Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Вакол Эпіфаніі (1987 г., Мастацтва Беларусі)

Вакол Эпіфаніі (1987 г., Мастацтва Беларусі)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ВАКОЛ ЭПІФАНІІ

Прэм'ера музычнай камедыі "Мільянерка" Яўгена Глебава адбылася ў Маскоўскім дзяржаўным тэатры аперэты. Пра гэта пісаў наш часопіс. Цяпер яна пастаўлена ў Мінску.

У гэтага спектакля шмат апанентаў. Я чула іх завочную палеміку (у вочы, як звычайна, толькі віншуюць) са стваральнікамі новай, музычнай версіі "Мільянеркі", якая звялася да катэгарычнага: "Гэта не Шоў!" Што тут скажаш... Ну вядома ж, – не Шоў!!! Бо славуты англічанін, які пісаў сярод іншага і музычна-крытычныя артыкулы, музычных камедый не ствараў.

Не пісаў ён і папулярнага мюзікла "Мая цудоўная лэдзі" – гэта зрабілі кампазітар Ф. Лоў і лібрэтыст А.Д. Лернер паводле п'есы "Пігмаліён". А музычная камедыя "Мільянерка" – работа кампазітара Я. Глебава і рэжысёра-пастаноўшчыка В. Івановай, якая напісала лібрэта паводле аднайменнай п'есы Б. Шоў. Вось так... Дык ці варта забывацца пра ёмістае слова "паводле"? Яно гучыць як своеасаблівы і важны творчы дазвол на пераасэнсаванне першакрыніцы, на яе адаптацыю ў іншым жанры.

Дарэчы, пра першакрыніцу. "Пампезная камедыя ў 4 актах" (так Б. Шоў акрэсліў сваю "Мільянерку"), напісаная ў 1935 годзе, адлюстравала парадаксальнае светаўспрыманне, супярэчлівыя ідэйна-філасофскія пошукі, уласцівыя драматургу на той час. Добры сцэнічны лёс, агульнапрызнанасць "Мільянеркі" не замінаюць літаратуразнаўцам называць яе не надта дасканалым творам. Сама п'еса (ну зусім як і гераіня – мільянерка Эпіфанія!) – гэткая "дама з характарам", якая пастаянна задае загадкі. Пачнеш падбіраць псіхалагічныя ключы да яе вытанчана-складанага характару – і сустрэнеш невытлумачальнае "супраціўленне матэрыялу". Зрэшты, у парадаксаліста і вастраслова Шоў самы загадкавы "куфэрак" адкрываецца, бывае, раптам вельмі проста... і насуперак усялякай логіцы.

А цяпер, таварышы апаненты, калі вы ўважліва чыталі тэкст чатырохактовай "Мільянеркі" з абодвума аўтарскімі фіналамі*, калі вы ведаеце арыгінал, паспрабуйце ўявіць сабе той музычны ключ, з дапамогай якога можна было б увайсці ў гратэскавы свет фантазій, капрызаў і прынцыпаў Эпіфаніі, у свет недарэчных і дзівосных кантрастаў, створаны вакол яе! Для Я. Глебава і В. Івановай такім ключом становіцца вечная ў мастацтве лірычная тэма.

Лёс жанчыны. Цуд кахання, перад якім упартая сіла грошай і жывучая інерцыя забабонаў – нішто. Можа, гэта – "не Шоў"? Зноў жа, звярніцеся да тэксту першакрыніцы, і вы знойдзеце там шмат лірычных, рамантычных нават кропак, паміж якімі чалавек з творчай фантазіяй правядзе выразную лінію. Што і зрабілі стваральнікі музычнай камедыі "Мільянерка".

"Свет для нас такі, якія мы самі. Свет кожнай жанчыны – у яе ўласнай душы...", – сцвярджае Эпіфанія ў п'есе. Амаль даслоўна паўторана гэта і ў музычным спектаклі, прычым рэпліка гераіні гучыць як своеасаблівае крэда Жанчыны, а пазней развіваецца ў яркім лірычным дуэце Эпіфаніі і Урача. "Свет кожнай жанчыны..." – вось, між іншым, прыклад творчага выкарыстання дакладных радкоў з п'есы, якія загучалі ў музычных радках. I прыкладаў такіх нямала. Рэжысёр В. Іванова, якой працаваць над лібрэта давялося ўпершыню, досыць уважліва і ашчадна паставілася да арыгінала, зберагла найбольш трапныя рэплікі, афарыстычныя "каленцы" дыялогаў, асаблівасці гаворкі персанажаў у так званых размоўных зонах; годна, тактоўна гучаць і ёю ж напісаныя вершаваныя тэксты вакальных нумароў.

Зрабіць п'есу кампактную (у дзве дзеі) і выразную, адпаведную жанру музычнай камедыі і звязаную з тэатральнай стылістыкай Шоў, – задача не толькі працаёмкая, але і рызыкоўная. Зразумела, многімі матывамі першакрыніцы трэба было проста ахвяраваць. Змякчыўся гратэск, зніклі сацыяльныя акцэнты, у пабочны штрых ператварылася ненатольная, агрэсіўная дзелавітасць Эпіфаніі, міфічнымі здаюцца нават яе мільёны, вакол якіх столькі размоў і страсцей! Ніхто не гаворыць пра вонкавае аблічча мільянеркі ці пра яе ўзрост, усе толькі і згадваюць яе багацце і неўтаймоўны нораў. I ўсіх, у рэшце рэшт, бянтэжыць, абражае не тое, што дзіўны заморскі эскулап "проста так" становіцца абраннікам жанчыны з трыццацімільённым банкаўскім рахункам. А тое, што ён "проста так" увайшоў у багаты, загадкавы ўнутраны свет Жанчыны, на які марна прэтэндавалі тупаваты "амаль Апалон" Элестэр, асцярожненькі дробязны чалавечак, "нядзельны муж" Эпіфаніі Эдрыен; свет, які ацаніў "слуга ўсіх паноў" – адвакат Сэгемар.

Банальная жаночая логіка вымушае абурацца разам з пакрыўджанымі мужчынамі і спадарожніцу Элестэра – Патрыцыю, праставатую, старанную, учэпістую, нават больш практычную і прадпрымальную, чым мільянерка. Ну хіба "Полі Беспанчошак" (мянушка Патрыцыі) можа змірыцца з тым, што ёсць у Эпіфаніі? А ёсць рэдкасны, каштоўнейшы за мільёны, дар: станавіцца, калі захоча, невытлумачальна – да чорцікаў! – прывабнаю. Адшпурнуўшы халодную памяркоўнасць, захапляцца, кахаць. Давярацца лёсу і не ўтрымліваць побач такога зручнага ў абыходжанні мужа, бездапаможна-рахманага прыгажуна ў баксёрскіх пальчатках. Ён, Элестэр, – духоўная ўласнасць Патрыцыі, да смешнага дамавітай і клапатлівай. Кошык з рознакаляровымі клубкамі нітак для вязання – нязменны атрыбут партнёркі Элестэра, якая нібыта пляце сетку руціннага дабрабыту і... ціха накрывае гэтай сеткай пакорлівага мужа Эпіфаніі.

"Мільянерку" Я. Глебава сёння іграюць два тэатры. Паміж прэм'ерай у Маскве і пастаноўкай на мінскай сцэне паўгода. I хоць абодва спектаклі пастаўлены адным рэжысёрам, В. Івановай, яны вельмі розныя. Адрозніваюцца сцэнаграфіяй (у Маскве яе аўтар С. Бархін, у Мінску У. Арэф'еў), драматургічнай трактоўкай, выканальніцкай культурай. Узнікае сакраментальнае пытанне: "А якая з пастановак усё ж лепшая?" Параўноўваць складана. У абодвух варыянтах "Мільянеркі" заўважаеш і ўдалыя знаходкі, і выдаткі сцэнічнага пошуку. Рэакцыя ж маскоўскай і мінскай публікі ідэнтычная. Больш стрымана ўспрымае зала экспазіцыю характараў і ўзаемадачыненняў у першай дзеі, жыва, нават бурна рэагуе на дынамічнае раскрыццё гэтых характараў і развіццё ўзаемаадносін паміж героямі ў другой. Лепшая пастаноўка? Яна, як гэта часта здараецца, – мабыць, наперадзе.

Працуючы над спектаклем у Мінску, В. Іванова не пераасэнсоўвала тое галоўнае, што звязана з вобразам Эпіфаніі, што адбываецца з ёю і вакол яе. Перагледжаны былі толькі паасобныя нюансы.

Пэўная камернасць камедыі "Мільянерка", малая колькасць дзейных асоб не дазволілі ўвесці ў лібрэта масавыя сцэны з удзелам хору і кардэбалета. Тым не менш "маланаселенасць" у некаторых эпізодах кампенсуецца. Як? У маскоўскай пастаноўцы з'яўляецца пара закаханых (іх увасабляюць артысты балета) з высокім прагулачным веласіпедам, на якім пазней правязе шчаслівую Эпіфанію Урач. Уведзены і харэаграфічныя мініяцюры ў выкананні жаночага ансамбля балета. На мінскай сцэне інакш: у кабінеце адваката Сэгемара, дзе спакваля збіраюцца галоўныя дзейныя асобы, з першых жа хвілін надакучліва круцяцца тры падазроныя мітуслівыя тыпы. Відаць, з тых, чыя прафесія – пажывіцца за кошт багатай дамы. (У праграмцы яны ніяк не названы, пазначаны толькі прозвішчы занятых у спектаклі танцоўшчыкаў). Безыменныя прыхільнікі Эпіфаніі – назавём іх гэтак – з аднолькавай віртуознасцю гойсаюць па кутках, чысцяць чужы партманет і адбіваюць чачотку на пляцоўцы таннай кавярні.

Дарэчы, гэтая (а мо і не гэтая?) кавярня, куды наведваюцца Эпіфанія і Эдрыен, з часам, дзякуючы кемлівасці мільянеркі, ператвараецца ў дарагі атэль. Упраўляючы атэля горда расказвае гісторыю метамарфозы. Аднак гледачам, не знаёмым са зместам камедыі Б. Шоў, не ўсё, думаю, будзе тут зразумела. Адкуль, напрыклад, пайшла назва "Свіння і дудка"? Наўрад ці такія "загадкі" робяць загадкавым, аздабляюць твор мастацтва. Навошта было спадзявацца на кемлівасць публікі, якая павінна здагадацца (а можа, і не здагадаецца), што "Свіння і дудка" – назва колішняй кавярні? Ці не больш лагічным было б, адпаведна рэмарцы Шоў, паказаць шыльду "прадпрыемства грамадскага харчавання", куды аднойчы завіталі Эпіфанія і яе спадарожнік? Або ў расказе Упраўляючага абысціся без канкрэтнай назвы...

Разумею, што ўсялякае прыватнае пажаданне адносна гатовага спектакля, ды яшчэ праз колькі месяцаў пасля прэм'еры, гучыць рытарычна (каб не сказаць – камічна). Хто ж дзеля ўдакладнення драматургічных дробязяў будзе цяпер "перапісваць" музычна-сцэнічны твор?.. Зрэшты, дапускаю, што аўтарскі калектыў "Мільянеркі" патрабавальна ставіцца да сябе, крытычна – да сваёй работы. Інакш не шукаліся б новыя пастановачныя варыянты пралога і фіналу, не было б перакампановак тэксту і музыкі ўнутры дзеі. Не было б у мінскай пастаноўцы нечаканага развіцця вобраза Патрыцыі. Так, яе ціхманая ўраўнаважаная натура спакваля дапаўняецца тут рысамі драпежнай істоты. Досыць з'едліва пікіруецца з Эпіфаніяй, з нейкай агрэсіўнай руплівасцю даглядае Элестэра, з упэўненасцю эмансіпіраванай мяшчаначкі падхоплівае, пераймае, паўтарае горшае, што ёсць у яе саперніцы і ад чаго тая, пакахаўшы, адмаўляецца (у мінскім спектаклі Патрыцыя спявае куплеты... Эпіфаніі: "Якія ўсе падобныя мужчыны").

Рознасць пастановак асабліва выявілася ў сцэнаграфіі. Скупое афармленне маскоўскага спектакля (цёмныя цагляныя сцены старога англійскага дома, кніжныя стэлажы, мінімум мэблі, класічная чысціня колеравай палітры) спрыяе больш пільнай увазе да акцёраў (а ў "Мільянерцы" ж усяго сем дзейных асоб, і кожная раней ці пазней апынаецца на першым плане). Сцэнограф мінскай пастаноўкі пашчыраваў, здаецца, ва ўрон агульнаму ўражанню. Глядзіш спектакль, і раз-пораз узнікае адчуванне, быццам прывілеяванае становішча ў ігравой прасторы займаюць не людзі і не акцёрскія эмоцыі, а рэчы і сімволіка сцэнаграфічнай мовы.

У пачатку спектакля на першым плане шмат розных прадметаў, якія адцягваюць увагу ад жывых персанажаў. Сімвал Англіі – камін з шаравата-жоўтым шматком бутафорскага полымя; важкі камінны гадзіннік; шарэнга яркіх крэслаў з высокімі спінкамі; клетка аканіцы; некалькі лямпаў пад бардовымі абажурамі; адвакацкая канторка; вешалка. I ўсё гэта літаральна выціскае акцёраў на авансцэну. Да таго ж фонам робіцца суперзаслона, выкананая ў гаме "лонданскіх туманоў", з выяваю караблёў пад брытанскім сцягам. Дзіўныя паруснікі асацыіруюцца з сучаснымі акіянскімі лайнерамі або, яшчэ горш, з лакаматывамі. Калі адкрываецца глыбіня сцэны (чытай: духоўнага свету Эпіфаніі), бачыш панараму, няйначай, буржуазных (а можа – арыстакратычных?) кварталаў Лондана, над якімі – неба ў дыяментах зор. Спадарожнічаюць відовішчу і фігуры белых бугафорскіх коней; па ходу дзеяння ў іх "вырастаюць" лёгкія пегасаўскія крылы, яны нават лунаюць над сцэнай у час любоўнага дуэта Эпіфаніі і Урача.

Коні – аксесуар англійскага жыцця? Сімвал "незацуглянага" нораву Эпіфаніі, гэткай – да часу – неўтаймоўнай свавольніцы? Сімвал яе летуценнага свету, акрыленасці душы? "Свет кожнай жанчыны ў яе душы, у таямнічай мары", – спавядаецца Эпіфанія. I ты добрасумленна, але марна спрабуеш спасцігнуць загадкавасць гэтых коней, ветразяў пад імперскімі сцягамі, архітэктурных ансамбляў... Бясспрэчна, пяцёрка белых коней забірае зашмат глядацкай увагі. Выкананы яны тонка, выглядаюць лёгкімі, зграбнымі, але... Але чаму мары гераіні, плынь яе душы падаюцца матэрыяльна-канкрэтнымі, адчувальнымі (коней нават не суправаджае багатая на фантазію светлавая партытура)? Хіба нематэрыяльная мастацкая тканіна музычнага твора, хай сабе і насычанага гумарам, вымагае такога зрокавага "кантрапункту"? Можа, сцэнаграфічная двухсэнсоўнасць замест шматзначнасці – своеасаблівая форма іранічнага парадоксу? Дык у такім разе мастак выклікае іронію на сябе...

Зразумела, не супярэчнасці вызначаюць вартасць новай жанравай версіі "Мільянеркі". Галоўнае, што створана яскравая музычная п'еса, драматургія якой нясе ў сабе жыватворныя "гены" першакрыніцы. Камедыя Б. Шоў паўстала ў новай іпастасі дзякуючы ініцыятыве кампазітара, які звярнуўся да неапрабаванага ў сваёй творчасці жанру. Дэбют? У нейкім сэнсе. Хоць, можна сказаць, з'яўленне "Мільянеркі" было падрыхтавана вакальна-сімфанічнай творчасцю Я. Глебава, яго супрацоўніцтвам з драмтэатрам і, нарэшце, пачуццём гумару, якое заўсёды знаходзіць эквівалент у музыцы гэтага кампазітара.

Індывідуальныя музычныя характарыстыкі персанажаў, сістэма лейтматываў, стылізацыя атмасферы дзелавога бурлівага часу, насычэнне вакальных нумароў і аркестравых эпізодаў разнастайнымі рытмамі (вальс, марш, факстрот, галоп, танга, рэгтайм, чачотка, румба), інтанацыйная выразнасць, упэўненасць і дакладнасць аркестравага пісьма, пазнавальнасць аўтарскага почырку... Многа можна гаварыць пра новую работу Я. Глебава. Арганічнасць меладычнай лініі дазваляе адчуць, як Эпіфанія атакуе, скандаліць, блазнуе ("Якія ўсе падобныя мужчыны"), спавядаецца ("Свет кожнай жанчыны"), спадзяецца на цуд ("Змые слёзы дождж), сярдуе і адчайваецца ("Аўтамабіль і тэлефон – якое пакаранне!"), журыцца ("Мой мілы..."). I – кахае: вельмі тонка і дакладна выпісаны дуэт гераіні і Урача "Ты прыйшла, як сон", у ім – быццам "дождж змывае дзень учарашні" – мінор высвечваецца мажорнай інтанацыяй і спакваля змяняецца светлым ладам гучання. А які разнастайны музычны свет вакол Эпіфаніі!..

Тэатры, у якіх ідзе гэты твор, атрымалі багаты і непаўторны матэрыял. Матэрыял, не апрабаваны музычнай сцэнай, нязвыклы для пастаноўшчыкаў, для выканаўцаў. Акцёры аперэтачных амплуа набылі драматургічна цікавыя ролі, але ролі гэтыя – навырост, яны вымагаюць пастаяннай працы над вобразам, чулага партнёрства, лёгкай і тонкай ігры. Ад творчай, удумлівай работы Н. Гайды і Н. Белавусавай (Эпіфанія), П. Рыдзігера і Р. Харыка (Урач), В. Пятліцкай (Патрыцыя), А. Кузьміна (Эдрыен), А. Цівунова (Элестэр), А. Кузьмянкова (Упраўляючы, ён жа Гарсон-чачотачнік) залежаў цёплы глядацкі прыём самых першых спектакляў на мінскай сцэне. Адзін з галоўных выканаўцаў "Мільянеркі" – аркестр (музычны кіраўнік і дырыжор А. Сасноўскі). Партытура Я. Глебава вымагае, як заўсёды, шырокага сімфанічнага дыхання. Ды, на жаль, пры сённяшнім складзе аркестра Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР гэта немагчыма. Кампазітар вымушаны быў нават "адапціраваць" партытуру на няпоўны склад музыкантаў (!). З дапамогай уласнай фантазіі можна ўявіць, якою густой і пругкай мае быць аркестравая фактура "Мільянеркі", якімі яскравымі і зіхатлівымі – дасціпна скарыстаныя інструментальныя фарбы. Нават пры бездакорнасці інтанацыі, пры выразнай дынаміцы аркестр ва "ўрэзаным" складзе не будзе гучаць паўнацэнна, але гэта ўжо не загана нашага тэатра, а бяда яго.

Пакуль гэтыя радкі выпраўляюцца да чытача, "Мільянерка", свежае слова ў жанры музычнай камедыі, робіцца паўнапраўнай удзельніцай творчага жыцця двух тэатральных калектываў.

Святлана БЕРАСЦЕНЬ.
Мастацтва Беларусі. – 1987. – № 7. – С. 36–39.

* Драматургам быў зроблены арыгінальны варыянт фіналу для пастановак п'есы ў Савецкай Расіі. Менавіта ён быў выкарыстаны ў лібрэта мінскага спектакля: неўтаймоўная Эпіфанія гатова ехаць у Маскву, каб разгарнуць там дзейнаець на самым высокім узроўні. На сцэне Маскоўскага тэатра аперэты спектакль заканчваецца інакш, стоп-кадрам ідылічнага хэпі-энда.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: