« Назад
У ІСКРАМЁТНЫМ ЖАНРЫ АПЕРЭТЫ
У Віцёбску, у памяшканні Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра імя Я. Коласа, 1 чэрвеня пачынае свае гастролі Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі БССР. Іх з асабістым хваляваннем чакае калектыў нашага тэатра. Гэтыя гастролі мы расцэньваем, як своеасаблівую творчую справаздачу перад віцебскімі гледачамі.
Упершыню віцябляне пазнаёміліся з творчасцю нашага, тады яшчэ маладога тэатра, у 1972 годзе. Наступныя сустрэчы з добразычлівай і разам з тым патрабавальнай тэатральнай публікай Віцебска адбыліся ў 1976 і 1981 гадах. I вось зноў, праз дзевяць гадоў, – новая сустрэча.
За гэты параўнальна невялікі для тэатральнай біяграфіі перыяд былі ажыццёўлены пастаноўкі каля пяцідзесяці спектакляў. Сярод іх – такія шырока вядомыя аперэты, як "Фіялка Манмартра" I. Кальмана, "Вольны вецер" I. Дунаеўскага, "Халопка" М. Стрэльнікава, мюзіклы "О, мілы сябар" В. Лебедзева, "Гора ад розуму" О. Фельзера, "Мая чароўная лэдзі" Ф. Лоу, фолк-опера "Клоп" В. Дашкевіча.
Гастрольныя маршруты тэатра праходзілі праз Архангельск і Ноўгарад, Ленінград і Сочы, Смаленск і Севастопаль, Данецк, Растоў-на-Доне, Калінінград і многія іншыя гарады ў розных кутках нашай Радзімы.
Калектыў тэатра імкнецца не замыкацца ў вузкім коле прафесійных клопатаў і інтарэсаў. Добрай традыцыяй сталі для нас творчыя сустрэчы з рабочымі і працаўнікамі сяла, воінамі Савецкай Арміі. Так, у чэрвені 1986 года ў час гастроляў у Кіеве артысты нашага тэатра былі першымі, хто выступіў з шэфскімі канцэртамі ў Чарнобылі перад удзельнікамі ліквідацыі аварыі на АЭС. Мы палічылі сваім грамадзянскім абавязкам прыехаць у той складаны перыяд у Кіеў і былі адзіным гастралюючым калектывам. Па выніках гэтых гастроляў калектыў тэатра быў узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета УССР.
У пошуку свайго арыгінальнага рэпертуару тэатр звяртаецца да пастаноўкі твораў вострасюжэтных, з глыбокай, хвалюючай гледача драматургіяй, імкнецца да супрацьстаяння жанравым штампам.
У аперэце заўсёды былі і будуць шчырыя і шматлікія паклоннікі, якіх, як мы ведаем, нямала і сярод віцебскіх гледачоў. Класічная аперэта – гэта заўсёды свята вяселля, дабрыні і прыгажосці. У гастрольнай афішы тэатра шырока прадстаўлена замежная класіка. Віцябляне ўбачаць "Лятучую мыш" і "Ноч у Венецыі" I. Штрауса, "Сільву" і "Прынцэсу цырка" I. Кальмана, "Вясёлую ўдаву" і "Фраскіту" Ф. Легара.
Тым, хто з'яўляецца прыхільнікам мюзікла – жанра, народжанага ў імкненні даказаць, што сінтэтычны музычны тэатр можа бьшь не толькі "лёгкім", а ўмее гаварыць і аб сур'ёзных рэчах і разам з тым дорыць цудоўныя хвіліны асалоды, мы прапануем паглядзець "Маю чароўную лэдзі" Ф. Лоу. Мінская пастаноўка гэтага спектакля, вельмі тонкага і інтэлігентнага, як адзначала крытыка з'яўляецца адной з лепшых у краіне.
I яшчэ адзін мюзікл "Біндзюжнік і Кароль", напісаны па матывах п'есы I. Бабеля "Захад" кампазітарам А. Журбіным, мы прапануем віцебскім гледачам. Гэта новая работа тэатра – у маі адбылася прэм'ера спектакля. Тое, аб чым у ёй расказваецца, сапраўды трагічна: жорсткасць дзяцей у адносінах да сваіх бацькоў, запозненае каханне на схіле жыцця, якое не супала тэрмінам з адмераным табе часам, няпросты лёс яўрэйскага народа…
На жаль, не ўсе спектаклі з нашага рэпертуару мы зможам паказаць у Віцебску з-за таго, што памеры сцэны драматычнага тэатра не дазволяць гэта зрабіць.
Трупу тэатра складаюць акцёры розных пакаленняў. Віцебскія гледачы сустрэнуцца з народнай артысткай БССР Наталляй Гайда, заслужанымі артыстамі РСФСР Нінай Равінскай і Аляксеем Кузьміным, заслужанымі артыстамі БССР Рыгорам Харыкам, Пятром Рыдзігерам, Германам Казловым, Канстанцінам Лосевым, Вячаславам Фаменкам, заслужаным артыстам УССР Арнольдам Ранцанцам.
У спектаклях заняты таксама акцёры Валянціна Пятліцкая, Віктар Бажэнаў, Зінаіда Вяржбіцкая, салісты балета Галіна Шылянкова, Уладзімір Крупскі, Вольга Раманава. У тэатры нямала таленавітых маладых выканаўцаў – гэта Ірына Лінкевіч, Аляксандр Кузьмянкоў, Святлана Якавец, Алег Цівуноў, Дзмітрый Цітушкін і іншыя.
Галоўны рэжысёр тэатра – Міхаіл Гусеў, галоўны дырыжор – Сяргей Бурак.
Мы спадзяёмся, што калектыў тэатра сваім мастацтвам падорыць радасць віцебскім гледачам.
Л. РАБУШКА, заслужаная артыстка БССР. Віцебскі рабочы. – 1990. – 1 чэрв.
|