Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Беражы мяне, любімая" — незвычайны ваенна-патрыятычны спектакль (Зоя Матусевіч, "Звязда", 15.07.2023)

"Беражы мяне, любімая" — незвычайны ваенна-патрыятычны спектакль (Зоя Матусевіч, "Звязда", 15.07.2023)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"Беражы мяне, любімая" — незвычайны ваенна-патрыятычны спектакль

Вядома, аснову рэпертуара Беларускага музычнага тэатра складаюць аперэты і мюзіклы, але час ад часу на яго сцэне з’яўляюцца і творы грамадзянскага гучання, у тым ліку ваенна-патрыятычнай тэматыкі. Апошні такі спектакль — "Нябесны ціхаход", — створаны па матывах вядомага аднайменнага фільма, тут быў пастаўлены ў 2009 годзе. Як вядома, музыку да гэтага фільма напісаў Салаўёў-Сядой, а музыку да спектакля — яго вучань, санкт-пецярбургскі кампазітар Марк Самойлаў, які з’яўляўся пастаянным аранжыроўшчыкам твораў свайго настаўніка. З Санкт-Пецярбурга была і пастановачная група нашага спектакля, жанр якога вызначаўся як лірычная музычная камедыя.

14_28_hrani_menya_5_iyulya_-233

З таго часу ні аднаго айчыннага твора на ваенна-патрыятычную тэматыку ў нас не было, і Беларускі музычны тэатр зноў звярнуўся да расійскіх аўтараў — кампазітара Аляксандра Пантыкіна і драматурга Канстанціна Рубінскага. У выніку на нашай сцэне з’явіўся новы спектакль пад назвай "Беражы мяне, любімая", прэм’ера якога адбылася 5 ліпеня (аб яго жанравай прыналежнасці гаворка пойдзе ніжэй).

Перш чым разважаць аб нашай пастаноўцы, неабходна ў агульных рысах расказаць гісторыю стварэння гэтага твора. І тут трэба заўважыць, што і ў рэпертуары музычных тэатраў Расіі даўно існуе дэфіцыт на новыя спектаклі адзначанай тэматыкі. Прыкладна 20 гадоў назад галоўны рэжысёр Свярдлоўскага тэатра музычнай камедыі Кірыл Стрэжнеў звярнуўся да Аляксандра Пантыкіна з просьбай напісаць твор менавіта на ваенную тэматыку. Тады многіх здзівіла, што Стрэжнеў для сваёй будучай пастаноўкі выбраў дзядулю ўральскага рока — так ужо ў тыя гады называлі Пантыкіна. "Дзякуючы Кірылу Савельевічу я ўвайшоў ў жанр музычнага тэатра, бо да гэтага ў асноўным займаўся музыкай для кіно і драматычных спектакляў", — адзначае кампазітар. У выніку ў творчай садружнасці з Канстанцінам Рубінскім і пры цесным узаемадзеянні з рэжысёрам і загадчыцай літаратурнай часткі тэатра Аленай Абыдзёнавай і з’явіўся новы сцэнічны твор, жанр якога кампазітар вызначыў як музычная прытча. Прэм’ера спектакля адбылася ў 2005 годзе і была прымеркавана да 60-годдзя Вялікай Перамогі.

У час абменных гастроляў са Свярдлоўскім тэатрам летам 2012 года пастаноўку "Беражы мяне, любімая" пабачылі і мінскія гледачы. Гэта сапраўды быў спектакль-прытча, які вызначаўся шырынёй абагульнення і адначасова глабальнасцю ідэі — узаемадзеяння жыцця і смерці. У ім не было штампаў і стэрэатыпаў, уласцівых ваеннай тэматыцы, больш за тое, паказвалася не сама вайна, а жыццё на вайне і яе ўплыў на чалавечы лёс, які быў бы зусім іншы ў мірны час. Галоўныя героі паказваліся ў двух адрэзках часу — даваенным і ваенным; пры гэтым у кампазіцыі спектакля ўзнікалі карціны рэчаіснасці пачатку 2000-х гадоў, у прыватнасці адносіны грамадства да ветэранаў. Пасля таго, як спектакль быў зняты з пракату, настальгія гледачоў па ім заставалася. Таму ў 2020 годзе пастаноўка была адноўлена ў новай версіі і прысвячалася ўжо 75-годдзю Перамогі. Аўтары зазначаюць, што пры гэтым рабіўся ўпор на актуалізацыю сучаснага перыяду, бо тыя моманты, якія былі пазнавальныя са сцэны ў пачатку 2000-х, саступілі месца новым выклікам часу.

14_28_hrani_menya_5_iyulya_-15

Версія гэтага твора, паказаная на сцэне Беларускага музычнага тэатра, адрозніваецца ад першых дзвюх, з якімі знаёмы гледачы Свярдлоўскага тэатра. Адразу трэба адзначыць, што пастановачная група нашага спектакля цалкам беларуская. Рэжысёр-пастаноўшчык Валерыя Чыгілейчык сцвярджае, што асноўнае адрозненне заключаецца ў змесце і характарыстыцы сучаснага перыяду: з 2020-х гадоў ён пераносіцца канкрэтна ў 1993 год, калі ў незалежных ужо краінах адбываліся бурныя працэсы трансфармацыі грамад-
ства і ўвага да ветэранаў вайны часта насіла чыста сімвалічны, дзяжурны характар. Персанажы і іх асноўныя характарыстыкі засталіся без змен, але пры гэтым адбылася больш дэталёвая прапрацоўка вобразаў у пераходзе ад іх абагульнення да рыс жыццёвай праўдападобнасці.

Зразумела, для гэтага неабходна была перапрацоўка драматургічнага і музычнага матэрыялу. І аўтары пайшлі насустрач нашым пастаноўшчыкам: ствараліся новыя сцэны і дыялогі, адпаведна, — і новы музычны матэрыял. Рэжысёр ўзгадняла ўсе новаўвядзенні з драматургам, дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Макарэвіч — з кампазітарам. Гэтым разам нашаму дырыжору не трэба было самому рабіць аркестроўку, таму што склад аркестра супадае, а новыя музычныя нумары кампазітар аркестраваў сам. Тыя карэкціроўкі, якія Мікалай Макарэвіч унёс у партытуру, у асноўным звязаны з акустыкай нашай глядзельнай залы. У цэлым аўтары адзначаюць, што атрымалася асобная версія іх твора менавіта для нашага тэатра, дзе практычна па-новаму была створана лінія, якая адлюстроўвае сучаснасць, дакладней — 1993 год. А лініі даваеннага і ваеннага часу ў асноўным засталіся без змяненняў, за выключэннем некаторых рэжысёрскіх правак. Пры гэтым кампазітар адзначыў, што наша пастаноўка ўжо выглядае не як музычная прытча, а як мюзікл.

Такім чынам, спектакль пачынаецца з 1993 года. На сцэну выходзяць два яшчэ не старыя ветэраны, з выгляду крыху збянтэжаныя, кожны трымае ў руках па некалькі чырвоных гваздзікоў… Гэта Венядзікт (Аляксандр Асіпец) і Іван (Антон Заянчкоўскі). З іх дыялогу глядач зразумее, што вяртаюцца яны з мерапрыемства, прысвечанага Дню Перамогі. Адзін з іх, найбольш уразлівы, пакрыўджаным голасам мармыча, што і віншаванне не такое, як было раней, і жыццё становіцца ўсё больш нестабільным і трывожным, а другі спрабуе супакоіць яго, маўляў: павіншавалі — і на тым дзякуй… А потым глядач убачыць, як яны на скрыпцы і гітары іграюць у падземным пераходзе, а два малыя абадранцы спрактыкаваным прыёмам змятаюць іх заробак. Па ходзе спектакля раскрыюцца і акалічнасці, пры якіх яны, дзеці вайны, пачалі вучыцца іграць на гэтых інструментах.

14_28_hrani_menya_5_iyulya_-206

А сноўныя ж падзеі развіваюцца так, як і ў пастаноўках Свярдлоўскага тэатра. Перадваенны 1941 год. Пакой у звычайнай камуналцы, маці частуе сваіх чатырох сыноў-музыкантаў іх любімым сунічным пірагом, а яны спяшаюцца ў клуб, дзе іграюць на занятках танцавальнага гуртка. Квартэт іх даволі дзіўны: Алёша (Яўген Далідовіч) іграе на гітары, Паўлік (Дзмітрый Маціеўскі) — на гармоніку, Даня (Пётр Леўкавец) — на трубе, а Рома (Міхаіл Калбянёў) — на скрыпцы. Настаўнік танцаў Віктар Іванавіч (Уладзіслаў Даніловіч) вучыць гурткоўцаў стэпу. На занятках раптам з’яўляецца Гоша Шчарбакоў (Сяргей Спруць) —палітычна падкаваны і ідэалагічна правільны малады чалавек, сын стаханаўцаў, патрабуе навучыць яго вальсу, каб належна выглядаць на танцах. А стэп  ён жорстка крытыкуе як амерыканскі ўзор буржуазнай культуры, непрымальны для савецкай моладзі. Хутка ў Гошы ўзнікае пачуццё зайздрасці да гітарыста Алёшы, які так паспяхова праяўляе сябе і ў музыцы, і ў танцах. Гэты дух саперніцтва паміж двума антыподамі і параджае галоўны канфлікт спектакля.

З вобразам Віктара Іванавіча звязана развіццё асобнай драматычнай лініі. Аказваецца, раней ён быў паспяховым салістам балета, але пасля траўмы вымушаны пакінуць тэатр. А незадоўга да пачатку вайны ад яго сыходзіць жонка — шыкоўная прыгажуня Эльвіра (Маргарыта Александровіч), якая публічна прыніжае мужа за няздзейсненую кар’еру.

Сама вайна паказана ў спектаклі вельмі абагулена і з вялікай доляй тэатральнай умоўнасці. Маці выпраўляе сыноў на фронт, пры гэтым яе вобраз узбуйняецца і асацыіруецца з вобразам Радзімы-Маці (адпаведны ваенны плакат з’яўляецца элементам сцэнаграфіі, а персанаж маці прадстаўлены без уласнага імені). І так атрымліваецца, што ўсе браты-музыканты, а разам з імі і Гоша служаць у адным узводзе, а іх камандзірам з’яўляецца настаўнік танцаў Віктар Іванавіч. І вось тут канфлікт паміж Алёшам і яго зайздроснікам разгараецца на поўную сілу: Гоша стараецца прыцягнуць да сябе ўвагу юнай медсястры Людмілы (Наталля Чабёлка), а яна схіляецца да шчырага ў сваіх пачуццях Алёшы. На лясной паляне яны збіраюць суніцы, і гэтыя зіхоткія чырвоныя ягады ў Алёшавых снах ператвараюцца ў сунічны пацалунак Людмілы і адначасова нагадваюць пра мамін пірог і родны дом. "Беражы мяне, любімая", — звяртаецца сын да маці; "Беражы мяне, каханая", — шэпча ён той, якая павінна стаць маці яго дзяцей. Такім чынам сунічная тэма праходзіць лейтматывам праз увесь спектакль.

Сцэн баявых дзеянняў у спектаклі няма, але вобраз ворага прысутнічае, прытым у вельмі нечаканым выглядзе. Немцы выглядаюць як ажыўшыя карыкатуры часоў Вялікай Айчыннай і рухаюцца механістычна, нібы адладжаныя машыны смерці. Пры першым жа абстрэле загінуў Даня, а потым і Паўлік. Паміраючы, яны бачаць перад вачыма маму, а потым, ужо з іншага вымярэння, вяртаюцца да яе ў родны дом і частуюцца сунічным пірагом.

Алёша і Рома, пайшоўшы ў разведку, думалі, што ў цемры натрапілі на фрыца, і паспрабавалі ўзяць яго ў палон, але з узнятымі рукамі да іх выйшлі два перапалоханыя хлопчыкі гадоў васьмі-дзесяці — Веня і Ваня. Яны засталіся без бацькоў, без дома і здолелі выжыць, знаходзячыся сярод ворагаў. Браты прывялі іх у сваё размяшчэнне, і хлопчыкі сталі сынамі палка (іх ролі выконвалі юныя артысты Арцём Чарапенька і Марк Цімановіч). Алёша і Рома пачалі вучыць хлопчыкаў ігры на сваіх інструментах, а праз дзесяцігоддзі гэтыя сыны палка сталі ветэранамі і ў сваю чаргу пачалі вучыць музыцы абадранцаў з 1990-х.

А ў размяшчэнні ўзвода адбылася яшчэ адна неспадзяваная падзея: да Віктара Іванавіча нейкім чынам змагла дабрацца яго жонка, якая нарэшце зразумела, што трэба любіць мужа такім, які ён ёсць. І Людміла, гледзячы на сцэну іх сустрэчы, здзіўлена ўскліквае: "Няўжо вайна павінна была адбыцца, каб чалавек зразумеў сваё шчасце?"

У час наступнай атакі загінуў Рома — ён не мог пакінуць ворагам сваю скрыпку, але адарвацца ад іх таксама не змог. Найбольш разгорнутай аказалася сцэна гібелі Алёшы, калі ён і Гоша засталіся ўдваіх у акружэнні немцаў. І тут Алёша пачуў ад свайго саперніка самае нечаканае: "Мы тут смерць сустракаем, давай памірымся!.." Чаканне смерці аказалася для Гошы страшней за саму смерць, і ён у істэрыцы выскачыў з акопа: "Без пакут здохнуць дай!" Алёша паспрабаваў зацягнуць яго назад у акоп, але сам трапіў пад варожыя кулі…

І глядач бачыць, як маці сустракае свайго чацвёртага сына і ўсаджвае яго за стол побач з братамі. Мацярынская любоў даравала ім жыццё вечнае.

Зоя МАТУСЕВІЧ
"Звязда". - 2023. - 15 ліп.
Фота Сяргея ЧЫГІРА



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: