Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пуцявіны творчасці нязведаныя (1990 г., Літаратура і мастацтва)

Пуцявіны творчасці нязведаныя (1990 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПУЦЯВІНЫ ТВОРЧАСЦІ НЯЗВЕДАНЫЯ

Скажыце, калі ласка, паважаны чытач, якое пачуццё ахапіла вас, калі амаль дваццаць гадоў назад вы ўбачылі на тэатральнай афішы зусім новае імя: "Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР"? Вы, вядома, павіталі нованароджанага і пажадалі яму поспехаў. І яшчэ, пэўна, узрадаваліся, што ўвішная прыгажуня Мельпамена і тут паказала сваю спраўнасць. Ну, ці ж не па чароўным узмаху яе рукі заззяла на гэтай сцэне Н. Гайда, падарылі гледачам свае мастацтва Н. Равінская, В. Фаменка, В. Шаўкалюк... Вось толькі пра адно не паклапацілася муза Тэатра: пакінула дзіця без прытулку, і давялося калектыву доўгі час выступаць на арандаваных пляцоўках. (Толькі ў 1981 годзе быў узведзены будынак сучаснага тэатра, настолькі арыгінальна абрысаваны звонку і закручаны знутры, што ўсё гэта нагадвае перыпетыі інтрыгі жанру).

Такім чынам, на пачатку 1971 года ўбачыў святло рампы першы спектакль. Гэта была гераічная музычная камедыя Ю. Семянякі "Пяе "Жаваранак", чым тэатр даказаў, што ён усё-такі беларускі нацыянальны і мае самыя сур'ёзныя намеры развіваць сваю адметнасць надалей. Сапраўды, неўзабаве творы Ю. Семянякі занялі ў тэатры ганаровае месца: "Паўлінка", "Тыдзень вечнага кахання", "Сцяпан – вялікі пан"... З часам з'явіліся ў рэпертуары "Несцерка" і "Судны час" Р. Суруса, "Мільянерка" Я. Глебава і інш. Ды і цяпер у творчых планах галоўнага рэжысёра М. Гусева, які нядаўна ўзначаліў трупу, на першым месцы стаяць музычныя камедыі "Калі заспявае певень" маладога беларускага кампазітара А. Чыркуна (цікава, ці дапамагае хто-небудзь неспрактыкаванаму аўтару ў працы для музычнага тэатра?) і "Пінская шляхта" Г. Вагнера. Абодва творы – на беларускай мове. Аднак, панове музыканты і драматургі, Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР не адмовіцца і ад іншых новых, цікавых, разнастайных твораў і будзе рады прыняць іх на сваёй сцэне.

Наогул жа, што вынікае са слоў дырэктара Л. Смірнова, у тэатры намячаецца шэраг важных зменаў. Гэта тычыцца перш за ўсё прапаганды мастацтва музычнай камедыі. Да прыкладу, спрадвечная праблема – рэклама. Што і казаць, у нас не знойдзеш асвятляльных неонавых агнёў, як у Токіо, няма і кідкіх афіш, як на Брадвеі, ля якіх нельга не спыніцца і не сказаць: "Нішто сабе!" Але наш тэатр намерваецца зрабіць рэкламны відэаролік – імгненні жыцця творчага калектыву; у Мінску запаліліся "афішіныя" вокны тэатра (заўважце – беларускамоўныя). Ды самая цікавая навіна, відаць, – стварэнне дзіцячага музычнага тэатра пры ДТМК. Што ж, у рэпертуары пакрысе збіраюцца творы для дзяцей ("Залатое кураня ", "Пэпі", "Стойкі алавяны салдацік", а ў свой час ішлі "Беласнежка і сем гномаў", "Сцяпан – вялікі пан"). І, думаецца, такі вынік – стварэнне новай трупы – зусім заканамерны, тым больш, што аналагічны вопыт ёсць у Маскве, дзе стала і паспяхова працуе Дзіцячы музычны тэатр пад кіраўніцтвам "цёцечкі Наталлі Ільінішны Сац".

Але вернемся да гісторыі. Другой пастаноўкай маладога тэатра музычнай камедыі была аперэта І. Кальмана "Фіялка Манмартра". (О, Парыж! – уздыхнеце вы, падумаўшы пра заваблівае хараство "сталіцы свету"). Менавіта яна, "Фіялка...", і паставіла першую коску у cпіce класічных аперэт тэатра. (Дарэчы, на думку К. Сен-Санса, аперэта – гэта камічная опера, што стала на шлях граху. А вы як думаеце, чытач?) І вось іх ужо цэлы букет: "Баядэра", "Сільва", "Марыца". "Прынцэса цырка", "Цыганскае каханне", "Вясёлая ўдава", "Лятучая мыш", "Ноч у Венецыі"... Цэлае вязьмо любоўных гісторый, якія набываюць самыя разнастайныя вобразныя трактоўкі і мастацкія інтэрпрэтацыі. Пушкін заўважыў: "Одной любви музыка уступает, но и любовь – мелодия". Мо таму гэтак часта інтрыга кладзецца ў аснову драматургіі аперэты, у тым ліку – многіх твораў савецкіх аўтараў: Б. Аляксандрава, І. Дунаеўскага, Ю. Мілюціна, М. Стрэльнікава, А. Фельцмана і інш., чые музычныя камедыі з поспехам ішлі і ідуць на сцэне нашага тэатра.

Як вядома, калектыў доўгі час існаваў без галоўнага рэжысёра, большасць спектакляў рабіліся рознымі пастаноўшчыкамі – С. Штэйнам, В. Вярбоўскай, Б. Уторавым, P. Вікцюком і многімі іншымі, чые работы розніліся між сабою і ўносілі пэўныя рысы ў аблічча тэатра. Аднак, бадай, толькі прыход у трупу рэжысёра В. Цюпы выклікаў тут вялікую цікавасць. Але... Тут мы перапынімся і зазірнём за аксамітную заслону і глянем, што ж робіцца ў свяцілішчы муз.

Дык вось, Цюпа. А хто ж гэта такі? Той малады ды таленавіты, дзёрзкі ды смелы, са сваімі ўяўленнямі пра жанр! – успомніць хтосьці. І што толькі ён робіць з аперэтай! Чаму артысты вымушаны танцаваць канкан пад сінтэзатар, рабіць увогуле дасюль нечуваныя рэчы: скакаць на батуце і пры гэтым яшчэ спяваць?! Зрэшты, у тэатры ўчыніўся раскол, як на карцінах К. Малевіча: бо кожнае ж новае дзеянне нараджае супрацьдзеянне. Трупа падзялілася на тых, хто "за" і тых, хто "супраць", дырэкцыя і мастацкае кіраўніцтва таксама разышліся ў розныя бакі. Усё гэта было толькі вынікам хвалявання, што адбывалася ў тэатры, а спрэчкі вакол працы новага рэжысёра паставілі апошнюю кропку.

Але жыццё працягваецца, і шлях адзін – міp. Памянялася кіраўніцтва. Што ж мы маем сёння? Трупу з багатымі патэнцыяльнымі магчымасцямі, здатную ўвасобіць на сцэне і натхнёную "Сільву", і вострасучаснага "Клапа". У калектыве сёння працуюць і ўвенчаныя лаўрамі сталыя майстры жанру Н. Гайда, Р. Харык, В. Фаменка, А. Ранцанц і інш., і іх маладзейшыя партнёры па сцэне А. Кузьмянкоў, С. Якавец, З. Вяржбіцкая...

Шляхі творчасці неспазнаныя, але для творчасці патрэбны грошы, і нямала. Хоць бы для таго, каб жыць далей, ва ўмовах паўсюднага цяпер гасразліку, хай сабе і частковага. Тэатр збіраецца звярнуцца да класікі ("Біндзюжнік і кароль", "Кабарэ"), як да гэтага паставіцца публіка?.. У той жа час старыя, "зайграныя" спектаклі, папулярныя ў гледача, здымаць з афішы нявыгадна – страчваюцца тысячы рублёў.

А складанасці ў аркестры, з якімі сутыкнуўся ўжо і новы галоўны дырыжор С. Бур'як? Сорам сказаць: волас на смыках не мяняецца ўжо дваццаць гадоў, няма струнаў, нават каніфолі, ударныя інструменты даўно пара мяняць. Ды, зноў жа, усё ўпіраецца ў фінансы. Аркестр, тым не менш, спрабуе адолець вялікую нагрузку (28 спектакляў у месяц) сваімі сіламі: амаль у два з паловай раза зменшана колькасць разавых запрашэнняў музыкантаў. Імкнецца падабраць прафесійныя кадры (напрыклад, у Мінскім музвучылішчы вісіць абвестка-запрашэнне працаваць у групе першых скрыпак). Наладзілася работа дырыжораў з вакалістамі і г. д. Аднак па-ранейшаму востра стаіць праблема "жалавання". Ну, што такое 150 рэ ў месяц?

Адміністрацыя, напэўна, таксама ўключылася ў работу: дзейнічае калегія, якая сочыць за бягучай творчай працай (значыць, усе aгpэхі павінны быць навідавоку), пераглядаецца планаванне тэатральнай справы, аналізуецца рэпертуар. Цяперашні дырэктар ДТМК Л. Смірноў, на думку акцёраў, ведае і любіць сваю справу...

І хоць каранных зменаў пакуль мала – бо мінула яшчэ вельмі мала часу ад прыходу новага кіраўніцтва, – абстаноўка і творчая, і арганізацыйная стабілізавалася, а гэта ўжо дае надзею, што Эверэст тэатральнага мастацтва ўсё-такі можна адолець.

І хоць гаварыць пра перспектывы пакуль складана, давайце пафантазіруем. Праз пару-тройку гадоў зайсці б у наш тэатр музкамедыі і aхнуць: што за цуд! Як лёгка і прыгожа гучыць аркестр, узвышана пяе скрыпка дуэтам з прымадоннай; сцэна ярка асветлена, дзівосныя дэкарацыі, касцюмы; акцёры іграюць натхнёна, жывуць на сцэне. І – поўная зала! Тысяча ўсхваляваных вачэй... А за кулісамі, мабыць, абмяркоўваюцца гастрольныя паездкі... у Рым ці ў Лондан... Вядома, без лыжкі дзёгцю не абыдзецца: старыя хваробы так альбо іначай усплываюць, але хочацца верыць, што гэта хваробы росту, а не хранічныя. Пажадаем жа тэатру поспехаў у вырашэнні ўcіх яго задач.

М. МДЗІВАНІ,
навучэнка Мінскага музычнага вучылішча імя М. Глінкі.
Літаратура і мастацтва. – 1990. – 16 лют. – С. 12.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: