Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Узвышанае і зямное, або Малітоўныя спевы ў абрамленні року (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 06.05.2021)

Узвышанае і зямное, або Малітоўныя спевы ў абрамленні року (Зоя Матусевіч, "Літаратура і мастацтва", 06.05.2021)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Узвышанае і зямное, або Малітоўныя спевы ў абрамленні року

23 красавіка ў Беларускім акадэмічным музычным тэатры адбылася прэм’ера легендарнай рок-оперы "Юнона і Авось" у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Міхаіла Кавальчыка. Нагадаем, што гэта другі зварот нашага Музычнага тэатра да знакамітага твора. Першы раз ён быў пастаўлены на гэтай сцэне ў 2002 годзе пры дапамозе расійскіх тэатральных дзеячаў.

cw2a0662

Перш чым разважаць аб уласнай версіі гэтага спектакля, варта нагадаць гісторыю стварэння самога твора "Юнона і Авось" і яго першае ўвасабленне на сцэне маскоўскага тэатра "Ленком" у 1981 годзе. Гэты сцэнічны твор у прамым сэнсе слова ствараўся тады ў названым тэатры, калі знакаміты рэжысёр Марк Захараў звёў для творчага супрацоўніцтва не менш знакамітых аўтараў — паэта Андрэя Вазнясенскага і кампазітара Аляксея Рыбнікава.

Літаратурнай асновай будучай рок-оперы, якая стала класікай жанру, паслужыла паэма Вазнясенскага "Авось", паводле якой паэт сам напісаў лібрэта. А інакш і быць не магло, бо ніякі лібрэтыст з гэтай задачай не справіўся б. Справа ў тым, што паэма Вазнясенскага вельмі своеасаблівая па форме і кампазіцыйнай пабудове, і выкрышталізаваць з яе стройную сюжэтную лінію мог толькі сам аўтар. У выніку тэкст лібрэта атрымаўся больш даступным для успрымання і значна большым, чым тэкст паэмы. І што яшчэ важна адзначыць: у афішы спектакля расійскага тэатра з самага пачатку і да сённяшняга дня на першым месцы стаіць імя паэта, а не кампазітара. Відаць, гэта тлумачыцца тым, што "Ленком" — тэатр драматычны, і хоць ён узяўся за пастаноўку музычнага спектакля, галоўным для яго застаецца літаратурная аснова (лібрэта ў аўтарстве Вазнясенскага выглядае як паўнавартасная п’еса). Зразумела, што і акцёры ў гэтым спектаклі перш за ўсё карыстаюцца выразнымі сродкамі драматычнага тэатра, спалучаючы пры гэтым даступныя ім музычныя сродкі. Але ў цэлым музычны бок пастаноўкі падтрымліваўся прафесійнымі музыкантамі і вакалістамі: разам з акцёрамі у спектаклі былі заняты рок-група "Аракс", запрошаны хор і кардэбалет.

"Юнона і Авось" да сённяшняга дня з’яўляецца візітоўкай "Ленкома". У той жа час гэты спектакль уваходзіць ў рэпертуар многіх музычных тэатраў Расіі і былога Саюза. На рубяжы вякоў і тысячагоддзяў Андрэю Вазнясенскаму нават давялося памяняць першыя радкі фінальнай песні "Жители двадцатого столетья! // Ваш к концу идет двадцатый век" на новыя: "Дети двадцать первого столетья! // Начался ваш новый век".

Пасля "Ленкома" адным з першых у сярэдзіне 1980-х гэтую рок-оперу паставіў Растоўскі тэатр музычнай камедыі. І менавіта з Растова праз некаторы час працягнуліся нітачкі творчых стасункаў у Мінск. На пачатку 1990-х гадоў у трупе Беларускага тэатра музычнай камедыі з’явіўся новы саліст — Аляксей Ісаеў, які раней быў салістам Растоўскага тэатра. Больш таго: у спектаклі "Юнона і Авось" ён выконваў галоўную ролю — графа Разанава. Праз дзесяць гадоў пасля прыезду ў Мінск Аляксей Ісаеў быў ужо не толькі вядучым салістам, але і дырэктарам нашага тэатра, які на той час змяніў свой статус і назву.

І ўжо будучы дырэктарам, Ісаеў змог ажыццявіць сваю даўнюю задумку — паставіць на нашай сцэне "Юнону і Авось", для чаго запрасіў з Растоўскага тэатра рэжысёра Яўгена Хандака і музычнага кіраўніка Міхаіла Радзінскага. Іншыя члены пастановачнай групы былі з нашага тэатра: дырыжор і кіраўнік рок-групы Леў Карпенка, хормайстар Святлана Пятрова, балетмайстар Наталля Фурман. А Аляксей Ісаеў стаў мастацкім кіраўніком пастаноўкі і адзіным выканаўцам ролі Разанава.

Азнаёміцца з мінскай пастаноўкай тады прыязджаў сам Аляксей Рыбнікаў, які адзначыў, што яе можна лічыць другім нараджэннем рок-оперы, бо яна гучала менавіта так, як была напісана, і пастаўлена ў адпаведнасці з законамі музычнага тэатра. Вельмі высока кампазітар ацаніў, у прыватнасці, работу хора, на які ўскладвалася каласальная нагрузка — у партытуры шмат харавых партый, прытым большасць з іх заснаваны на кананічных малітоўных спевах. І асабліва яго ўразіла выкананне партыі, якая пазначана як Голас Божай Маці, якую вельмі дастойна ўвасобіла Леся Лют. Асабліва кампазітар адзначыў, што ў мінскай пастаноўцы гэтая надзвычай складаная партыя гучыць ужывую, у той час як у "Ленкоме" — заўсёды ў запісе.

Варта нагадаць яшчэ адзін тонкі нюанс той пастаноўкі. З улікам таго, што ў спектаклі гучаць кананічныя малітоўныя спевы і шмат царкоўнай сімволікі, у пастаноўшчыкаў і артыстаў узнікла патрэба разумення і засваення дэталей праваслаўнай этыкі. Па благаславенню мітрапаліта Філарэта трупу тэатра кансультаваў дыякан Свята-Петра-Паўлаўскага сабора Максім Логвінаў.

Гэты спектакль пратрымаўся ў рэпертуары 15 гадоў. Пасля таго, як у пачатку 2010 года тэатр пакінуў Аляксей Ісаеў, спектакль яшчэ 7 гадоў існаваў без яго. Новыя выканаўцы ўводзіліся і на ролю Разанава, і на іншыя ролі. Але ж бясконцыя ўводы не ідуць на карысць любому спектаклю. Таму па розных аб’ектыўных і суб’ектыўных прычынах у 2017 годзе спектакль быў зняты з пракату. Але, улічваючы вялікую папулярность гэтага твора, у тэатры ў хуткім часе пачалі думаць аб яго новай пастаноўцы.

На гэты раз ўся пастановачная група новага спектакля на чале з галоўным рэжысёрам тэатра была беларускай. Дырыжорам-пастаноўшчыкам стала Марына Траццякова, якая вяла папярэдні спектакль пасля Льва Карпенкі. Дырыжор расказала, што тэатрам закуплены новыя электронныя музычныя інструменты, у прыватнасці, клавішныя сучаснай мадыфікацыі. А гэта — новыя тэмбры, новыя фарбы гукавой палітры. Вакальны кіраўнік пастаноўкі Святлана Пятрова была хормайстрам-пастаноўшчыкам папярэдняга спектакля. Тады склад хору адпавядаў сваёй назве і налічваў каля сарака чалавек. Але ўжо даўно ў выніку так званай аптымізацыі хор ператварыўся ў вакальны ансамбль, у складзе якога няма нават і дваццаці чалавек. (І гэта — у акадэмічным музычным тэатры, дзе ёсць дзве балетныя трупы.) Таму прафесіяналізм Святланы Пятровай і кіраўніка вакальнага ансамбля Ігара Баканава заслугоўвае асаблівай пахвалы, улічваючы колькасць і складанасць харавых партый і іх выдатнае ўвасабленне ў адпаведнасці з партытурай невялікім складам харыстаў. Балетмайстраў-пастаноўшчыкаў у новым спектаклі двое — Юлія і Мікалай Міхайлавы, якія працуюць у напрамку сучаснай харэаграфіі, што кардынальна адрознівае іх харэаграфічна-пластычнае вырашэнне спектакля ад папярэдняга. І гэта не толькі сучасная пастаноўка танцавальных нумароў, але і арыгінальныя пластычныя кампазіцыі, якія падтрымліваюць сцэнічнае дзеянне і прыўносяць ў яго дадатковыя сэнсы, што асабліва выразна праяўляецца ў музычных маналогах Разанава.

Мастаком-пастаноўшчыкам з’яўляецца Андрэй Меранкоў, які ствараў эскізы мастацкага афармлення да першага спектакля. Але адразу трэба адзначыць, што менавіта сваім сцэнаграфічным вырашэннем другая пастаноўка кардынальна адрозніваецца ад першай. Галоўнае адрозненне заключаецца ў тым, што ў папярэднім спектаклі сцэнаграфія была жывапіснай і статычнай, а ў новым — прадметная і дынамічная. Калі раней крытычна настроеныя гледачы казалі, што пустата сцэны запаўнялася клубамі дыму, то цяпер для спасціжэння мастацкай думкі сцэнографа ім давядзецца задзейнічаць свае інтэлектуальныя і пазнавальныя здольнасці. Складаныя па сваёй пабудове элементы дэкарацый рухомыя і шматфункцыянальныя — перад гледачом паўстае то інтэр’ер царквы з унушальным іканастасам, то борт шхуны, то каталіцкі касцёл... Усе гэтыя трансфармацыі суправаджаюцца вельмі прадуманай пастаноўкай святла, калі патрэбныя дэталі высвечваюцца, а непатрэбныя прыцямняюцца ці наогул знікаюць з поля зроку.

Як адзначае Міхаіл Кавальчык, у новай пастаноўцы і музычны матэрыял, і лібрэта засталіся ў тым жа выглядзе, без нейкіх карэкціровак. Іншай была пастановачная канцэпцыя. А таксама трактоўка вобраза галоўнага героя — не кардынальна новая, але з іншай расстаноўкай акцэнтаў у яго характарных рысах.

У аснове сюжэту "Юноны і Авось" ляжаць сапраўдныя гістарычныя падзеі і сапраўдныя гістарычныя асобы. Галоўны герой твора — граф Мікалай Пятровіч Разанаў, вядомы дзяржаўны дзеяч і дыпламат, адзін з заснавальнікаў Расійска-Амерыканскай кампаніі. Усе свае намаганні ён скіраваў на арганізацыю гругасветнага плавання да берагоў Каліфорніі, якое ажыццявіў у 1806 годзе. Андрэй Вазнясенскі дае вось такі ўступ да сваёй паэмы: "Описание в сентиментальных документах, стихах и молитвах славных злоключений Действительного Камер-Герра Николая Резанова, доблестных офицеров флота Хвастова и Довыдова, их быстрых парусников „Юнона“ и „Авось“, сан-францисского коменданта Дон Хосе Дарио Аргуэльо, любезной дочери его Кончи с приложением карты странствий необычайных"

Але па сваёй структуры лібрэта менш за ўсё нагадвае дакументальную хроніку, няма ў ім і лінейнага развіцця сюжэту. Аўтар проста выпукла прадстаўляе чараду карцін, у якіх адлюстроўваюцца найбольш яркія і значныя падзеі з жыцця героя. Твор складаецца з трох частак: Расія, Амерыка, Вяртанне. Першая з іх падаецца найбольш насычанай, але не ў сэнсе дэманстрацыі фабулы, а паказу ўнутранага канфлікту героя.

У пачатку спектакля паралельна адбываюцца два дзеянні: адпяванне ў царкве пакойнай жонкі Разанава і дыялог Разанава з міністрам камерцыі графам Румянцавым. Але пры гэтым упор робіцца на разгорнутыя маналогі Разанава, праз якія і раскрываецца уся яго чалавечая сутнасць: "Милостливый государь!.. Необходимо вдохнуть жизнь в дела нашей Русско-Американской компании. Западный берег Америки — богатейшая житница, земной рай гешпанской Калифорнии — вот наш первый компаньон... Здесь найдём мы сбыт сибирских пушных богатств, отсюда потянутся дороги морские в Нагасаки и Кантон, через Южную Америку, Атлантический океан и Лондон".

Пасля смерці жонкі Разанаў быў проста апантаны ідэяй гругасветнага плавання, у якім бачыў сваю місію служэння Айчыне. Атрымліваючы адмову за адмовай, ён у адчаі моліцца перад іконай Казанскай Божай Маці і ў малітоўным экстазе нават чуе Яе Голас... Яго адчайны маналог пранікнуты шчырай спавядальнасцю:

Я путь ищу как воин и мужчина,

Но буду честен, есть еще причина...

Меня по свету гонит страшный бред,

Душой я болен с отроческих лет,

Когда на мне остановился взгляд

Казанской Божьей Матери!

Увидел в Ней не Вседержительницу Деву,

А женщину с вишневыми глазами.

Хотелось защитить ее, спасти.

Мне не помог ни врач, ни богослов,

Я посягнул на Божию любовь!..

Праз маналогі Разанава Вазнясенскі сумеў нават правесці паралелі паміж пакаленнем патрыётаў Расіі пачатку XIX стагоддзя і пакаленнем паэтаў-шасцідзесятнікаў, да якога сам належаў: "Расформированное поколение, // Мы в одиночку к истине бредем".

У першай пастаноўцы вобраз Разанава ў выкананні Ісаева вызначаўся пафасным, драматычна-трагедыйным тонам. Такую ж манеру пазней перанялі і наступныя выканаўцы гэтай ролі: Антон Заянчкоўскі, Віктар Цыркуновіч і Сяргей Суцько. У новым спектаклі ўсе яны зноў з’явіліся ў вобразе Разанава, але выканальніцкая манера ўжо змянілася. У Міхаіла Кавальчыка сваё рэжысёрскае бачанне гэтага вобраза: ён лічыць, што падкрэсленая пафаснасць і экспрэсіўны драматызм больш уласцівы драматычным акцёрам, а артысты музычнага тэатра павінны ствараць вобраз героя перш за ўсё сродкамі музычнай драматургіі. І сапраўды, партыя Разанава складаная і інтанацыйна багатая, у ёй ёсць і рэчытатыў, і меладэкламацыя, і арыёза, якія пераходзяць у арыю. Пры гэтым саліста падтрымліваюць і іншыя выразныя сродкі музычнага тэатра, напрыклад, балетныя кампазіцыі, якія "ілюструюць" унутраны стан героя. Такім чынам, ў размоўных дыялогах Разанава цяпер больш натуральных жыццёвых інтанацый, што асабліва праяўляецца ў прашэннях падтрымаць яго "дерзновенный прожект".

У першай частцы перад гледачом паўстае і чацвёрка марскіх афіцэраў, з якімі Разанаў пазней адправіцца ў кругасветнае плаванне. Менавіта ў іх ансамблевым выкананні упершыню гучыць са сцэны знакаміты раманс "Я тебя никогда не забуду, // Я тебя никогда не увижу", які лейтматывам праходзіць праз увесь спектакль. Гэтая чацвёрка ў пэўным сэнсе дапамагае руху сцэнічнага дзеяння, выступаючы то персанажамі, то каментатарамі падзей. Цікава, што і ў архіўных матэрыялах, і ў дарожных нататках Разанава, якія вывучаў Вазнясенскі, упамінаюцца прозвішчы толькі двух афіцэраў — капітанаў шхун "Юнона" і "Авось". Паэт пісаў: "В поэму забрели два флотских офицера. Имена их слегка измененные. Автор не столь снедаем самомнением и легкомыслием, чтобы изображать лиц реальных по скудным сведениям о них и оскорблять их приблизительностью". Такім чынам у лібрэта з’явіліся афіцэры Хвостов і Давыдов, чые прозвішчы трохі адрозніваюцца ад рэальных. А паколькі ў спектаклі побач з імі дзейнічаюць яшчэ два афіцэры, то пастаноўшчыкі вырашылі, што яны не могуць быць безымяннымі — так з’явіліся Белоусов і Макаров, хоць ні ў адной з рэплік яны не ўпамінаюцца.

Нарэшце Разанаў атрымлівае дазвол імператара на ажыццяўленне экспедыцыі. Перад гледачом разгортваецца дынамічная карціна "Плаванне" з удзелам афіцэраў і матросаў (артыстаў хору і балета), пранікнутая рызыкоўна-рамантычнай экспрэсіяй: "Наша вера вернее расчета, // Нас вывозит Авось!" Уражвае сцэнаграфічнае вырашэнне гэтай карціны: нібыта з марскіх пучын выплываюць абрысы корпуса карабля і разгортваюцца элементы яго паруснай аснасткі. Асабліва ўражвае насавая фігура — залацістая скульптура Юноны.

cw2a1092

І вось — доўгачаканыя берагі Каліфорніі. Другая частка твора пачынаецца з узнёсла-рамантычнай карціны: дачка каменданта Сан-Францыска Канчыта ў акружэнні сябровак (усе як на падбор — Кармэн) спрабуе разгадаць свой сон: "Мне привиделся флотоводец, // На мундире заморский крест". Потым з’яўляецца яе жаніх Федэрыка — абое шчаслівыя, яны жывуць у чаканні хуткіх заручын. Уся сцэна пранізана іспанскай музыкай, іспанскімі танцамі і іспанскай палкасцю. У хуткім тэмпарытме карціна змяняецца на афіцыйны прыём рускіх пасланцаў, пасля чаго камендант Сан-Францыска запрашае іх на баль у гонар 16-годдзя сваёй дачкі. Адзін толькі погляд, і 42-гадовы Разанаў бачыць у вачах сан-францыскага анёла "Все тот же взгляд лиловый неземной". Нібыта скрозь сон да Канчыты даносяцца словы: "Иностранец Вас ангажирует на танец..." У прадчуванні чагосьці страшнага і незваротнага Федэрыка спявае самотную баладу "Белый шиповник" пра трагічны лёс закаханых — яшчэ адзін хіт рок-оперы.

Падзеі развіваюцца імкліва: вось ужо Разанаў у пакоях Канчыты, гучыць яго арыя "Ангел, стань человеком!" Пастар парушае тайну споведзі, на якой Канчыта ва ўсім прызнаецца. Разгараецца скандал. Даведзены да адчаю Федэрыка прагне помсты і выклікае Разанава на дуэль, а потым просіць яго злучыцца з Канчытай законным шлюбам, інакш яна загіне...

У новай пастаноўцы, як і ў папярэдняй, ролі Канчыты і Федэрыка выконваюць Вольга Жалезкая і Дзяніс Нямцоў. Ніякіх кардынальных змяненняў у трактоўцы гэтых вобразаў няма, але ёсць адчуванне пастановачнай навізны і стылю. Нельга не адзначыць драматычную насычанасць і выразнасць вобраза Федэрыка і шматграннасць яго музычнага ўвасаблення акцёрам. Цікава, што ў паэме Вазнясенскага такога персанажа наогул не было, бо на самай справе ніхто паміж Разанавым і Канчытай не стаяў. Але ж вядома, наколькі рэжысёры любяць любоўныя трохкутнікі, з дапамогай якіх ствараецца вастрыня інтрыгі. Вось пры падрыхтоўцы пастаноўкі ў "Ленкоме" і быў прыдуманы гэты персанаж. І калі ўявіць, што раптам са спектакля ён знікне, то наколькі збяднее ўся гэтая гісторыя і колькі яркіх уражанняў страцяць гледачы.

Трэцяя частка (Вяртанне) у многім пераклікаецца з першай — у ёй працягваецца раскрыццё унутранага свету героя. Патаемна заручыўшыся з Канчытай, Разанаў адпраўляецца у зваротнае плаванне, каб прасіць хадайніцтва імператара перад папам Рымскім на шлюб з каталічкай. Дабраўшыся морам да Ахоцка, яму трэба было праз усю Сібір дабірацца да еўрапейскай часткі Расіі. Восеньскую бездараж Разанаў спрабаваў пераадолець верхавой яздою, але па дарозе моцна прастыў. У гарачцы і бяспамяцтве яго давезлі да Краснаярска, дзе ён і памёр.

Гледачу не расказваецца са сцэны пра ўсе гэтыя перыпетыі, а толькі паказваецца унутраны стан героя перад смерцю. "Мы — дети полдорог, нам имя — полдорожье, — гучыць у перадсмяротнай арыі Разанава. — Прости меня, свобода и Россия, не одолел я целого пути!.." Праз гэты спавядальны маналог выяўляецца жыццёвая трагедыя чалавека, які ні ў чым не паспеў знайсці заспакаення — ні ў служэнні Айчыне, ні ў веры, ні ў каханні: "С престолами шутил, а умер от простуды". І нібыта аказаўшыся ўжо ў іншым вымярэнні, ён не толькі чуе Голас Божай Маці, але і бачыць Яе ўжо іншым, не зямным зрокам: "Я — Твой погибший замысел, прости..."

Такога персанажа, як Божая Маці, у спектаклі няма. Ёсць толькі Яе Голас, які ў моманты малітоўнага экстазу чуе Разанаў. Ёсць ікона Казанскай Божай Маці, а Яе постаць з’яўляецца толькі падчас перадсмяротнай арыі героя. Голас Божай Маці — надзвычай складаная партыя, яе дыяпазон — тры актавы, у той час як дыяпазон прафесійнага вакаліста звычайна складае дзве. Гэтая партыя вызначаецца яшчэ і вельмі складанай меладычнай лініяй. Нездарма ж Аляксей Рыбнікаў так хваліў Лесю Лют за яе бездакорнае выкананне, якое можна назваць творчым подзвігам, бо далёка не кожная салістка на гэта здольная. У новай пастаноўцы Леся Лют застаецца ў той жа іпастасі. Але з’явілася яшчэ адна выканаўца гэтай партыі — Наталля Дзяменцьева. Яна прыйшла ў тэатр у 2002 годзе і якраз трапіла на пастаноўку "Юноны і Авось".

Зоя МАТУСЕВІЧ
Літаратура і мастацтва. - 2021. - 6 мая
Фота Аляксея МОЛЧАНА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: