Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У пошуках прадмета для любові (1991 г., Літаратура і мастацтва)

У пошуках прадмета для любові (1991 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У ПОШУКАХ ПРАДМЕТА ДЛЯ ЛЮБОВІ

"А народу ў зале мала-мала. Хоць і прэм'ера. – Дык, можа, гэта сведчанне элітарнасці спектакля? – Не думаю. – Значыць, людзі зусім адвярнуліся ад мастацтва... – Ну, не скажыце! Людзі – не адвярнуліся".

Гэта не "з размовы на аўтобусным прыпынку". Навошта хітраваць? Гэтую "размову" я прыдумала. Прыдумала, наслухаўшыся рэплік знаёмых і не знаёмых мне гледачоў новага спектакля Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі БССР. Праўда, у дачыненні да публікі, што гуртавалася на правым флангу партэра ў той вечар, больш пасавала азначэнне "сведкі спектакля". Іх, дакладней, нас – знаўцаў музыкі, тэатра, крытыкаў – запрасілі быць сведкамі. Чаго іменна – правалу стваральнікаў спектакля, часовай няўдачы тэатра, прынцыповага дасягнення аўтараў і трыумфу трупы, – мы мусілі вырашыць самі. Каб потым, сабраўшыся ў гасцёўні СТД, на аснове сумарнага выніку сваіх спрэчак дамовіцца: палюбіць ці не палюбіць новую работу тэатра...

Цяпер – без іроніі. Прэм'еру "Калі заспявае певень" чакалі, пэўна, і тыя, хто яшчэ марыць пра цуд, здатны змяніць сённяшняе аблічча нашага тэатра музкамедыі, і тыя, хто на цуд не спадзяецца. Мастакоўскія магчымасці стваральнікаў спектакля – кожнага паасобку – быццам бы вядомыя ў музычных, тэатральных колах, усё ж не дазвалялі прагназіраваць вынік сатворчасці, бо кампазітар-песеннік А. Чыркун, драматург Г. Марчук, аўтар вершаў М. Федзюковіч, дырыжор С. Бурак, рэжысёр В. Катавіцкі ды мастак З. Марголін разам працавалі ўпершыню. Стваралі музычную камедыю па матывах беларускага фальклору. Сёння – і асабліва пасля абмеркавання, якое адбылося-такі за "круглым сталом", – дэбютанты, відаць, і самі разумеюць: цуд у іх не атрымаўся.

Апынуўшыся "твар у твар" са спектаклем, рэпутацыя якога пачала складвацца зусім не з кампліментарных чутак, я адразу наважылася вышукваць на гэтым "твары" якую-небудзь сімпатыю – за што захацелася б спектаклю паспагадаць, палюбіць яго, ахоўваць ад крытычных стрэлаў. У час, калі парушана экалагічная гармонія, калі не толькі ў азонавым пласце атмасферы, а і ў палях добрай, станоўчай энергіі з'яўляюцца новыя "дзіркі", можа, лепш увогуле не турбаваць паветра рэзкімі крытычнымі словамі?..

Я замілавана ўглядалася ў работу сцэнографа, знаходзячы ў ёй матывы наіўнага жывапісу вясковых маляванак: лубочная яблыня са спакуслівымі "пладамі пазнання"; муляжы свінні ды каровы, грубавата-ружовай расфарбоўкі – ну, рыхтык кроў з малаком, гэткі вясковы сімвал здароўя! А гордая пастава бутафорскага каня (конь пана суддзі!), які ў нейкім сэнсе выканаў функцыю свайго далёкага траянскага папярэдніка...

Я знаёмілася з персанажамі, што абжывалі прастору вакол дзвюх стылізаваных хацінак-суседак, нібы злучаных у адно агульным дахам. Любяцца-кахаюцца суседскія дзеці – Кацярынка ды Паўлік. Якія яны маладыя, абаяльныя, наіўныя! У Кацярынкі бацькі заможныя, маці суровая. У Паўліка толькі бацька-бядак, які любіць зазірнуць разам з суседам да карчмара. А вось прыдуркаваты пан Таўкачык у бабскім капелюшы ды крацястых штанах: гэты заляцаецца да Кацярынкі, і памагчы яму бярэцца манах-прыблуда, ласы на курэй. Яшчэ адна прыдуркаватая персона – дачка карчмара Домна, саперніца Кацярынкі. Суддзя з жонкай таксама ўкручваюцца ў немудрагелісты сюжэт са шчаслівай традыцыйнай развязкай: вяселле, ды не адно!

Шчыра настроіўшыся на пошук у спектаклі прадмета для любові, я раптам адчула, што пад уплывам так званых аўдыёвізуальных уражанняў мае пошукі слізгаюць з вызначанага курсу ўбок і, мяняючы кірунак, вядуць да нярадасных знаходак. Прымітывізм як свядома абраны мастацкі стыль тут мяжуе з прымітывам. Тэмпарытм дзеяння нагадвае гучанне пласцінкі, што круціцца з удвая замаруджанай хуткасцю. Быццам усё ідзе па нотах, але парушаецца адчуванне часу, дэфармуецца інтанацыя. Узнікае, скажу так, пабочны гумарыстычны эфект, бо лубочнае прадстаўленне амаль вымушана жыць па законах псіхалагічнага тэатра.

Не пашчасціла мне ў пошуках. Да ўсяго шакіравала маўленне манаха: выканаўца ролі, цудоўны акцёр, здатны знайсці трапную моўна-інтанацыйную характарыстыку сваім героям і ў класічных аперэтах, і ў мюзіклах, тут раптам выдаў ці не пародыю на вядомага папанаўскага героя з "Брыльянтавай рукі", на яго неверагодную арфаэпію. Увогуле ў той вечар у залу шчодра сыпалася: "пішчотна", "если", "свэдкі"...

...Прайшоў спектакль. Адшумела яго цяжкае працяглае абгаварэнне. Пракруцілася магнітная стужка, узнаўляючы галасы ўдзельнікаў гаворкі – абураныя і не вельмі, сярдзітыя, перакананыя і не вельмі, "пішчотныя" і не вельмі... (Вось вам і доказ, што людзі ад мастацтва не адвярнуліся).

Кампазітар распавядаў пра намеры стварыць нацыянальны спектакль, набліжаны да фальклору, нібы ў працяг "Паўлінкі" Ю. Семянякі, "Несцеркі" Р. Суруса.

Акцёры гаварылі пра другаснасць у сюжэце новай рэчы, заснаванай на байках, пра сваё – нягледзячы ні на што – старанне абараніць гонар тэатра і адпрацаваць як мага лепш. Успаміналі, што перад кожным паказам "Паўлінкі" была тэкставая рэпетыцыя, што раней да беларускіх спектакляў у тэатры ставіліся сур'ёзна, а сёння інакш, хаця многія артысты ўпершыню працуюць у беларускамоўнай п'есе. Зрэшты, гэта ўнутраная справа акцёраў, якія самі прызнаюцца, што хутчэй можна недайграць, недаспяваць, а вось гаварыць на сцэне яны абавязаны бездакорна.

Лейтматывам гучала настальгія па забытай "Паўлінцы", якая магла б зрабіцца візітоўкай тэатра. Крытыкаў увогуле не парадавала перагуканне п'есы "Калі заспявае певень" з сюжэтнымі ходамі "Паўлінкі", тым больш што стваральнікі "Пеўня" не здолелі зрабіць твор цікавейшы за Купалаў.

"Новы спектакль можа спарадзіць у публікі, даруйце, негатыўнае ўяўленне: маўляў, беларускае – значыць кепскае", – устрывожылася А. Саламаха. А доктар А. Сабалеўскі разважыў: "Да п'есы Марчука можа быць колькі заўгодна прэтэнзій. Паўплывалі на яе і Купала, і "Несцерка", і Чарот ды Далецкія, і Каганец. Драмадзельства ў п'есе адчуваецца, хоць аўтар можа пісаць і рэчы "чыстай вады". Разам з тым спектакль мае права быць у рэпертуары, зойме сваё месца. Тут ёсць добрае прачытанне самой п'есы, і рэжысёрам, і мастаком – адкрыта лубочнае, адкрыта гратэскавае. Вельмі значная работа ў С. Якавец (Кацярынка). Іншыя акцёры – В. Фаменка, К. Лосеў, В. Бажэнаў, А. Ранцанц, А. Кузьмін, Э. Крайнікава, – усе ігралі з энтузіязмам, з добрай доляй хуліганства".

Марнасць пытання "што лепей – старое ці новае?" даводзіла музыказнаўца Р. Аладава: "Хай сітуацыі будуць кананічныя, але мае быць сучасная ідэя. Сама п'еса не вымагала нейкай музычнай драматургіі. I тое, што атрымалася ў музыцы, – гэта ілюстрацыя, у якой ёсць удачы (фінал I акта, заключны шлягер). Эстэтыка музыкі на ўзроўні эстраднай песні 60-х гадоў. Аркестр глушыць салістаў. Не ўяўляю сабе ў культурным спектаклі такі "рэстаранны" аркестр. Спектакль няўдалы, хоць за тое-сёе можна было і зачапіцца ў добрым сэнсе: часам здавалася, што ёсць калектыў, здатны ўвасобіць беларускі твор..."

Больш катэгарычна выказаўся В. Каратай: "Не магу нават сказаць дзякуй за спробу – гэта не крок наперад і нават не таптанне на месцы. Музыка распадаецца на паасобныя кавалачкі, не вельмі яркія. П'еса распадаецца на рэпрызы, жарты... Самы яркі момант – сцэнаграфія, у якой ёсць адыход ад побытавага беларускага этнаграфізму. Акцёры працуюць кожны ў меру сваіх сіл. Але ёсць моўныя неахайнасці... У вялікім мастацтве апраўданняў не прымаецца!"

Апраўданні, вядома, розныя бываюць. I я не буду "пракручваць" зараз тое, што даводзілі самыя баявітыя стваральнікі спектакля, якія занялі не абарончую, а наступальную пазіцыю ў дачыненні да крытыкі. А вось на словах дырыжора С. Бурака ўвагу чытача затрымаю: "У аркестры жудаснае становішча. Музыкантаў сталых няма, уранні рэпеціруюць адны, увечары прыходзяць новыя. Штораз на спектаклі сядзіць у сярэднім 12 "разавікоў".

Гэта ўжо не эмоцыі ў абарону амбіцый. Гэта факты, ад якіх робіцца страшна.

А прадстаўнік Міністэрства культуры, якое хварэе эа лёс спектакля, бо аплачвала п'есу і хадайнічала наконт яе пастаноўкі, тым часам скардзіўся на спантаннасць творчых кантактаў кампазітараў з драматургамі. I ўзважваў набыткі ды хібы спектакля: "З аднаго боку, новая пастаноўка кампенсавала недахоп беларускага рэпертуару, але гэта і крок назад, але і школа, "буквар" для артыстаў. З аднаго боку можам напісаць "мінусы", з другога – столькі ж "плюсаў".

Як жа тут не прычапіцца да слова і не заўважыць, што аднолькавая колькасць плюсаў ды мінусаў у суме дае нуль!!!

"Канечне, гэтым спектаклем мы не раскрылі ўсю гаму пачуццяў, што ёсць у найбагацейшай беларускай культуры. Беларуская культура – гэта не толькі "дуля ды кабак". Але калі не ставіць нават такіх рэчаў, кампазітары ніколі не пойдуць у тэатр, у іх у фаворы застанецца лёгкадаступны песенны жанр. Трэба злучыць намаганні СТД, кампазітарскага ды пісьменніцкага саюзаў, калі мы сапраўды хочам падымаць культуру; шукаць сродкі, а не проста заклікаць: "Давайце мову!" А дарэчы: хоць бы хто з драматургаў, пісьменнікаў прыйшоў па сваёй ініцыятыве – глянуць на новую прэм'еру беларускіх аўтараў?" – гаварыў дырэктар тэатра С. Косцін.

"Спектакль няўдалы. А гледача трэба выхоўваць на лепшых узорах, інакш – мядзведжая паслуга беларускаму мастацтву, культуры, якая і без таго заняпала!" – "Чаму маўчаць кампазітары? Чаму маўчаць крытыкі? Будзем шчырымі: іграць жа нам няма чаго!" – падавалі галасы акцёры.

Знайсці "прадмет для любові" для ўсіх удзельнікаў гаворкі аказалася няпростай задачай...

Пасля абмеркавання я сказала знаёмаму акцёру, засмучонаму застоем у тэатры, адсутнасцю матэрыялу для жывой творчай работы. "Ёсць такі матэрыял. Паводле яго можна зрабіць п'есу для вашага тэатра. Глянь "Запіскі Самсона Самасуя". Парайся з Валодзем Кур'янам: кампазітар з адчуваннем прыроды і законаў тэатра і з пачуццём гумару. Наконт вершаў пагавары з Дранько-Майсюком. Гэта, зразумела, толькі мая фантазія, прапанова экспромтам. Пошук – за вамі, за тэатрам..."

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Літаратура і мастацтва. – 1991. – 27 верас. – С. 10.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: