Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Мы ўсе былі дзецьмі... (1991 г., Мастацтва Беларусі)

Мы ўсе былі дзецьмі... (1991 г., Мастацтва Беларусі)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

МЫ ЎСЕ БЫЛІ ДЗЕЦЬМІ...

Дзіцячы музычны спектакль, яго мастацкія вартасці і недахопы, музычны і пластычны лад, эстэтычнае і выхаваўчае ўздзеянне, пошук новых форм сувязі з дзіцячай і юнацкай аўдыторыяй... Усе гэтыя праблемы абмяркоўваліся ў пачатку вясны падчас правядзення "круглага стала", наладжанага секцыяй харэаграфічнага і музычнага мастацтва СТД БССР. Спажыву для роздуму крытыкам і практыкам далі і зусім новыя, і ранейшыя спектаклі Дзяржаўнага тэатра оперы і балета, Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, Беларускага харэаграфічнага вучылішча, а таксама нядаўна створанага Дзіцячага музычнага тэатра-студыі пpы ДАВТе БССР.

У "круглым стале" ўдзельнічалі 
музыказнаўцы Вольга Брылон і Надзея Бунцэвіч, 
выкладчык Мінскага інстытута культуры, балетны крытык Наталля Кульган, 
балетмайстар лаўрэат Усесаюзнага конкурса балетмайстраў Аляксандр Яфрэмаў, 
рэжысёры ДАВТ БССР Маргарыта Ізворска-Елізар’ева, Сусанна Цырук,
хормайстар таго ж тэатра Ніна Ламановіч,
загадчык літчасткі ДАВТ БССР Наталля Кузняцова,
дырыжор Дзяржаўнага тэатра музкамедыі БССР Глеб Аляксандраў,
доктар філасофскіх навук прафесар Арыядна Ладыгіна,
доктар мастацтвазнаўства прафесар Юлія Чурко,
мастацкі кіраўнік Свярдлоўскага дзіцячага музычнага тэатра Ігар Каныгін.
Вяла "круглы стол" музыказнавец Алена Саламаха.

A. Ладыгіна. Амаль дзесяць гадоў назад праходзіў пленум нашага саюза, прысвечаны ролі музыкі ў тэатральным спектакле. Наколькі я памятаю, з таго часу не было колькі-небудзь сур'ёзнай размовы на гэтую тэму. І вось – "круглы стол".

B. Брылон. Я хацела б зрабіць невялічкі агляд спектакляў, з якіх складаецца дзіцячая афіша Тэатра музкамедыі. За апошнія пятнаццаць гадоў тут пастаўлены "Беласнежка і сем гномаў" Калманоўскага, "Несцерка" Суруса, "Залатое кураня" Уланоўскага, "Стойкі алавяны салдацік" Баневіча, "Сцяпан – вялікі пан" Семянякі, "Гуляем у Прынца і Жабрака" Журбіна. Апошнія два спектаклі ўжо зняты з афішы. Такім чынам, застаюцца чатыры творы. Як кажуць, нягуста... Крыху адасоблена ў гэтым радзе стаіць народная музычная камедыя "Несцерка", адрасаваная і дарослым, і дзецям. "Залатое кураня" і "Беласнежка" – спектаклі, па сутнасці, нічыйныя, безгаспадарныя. Іх рэжысёры даўно не падтрымліваюць сувязей з тэатрам і не бачаць, – можа, і дзякуй Богу, – у якім стане яны знаходзяцца... Хоць нельга не сказаць, што "Беласнежка" была пастаўлена шчыра, тэмпераментна, з агеньчыкам. Пятліцкая – абаяльная артыстка, але, напэўна, выканаўца ролі Беласнежкі – дзяўчынкі, падлетка, павінна быць крыху маладзейшай...

Г. Аляксандраў. "Беласнежка" ідзе на сцэне пятнаццаць гадоў. У нашым Mіністэрстве культуры я пачынаў размову пра тое, што спектакль неабходна зняць з афішы, калі намеснікам міністра быў яшчэ Скараходаў. Цяпер у нас іншы намеснік міністра, а "Беласнежка" па-ранейшаму ідзе. Ідзе таму, што яе няма чым замяніць. Мала дзіцячых пастановак.

В. Брылон. Сапраўды, дзіцячая афіша ў Тэатры музкамедыі абнаўляецца рэдка. Апошняя па часу пастаноўка – "Стойкі алавяны салдацік" (1989). Спектакль густоўны, маляўніча аформлены. Наогул, у тым, як ён пастаўлены (музычны кіраўнік Глеб Аляксандраў, рэжысёр Юрый Бяроза), адчуваецца любоў да дзяцей. Але, на маю думку, гэта – свет дзяцей, убачаны вачыма дарослых, а не свет дарослых, убачаны вачыма дзяцей.

Дзіцячыя спектаклі агаляюць праблему неабходнасці змены акцёрскіх пакаленняў. Згадаем, калісьці, у 80-ыя гады, колькі маладых, таленавітых артыстаў, сапраўды апантаных творчасцю, прыйшло ў тэатр! Цяпер трупа пацяжэла, азызла. Акцёрскім работам не стае маладога запалу, духу студыйнасці, яны празмерна акадэмічныя. Нельга лічыць цалкам удалымі галоўныя ролі выпускнікоў нашай кансерваторыі Арцем'ева і Шабуні ў "Стойкім алавяным салдаціку". Шмат гадоў выконвае ролю Несцеркі Бажэнаў, замены яму няма.

Што да яркіх акцёрскіх работ, дык перспектыўнай артысткай паказала сябе ў "Залатым кураняці" Сучкова. Яна іграла шчыра, адкрыта. Спадзяюся, гэта дапаможа кіраўніцтву заўважыць яе і даручыць новыя партыі. У многіх дзіцячых спектаклях заняты Нікіцін. Напэўна, гэта адзіны выпадак, калі дзіцячыя спектаклі выявілі індывідуальнасць артыста, бо ў дарослым рэпертуары Нікіцін выконваў пераважна ролі "прасцякоў". Цудоўна іграе ён ролю Чарцяня з табакеркі ў "Салдаціку"...

A. Саламаха. А яго Шкаляр у "Несцерку"? Выдатная работа!

B. Брылон. Так. І яшчэ адзін момент. Агульнавядома, што ў Тэатры музкамедыі кепская акустыка. Таму амаль усе спектаклі ідуць з падгучваннем. У "Салдаціку", напрыклад, артысты літаральна прывязаны да мікрафонаў.

A. Яфрэмаў. У свой час Вячаслаў Цюпа збіраўся ўзброіць артыстаў радыёмікрафонамі. Сапраўдная рэвалюцыя! Але Цюпа пайшоў з музкамедыі, і ідэя памерла.

B. Брылон. Лічу, што ў тэатры фармальна падыходзяць да паказу дзіцячых спектакляў. Толькі спектакль і толькі праграмка, якая дзецям ні пра што не гаворыць. Патрэбны яркія, каляровыя буклеты з фатаграфіямі акцёраў, сцэнамі са спектакля. Акрамя таго, няма на дзіцячых спектаклях музычнага каментатара. Не вядзецца падрыхтоўчая работа з маленькімі слухачамі. Падсумую свае ўражанні... Хочацца, каб тэатр, ствараючы дзіцячыя спектаклі не задавальняўся малым, каб творы для дзяцей атрымліваліся сапраўдныя, высокамастацкія.

Г. Аляксандраў. Адразу ж хачу адказаць Вользе наконт музычнага каментатара. Мы спрабавалі наладзіць жывы, непасрэдны кантакт музыказнаўцы з дзіцячай аўдыторыяй да спектакля, у антракце. Хлопчыкам, дзяўчынкам давалі паперу, алоўкі, яны малявалі, выказвалі свае меркаванні аб героях. Але як толькі гэта было перанесена ў глядзельную залу, як толькі музыказнаўца выйшаў на сцэну, уся непасрэднасць кантакту знікла... Гэта пa-першае. Па-другое: для такой работы патрэбен прафесіянал з багатым вопытам, здольны імгненна адгукнуцца на рэпліку, пытанне. Колькі мы ні запрашалі студэнтаў кансерваторыі, будучых музыказнаўцаў, яны за гэта не бяруцца! Ахвотнікаў на такую складаную работу мала. Падкажыце нам зацікаўленых людзей, мы сустрэнем іх з вялікай радасцю...

А. Яфрэмаў. Я прагледзеў дзевяць спектакляў у оперным і музкамедыі і звяртаў увагу на пластычны вобраз тэатральнага відовішча. Разумееце, 98% інфармацыі, якую мы атрымліваем, – інфармацыя зрокавая. Таму пластычны вобраз менавіта дзіцячага спектакля – вельмі важная рэч. Як артыст балета па адукацыі і балетмайстар па прафесіі, я заўважыў, што, на жаль, знешняя форма даволі часта не адпавядае сутнасці вобразаў. Глядацкі давер тады знікае імгненна. Дзеці могуць дараваць нешта іншае, але не гэта. Згадваю чатырох зайцоў у "Залатым кураняці" (агульны смех). Прабачце, але гэта пa-за ўсялякімі ацэнкамі. Ліса і Воўк у тым жа спектаклі мысляцца як сапраўдныя станоўчыя гepоі, але ж Ліса ўспрымаецца як скнара, а Воўк – сапраўдны "бомж". Сэнсавыя акцэнты прыкметна ссунуты.

Прагледжаныя спектаклі пераканалі мяне: неабходна пастаянна займацца спецыяльным пластычным трэнажом артыстаў. Бо, калі яны заканчваюць інстытут, дзе выкладаецца сцэнічны рух, усё выглядае больш-менш прыстойна. А потым... Цяжка сказаць, у чым тут прычына: ці ў тым, што тэатры ставяцца да пластычнай формы артыстаў, да танцавальных фрагментаў спектакля як да нечага другараднага, ці ў нечым іншым.

Г. Аляксандраў. Разумееце, я зусім не збіраюся бараніць нашых рэжысёраў. Сапраўды, нешта не атрымліваецца, не ўдаецца. Сапраўды, чатыры зайцы тоўстыя да непрыстойнасці... Але я памятаю, як малады рэжысёр Яшчук ставіў "Залатое кураня". Як ён пакутліва шукаў лепшыя пастановачныя вырашэнні – часам да істэрык даходзіла... Тады яму ніхто не хацеў дапамагаць, а наадварот, перашкаджалі. Крытакаваць ці заўважыць хібы, недаробкі непараўнальна лягчэй, чым самому ставіць спектакль.

Шкада, што на нашым сённяшнім "круглым стале" не прысутнічае ніхто з кіраўніцтва Тэатра музкамедыі – ні галоўны дырыжор, ні рэжысёр, ні дырэктар...

А. Саламаха. Кіраўніцтва тэатра было запрошана асабіста, нават неаднойчы…

Г. Аляксандраў. Яно павінна было пaчуць тыя карысныя заўвагі, якія прагучалі ў выступленнях Вольгі Брылон і Аляксандра Яфрэмава. Не буду пераказваць іх у тэатры, бо прысутнічаю тут у іншай якасці – кіраўніка Дзіцячага музычнага тэатра.

Н. Бунцэвіч. Напэўна, самы час перайсці да абмеркавання спектакляў Тэатра оперы і балета. Таму хачу заўважыць, што опера – адзін з самых складаных для ўспрымання дзяцей відаў мастацтва. Мне даводзілася неаднойчы слухаць дзіцячую оперу "Воўк і сямёра казлянятаў" Уладзімірава. Спектакль заўсёды ўспрымаецца добра. Дзеці актыўна суперажываюць, усяляк перашкаджаюць Воўку, спачуваюць казлянятам. Цікавая опера па сваёй рэжысуры.

Але "Воўк..." не заўсёды ідзе роўна. Часам спевакам не стае выразнай дыкцыі, асабліва ў сцэне з загадкамі, дзе павінна актыўна ўдзельнічаць глядзельная зала. Тады сцэна, як кажуць, "пралятае"...

Опера для дзяцей – шматаблічны жанр. Што да спектакля "Пітэр Пэн", паказанага Дзіцячым тэатрам-студыяй пры ДАВТе, дык acaбіста ў мяне найбольшыя прэтэнзіі да кампазітара А. Будзько. Паводле свайго жанру "Пітэр Пэн" не зусім дакладна аформлены. З аднаго боку, гэта мюзікл, з другога – ён успрымаецца як пародыя на заштампаваныя оперныя спектаклі. Не зусім апраўданай падалася мне музычная цытата ў любоўным дуэце герояў. Што да сцэнічнага ўвасаблення, дык хацелася б большай раскаванасці і свабоды ў пастановачных вырашэннях. Увогуле ж "Пітэр Пэн" – вялікая ўдача. Асабліва радуе тое, што ў спектаклі іграюць і спяваюць дзеці.

А. Яфрэмаў. І для мяне "Пітэр Пэн" стаў прыемным адкрыццём. Дзеці сцэнічныя, ім верыш. Цудоўная работа хормайстра, на вышыні вакалісты.

Н. Кульган. Сапраўды, "Пітэр Пэн" – гэта як адкрыццё! Дарослыя артысты сыграюць горш або лепш, а дзеці не могуць сфальшывіць!

І. Каныгін. У сувязі з "Пітэрам Пэнам" хацеў бы выказаць адну думку. Я не хацеў бы аналізаваць спектакль, бо рэжысёр бачыць і ўспрымае інакш, чым крытык. Апошні аналізуе зробленае, а рэжысёр глядзіць і думае: як бы я вырашыў гэтую сцэну? Уласную нязгоду рэжысёру трэба не выказваць, а ставіць свой спектакль.

"Пітэр Пэн" мяне ўзрадаваў. Хоць лічу, што большую перспектыву маюць дзіцячыя спектаклі з удзелам і дзяцей, і дарослых. Адзін з герояў "Пітэра Пэна", капітан Крук, – гэта, па сутнасці, дарослы чалавек, у якім забіта дзіця. Асабіста я не ўспрымаю яго ў выкананні падлетка. Многія выдатныя творы літаратуры і тэатра – "Пітэр Пэн", "Малы і Карлсан, які жыве на даху", "Пэпі-Доўгая-Панчоха" пабудаваны на сумяшчэнні дзіцячага і дарослага свету. Менавіта на сумяшчэнні, таму што існуе свет дзяцей са сваімі законамі, правіламі, уласнай філасофіяй і свет дарослых – таксама са сваёй філасофіяй. Самае жахлівае, што калі мы робімся дарослымі дык забываем той свет дзяцінства, які нас узгадаваў. Чаму?! Мы ж былі там! Чаму заціскаем сябе ў ланцугі непатрэбных правілаў і забабонаў і забываем, што свет, які ўспрымае і стварае дзіця, несуразмерна больш шырокі, аб'ёмны, шматфарбны?! Вось пра гэта ўсе тыя, глыбокія па сваёй ідэі творы, якія я згадваў.

А. Яфрэмаў. Я закрану больш вузкае пытанне. Танцавальныя сцэны ў мюзікле "Пітэр Пэн" пастаўлены выпускніцай інстытута культуры Аленай Дзмітрыевай. На маю думку, ёй трэба было больш смела, энергічна адстойваць сваю пазіцыю перед дырыжорам і рэжысёрам. Яны дастаткова вопытныя людзі і, напэўна, крыху ціснулі сваім аўтарытэтам (агульны смех). Што да сцэны з русалкамі, дык у мяне ўзніклі некаторыя пытанні да рэжысёра і харэографа. Калі папярэднія эпізоды пабудаваны досыць пераканаўча, дык гэты ўспрымаецца як устаўны дывертысментны нумар. І яшчэ. Чаму мова русалак – аэробіка? Асабіста я гэтага не зразумеў.

Пра "Пітэра Пэна" магу сказаць тое самае, што гаварылася пра спектаклі музкамедыі, – юныя артысты літаральна "прывязаны" да мікрафонаў.

С. Цырук. Але ж зала вялізная! З глыбіні сцэны, са "станка" юнага артыста ніхто не пачуе!

А. Яфрэмаў. У дадатку мікрафоны не адразу ўключаюцца...

Н. Ламановіч. Любы вясковы Дом культуры мае мікрафоны лепшай якасці, чым мы...

Г. Аляксандраў. Я ўяўляю сабе, што такое зрабіць спектакль з удзелам дзяцей. Гэта грандыёзная работа! (Да С. Цырук і Н. Ламановіч.) Але настойліва раю вам: трэба дамагацца іншага памяшкання – больш камернага, утульнага, дзе непатрэбны будуць мікрафоны, дзе вы здолееце наладзіць больш натуральны кантакт з глядзельнай залай. Спектакль адразу ж выйграе! На вялікай сцэне ён страчвае многія свае якасці.

Н. Кульган. Калі закрануць сцэнаграфію "Пітэра Пэна" (мастак Т. Каралёва), дык яна падалася мне крыху плоскаснай. Шкада, што ў мізансцэнах цалкам не выкарыстоўваецца пабудаваны карабель, спускі, лесвіцы... У спектаклі для дзяцей хацелася б большай дынамікі. Хоць я разумею, што паводле правілаў тэхнікі бяспекі нельга, каб артысты ўзнімаліся над планшэтам сцэны вышэй аднаго метра. Оперныя спевакі на сцэне часцей за ўсё статычныя, а дзеці – яны шмат могуць! І гэта не выкарыстоўваецца ні ў танцах, ні ў сцэнічным руху.

А. Саламаха. На ўсе заўвагі, відаць, лепш за ўсё адкажуць стваральнікі спектакля. А таксама раскажуць, што было зыходным пунктам у іх дзейнасці, як наладжвалася работа, якія планы ў тэатра-студыі?

С. Цырук. Усё пачалося з таго, што ў нашым тэатры ідзе шэраг спектакляў, у якіх павінны спяваць дзеці. Гэта "Кармэн", "Пікавая дама", "Шчаўкунок", "Карміна Бурана", нядаўняя "Тоска". Паўстае пытанне: дзе ўзяць дастаткова падрыхтаваных выканаўцаў?

Мы далі аб'яву ў газеце. Набіралі дзяцей практычна з вуліцы. Праслухалі больш за сто чалавек. Большасць дзяцей была зусім скаваная. Адны на праслухоўванні чырванелі, другія стаялі бледныя. Рукі па швах, вочы спалоханыя... Самае большае, чаго мы маглі ад іх дабіцца, – гэта прачытаць які-небудзь верш. Няпраўда, што дзеці заўсёды арганічныя... За натуральнасцю паводзін на сцэне стаіць звычайна вялікая праца. Нават наш "прэм'ер" Глеб Матвяйчук, які выконвае ролю Пітэра Пэна, не адразу адчуў сябе на сцэне ўпэўнена.

А. Яфрэмаў. Але ж цудоўны хлопчык!

С. Цырук. Мы набралі 60 чалавек. Калі хлопчык ці дзяўчынка вельмі хацелі трапіць у тэатр-студыю, бралі нават пры сціплых вакальных дадзеных.

Н. Ламановіч. У нас адзін хлопчык ездзіць на рэпетыцыі хору і на спектаклі з Заслаўя. Яго кожны раз маці сустракае. У хлопчыка сапрана, голас незвычайнай прыгажосці. Пасля праслухвання мы яго спыталі: "Ты хоць ведаеш, якім скарбам валодаеш?"

Наогул студыйцы ў сваім развіцці зрабілі велізарны скачок. Усе нашы артысты, хто дагэтуль не займаўся ў музычнай школе, пайшлі туды. Уявіце сабе: агульнаадукацыйная школа, музычная і рэпетыцыі. Прычым два месяцы перад прэм'ерай рэпетыцыі з сямі да дзесяці вечара ішлі штодня.

У акцёрскім сэнсе працаваць з усімі дзецьмі складана. Мы не маем магчымасці і сродкаў, каб займацца са студыйцамі па-за рэпетыцыямі. Нашы артысты зараз у такім узросце, калі галасы мяняюцца, а здараецца, і наогул знікаюць... Пасля лета многія дзеці ад нас пойдуць, трэба будзе набіраць новых і пачынаць усё спачатку. Яшчэ адна спецыфічная праблема тэатра-студыі. Зараз вясна, заканчваецца навучальны год. Некага бацькі на рэпетыцыю, а то і на спектакль не адпусцілі. У мяне ў хоры ніводнага альта! Вось і paбі, што хочаш...

С. Цырук. Наогул мы ўвесь час існуем паміж небам і зямлёй... Калі сур'ёзна займацца дзіцячым тэатрам, трэба, каб юныя артысты прыходзілі да нас падрыхтаваныя – у сэнсе вакалу, пастаноўкі голасу, сцэнічнага руху. Інакш гэта будзе напалову самадзейнасць. У рэспубліцы павінна быць навучальная ўстанова накшталт опернага ці тэатральна-вакальнага вучылішча.

А. Саламаха. Кіраўніцтва тэатра падтрымлівала вас у час стварэння тэатра-студыі?

С. Цырук. Мастацкае кіраўніцтва ўсяляк падтрымлівала, а адміністрацыя наогул не верыла, што з гэтага што-небудзь атрымаецца. Да нашай задумы ставіліся як да нейкай авантуры...

B. Брылон. У нас да кожнага цікавага пачынання ставяцца як да авантуры. Усё новае ўспрымаецца ў штыкі.

А. Ладыгіна. Што будзе з тэатрам-студыяй далей?

Н. Ламановіч. Напэўна, далей будзе горш. Дарослых спектакляў, дзе спяваюць дзеці, няшмат. Беларускія кампазітары для нас зараз нічога не пішуць. А галоўнае, тэатр наўрад ці будзе нас фінансава ўтрымліваць.

C. Цырук. І гэта пры тым, што ўсе выдаткі на дэкарацыі і касцюмы вельмі невялікія – 3 тысячы 146 рублёў 01 капейка. Больш як за дзесяць паказаў спектакль, зразумела, акупіць сябе.

Н. Ламановіч. Наогул, калі гораду патрэбен дзіцячы тэатр-студыя, павінны быць і сродкі на яго. Каб мастак увесь час не думаў, укладзецца ён у пэўную суму грошай ці не. Гэта па-першае. А па-другое, вельмі хацелася б, каб тэлебачанне запісала спектакль "Пітэр Пэн". Бо гэта сапраўды ўнікальны вопыт. Ва ўсёй краіне ў яго няма аналагаў.

Н. Кульган. Абмяркоўваючы мюзікл "Пітэр Пэн", мы зусім забылі згадаць два зусім новыя балеты – "Тры парсючкі" на музыку Кібіравай і "Фіеста" на музыку "Іспанскага капрычыо" Рымскага-Корсакава. 

Теафіль Гацье піcаў у свой час, што лібрэта зневажае балет. Калі я глядзела спектакль "Тры парсючкі", пастаўлены балетмайстрам з Алма-Аты Тляўбаевым, усё, што адбываецца на сцэне, было зразумела і без лібрэта. Вельмі важная якасць менавіта дзіцячага балетнага спектакля!

"Тры парсючкі" мне вельмі спадабаліся сваёй дынамічнасцю, непасрэднасцю. Калі дзеянне пераносілася ў залу, маленькія гледачы сапраўды захапляліся ўсім. Цікавыя сцэнаграфія і работа мастака па касцюмах. Арыгінальная вопратка Вожыка, вельмі прыгожыя касцюмы Матылёў. Мастак па касцюмах быў у Мінску ўсяго сем дзён, а камбінат усё паспеў выканаць.

А. Яфрэмаў. Сапраўды, "Тры парсючкі" – зусім свежы спектакль, пастаўлены ўсяго за тыдзень. Да першых паказаў нават праграмкі не пacпeлі надрукаваць. Але аўтаматычны перанос балета з адной сцэны на другую спараджае шэраг пытанняў. Напрыклад, не зразумела, што робяць Мурашы, чым яны займаюцца?

Н. Кульган. Чаму? Мурашы дапамагаюць пабудаваць дамок для парсючкоў. Я лічу, што ўсё зразумела.

А. Яфрэмаў. Цытаты з "Танца маленькіх лебедзяў" успрыме падрыхтаваны глядач, а дзецям гэта трэба тлумачыць. А ўвогуле балет цікавы. Ён "нешматлюдны" – усяго 10–12 выканаўцаў. Таму "Трох парсючкоў" можна смела выкарыстоўваць як выязны спектакль.

Н. Кульган. У тэатры ідзе яшчэ адзін дзіцячы балет – "Чыпаліна" К. Хачатурана, адна з лепшых пастановак Маёрава. Спектакль заўсёды карыстаецца поспехам, але ён крыху эклектычны па музыцы і па харэаграфіі, бо пабудаваны на спалучэнні розных музычных і харэаграфічных стыляў. У гэтым сэнсе "Тры парсючкі" выглядаюць больш цэласным творам. Гэты балет адрасаваны зусім маленькаму гледачу, на яго можна павесці нават і трохгадовае дзіця, а "Чыпаліна" – для крыху старэйшай аўдыторыі. Наогул можна толькі радавацца, што ў нас ёсць харэаграфічныя творы, разлічаныя на розны дзіцячы ўзрост.

І яшчэ колькі слоў пра канцэрт харэаграфічнага вучылішча і "Фіесту", пастаўленую вядомай характарнай танцоўшчыцай, колішняй салісткай Вялікага тэатра Трамбавельскай. Раней вясной, адзін ці два разы ў годзе, вучылішча паказвала традыцыйныя справаздачныя канцэрты. Яны выклікалі, мякка кажучы, супярэчлівае ўражанне. Дзеці хвалююцца, яны скаваныя, баяцца сцэны, бо ў іх няма вопыту, практыкі. Цяпер канцэрты вучылішча адбываюцца штомесячна. Спадзяюся, што гэта стане добрай традыцыяй.

"Фіеста", па сутнасці, першы "паўнаметражны" спектакль нашай харэаграфічнай школы. Абрана цікавая, маляўнічая музыка, у якой дадзены характарыстыкі ўсіх народаў, якія насяляюць важнейшыя рэгіёны Іcпaніі. Гэта баскі, арагонцы, маўрытанцы і андалузцы. Галоўнае дасягненне харэографа ў тым, што ўсе чатыры музычныя тэмы ўвасоблены ў пластыцы, хоць, на маю думку, тры любоўныя дуэты для аднаго спектакля, да таго ж не вельмі працяглага, – гэта занадта.

Найбольш яскрава ўвасоблены ў "Фіecце" андалузскі танец. А характарыстыка баскаў – гэта хутчэй замалёўкі. Наогул будучыя артысты здолелі перадаць у сваім танцы святочнасць "Фіесты", яркасць тэатральнага дзейства. Менавіта таму зала ўспрымае гэты балет цудоўна.

А. Яфрэмаў. Канцэрт вучылішча пераканаў мяне, што яно мае выканаўцаў для таго, каб ставіць дзіцячыя спектаклі. Збіраюся пагаварыць пра гэта з мастацкім кіраўніком вучылішча Кларай Мікалаеўнай Малышавай. Спектаклі вучылішча маглі б неяк кампенсаваць недахоп твораў дзіцячага рэпертуару на акадэмічнай сцэне. Пад сілу юным артыстам быў бы, напрыклад, балет "Доктар Айбаліт" Марозава. Памятаю, якім поспехам карыстаўся ў свой час гэты спектакль нашага тэатра, якое актыўнае было суперажыванне, якая непасрэдная глядацкая рэакцыя!

Я перакананы: нам абавязкова трэба выпускаць асобную афішу дзіцячых спектакляў, што паказваюцца ў Мінску. Гэта настройвае на пэўны лад і бацькоў, і дзяцей, прывучае сачыць за прэм'ерамі, падказвае гледачу, якіх спектакляў ён яшчэ не бачыў.

Н. Кузняцова. На нашым "круглым стале" неаднаразова закраналася такое пытанне, як пошук новых форм сувязей тэатра з гледачом. Таму я хацела б крыху расказаць пра цікавае пачынанне опернага тэатра цыкл "У оперу – ўсёй сям'ёй". Ініцыятыва належыць галоўнаму дырыжору Aнісімаву і галоўнаму рэжысёру Цюпе. Было задумана, каб спектаклі цыкла адбываліся абавязкова ў суботу ці нядзелю, калі прасцей сям'ёй выбрацца ў тэатр. Пачатак – не ў сем гадзін вечара, а ў шэсць.

А. Яфрэмаў. У дзіцячым тэатры Наталлі Сац прадстаўленні наогул пачынаюцца ў пяць гадзін.

Н. Кузняцова. Адміністрацыя хвалявалася, ці не будуць гледачы спазняцца. Высветлілася, што не. Выбралі пяць спектакляў, твораў высокамастацкіх, пераважна класіку. У студзені адбыўся першы спектакль – "Дзікае паляванне..." Солтана, у лютым – "Пітэр Пэн" Будзько, у сакавіку – "Яўгеній Анегін" Чайкоўскага, потым – "Кармэн" Бізэ і "Чарадзейная флейта" Моцарта. У час спектакляў назіралі, ці сапраўды да нас прыходзяць сем'і? Часцей назіралі такую карціну: маці з дзіцем, або тата з дзіцем, або маці з двума малымі. Інакш кажучы, сям'я, але не ў поўным складзе.

У якасці гаспадыні, якая прымае сям'ю, мы запрасілі Іну Зубрыч, вопытнага музыказнаўцу, які добра адчувае аўдыторыю. Яе каментарый уключаў інфармацыю пра кампазітара, пра ўласна твор, пастановачныя праблемы.

Адмаўляцца ад задуманага цыкла тэатр не збіраецца. Задумваем аналагічны цыкл для студэнцтва. Істотны момант: будзем адстойваць ранейшыя, досыць танныя цэны на білеты для спектакляў цыкла. Ёсць яшчэ адна задума – 27 сакавіка, у Міжнародны дзень тэатра, паказваць бясплатны спектакль. Як гэта робіцца ва ўсім цывілізаваным свеце і, на жаль, не робіцца ў нашай краіне.

А. Ладыгіна. А вы не спрабавалі ўключыць у цыкл "Усёй сям'ёй у оперу" дзіцячыя спектаклі?

Н. Кузняцова. Цалкам дзіцячы спектакль "Пітэр Пэн".

А. Ладыгіна. Мо, варта было б задумаць два такія цыклы – для сям'і з зусім маленькімі дзецьмі і дзецьмі старэйшымі, па сутнасці, падлеткамі?

Н. Кузняцова. Асноўная цяжкасць у падборы спектакляў. Рэпертуарная афіша не дае поўнага набору твораў для дзяцей рознага ўзросту.

А. Ладыгіна. А ад абанементаў вы вырашылі канчаткова адмовіцца?

Н. Кузняцова. Разумееце, абанементная сістэма ў нечым непаўнацэнная. Яна прадугледжвае навязванне слухачу пэўнага твора. А калі чалавек гэты спектакль ужо бачыў? Опера "ў нагрузку" – заганная практыка. А цыкл прадугледжвае поўную свабоду. Калі цыкл зацікавіць гледача, ён не прапусціць наступнага спектакля.

Г. Аляксандраў. Слухаючы сваіх калег з Дзіцячага тэатра-студыі, я па-добраму зайздросціў ім, бо яны маюць ужо пэўны вынік. З 1985 года я займаюся праблемай дзіцячага музычнага тэатра. Лічу, што ў сталіцы рэспублікі павінен быць дзіцячы музычны тэатр. У 1987 годзе сіламі студэнтаў музычнага факультэта нашага педінстытута мы падрыхтавалі першы спектакль – "Шапка з вушамі" на музыку Хагакарцяна. Паказвалі яго ў Доме работнікаў мастацтваў, у педінстытуце.

А. Ладыгіна. Выдатны быў спектакль!

Г. Аляксандраў. Шмат гадоў працую ў музычным тэатры, але час падрыхтоўкі паказаў "Шапкі з вушамі" згадваюцца цяпер як самыя цудоўныя і непаўторныя дні майго жыцця. У спектаклі было шмат незвычайнага. Персанажы казкі знаёміліся з дзецьмі-гледачамі, расказвалі, што такое тэатр, як робяцца тэатральныя касцюмы і г.д. Так маленькія слухачы паступова ўваходзілі ў атмасферу тэатральнага відовішча. Адна са студэнтак выступала ў ролі каментатара-музыказнаўцы. За сваю сцэнічную практыку я ніколі не назіраў такой рэакцыі гледачоў, такой шчырасці артыстаў!

Звыш-задачай пастаноўкі было стварыць касцяк, аснову будучага дзіцячага музычнага тэатра. Але не атрымалася. Нас паспяхова задушылі.

А. Ладыгіна. Хоць, памятаю, вам абяцалі тады даць прытулак у будынку Палаца піянераў...

Г. Аляксандраў. Толькі паабяцалі. Адзінай газетай, якая адгукнулася на прэм'еру, была "Настаўніцкая", яна расказала аб нашых праблемах, маральна падтрымала. А больш ніхто. Нарэшце, у кастрычніку 1990 года ўдалося зарэгістраваць Дзіцячы музычны тэатр. Цяпер у яго склад уваходзяць пяцёра акцёраў Тэатра музкамедыі плюс студэнты кансерваторыі, якія адолелі разам са мной шмат перашкод толькі для таго, каб нас фармальна, юрыдычна зарэгістравалі. У нас мноства арганізацыйных, фінансавых праблем. Мы маем вельмі маленькія сродкі для таго, каб запрасіць рэжысёра, мастака. Я з жахам думаю пра тое, што неабходны і камерны склад аркестра... Але, напэўна, самае галоўнае, што ў нашым творчым жыцці няма атмасферы добразычлівасці, імкнення дапамагчы. Таму для вырашэння дробных, мізэрных пытанняў трэба прыкладаць вялікія намагaнні.

І. Каныгін. Свярдлоўскі дзіцячы музычны тэатр таксама з'явіўся на свет насуперак жаданню гарадскіх і абласных улад...

Г. Аляксандраў. Я нядаўна вярнуўся з Ленінграда, дзе адбыўся міжнародны дзіцячы музычны фестываль, прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння Пракоф'ева (летась прайшоў такі ж фестываль, прысвечаны Чайкоўскаму). Уражанні ад гэтага форуму пераканалі мяне, што, паказваючы спектаклі для дзяцей, мы выконваем толькі частку той вялікай, неабходнай работы, якая павінна весціся сістэматычны, мэтанакіравана.

Як гэта робіцца ў Ленінградзе? Там ёсць дзяржаўны Дзіцячы музычны тэатр, ёсць музычны тэатр музычных школ горада і вобласці, а таксама агульнаадукацыйных школ з музычным ухілам. У праграму фестывалю была ўключана навукова-практычная канферэнцыя "Свет дзяцінства ў мастацкай культуры ХХ стагоддзя". У час канферэнцыі паказвалася дзіцячая опера "Беласнежка і сем гномаў", якую выконвалі вучні музычнай школы № 26.

Самае незвычайнае, што дзеці самі піcaлі лібрэта і музыку спектакля. "Беласнежку" паказвалі ў актавай зале музычнай школы. Там непатрэбны былі мікрафоны, адусюль былі добра чутны нямоцныя, але чыстыя дзіцячыя галасы. На спектаклі прысутнічаў увесь Ленінградскі Саюз кампазітараў. У нас так ніколі не бывае. Большасць беларускіх кампазітараў прыходзіць паслухаць толькі ўласны твор, а што робіцца ў калег – іх не цікавіць. А там прызнаныя мэтры займаюцца выхаваннем дзяцей у кампазітарскім плане. Пра спектакль "Беласнежка і сем гномаў" можна расказваць бясконца!

А ў арганізацыі фестывалю прымалі ўдзел і Саюз кампазітараў, і Музычнае таварыства, і Фонд культуры, і аддзяленне Дзіцячага фонду. Ва ўcім гэтым адчуваецца добразычлівае, зацікаўленае стаўленне гарадскіх улад да ўсяго, што адбываецца ў музыцы, тэатры, мастацтве ўвогуле.

І. Каныгін. Я ўважліва слухаў усе папярэднія выступленні. Спадзяюся, што пэўны вопыт, назапашаны Свярдлоўскім музычным тэатрам, дапаможа маім міскім калегам у вырашэнні іх праблем. Але найперш хачу падзякаваць за запрашэнне за "круглы стол", за магчымасць убачыць у Мінску шмат дзіцячых спектакляў. Колькі слоў пра сябе. Па прафеcіі я харэограф. Скончыў Kіeўскае харэаграфічнае вучылішча, праз пэўны час – балетмайстарскі факультэт і быў накіраваны ў Свярдлоўскі тэатр оперы і балета, дзе працаваў балетмайстрам-пастаноўшчыкам дванаццаць гадоў. Не быў задаволены сваей дзейнасцю. У 1988 годзе мы разам з жонкай пайшлі з тэатра і пачалі на сваю рызыку займацца дзіцячым музычным тэатрам – тым, пра што я даўно марыў. Нас згадзіўся фінансаваць Цэнтр НТТМ.

На што абапіраліся? Натуральна, на гаспадарчы разлік. Вырашылі, што неабходны камерны склад трупы, што артысты з музычных тэатраў горада будуць працаваць у нас на дагаворнай аснове. Музычныя творы ставяцца і паказваюцца на розных пляцоўках горада. Кожны спектакль каштаваў нядорага, а паколькі іх было шмат, то імі можна было вap'іpaваць. Так былі пастаўлены "Прыгоды Тома Сойера" Баневіча, "Тэлефон" Меноці і іншыя творы. У тэорыі ўсё было правільна, але высветлілася, што артысты маральна не падрыхтаваныя да такой формы работы. Яны маглі, напрыклад, не прыйсці на спектакль, бо дагавор – паперка і штрафныя санкцыі выкарыстаць няма як. Такім чынам, я пераканаўся, што трэба ствараць уласную трупу.

Цяпер у ёй дзевяць творчых работнікаў. Усяго ў тэатры дваццаць чатыры чалавекі. Мы адразу паклапаціліся пра будучых маленькіх удзельнікаў спектакляў. На працягу 1989–1990 гадоў у нас працавала Дзіцячая тэатральная акадэмія, у якой вучылася 120 дзяцей ва ўзросце ад чатырох да шасці гадоў. З імі займаліся ў самых розных напрамках, не толькі эстэтычным – вакал, танец, але і тэхнічным, паколькі ў тэатра заўсёды ёсць патрэба ў бутафорах, краўцах, майстрах абутку.

А. Саламаха. Дзе адбываюцца вашы спектаклі і як фарміруецца рэпертуар?

І. Каныгін. Спачатку наш тэатр уяўляў сабою звонку напаўразбураную драўляную будыніну пачатку стагоддзя агульнай плошчай каля 300 м. Амаль паўгода мы яго рамантавалі, правялі ацяпленне, каналізацыю. Зала змяшчае да 200 чалааек. За кулісамі ёсць два-тры артыстычныя пакоі.

Мы выпускаем уласную афішу. На ёй дванаццаць назваў. Гэта – "Гісторыя ката Філафея" паводле Брытэна, "Пабадзяемся па Лімпапо" Цеслюкевіч. "Небыліцы ў асобах" Самарынай – спектакль, адрасаваны дзецям 3-4 гадоў. Ён цікавы тым, што тут дзейнічае тэатральная бабуля, якая, па сутнасці, выконвае ролю музыказнаўцы. Ёсць у нашым рэпертуары шэраг тэатральна-музычных кампазіцый паводле класічных опер, яны адрасаваны перш за ўсё падлеткам. Гэта "Бессмяротныя закаханыя" – паводле "Рамэо і Джульетты" Гуно, "Гэтыя тры карты" – паводле "Пікавай дамы" Чайкоўскага і "Хто ты, цудоўная цыганка?" – паводле оперы "Кармэн" Бізэ. Кампазіцыі выконваюцца пад акампанемент фартэпіяна, дзіцячыя спектаклі – пад фанаграму, вакал – "жывы".

Нашы спектаклі доўжацца ад 35 хвілін да паўтары гадзіны. Кошт білетаў ад рубля да 70 капеек. Даем 24-27 спектакляў у месяц. Асабліва інтэнсіўна тэатр працуе ў час школьных канікулаў, у выхадныя дні. У суботу і нядзелю даем па тры спектаклі.

А. Ладыгіна. А хто цяпер вас фінансуе? Гэта заўсёды балючае пытанне для маладых калектываў.

І. Каныгін. Ужо другі сезон мы стаім на ўласных нагах. Скажам так, самаспонсары. Мы заснавалі малое прадпрыемства, якое вырабляе хуткаскладальную асвятляльную апаратуру. Першая пробная партыя яе разышлася імгненна. Увесь прыбытак ад малога прадпрыемства ідзе тэатру. Паміж спонсарам і тым, каго фінансуюць, раней ці пазней узнікаюць спрэчкі і непаразуменні. Маўляў, чаму мы вас павінны карміць і аддаваць вам уласны прыбытак?.. А паколькі я адначасова кіраўнік і тэатра, і малога прадпрыемства, дык ніякіх спрэчак і канфліктаў няма (агульны смех і апладысменты).

На маю думку, калі цяжка працаваць – гэта і ёсць нармальны стан існавання тэатра. Творчасць мала стасуецца з цяплом, утульнасцю, мяккасцю. У рэжысёра і артыстаў павінна быць апантанасць, пэўная злосць: усё роўна мы зробім, пераканаем! Што да пастаноўкі дзіцячых спектакляў, дык лічу, што ўcіх артыстаў, рэжысёраў, мастакоў, якія працуюць з дзецьмі ці для дзяцей, трэба адзначаць медалямі. Такая гэта складаная і высакародная праца...

Таццяна МУШЫНСКАЯ. 
Мастацтва Беларусі. – 1991. – № 7.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: