Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Класіка вымагае гармоніі... (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Класіка вымагае гармоніі... (1992 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

КЛАСІКА ВЫМАГАЕ ГАРМОНІІ...

"Марыца" – новы спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі

Апошняй у гэтым сезоне прэм'ерай тэатра музкамедыі, як паведамляў ужо "ЛіМ", сталася аперэта I. Кальмана "Марыца".

Рэжысёр-пастаноўшчык спектакля А. Барсегян узначальвае трупу Харкаўскага рускага драматычнага тэатра. А ў перыяд 1971-75 гг., калі толькі-толькі заснаваны тэатр музычнай камедыі Беларусі перажываў часіну творчага станаўлення, Барсегянам тут было пастаўлена 6 спектакляў. Потым рэжысёр доўга не сустракаўся з мінскай трупай. I вось – "Марыца", яго сёмы па ліку спектакль на нашай сцэне (пастаноўшчык працаваў разам з дырыжорам А. Лапуновым, мастакамі А. Шчолакавым і Л. Ганчаровай).

На пытанне, дзё ён знаходзіць больш магчымасцей для самавыяўлення – у музычным тэатры ці ў драматычным, А. Барсегян адказаў так: "Мне ўсё жыццё даводзілася нібы раздвойвацца, бо я не магу поўнасцю засяродзіцца, скажам, на рэжысуры драматычнага тэатра, кінуўшы пры гэтым тэатр музычны. Адчуваю, што праца ў абодвух напрамках мяне творча ўзбагачае. I як вынік гэтага – у музычным тэатры мне лягчэй увасабляць нюансы драматургічныя, а драматычны тэатр, адпаведна, узбагачаць музычнымі момантамі". Вось і наконт "Марыцы" рэжысёр адзначыў, што пры ўсёй умоўнасці драматургічнага дзеяння ён стараўся рабіць акцэнт на тых момантах, якія раскрываюць псіхалогію характараў, і ў сінтэзе з музыкай ісці да іх гарманічнага ўвасаблення. Наколькі гэта ўдалося, меркаваць гледачу, які мае магчымасць паглядзець спектакль у двух розных выканаўчых складах.

Ці трэба гаварыць, што музыка Кальмана – гэта ўжо амаль палова поспеху спектакля? Ёсць гледачы, якія ідуць у тэатр на таго ці іншага выканаўцу, на таго ці іншага пастаноўшчыка, а ёсць такія, што ідуць "на Кальмана". Таму і ставіць класіку вельмі адказна, тым больш, што заўсёды ёсць магчымасць параўноўваць прэм'еру з ужо вядомымі бліскучымі пастаноўкамі, а мелодыі гэтага музычнага шэдэўра ў выкананні самых лепшых салістаў у кожнага на слыху.

Можа, таму так і хвалявалася на сцэне выканаўца партыі Марыцы Л. Станевіч, адчуваючы ўсю адказнасць гэтай работы і ў той жа час – непераадольную цягу да яе. У Л. Станевіч гэта першая вялікая роля. Дагэтуль ёй даводзілася ў асноўным працаваць на ўводах ці выконваць невялікія характарныя ролі. 10 гадоў назад, пасля заканчэння Белдзяржкансерваторыі, Людміла дэбютавала ў спектаклі "Бабскі бунт". Далейшы лёс артысткі складваўся не вельмі ўдала, заставалася толькі марыць пра значную ролю. I вось – Марыца. Самакрытычная артыстка сама адзначае, што ёй не ўсё ўдалося, таму ёсць надзея на хуткае пераадоленне хібаў. Так, у пачатку дзеяння адчуваецца яе скаванасць і няўпэўненасць – ды гэта, мабыць, хутчэй ад залішняга хвалявання, чым ад нявопытнасці. Ды і сам пастановачны момант не вельмі спрыяе таму, каб першае э'яўленне Марыцы на сцэне выглядала эфектна. Жанр аперэты вымагае яркай відовішчнасці. I выклікае нараканне таксама касцюм гераіні, залішне сціплы і па сцэнічных мерках невыразны. А першае ж з'яўленне на сцэне – гэта своеасаблівая заяўка персанажа аб сабе, і таму яно павінна быць яркім і ўражлівым. Да таго ж, адразу ідзе складаная для выканання арыя, аркестр жа, трэба адзначыць, не спрыяў таму, каб голас салісткі, не надта палётны, быў выразна пачуты па ўсёй глыбіні залы. Гэтыя моманты, натуральна, не спрацоўвалі на цэласнасць і выразнасць вобраза. Але ўжо ў другой дзеі Л. Станевіч – Марыца паўстала перад гледачом больш упэўненай. У артысткі з’явілася раскутасць і грацыёзнасць рухаў, яе голас ужо больш арганічна зліваўся з аркестрам. Трэба сказаць, што другая дзея – ключавая для равіцця характараў герояў і менавіта тут Л. Станевіч падкупляе гледача перш за ўсё сваёй шчырасцю і адкрытасцю, а таксама чыста жаночай абаяльнасцю. Праз нешматлікія дыялогі і, галоўнае, праз адчуванне музычнай драматургіі, яна стварае вобраз з усёй гамай сапраўдных чалавечых пачуццяў. Прытым Л. Станевіч вельмі ўдзячная Н. Гайдзе, якая, будучы рэжысёрам па ўводзе, вельмі дапамагла ёй у працы над завяршэннем вобраза.

У прафесіі артыста аперэты ёсць адзін істотны момант, які заключаецца ў пастаянным абнаўленні. Хуткая змена пакаленняў на сцэне – рэч звычайная. I тая акалічнасць, што ў прэм'еры ўдзельнічалі маладыя артысты, – гэта заканамерна і цікава, ад іх, чакаеш чагосьці новага. З другога ж боку, адсутнасць дастатковага вопыту і няўпэўненасць у сваіх сілах могуць пашкодзіць. Таму і ўзнікала калі-нікалі думка: а мо было б надзейней, каб у прэм'ерным спектаклі ў ролі Марыцы выйшла спрактыкаваная Вікторыя Мазур? Яна цяпер у зеніце сваёй славы, і майстэрства яе адточанае, прыхільнікі талента артысткі атрымалі б сапраўдную асалоду ад яе моцнага, яркага тэмбру голасу. Зрэшты, такую магчымасць тэатр публіцы даў неўзабаве. А самы першы спектакль стаўся святам маладых артыстаў, якія адчулі ўсю радасць і горыч прэм'ерных хваляванняў.

А. Ісаеў, выканаўца партыі Тасілы, – зусім нядаўна ў нашым тэатры (да гэтага працаваў у Растове). У канцы студзеня артыст дэбютаваў на мінскай сцэне, неўзабаве ўвайшоў у рэпертуар тэатра, нават пачаў займацца канцэртнай дзейнасцю. Між іншым, калі працаваць над "Марыцай" пачалі яшчэ восенню мінулага года, дык Ісаеў у рэпетыцыйны працэс увайшоў толькі ў пачатку красавіка. Аднак гэта ўжо дастаткова вопытны артыст, да таго ж – вельмі працавіты: нават не разумее, як можна працаваць над стварэннем вобраза, "эканомячы" сябе ў час рэпетыцыйнага працэсу. На прэм'еры артыста прынялі вельмі цёпла. Яго моцны палётны голас гучаў так натуральна-свабодна, што чароўныя мелодыі Кальмана ўздзейнічалі на слухачоў з новай сілай. Трэба дадаць, што А. Ісаеў мае прывабную сцэнічную знешнасць, і ягоны персанаж адразу прыцягвае ўвагу высакароднасцю аблічча.

Лінія герояў у лібрэта акрэслена наогул слаба, няма тых вострых момантаў, якія выяўлялі б характары ў іх сутыкненні. Як у лібрэта, так і ў пастаноўцы характарыстыкі герояў складаюцца з асобных фрагментаў, не зусім звязаных паміж сабою лагічна. Таму не адчуваецца напалу страсцей у фінале другой дзеі, якая павінна быць эмацыянальна насычанай. Дый фінал усяго спектакля невыразны.

А вось вельмі ажыўляюць сцэнічнае дзеянне два камічныя персанажы: барон Зупан і князь Эстэргазі-Шэленберг. Дзякуючы таленту і сцэнічнаму майстэрству, выканаўцы ствараюць вельмі яркія вобразы як бы з нічога. Бо з тэксту лібрэта і зноў-такі з фрагментарнасці пастаноўкі не вынікаюць іх цэласныя вобразныя характарыстыкі. Барон Зупан у выкананні Г. Казлова вельмі прывабны сваёй непасрэднасцю. Гэта прастакаваты, не вельмі разумны прадстаўнік "панства", тым не менш – нашчадак старажытнага роду. Ён з наіўнай прастадушнасцю імкнецца ажаніцца з маладой удавой, каб завалодаць яе багаццем. Артыст не агрубляе свой вобраэ, ён умее выявіць у сваім персанажы ўсю надарэчнасць – з уласцівым яму мяккім гумарам і лёгкай іроніяй. Асабістая абаяльнасць Г. Казлова перадаецца ягонаму Зупану. Гледача проста захапляе бліскучая ігра акцёра, да таго ж вельмі арганічнага ў музычных нумарах, дзе вакал удала спалучаецца з высокай танцавальнай тэхнікай.

Але Коламан Зупан у гэтай стыхіі весялосці і жартаў, а таксама ў жаданні ажаніцца з Марыцай, не адзін – у яго ёсць сябра-сапернік, вельмі каларытная фігура. Гэта "вайсковы чалавек", таксама нашчадак старажытнага роду, які ніяк не можа пазбавіцца сваіх салдафонскіх звычак, – князь Эстэргазі. Выканаўца ролі А. Ранцанц насычае свой вобраз яркімі характэрнымі рысамі, вельмі ўдала карыстаецца багаццем інтанацый і жывой мімікай. Разам з Г. Казловым яны ствараюць сапраўдны дуэт. Проста замілоўваюць іх сумесныя дамаганні рукі Марыцы, у якіх няма нават ценю саперніцтва.

Паміж гэтымі персанажамі паўстае яшчэ адна каларытная фігура – "ясновельможная, глубоко урожденная" княгіня Бажэна. Гэта тыповая прадстаўніца старога арыстакратычната роду, якая вельмі заклапочана ўмацаваннем аўтарытэту сваёй фаміліі. Артыстка З. Вяржбіцкая стварае надзіва цэласны характарны вобраз. Проста ўражвае, як можна было на такім сціплым матэрыяле стварыць сапраўды запамінальны характар! Дыялогаў, якія б высвечвалі аблічча гэтай гераіні, зусім мала. Усё заключаецца ва ўменні З. Вяржбіцкай данесці рэпліку так, што яна робіцца характарыстыкай ствараемага вобраза. Артыстка карыстаецца мінімумам выразных сродкаў – толькі адценнямі інтанацыі свайго голасу і выразнасцю дыкцыі, віртуозна валодаючы ўменнем рабіць лагічны націск. Яна ж амаль увесь час сядзіць у інваліднай калясцы, і наогул дзеянне з яе ўдзелам амаль не разгортваецца. Толькі акцёрскі талент дазваляе З. Вяржбіцкай стварыць уражанне драматургічнага развіцця ролі Бажэны.

Нельга не сказаць пра Пеніжака, слугу Бажэны, ролю якога выконвае А. Касцецкі. Тут яшчэ менш магчымасцей для выяўлення характару персанажа. Гэта немалады ўжо чалавек, у якога вельмі развіта пачуццё гумару. Ён пастаянна цытуе класікаў, што сведчыць пра эрудыцыю і гнуткі розум, бо цытаты Пеніжака заўсёды аказваюцца да месца. Тут акцёрскае майстэрства А. Касцецкага можна параўнаць з майстэрствам З. Вяржбіцкай, бо зноў-такі ўвесь вобраз будуецца на багацці інтанацыі і выразнасці дыкцыі.

Ролі Лізы і Стэфана маюць сваю драматургічную лінію, ёсць фактура, на якой магчыма будаваць вобраз. Артысты С. Якавец і В. Мінгалёў ствараюць лірычны дуэт персанажаў – рамантычных асоб, у якіх усё складваецца добра. Больш вопытная С. Якавец вядзе за сабою партнёра, яе акцёрскае майстэрства спрацоўвае на выразнасць дуэта і ў дыялогах, і ў музычных нумарах.

У цэлым уражанне ад спектакля добрае, яркія акцёрскія работы згладжваюць недахопы рэжысуры і лібрэта (лібрэта – слабізна класічных аперэт...). Але музычны бок спектакля здаецца не да канца адшліфаваным: сяды-тады выканаўцы збіваюцца з рытму, што, відаць, сведчыць пра недастатковую колькасць рэпетыцый з аркестрам. Часам артысты на сцэне і аркестр існуюць кожны як бы сам па сабе, бо няма таго адчування гармоніі, што звычайна вынікае з выканаўчага суладдзя. Гэта засмучае. Музыку Кальмана хочацца слухаць, убіраючы ў сябе чароўныя мелодыі, паддаючыся яе нястрымнаму тэмпераменту. I калі бачыш, як пад гукі чардаша артыст намагаецца не збіцца з рытму, то атмасфера спектакля перастае заварожваць і пачуццё расчаравання пагражае знішчыць прыемныя ўражанні.

Зоя ЛЫСЕНКА.
Літаратура і мастацтва. – 1992. – 26 чэрв. – С. 10.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: