« Назад
ПА СТРОГІХ МЕРКАХ ... КАМЕДЫЙНАСЦІ
Развагі пра складанасць праблем "лёгкіх" жанраў успрымаюцца сёння як штосьці само сабой зразумелае. Лёгка ўспрымаецца тое, што ствараецца з цяжкасцю – вядомы афарызм А. Пушкіна не старэе. Але чытачы, гледачы, слухачы па-ранейшаму хочуць бачыць у кожным творы мастацтва толькі канчатковы вынік, а не папярэднія, цяжкія і складаныя, пошукі і намаганні творцы. Яно і зразумела. Асабліва, калі гэта датычыць, скажам, жанраў аперэты ці мюзікла.
Якім павінен быць сучасны акцёр тэатра музычнай камедыі? Пытанне гэтае, як і пытанні фарміравання спевака-акцёра на опернай сцэне, усё часцей і часцей узнікае ў дыскусіях, гаворках пра музычны тэатр.
Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР параўнаўча малады. I, здаецца, не так даўно пачынала працаваць тут Наталля Гайда, цяпер народная артыстка рэспублікі, са сціплай роляй Маладога правадыра ў музычнай казцы пра Беласнежку прыйшоў у тэатр адзін з вядучых сёння акцёраў Рыгор Харык. Мяняюцца назвы прэм'ер на афішах, з'яўляюцца новыя імёны выканаўцаў...
Некалькі гадоў назад дэбютавалі на гэтай сцэне Святлана Якавец (Раманоўская) і Аляксандр Кузьмянкоў. У аперэце "Фраскіта" Ф. Легара, напрыклад, яны ўвасобілі вобразы пекнай прадпрымальнай Долі і недарэкі-вынаходніка Іпаліта. Ансамбль маладых выканаўцаў прываблівае сваёй жывасцю і непасрэднасцю, падкрэсленасцю вострахарактарных дэталей акцёрскай ігры. Не столькі вакальная, колькі чыста ігравая нагрузка, якая выпадае выканаўцам партыі Долі і Іпаліта, дазволіла С. Якавец і А. Кузьмянкову найбольш поўна і ярка раскрыць свае акцёрскія магчымасці.
Менавіта вострахарактарныя ролі сталі асноўнымі для А. Кузьмянкова. Вось "трыадзіны" персанаж: Рыжы Бадзяга – ахоўнік – прыдворны са спектакля "Гуляем у прынца і жабрака" (музыка А. Журбіна). У складанай стылістыцы гэтага відовішча, якое аб'ядноўвае традыцыі старадаўніх англійскіх пастановак, гратэскна-алегарычнага тэатра сучаснасці і канцэртна-буфоннага эстраднага рэвю, герой А. Кузьмянкова разам са сваім таксама "трыадзіным" партнёрам Махляром Гуго – ахоўнікам – прыдворным наладжвае сувязь не толькі паміж сцэнічным светам багатых палацаў і цёмных завулкаў, але і паміж умоўным светам саміх акцёраў-камедыянтаў і гледачом у зале. Імправізацыйнасць, раскаванасць і арганічнасць, эфектнасць і кідкасць у падачы матэрыялу робяць Рыжага Бадзягу адным з любімцаў публікі. Нязменныя глядацкія сімпатыі выклікае і камічны герцаг Урбіна, які штораз трапляе ў недарэчнае становішча ("Ноч у Венецыі" I. Штрауса), і абаяльны Бекетаў – паплечнік легендарнага Дзяніса Давыдава ("Дзяніс Давыдаў" А. Мдзівані).
Дарэчы, у "Дзянісе Давыдаве" іграе і С. Якавец. У яе невялікая, але выразная, "не па-аперэтачнаму" шматгранная ў псіхалагічных адносінах роля Насці. Простая сялянская дзяўчына, яна ўмее па-сапраўднаму любіць і спачуваць, здатная па-сапраўднаму ненавідзець ворага. Калі ў выкананні З. Вяржбіцкай Насця падаецца больш актыўнай, эмацыянальна адкрытай, то гераіня С. Якавец выглядае больш сціпла, аднак вельмі непасрэдна, з нейкай "гарэзлівай хітрынкай" – у своеасаблівым перапляценні прастаты і дасціпнасці. Прыгадваецца спектакль "Гуляем у прынца і жабрака": С. Якавец – адна з выканальніц цэнтральнай ролі прынца Эдуарда і яго двайніка Тома Кенці. Складаныя задачы, якія ставіць тут перад актрысай гранічная ўмоўнасць рэжысуры, вырашаюцца паспяхова.
I зусім іншыя якасці – лірызм, мяккасць, адухоўленасць – раскрывае маладая артыстка ў музычнай камедыі "Старыя дамы" А. Фельцмана. Студэнтка Галя, якая прыехала з Масквы ў невялікі гарадок на практыку, – самая юная гераіня гэтай крышачку старамоднай, але разам з тым жыццёвай гісторыі пра новабудоўлі і старыя дамы, якія знікаюць, пра сапраўднасць пачуццяў і сувязь пакаленняў. Менавіта Галя – С. Якавец прыўносіць у спектакль той вецер юнацтва, з яго максімалізмам і бескампраміснасцю, што ажыўляе дзеянне.
Для акцёраў аперэты, якія ўмеюць захапіць, прывабіць гледача, слухача, павесці за сабой, вельмі важна не забывацца, што камедыйнасць мае досыць строгія меркі. Важна не пераступіць тую рысу, за якой дэмакратычнасць сцэнічных кантактаў пераходзіць у спрошчанасць і збядненне, сувязь з гледачом – у "какетнічанне" з ім, а сапраўдная заразлівая весялосць – у пустую пацяшальнасць. Разам з тым, адзначаючы яркасць і непасрэднасць сцэнічных паводзін С. Якавец і А. Кузьмянкова, нельга не сказаць пра тое, што акцёрская ініцыятыва ў пэўных выпадках скоўваецца некаторымі недахопамі вакалізацыі; часам залішне фарсіруецца гук, нівеліруецца нюансіроўка. А ў мастацтве ж музычнай камедыі – ці то сучасны мюзікл, ці то старадаўні вадэвіль – глядач чакае ад выканаўцы універсальнасці. Універсальнасці ва ўсім – у тэхніцы моўнага і вакальнага інтаніравання, у танцы, у пластыцы, у эмацыянальнай перакананасці ажыццяўлення комплекса музычна-акцёрскіх задач!
Тэатр сам выхоўвае маладых артыстаў: і рэпертуарам, і творчай атмасферай, і мерай даверу, – гэта зразумела. Перспектыўных выхаванцаў тэатра музычнай камедыі чакае многа новых і, пэўна, вельмі рознахарактарных роляў, бо надзвычай шматлікія разнавіднасці самога жанру. Але, магчыма, самае галоўнае для артыста – на ўсё жыццё захаваць юнацкую закаханасць і аптымістычны погляд на свет, уменне надзяліць сваёй весялосцю і радасцю тых, хто ў зале. Гэтыя якасці сённяшніх маладых акцёраў, памножаныя з часам на іх вопыт, штодзённае імкненне да самаўдасканалення, настойлівасць у пошуку і ёсць тая глеба, на якой узыходзіць заўтрашні дзень тэатральнага калектыву.
В. ГАРТ. Літаратура і мастацтва. – 1987. – 16 студз. – С. 12.
|