Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Вось такая "Казка"... (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Вось такая "Казка"... (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

ВОСЬ ТАКАЯ "КАЗКА"...

Летась у лістападзе на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі адбылася прэм'ера спектакля "Асцярожна! Баба Яга!". Яна засведчыла нараджэнне новага тэатральнага калектыву – Дзіцячага музычнага тэатра-студыі "Казка". Яго заснавальнікамі сталі Дзіцячы фонд Беларусі і Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі. Новы тэатр пакуль не мае ні свайго памяшкання, ні моцнай матэрыяльнай базы, і прытуліўся ён пад дахам свайго заснавальніка – тэатра музычнай камедыі. I артысты, якія раней выступалі ў дзіцячым рэпертуары, утварылі акцёрскі касцяк новага калектыву, па-ранейшаму застаючыся артыстамі тэатра музкамедыі (супрацоўнічаюць з "Казкай" на дагаворных асновах, як і некаторыя салісты ДАВТа, і студэнты кансерваторыі). Абавязковыя ўдзельнікі спектакляў – выхаванцы дзіцячай студыі, якая існуе пры новым калектыве.

Арганізатар і мастацкі кіраўнік "Казкі" – дырыжор тэатра музычнай камедыі Глеб Аляксандраў. Думка пра стварэнне дзіцячага музычнага тэатра нарадзілася яшчэ ў 1985 г., калі артысты музкамедыі разам з Г. Аляксандравым былі запрошаны на прагляд спектакля для дзяцей, які падрыхтавалі студэнты музычна-педагагічнага факультэта Мінскага педінстытута. Удзельнікі спектакля былі настолькі здольныя людзі, што захапілі-заахвоцілі і прафесіяналаў, якія не толькі падтрымалі ідэю студэнтаў, а і пачалі супрацоўнічаць з імі, выступаць у школах і дзіцячых садах. Убачыўшы вялікую патрэбу ў такой працы, шчыры водгук маленькіх гледачоў, яны зразумелі, што да мастацтва далучаць трэба змалку: як нельга навучыцца чытаць, не ведаючы алфавіт, так нельга без пэўнага выхавання і падрыхтоўкі разумець вялікае мастацтва, а тым больш – мець духоўную патрэбу ў далучэнні да яго.

I ў Міністэрстве культуры, і ў СТД рэспублікі ідэю Г. Аляксандрава – стварыць дзіцячы музычны тэатр – падтрымлівалі. Тым больш, што ў гэтым плане Беларусь ужо даўно адставала ад сваіх суседзяў: і ў Літве, і ў Эстоніі, і на Украіне, і ў Расіі дзіцячыя музычныя тэатры даўно існуюць. Але дзе ўзяць сродкі на ажыццяўленне ідэі? Разумеючы праблемы фінансавання, Г. Аляксандраў звяртаўся да кіраўнікоў буйных прадпрыемстваў па спонсарскую падтрымку. Толькі дзякуючы настойлівасці і адданасці сваёй ідэі Г. Аляксандраў з групай артыстаў-энтузіястаў дамогся станоўчага выніку. I вось у 1990 г. мінскі дзіцячы музычны тэатр быў зарэгістраваны як юрыдычная асоба. Такім чынам з'явілася магчымасць прыцягнуць спецыялістаў і пачынаць шырокамаштабную работу, бо дагэтуль артысты працавалі (прычым бясплатна) у вольны ад асноўнай працы час, не маючы рэпетыцыйнай залы.

Яшчэ да прызнання калектыву самастойным тэатрам група энтузіястаў на чале з Г. Аляксандравым пачала працу над спектаклем "Стойкі алавяны салдацік". Рэпеціравалі ў вольны час, у выхадныя дні. Пазней да іх далучыліся яшчэ некаторыя акцёры тэатра музкамедыі. Зразумела, пастаноўка "Стойкага алавянага салдаціка" не значылася ў планах тэатра музкамедыі, але калі ўсё было ўжо зроблена, дык яе залічылі ў рэпертуар менавіта тэатра музкамедыі.

Такім чынам, "Казцы" трэба было адзначыць сваё афіцыйнае нараджэнне новай работай. Вырашылі пачаць з увасаблення беларускага твора. Пачалі рыхтавацца да пастаноўкі дзіцячай оперы С. Бельцюкова "Драўляны рыцар". Але, на жаль, па розных прычынах праца над спектаклем прыпынілася. Тады звярнуліся да калег з Санкт-Пецярбурга, у якіх ёсць вялікі вопыт работы з дзіцячым рэпертуарам. Кампазітар С. Плешак і рэжысёр Н. Чэрнікава адгукнуліся на просьбу, і за кароткі час была падрыхтавана прэм'ера "Асцярожна! Баба Яга!", з якой і выйшаў тэатр на сваё ўрачыстае адкрыццё.

Ставіўся гэты спектакль у рэкордна кароткі тэрмін да таго ж па аб'ектыўных прычынах іграецца ён пад фанаграму, – таму, пры строгай ацэнцы, можна знайсці ў ім і не зусім ўдалыя моманты. Але дзякуючы высокаму ўзроўню выканаўцаў і ўдзелу дзяцей глядач ідзе на яго з ахвотай.

