Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Клоп". Хто ён? (1988 г., Звязда)

"Клоп". Хто ён? (1988 г., Звязда)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"КЛОП". ХТО ЁН?

Нарэшце на сцэну Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР "выпаўз" "Клоп". Гавару нарэшце, бо пастаноўка фольк-оперы У. Дашкевіча "Клоп" па аднайменнай п'есе У. Маякоўскага сапраўды вельмі доўга адкладвалася, адцягвалася па розных прычынах. Але прэм’ера ўсё ж адбылася і, несумненна, стала падзеяй тэатральнага жыцця Мінска.

Не сакрэт, што мастацкі аўтарытэт тэатра за апошні час рэзка знізіўся, а ўнутрытэатральны канфлікт давёў сітуацыю да крытычнай кропкі. Аб усім гэтым з трывогай пісала газета "Советская культура" (9 ліпеня 1987 г.). Прайшло няшмат часу, і вось з'явіўся "Клоп". Яго пастаноўка паказвае, што выйсце з тупіковай сітуацыі намецілася.

Рэжысёр В. Цюпа здолеў стварыць яркі, відовішчны і ў той жа час вострапраблемны спектакль, які закранае злабадзённыя пытанні сучаснасці. В. Цюпа згуртаваў труппу, прымусіў паверыць ва ўласныя сілы.

Асновай спектакля стала фольк-опера кампазітара У. Дашкевіча – цікавае, хоць і не бясспрэчнае сачыненне, якое вызначаюць дабротныя лібрэта (аўтары – Ю. Кім, У. Дашкевіч) і музыка. Кампазітар пікантна стылізуе і савецкую масавую песню, і танцавальныя жанры 20-х гадоў, і цыганскі фальклор, і нават рок-н-рол, робіць гэта з гумарам і дасягае скразнога развіцця музычнага матэрыялу.

Нельга не заўважыць, што ў музычным варыянце п'есы У. Дашкевіч і Ю. Кім адышлі ад першакрыніцы, істотна змяніўшы задуму У. Маякоўскага і наблізіўшы яе да дня сённяшняга. З гэтым, вядома, можна не пагадзіцца, і размова на гэту тэму магла б быць больш грунтоўнай. Аднак успомнім словы У. Маякоўскага: "П'есы – не мастацкія шэдэўры. П'еса – гэта зброя нашай барацьбы. Яе трэба часта вастрыць і прачышчаць вялікімі калектывамі. У. Дашкевіч, Ю. Кім, а таксама трупа нашага тэатра музычнай камедыі "прачышчаюць зброю" па-свойму, але робяць гэта досыць пераканаўча.

У музычна-пастановачнай версіі вядучай становіцца тэма не столькі мяшчанства (як у Маякоўскага), колькі бюракратыі, і таму ў ролі галоўнага героя выступае не Прысыпкін, а Сакратар "паважанага таварыша Ласальчанкі", – усюдыісны чыноўнік са світай падпарадкаваных яму чынуш. Без цяжкасці пазнаюцца ў ім тыя нашы сучаснікі, якія "не сеют, не пашут, не строят", але затое "гордятся общественным строем", як спяваецца ў вядомай песеньцы. Вобраз Сакратара, які толькі пазначаны Маякоўскім у невялікім эпізодзе, разрастаецца ў фольк-оперы да ўнушальных маштабаў. Сакратар – сімвал ваяўнічай бюракратыі. Менавіта ён з'яўляецца тымсамым "клапом", які можа, стоячы перад велізарным партрэтам Маякоўскага, крычаць на яго знізу: "Хто ты такі?" Удумаемся, якая метафара! Маленькі, ледзь прыметны бюракрат-шкоднік – "клоп" – і велізарная пасмяротная маска паэта – сімвал Мастацтва, непадуладнага часу. Але, на жаль, незнішчальны і "клоп". Ён па-ранейшаму жывы, шкодзіць і па-ранейшаму працягвае рабіць сваю агідную справу...

Пастаноўка "Клапа" – цікавая і непрадказальная мастацкая фантазія рэжысёра. "Функцыяніруе" кожны сантыметр сцэны, выкарыстоўваецца літаральна ўся прастора, і акцёры адчуваюць сябе ў ёй вельмі натуральна. Знітаваныя ў адно харэаграфія, пластыка, вакальныя эпізоды ствараюць дынамічна развіваемае дзеянне. Спектакль "Клоп" з поўным правам можна назваць бенефісным для маладога А. Кузьмянкова, які акрамя нядрэнных вакальных дадзеных валодае яшчэ і добрым талентам акцёра камічнага амллуа. Ён тонка адчувае настрой залы, імправізуе і адразу заваёўвае ўвагу гледачоў. Артыст бліскуча спраўляецца са сваімі ролямі Сакратара і Беспрытульніка. Па-новаму раскрываецца ў ролі Прысыпкіна Р. Харык. Яго герой па волі аўтараў з ваяўнічага мешчаніна ператвараецца ў няшчаснага, адзінокага чалавека. I зноў жа можна спрачацца аб своеасаблівай трактоўцы вобразу Прысыпкіна У. Дашкевічам і Ю. Кімам. Але спрачацца няма аб чым, калі гаворка заходзіць аб натхнёнай ігры Р. Харыка. Роля Прысыпкіна дазваляе паглыбіць уяўленне аб ім як аб драматычным акцёры і пераконвае, што яму цесныя рамкі традыцыйнага аперэтачнага рэпертуару, якія часта пакідаюць нерэалізаваным яго творчы патэнцыял.

Пастаноўка "Клапа" – плён працы большай часткі трупы. Тым больш значны поспех, які выпаў на яе долю. Пахвалы заслугоўваюць харэограф В. Бутрымовіч, сцэнограф У. Жданаў, хормайстар Н. Андросава, мастак па касцюмах В. Жалонкіна. Трэба адзначыць работу дырыжора А. Сасноўскага і кіруемага ім аркестра.

Ацэньваючы спектакль у цэлым, павінна сказаць, што атрымалася не ўсё. Напрыклад, сцэна на рынку. Яна статычная, некалькі манатонная. Хутчэй за ўсё тут "вінаваты" аўтары фольк-оперы, таму што музыка гэтай сцэны найменш цікавая, няяркая. Наогул, "Клоп" – тая пастаноўка, калі не рэжысура шкодзіць музыцы, а наадварот, недахопы музычнай драматургіі адразу ж адбіваюцца на рэжысёрскім вырашэнні... Ну што, напрыклад, рабіць рэжысёру, калі ў п'есе наогул няма фіналу? Калі ўся другая частка камедыі Маякоўскага – дзе адбываецца ўваскрасенне Прысыпкіна – проста апушчана У. Дашкевічам і Ю. Кімам? Знаходлівы В. Цюпа і тут праяўляе цуды рэжысёрскай фантазіі і звяртаецца за дапамогай да лазернай устаноўкі.

"Клоп", несумненна – адна з лепшых пастановак тэатра, сёння гэта зразумела адназначна. Падобна нават на тое, што адбылася сенсацыя, і пацвярджэнне таму – не проста ветлівыя апладысменты, а бурныя авацыі і крыкі "брава". Я таксама далучаю свой голас да гэтага хору і віншую тэатр з вельмі важнай перамогай. Заканчваю заклікам Уладзіміра Маякоўскага:

Гражданин! 
Спеши 
на демонстрацию "Клопа".

В. КАЦ-БРЫЛОН,
студэнтка Белдзяржкансерваторыі.
Звязда. – 1988. – 9 мая.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: