« Назад
КАЛІ ЗМОЎКНЕ ПЕВЕНЬ?!
Сумна-злосныя нататкі з нагоды прэм'еры ў Тэатры музычнай камедыі Беларусі
Калі аўтарка гэтых радкоў прыйшла ў Тэатр музычнай камедыі на прэм'еру спектакля "Калі заспявае певень", дык высветлілася, што дома забыты чэпчык, загадзя падрыхтаваны для таго, каб падкідаць яго ўверх і крычаць "ура". Бо тэатр у асобе драматурга Г. Марчука, кампазітара А. Чыркуна, а таксама ўсіх артыстаў "не на словах, а на справе", нарэшце, далучыўся да "ідэі нацыянальнага адраджэння". Менавіта так, захлынаючыся ад захаплення, пісаў у сваёй рэцэнзіі на гэты спектакль крытык В. Салаўёў. А як жа! Аўтар – беларускі кампазітар, п'еса на беларускай мове, сюжэт – з беларускага фальклору. Патрэбны спектакль, адным словам. Традыцыі нацыянальныя адраджае, беларускую афішу папаўняе, а таксама дэманструе "плённасць і смеласць кіраўніцтва тэатра і акцёраў".
Чэпчык, аднак, не спатрэбіўся – падкачаў крыху спектакль, што зробіш! Пасля ўсяго ўбачанага захацелася проста моўчкі пайсці і ніколі больш не вяртацца ў гэты шматпакутны тэатр. Бо спектакль выклікае толькі пачуццё недаўмення, шкадавання і дае падставу думаць, што, прыкрываючыся значнасцю тэмы, тэатр проста спекулюе на ідэі нацыянальнага адраджэння.
Ва ўбогім лібрэта, зусім не саромеючыся відавочнага плагіяту, драматург Г. Марчук адкрыта запазычвае сюжэтныя матывы камедый "Паўлінка" і "Несцерка", якія былі пастаўлены на сцэне тэатра значна раней. Пры гэтым аўтар увёў у тэкст сваёй п'есы немалую колькасць так званых "фальклорных анекдотаў", на жаль, з вельмі доўгімі бародамі, чым прынёс нямала прыемных хвілін масцітым музыказнаўцам Р. і А.: жадаючы пацешыцца, яны падлічвалі анекдоты і згадвалі драматурга суровым, няласкавым словам.
У параўнанні з "Паўлінкай" і "Несцеркам", дзе таксама жывуць і дзейнічаюць на сцэне персанажы беларускага фальклору, лібрэта "Пеўня" другаснае, яно выглядае спрошчаным варыянтам лібрэта гэтых спектакляў і па сваім мастацкім узроўні саступае ім. Персанажы камедыі Г. Марчука здаюцца ўмоўнымі, пазбаўленымі натуральнасці. Характары герояў не развіваюцца, а іх саміх драматург уціскае ў межы стэрэатыпных амплуа: Манах – ханжа, Суддзя – хабарнік, Паўлік і Кацярына – закаханыя, Таўкачык – няўдалы жаніх і г. д. Унутраны змест вобразаў застаецца нязменным на працягу ўсяго спектакля, што відавочна зніжае яго дынаміку. На мой погляд, лібрэта Г. Марчука не адпавядае і заяўленаму жанру – "народная музычная камедыя", якая, як і кожная камедыя, прадугледжвае дасціпную і заблытаную інтрыгу, нечаканыя сюжэтныя павароты, жарты, гумар, імклівы тэмп драматургічнага развіцця. Усё гэта цалкам ігнаруецца аўтарам. Таму ўзнікае парадаксальная сітуацыя: глядач, які прыйшоў у тэатр глядзець камедыю, замест таго каб смяяцца ўдаламу жарту ці дасціпна сказанаму слову, сумуе і чакае канца спектакля, у які артысты, хто як можа, стараюцца ўдыхнуць жыццё.
Кампазітар А. Чыркун напісаў музыку, з якой не змаглі зладзіць не толькі спевакі, але і сам маэстра С. Бурак. Бязладнае гучанне аркестра літаральна рэжа слых. Можа, музыка А. Чыркуна занадта складаная ці, наадварот, занадта прымітыўная для аркестра тэатра? Ва ўсякім разе "сабраць" аркестр дырыжору пакуль што не ўдаецца. Як і прымусіць салістаў пець у ансамблі з аркестрам. На абмеркаванні спектакля ішла гаворка пра дынамічную перагрузку партытуры, што прымушае артыстаў працаваць у "шкодным галасавым рэжыме". Я ж, наадварот, лічу, што партытура А. Чыркуна дапамагае спевакам знаходзіцца ў ашчадным галасавым рэжыме: стаміўшыся ад змагання з музыкай кампазітара, яны, як я разумею, спяваюць цяпер напаўголаса, бо ні тэксту, ні саміх галасоў усё роўна амаль не чутно на фоне шчыльнага аркестравага гучання. (Тут, праўда, варта яшчэ раз нагадаць пра недахопы акустыкі залы тэатра аперэты і неабходнасці "падгучваць" сцэну мікрафонамі, чаго, дарэчы, няма ў "Пеўні").
Музыка да спектакля – першая работа А. Чыркуна ў жанры музычнай камедыі, таму ставіцца да яе трэба з некаторай паблажлівасцю, тым больш, што там ёсць удалыя фрагменты, напрыклад, песня Кацярыны ў 1-ай дзеі – музыка, эмацыянальна афарбаваная, але зноў-такі вельмі нязручная з пункту гледжання вакалу. Можна пахваліць кампазітара і за фінал 2-ой дзеі – ансамблевую сцэну, у якой удзельнічаюць усе героі спектакля. Кожны з іх, па чарзе ўступаючы, спявае свой куплет песні, тэкст якой так і застаецца "рэччу ў сабе" ("ашчадны рэжым"? кепская акустыка?). Але вось мелодыя гэтай песні вельмі добрая – простая, выразная, яна лёгка запамінаецца, можа, таму, што паўтараецца 7 ці 8 разоў, па колькасці ўдзельнікаў. I тым не менш – прыемная музыка. Адна толькі заўвага: гэтая мелодыя напісана А. Чыркуном значна раней і ўяўляе сабою не што іншае, як песню "Сена маладое"... Шкада, што больш нічога, такога ж арыгінальнага і новага кампазітару прыдумаць не ўдалося.
Увогуле ж музыка "Пеўня" дастаткова прымітыўная і аднастайная, нягледзячы на захаванне некаторых неабходных атрыбутаў музычнага развіцця (меладычная роднаснасць тэм, прынцып інтанацыйнага прарастання і г. д.).
Перад рэжысёрам В. Катавіцкім стаяла цяжкая задача – ажывіць гэты грувасткі, няўклюдны матэрыял. Але, як вядома, з нічога і атрымаецца нічога, хаця асобныя мізансцэны пабудаваны рэжысёрам з фантазіяй і гумарам.
Смешнага ў спектаклі, праўда, вельмі мала. I асабліва не да смеху робіцца, калі чуеш так званую беларускую гаворку артыстаў, якія вымаўляюць словы што да беларускай мовы маюць вельмі ўскоснае дачыненне ("выспаВся", "цябЭ", "занЭсла", "мазгоВ", "гОлОва бОлЫць", "Чи" – замест "ці", выбЭруць" і г. д., пералічваць можна бясконца). На гэтай мешаніне з рускай, украінскай і кепскай беларускай моваў размаўляюць у спектаклі Л. Шаўчэнка, А. Арцем'еў, заслужаны артыст Украіны А. Ранцанц і іншыя. На беларускай яны гавораць як чужаземцы на рускай.
А ўвогуле ўсе артысты працуюць на сцэне добрасумленна, старанна – С. Якавец (Кацярына), В. Шабуня (Паўлік), В. Бажэнаў (Таўкачык), А. Крайнікава (Тэкля) і інш. Але на агульным бляклым фоне іх імкненне трымацца на прафесійным узроўні застаецца нерэалізаваным, бо немагчыма быць арганічным унутры неарганічнага спектакля. Мне шкада В. Міціну (Домна), якую лібрэтыст і рэжысёр прымушаюць гаўкаць на сцэне; мне крыўдна бачыць А. Ранцанца, які літаральна выціскае смех з глядацкай залы і робіць гэта з відавочным пераборам. А некалі гэты таленавіты і паважаны мною артыст іграў Прысыпкіна ў "Клапе" – ролю, на мой погляд, выдатную па свайму выкананню. Дык няўжо ён не адчувае той велізарнай дыстанцыі, якая раздзяляе гэтыя яго дзве работы? Няўжо не адчувае руху назад?..
Мне сумна назіраць, як некаторыя артысты і аркестранты пасля спектакля аблегчана ўздыхаюць:
– Ну, дзякуй Богу, нарэшце, скончыўся ўвесь гэты сорам!
Я ведаю, што творцы, мякка кажучы, не любяць крытыкаў. Выказваючы пэўнае меркаванне пра спектакль "Калі заспявае певень", я зусім не адмаўляю сваёй павагі да працы акцёраў і рэжысёраў увогуле. Праца ёсць праца, нават калі да пэўнага спектакля ці ролі душа не ляжыць. Але калі людзям сорамна выходзіць на сцэну, удзельнічаць у спектаклі, значыць, такая работа і такі спектакль нікому не патрэбны – ні артыстам, ні рэжысёру, ні гледачу.
Напісаўшы ўсё гэта, я міжволі задаю пытанне: куды глядзеў мастацкі савет тэатра, калі прымаў дадзены спектакль да пастаноўкі? Бо многія артысты былі катэгарычна супраць, загадзя ведаючы што гэта будзе мёртванароджанае дзіця. Але спектакль фінансавала Міністэрства культуры, гэта быў дзяржаўны заказ, што і вырашыла ўсе мастацкія праблемы, нягледзячы на тое, што за актуальнасцю тэмы, прапанаванай Г. Марчуком і А. Чыркуном, немагчыма было не адчуць відавочнай халтуры, і відавочнай неадпаведнасці высокім мэтам і задачам.
Згодна, дзяржаўныя заказы патрэбныя. Але пытанне ў тым, якія яны. Дык ці не час тэатру, нарэшце, падумаць аб праблеме мастацкага адбору спектакляў і не браць у работу навязаныя зверху відавочна слабыя творы, асабліва калі гэта датычыць твораў беларускіх аўтараў? Бо да іх трэба прад'яўляць самы высокі рахунак, без усялякіх скідак на нявопытнасць, маладосць і г. д., бо беларуская афіша – твар тэатра. I ў гэтай сувязі мне, напрыклад, незразумела, чаму лепшыя, найбольш удалыя спектаклі беларускай афішы знікаюць з рэпетуару тэатра, а горшыя застаюцца, Ды ў дадатак з'яўляюцца відавочна другасныя, правальныя. Навошта здымалі "Паўлінку" Ю. Семянякі, якая шмат гадоў была візітнай карткай тэатра? Калі з'явіўся яе сапсаваны, скажоны і, па сутнасці, непатрэбны дубль, свайго роду халасты стрэл – "Певень"?.. Нашто знялі добры, прафесійна моцна зроблены спектакль "Дзяніс Давыдаў" А. Мдывані? Каб пакінуць бездапаможную, вартую жалю (асабліва пасля таго, як у спектаклі перастала іграць Н. Гайда) "Мільянерку" Я. Глебава?
Правал "Пеўня" ўяўляецца мне цалкам заканамерным і на фоне агульнага становішча, якое склалася ў тэатры. Зрабілася ўжо амаль аксіёмай меркаваць пра тое, што беларускі тэатр музычнай камедыі нарадзіўся пад нешчаслівай зоркай. Амаль 21 год з гэтым цяжка спрачацца. Нядаўна аўтар гэтых радкоў знайшла цікавую нататку ў газеце "Советская культура" за 20 ліпеня 1979 года, у якой прачытала наступнае "За гады існавання тэатра (8 гадоў – В. Б.) змянілася 5 дырэктараў, 5 дырыжораў, 3 галоўныя рэжысёры. А быў перыяд, калі ў ім не было ні галоўных, ні чарговых. I карціна цякучасці кадраў уражвае: у 1977 годзе ў калектыў было прынята 87 чалавек (каля паловы штата), звольнілася 73; у 1978-ым прыйшло 59, пайшло 56...".
А вось якая карціна назіралася ў апошнія 3-4 гады. Змяніліся 3 дырэктары, галоўны дырыжор і два галоўныя рэжысёры (цяпер гэтая пасада вакантная). У 1989 годзе ў калектыў прынята 35 чалавек, звольнілася 67 (з іх 20 з творчага складу трупы), у 1990-ым прыйшло 38, пайшло 52 (з іх – 36 чалавек творчага складу).
Лічбы ўражваюць і гавораць самі за сябе. У апошнія гады праблема цякучасці кадраў у тэатры стаіць гэтак жа востра, як і 10-12 гадоў назад. А гэта значыць, што ў ім не створаны неабходныя ўмовы для творчасці, бо занадта доўга тут вырашаліся зусім не творчыя праблемы. Таму казаць пра стабільнасць у працы калектыву, пра яго творчы рост вельмі складана. Аўтарытэт Тэатра музычнай камедыі Беларусі ў музычна-тэатральных колах рэзка пахіснуўся. Магчыма, гэта і дае права беларускім аўтарам ці наогул не працаваць у жанры музычнай камедыі, ці прапаноўваць творы немудрагелістыя, простыя, разлічаныя на абывацельскі густ, на самы нізкі ўзровень інтэлекту?
Такім чынам, няўдача спектакля "Калі заспявае певень" зусім не выпадковая. Гэта адзін з паказчыкаў крызісу тэатра, і стрэлка барометра апусцілася на гэты раз на такі недапушчальна нізкі ўзровень, ніжэй якога ўжо нічога няма.
Тым больш дзіўным здаецца з'яўленне ўзнёслай рэцэнзіі на спектакль крытыка В. Салаўёва. Прачытаўшы яе, мне таксама захацелася тэрмінова зрабіць што-небудзь для беларускай культуры ўслед за Г. Марчуком, А. Чыркуном і В. Катавіцкім, што "паставіў спектакль ва ўдалым ключы, які адпавядае і духу п'есы і стылю музыкі ў мастацкім афармленні З. Марголіна" (разрадка мая – В. Б.). Пакінем на сумленні аўтара гэты і многія іншыя перлы тыпу "характарызуюць характар" і "плённасць і смеласць кіраўніцтва тэатра". Звернем увагу чытача толькі на некаторыя эпітэты, якімі В. Салаўёў шчодра ўзнагароджвае ўдзельнікаў спектакля:
"хочацца павіншаваць і пазайздросціць таленавітасці...", "выдатныя вакальныя дадзеныя...", "яшчэ адна яркая ўдача...", "таленавіта, з зайздроснай фантазіяй...", "выдатна, дасціпна, лёгка...", "у жанры, вельмі мякка, тактоўна, душэўна, можна сказаць, з любоўю..."
"Пра бліскучыя акцёрскія работы... мы ўжо пісалі, – рэзюміруе В. Салаўёў, – паспяховы дэбют кампазітара адзначалі, прафесіяналізм і рэдкае пачуццё камедыі ў аўтара Г. Марчука творча выяўлена, удача рэжысёра В. Катавіцкага несумненная – дальбог, гэтага, пры ўсіх недахопах, дастаткова, каб павіншаваць тэатр з новай работай і пажадаць спектаклю шчаслівага і доўгага жыцця на сцэне".
Усё гэта слоўнае, з дазволу сказаць, нетрыманне, выклікае яшчэ большае раздражненне, чым сам спектакль. Артыкул павесілі ў тэатры літаральна адразу, і найбольш "важныя" моманты яго былі тлуста падкрэслены чырвоным колерам: ухваляюць. I як! У той жа час матэрыялы востракрытычныя, праблемныя, непрадузятыя на ўсеагульны агляд чамусьці, як правіла, не вывешваюць.
Зразумела, кожны чалавек мае права на ўласнае меркаванне. Але нельга ж у рэшце рэшт пераварочваць усё з ног на галаву, называючы белае чорным, а чорнае – белым!
Я вельмі люблю наш тэатр музычнай камедыі і веру ў яго адраджэнне. Зараз для гэтага ёсць аб'ектыўныя і суб'ектыўныя перадумовы. Але менавіта таму я не жадаю спектаклю "Калі заспявае певень" "шчаслівага і доўгага жыцця на сцэне", бо ён і падобныя да яго спектаклі дыскрэдытуюць і жанр увогуле, і наш тэатр і артыстаў у прыватнасці. Ён не варты сцэны Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі. Ці не прасцей замест яго аднавіць забытую чароўную "Паўлінку"?
Усё напісанае мной у гэтым артыкуле прашу лічыць маім асабістым укладам у беларускую нацыянальную культуру. Разважаць пра маю нацыянальную прыналежнасць дазваляю, але сцвярджаю, што гэтая прыналежнасць не з'яўляецца ніякім аргументам у маім актыўным непрыняцці гэтага спектакля. Гэтаксама, як яна не можа быць аргументам у якой-небудзь спрэчцы ўвогуле.
Вольга БРЫЛОН. Мастацтва. – 1992. – № 2. – С. 21–23.
|