Наступны спектакль зноў дапамагалі падрыхтаваць калегі з Пецярбурга. На гэты раз, паверыўшы ў творчы патэнцыял маладога, нікому не вядомага калектыву, згадзіліся супрацоўнічаць з ім прызнаныя не толькі ў нас, але і за мяжой пастаноўшчыкі. Гэта рэжысёр Ю. Аляксандраў і мастак В. Окунеў. Творчыя шляхі абодвух не раз перакрыжоўваліся ў Мінску. У тэатры оперы і балета Беларусі Ю. Аляксандраў ставіў "Дона Паскуале" і "Казкі Гофмана". У гэтым жа тэатры В. Окунеў ажыццявіў сцэнаграфію некалькіх спектакляў. А ў тэатры "Казка" яны ўзяліся за пастаноўку дзіцячай оперы С. Баневіча "Гісторыя Кая і Герды" (паводле Х.-К. Андэрсена, лібрэта Т. Калінінай). Не прайшло і трох месяцаў пасля першай прэм'еры, як адбылася наступная.

Нельга не адзначыць творчы рост калектыву: "Гісторыя Кая і Герды" – спектакль маштабны, з вялікай колькасцю дзейных асоб, багата аформлены. Акрамя салістаў тэатра і выхаванцаў дзіцячай студыі, у ім заняты хор і балет тэатра музкамедыі, а таксама салісты ДАВТа Н. Руднева, I. Ланюк, М. Качаноўскі. Высокая пастановачная культура спектакля. Абапіраючыся на такі прыдатны для творчасці матэрыял, як казачны свет Андэрсена і цудоўная музыка Баневіча, рэжысёр і мастак паказалі дастойны ўзровень сцэнічнага ўвасаблення гэтага матэрыялу.

Ажыццяўляючы сцэнаграфію, В. Окунеў глядзеў на сваю працу з пазіцыі дарослага чалавека, але нібыта дзіцячымі вачамі. У афармленні спектакля ён прытрымліваўся прынцыпу рэалізму, згадваючы свае дзіцячыя ўражанні ад кніжных ілюстрацый, калі тыя кніжкі, дзе малюнкі былі яркія, выразныя, лічыў добрымі, а тыя, дзе малюнкі былі невыразнымі і незразумелымі – дрэннымі. Таму ў афармленні спектакля няма абстрактных сімвалаў, усе элементы дэкарацый выпісаны дэталёва. Многа сумесных з рэжысёрам знаходак: гэта і мігценне паўночнага ззяння, і амаль натуральная завіруха з іскрыстымі сняжынкамі, і нават палёт снежнай каралевы па начным небе... Гэта прываблівае і захапляе маленькіх гледачоў.

Высокі ўзровень пастаноўкі падымае на прыступку вышэй і выканаўцаў. Салісты атрымалі сур'ёзную школу і карысны вопыт працы над опернымі партыямі. Акцёры Л. Казючыц, Л. Лют, А. Арцем'еў, В. Барухін, В. Міціна працуюць нароўні з опернымі артыстамі. Заўважаецца творчы рост і аркестра, які дасюль вопыту працы над операй не меў. Тым не менш, аркестр у сваім звычайным складзе (толькі некалькі музыкантаў запрошаны з іншых калектываў) справіўся з нялёгкай для сябе работай. Думаю, заслуга ў гэтым перш за ўсё дырыжора Г. Аляксандрава.

Супрацоўніцтва з пецярбургскімі калегамі дало свой плён. У іх пераняты немалы вопыт. Але мастацкі кіраўнік "Казкі" памятае пра сваю першапачатковую задуму – паставіць беларускі твор. "Драўляны рыцар" С. Бельцюкова неўзабаве будзе ўвасоблены на сцэне, і да гэтай прэм'еры тэатр ставіцца з асаблівай адказнасцю. Супрацоўнічаць з дзіцячым тэатрам згадзіўся і кампазітар I. Лучанок.

I яшчэ адзін факт, які сведчыць пра перспектыўнасць справы, распачатай новым калектывам. Зацікавіўшыся ім, на абедзве прэм'еры прыязджаў англійскі тэатральны менеджэр Нік Уінтэр, прычым, апошнім разам ён прыехаў з англійскім кампазітарам Дарлам Рансуікам. Прызнаўшы творчы калектыў тэатра цікавым і шматабяцальным, Рансуік пажадаў супрацоўнічаць з ім. Маючы ў сваім распараджэнні спрактыкаванага менеджэра, у кароткі тэрмін удалося ажыццявіць гэту задуму – паставіць спектакль "Чараўнік". Гэта твор своеасаблівы, бо дзеці тут не толькі выканаўцы, але і паўнапраўныя стваральнікі. Рансуік напісаў музыку пралога і эпілога, а ўсе 6 сцэн дзеі прыдумалі самі дзеці – ад музыкі да сцэнаграфіі, звяртаючыся да скарбніц беларускай музыкі, складаючы вершы, ствараючы эскізы дэкарацый да касцюмаў. Рэжысёр В. Цюпа такім чынам кіраваў гэтай стыхіяй, каб глядач мог пабачыць менавіта дзіцячую творчасць. Бо такая задума і кампазітара. Адзіную "дарослую" ролю выконвае заслужаны артыст рэспублікі Г. Казлоў.

Вось такі ў агульных рысах творчы кірунак Дзіцячага музычнага тэатра "Казка". Шкада толькі, што яго мастацкаму кіраўніку даводзіцца багата часу адрываць ад творчых спраў для ўзгаднення розных арганізацыйных і адміністрацыйна-гаспадарчых пытанняў, бо адміністратара ў штаце пакуль няма...

Пажадаем жа маладому калектыву справіцца з часовымі цяжкасцямі, умацаваць свой поспех, зведаць творчы рост і парадаваць юных гледачоў новымі прэм'ерамі.

Зоя ЛЫСЕНКА.
Літаратура і мастацтва. – 1992. – 17 крас. – С. 10–11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: