшчэ і закон. Акцёры, якія прывабілі маю ўвагу, гэты закон не парушаюць: ні ў лірычных дуэтах, ні ў каскадных нумарах, ні ў так званых "размоўных зонах". У спектаклі прываблівае дасціпна, парадыйна пастаўлены канкан (мабыць, крышку і "перасолены" – але гэта ўжо на чый густ). Дынамічная, лёгкая сцэна высвятлення ўзаемаадносін Стасі і Боні... I ўсё ж закон лёгкасці парушаецца, ну скажам так, празмернасцю і супярэчлівасцю пастановачных пошукаў, сцэнічнай шматслоўнасцю.

У відовішчы прачытваецца намер стваральнікаў спектакля паказаць "тэатр у тэатры": на сцэне імітацыя публікі ў ложах. Публіка гэтая (хор ці статысты) досыць бурна рэагуе на падзеі, але героі падзей непачціва паказваюць ёй спіну, бо звяртаюцца да той публікі, што ў рэальнай глядзельнай зале. Супярэчлівае ўражанне ад сінтэзатарных "уставак" – парафразаў на тэмы "Сільвы". Здавалася б, гэта ўносіць у дзеянне музычную імправізацыйнасць, але ж імправізацыйнасць зададзеная, механічная робіцца тормазам для натуральнага сцэнічнага развіцця драматургіі. Досыць надакучліва абыгрываецца ў фінальнай дзеі "светла-музычная" лесвіца; а як старанна зрэжысіраваны – у прасторы і ў часе – паклон удзельнікаў спектакля...

Калі з-за рэжысуры або з-за дырыжора трансфармуецца тэмпарытм пастаноўкі, губляе тонус і акцёрскі ансамбль.

Канечне, шкада, што здараецца гэтак і ў спектаклях, дзе ёсць магчымасць раскрыцца ўдумлівым, чуйным, тонкім акцёрам. Але ўсцешна, што ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР яны ёсць. А такія акцёры маюць густ і патрабавальнасць да рэпертуару.

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1987. – 6 сак. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: