Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Грамадзянін, спяшайся... (1988 г., Чырвоная змена)

Грамадзянін, спяшайся... (1988 г., Чырвоная змена)

ВСЯ АФИША
Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ГРАМАДЗЯНІН, СПЯШАЙСЯ...

У Дяржаўным тэатры музычнай камедыі БССР ажыццёўлена пастаноўка фольк-оперы "Клоп" на музыку У. Дашкевіча па матывах твораў У. Маякоўскага.

Гэты арыгінальны, па-маякоўску смелы, сугучны нашаму часу спектакль пастаўлен рэжысёрам В. Цюпай. Спектакль незвычайны па свайму жанру, задуме, сцэнічнаму рашэнню. Любрэтыстамі Ю. Кімам і У. Дашкевічам па-мастацку злучаны фрагменты дзвюх п'ес У. Маякоўскага – "Клапа" і "Лазні", прычым кожны з іх быццам развівае і працягвае думку другога. У аснове спектакля тэма духоўнай дэградацыі асобы.

Незвычайны жанр новай работы тэатра – фольк-опера. Тут выразна адчуваецца сінтэз гарадскога раманса і народнай песні, сінтэз вельмі арганічны, таму што ва ўспрыняцці захоплівае яркасць, маляўнічасць, дэмакратычнасць музыкі. Сучаснае гучанне прыўносяць джазавыя мелодыі оперы. Асаблівую цікавасць мае характарыстыка Алега Баяна, якая гучыць у пачатку оперы. Музычны матэрыял яе заснаваны на джазавай лейттэме, якая падвяргаецца ў працэсе развіцця сімфа-джазавым мадыфікацыям. У песні героя раскрываецца яго жыццёвае крэда: "Алег Баян вам усё наладзіць, як у Парыжы". Бравы франт, упэўнены ў сабе, хоча стварыць райскае жыццё ўсяго толькі "за вашу гарэлку і аванс". Што з гэтага атрымліваецца, глядач можа даведацца, толькі пабываўшы на спектаклі. Джаз у оперы ёсць не што іншае, як спроба аднаўлення эпохі з дапамогай стылізацыі музыкі. Вядома, што джаз у Расіі з'явіўся ў пачатку 20-х гадоў ХХ стагоддзя і стаў хутка вельмі папулярны. Менавіта таму джазавая тэма, разам з іншымі, успрымаецца ў спектаклі як адзінае цэлае. Аднак, калі разглядаць п'есы Маякоўскага з філасофскага пункту гледжання, то, на жаль, музыка крыху саступае драматургіі за прычыны сваёй "даступнасці". Важнай і вызначальнай рысай спектакля з'яўляецца эфект. Дзеянне прастаўляе сабой маляўнічае відовішча, якое радуе і вуха, і вока: кідкія касцюмы (франтаватыя дэндзі апрануты па апошняй модзе, бесшабашныя стракатавалосыя панкі ў джынсах і скуры), падобныя твары часам сустракаюцца на вуліцах любога сучаснага горада, буржуазныя дамы, апранутыя ў "пух і пер'е", яркія музычныя нумары, хуткія, з элементамі атлетыкі танцы арганічна ўплятаюцца ў стракатую тканіну оперы. А да ўсяго іншага далучаецца і прасторавае, фантастычнае гучанне сінтэзатара і яркі, што б'е ў вочы, прамы прамень лазара, які быццам зыходзіць з Вечнасці. Абстракцыянізм? Безумоўна. Самому Маякоўскаму ён не чужы. Паэт стварыў такую атмасферу дзеяння, у якой любыя праявы абстракцыянізму (няхай гэта крыж, які рабочы цягне на сабе, і "касмічныя" гукі сінтэзатараў, і фігурацыйны малюнак лазерам на яблыку "разладу", і па-нябожчыцку бледная пасмяротная маска ў эпілогу) успрымаюцца як натуральны вывад з драматургіі ўсяго твора. Маякоўскі з яго дальнабачным поглядам рэальна паказаў лінію праблем 20-х гадоў і лазерным промнем прывёў яе ў сучаснасць.

Зварот тэатра да Маякоўскага, думаецца быў не выпадковым крокам. Для таго, каб паставіць спектакль па матывах яго твораў, трэба валодаць майстэрствам, тонкім густам, пачуццём адчування агульнасці праблем 20-х гадоў і сённяшніх дзён. Ствараць характары Маякоўскага цяжка перш за ўсё таму, што амаль немагчыма знайсці ў яго п'есах звыклага амплуа акцёра. Ці ўдалося калектыву вырашыць гэту няпростую задачу? У большай ступені ўдалося, хаця цэльнасці спектакля перашкаджае некаторая зацягнутасць асобных сцэн. Пры гэтым нельга не адзначыць удалыя акцёрскія работы – Іван Прысыпкін (Г. {Р.} Харык), Зоя Бярозкіна (С. Якавец, З. Вяржбіцкая), мадам Рэнесанс (Н. Гайда), Алег Баян (Г. Казлоў), Беспрытульнік, Сакратар (А. Кузьмянкоў).

Асабліва хацелася б звярнуць увагу на вобраз Івана Прысыпкіна, створаны Г. {Р.} Харыкам. Акцёр бачыць свайго героя, тонка адчувае яго душу, а таму, пераўвасабляючыся, стварае аблічча простага, грубаватага, але такога адзінокага і няшчаснага чалавека. Іван – галоўны герой, яго прысутнасць адчуваецца ва ўсіх сцэнах оперы. Ен – той, хто па інерцыі ідзе ўніз і ўніз, даходзіць да крытычнай кропкі, азіраецца назад... але вяртання няма.

Друггі важны вобраз у спектаклі – Сакратар. Сакратар – сімвал бюракратызму, руціны, крывадушнасці, падлашчвання, выстаўленцкай пазіцыі. Гэта роля была своеасаблівым бенефісам для маладога камедыйнага акцёра А. Кузьмянкова, у арсенале якога нямала ўдала створаных персанажаў, такіх, як Боні ("Сільва"), Упраўляючы ("Мільянерка"), Іпаліт Галіпо ("Фраскіта"). "Металічны" касцюм Беспрытульніка таксама, напэўна, не чужы А. Кузьмянкову. Ва ўсякім выпадку, чорная скура касцюма, шыкоўныя ланцугі і кастэт не перашкаджаюць яму заваёўваць сімпатыі гледачоў.

Над спектаклем працавалі ўсе: ад рэжысёра і акцёраў да загадчыкаў розных цэхаў. Добрага слова заслугоўвае і аркестр на чале з А. Сасноўскім, які сыграў калі не заўсёды ўпэўнена і дакладна, але натхнёна і цікава.

Мастак па касцюмах В. Жалонкіна пастаралася зрабіць адзенне яркім, маляўнічым, арыгінальным. Светлавымі эфектамі спектакль абавязаны Э. Бляесу. Такім чынам, што б там ні было, фольк-опера "Клоп" адкрыла новую старонку жыцця тэатра. Гэта адзіны ў сваім родзе спектакль у рэпертуары, у якім так дакладна паказана сучасная рэчаіснасць вачыма У. Маякоўскага і ўсёй трупы тэатра.

М. МДЗІВАНІ, Т. УСАВА,
навучэнкі Мінскага музычнага вучылішча імя М. Глінкі.
Чырвоная змена. – 1988. – 10 снеж. – С. 7.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: