Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Пашыраючы рамкі жанру (1994 г., Тэатральная Беларусь)

Пашыраючы рамкі жанру (1994 г., Тэатральная Беларусь)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ПАШЫРАЮЧЫ РАМКІ ЖАНРУ

Тэатр – гэта жывы арганізм, і, як усяму жывому у прыродзе, кожнаму тэатральнаму арганізму ўласціва пэўная цыклічнасць развіцця. Творчыя ўзлёты тэатра могуць быць адзінкавыя, калі ўдалым атрымліваецца той ці іншы спектакль, дзякуючы, напрыклад, высокаму прафесіяналізму асобнага рэжысёра ці ўсёй пастановачнай групы, а могуць быць і даволі працяглыя, калі шэраг пастаўленых спектакляў сведчыць не толькі пра высокі прафесіяналізм яго пастаноўшчыкаў і выканаўцаў, але калі ўжо можна гаварыць пра пэўныя тэндэнцыі ў творчым росце калектыву. Бываюць і такія моманты ў развіцці тэатраў, нават акадэмічных, калі наступае перыяд творчага зацішша і таптання на месцы. У такіх выпадках звычайна разважаюць пра адсутнасць мастацкага кіраўніка – асобы, які б вызначаў генеральную лінію творчага развіцця калектыву.

Сёння ў сувязі з гэтым хочацца паразважаць пра дзейнасць Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Нагадаем, што ён арганізаваўся ў 1971 годзе, больш як дзесяць гадоў існаваў без уласнага памяшкання, пакуль у 1981 годзе не атрымаў цудоўны новы будынак. У Беларусі на сённяшні дзень гэты тэатр – адзіны ў сваім жанры.

Прыкладна дзесяць гадоў таму назад, у сярэдзіне 80-х, тэатр прыцягнуў да сябе вялікую ўвагу спецыялістаў і цікавасць гледачоў, бо тут адбывалася сапраўдная ломка звыклых уяўленняў пра жанр музкамедыі і пачалі з'яўляцца вельмі яркія і неардынарныя пастаноўкі. Гэта было звязана са з'яўленнем у тэатры Вячаслава Цюпы, які ў 1984 годзе быў прызначаны галоўным рэжысёрам. У той перыяд быў пастаўлены шэраг цікавых спектакляў. Класічная аперэта "Сільва" і цяпер значыцца ў рэпертуары тэатра. Але адзін са спектакляў Цюпы прынёс найбольшую вядомасць як самому рэжысёру, так і ўсяму тэатру музычнай камедыі. Гэта фольк-опера "Клоп" паводле твораў Маякоўскага, з якой тэатр выйшаў далёка за межы рэспублікі. Спачатку, як лепшы спектакль сезона, ён быў адабраны для паказу ў Маскве на Усесаюзным фестывалі "Тэатр-88", а пасля ўключаны ў афішу фестывалю тэатраў музычнай камедыі, які ў 1990 годзе праходзіў у Адэсе. У тэатральным жыцці часам адбываецца шмат непрадказальных момантаў. Вярнуўшыся з фестывалю пераможцам, "Клоп" адразу быў зняты з рэпертуарнай афішы тэатра, у якім ён нарадзіўся і якому прынёс славу. Адгалоскі тых падзей адчуваюцца яшчэ і цяпер. Не ўдаючыся ў падрабязнасці, адзначым, што калектыў аднадумцаў на чале з В. Цюпам распаўся. Самога Цюпу перавялі ў іншы тэатр, Наталля Гайда і Аляксандр Кузьмянкоў самі пайшлі з тэатра, дырыжор Сасноўскі апынуўся аж у Новасібірску і г. д. Так не стала калектыву, які абраў новы, перспектыўны напрамак у сваёй дзейнасці. Калі прыгадаць даўнюю размову з вядучымі салістамі тэатра заслужанымі артыстамі Беларусі Рыгорам Харыкам і Германам Казловым, якія, па сутнасці, толькі і засталіся тады з каманды Цюпы, то гэтая гаворка была споведдзю творчых людзей, якім у момант узлёту абрэзалі крылы. Вось такім у 1990 годзе было становішча тэатра.

У СТД, Міністэрстве культуры і ва ўпраўленні культуры гарвыканкама добра разумелі крызіснае становішча тэатра музычнай камедыі. Трэба было рэарганізаваць кіраўніцтва. Замест В. Цюпы прызначылі галоўным рэжысёрам М. Гусева, які, аднак, не здолеў вывесці тэатральны калектыў з крызіснага стану і праз год вымушаны быў пакінуць тэатр, бо на пасяджэнні мастацкага савета было вырашана не працягваць з ім працоўнага пагаднення. Дырэктар Л. Смірноў сам пакінуў тэатр і пайшоў на іншую працу. Такім чынам, к канцу 1990 года паўстала пытанне аб новым дырэктару. На гатую пасаду прапанавалі Сяргея Косціна, які ў той час працаваў намеснікам старшыні СТД Мікалая Яроменкі. Сяргей Рыгоравіч на пасадзе намесніка працаваў 12 гадоў, добра ведаў тэатральныя праблемы і ўяўляў сабе ўсю меру адказнасці дырэктара такога складанага арганізма, як музычны тэатр. Ён згадзіўся не адразу, але, відаць, любоў да музычнага тэатра перамагла. Сяргей Рыгоравіч выхаваны на музыцы, ён вакаліст, выпускнік Белдзяржкансерваторыі, педагог па вакалу. Таму праблемы музычнага тэатра яму блізкія, ды і салістаў-вакалістаў ён зразумее лепш за іншага дырэктара. Не сакрэт, што ў гады камандна-адміністрацыйнай сістэмы на пасаду дырэктара часта траплялі выпадковыя, далекія ад тэатра людзі. 

З прыходам С. Косціна тэатр музычнай камедыі пачаў новы адлік часу. Не кажучы пра ўсе прафесійныя якасці, адзначым, што ў Сяргея Рыгоравіча ёсць адна вельмі каштоўная рыса характару – ён умее нейтралізаваць амбіцыі людзей, не абвастраючы канфліктнай сітуацыі. Косцін заняў пасаду дырэктара ў сярэдзіне сезона 1990/91 года, а ўжо ў канцы сезона стала відавочна, што тэатр зрушыўся з мёртвай кропкі. С. Косцін добра разумее, з чаго складаецца аблічча любога тэатра: гэта тыя акцёры, на якіх ідзе глядач, а таксама пастаноўкі, якія займелі найбольшы глядацкі поспех. І таму была пастаўлена задача – вярнуць у тэатр Наталлю Гайду, імя якой з'яўляецца візітнай карткай беларускай музкамедыі, а таксама аднавіць спектакль "Клоп" – лепшую пастаноўку, якую меў на той час тэатр. Н. Гайда была адзінай выканаўцай у гэтым спектаклі і з удзячнасцю адгукнулася на гэтую прапанову. Трэба было яшчэ вярнуць А. Кузьмянкова, які ў той час працаваў у Адэсе, дырыжора А. Сасноўскага. У рэшце рэшт у канцы сезона "Клоп" быў адноўлены і прайшоў з яшчэ большым поспехам, чым у час рэгулярнага пракату. На жаль, цяпер гэты спектакль не ідзе, бо выканаўца галоўнай ролі Р. Харык пакінуў Беларусь, цяпер ён жыве ў Амерыцы, а Аляксандр Кузьмянкоў у тэатр так і не вярнуўся.

Пасля вяртання ў тэатр Н. Гайды на мастацкім савеце было вырашана паставіць спектакль "Джулія". Гэты матэрыял быў напісаны спецыяльна для яе і ляжаў, можа, гадоў дзесяць – усё чамусьці яго не прымалі да пастаноўкі. Трэба сказаць, што кампазітар Уладзімір Кандрусевіч, аўтар мюзікла "Джулія", вельмі ахвотна супрацоўнічае з тэатрам. У працэсе працы ён карэкціраваў музычны матэрыял, прыслухоўваўся да парад рэжысёра Б. Уторава, раіўся з Н. Гайдай, і ў выніку ў сезоне 1991/92 года тэатр меў выдатную прэм'еру. Гэтай пастаноўкай з цудоўнай музыкай нашага беларускага кампазітара тэатр ганарыцца і цяпер. А некаторыя музычныя фрагменты з мюзікла сталі асобнымі канцэртнымі нумарамі. Супрацоўніцтва тэатра з У. Кандрусевічам працягваецца.

С. Косцін паспрыяў таксама вяртанню ў тэатр дырыжора Анатоля Лапунова. Прафесіяналы такога ўзроўню, як Лапуноў і Сасноўскі, толькі спрыялі павышэнню прафесійнага ўзроўню тэатра ў цэлым.

Сезон 1991/92 года запомніўся яшчэ і тым, што на базе тэатра музычнай камедыі ўзнік дзіцячы музычны тэатр "Казка", мастацкі кіраўнік якога – дырыжор Глеб Аляксандраў. Гэтаму нямала пасадзейнічаў С. Косцін. Сумесна з Міністэрствам культуры, упраўленнем культуры гарвыканкама і Дзіцячым фондам былі ажыццёўлены неабходныя меры для стварэння гэтага тэатра, знойдзены формы яго фінансавання. Прэм'ера дзіцячай оперы Віктара Плешака "Асцярожна, Баба Яга!" адбылася вельмі хутка. На жаль, пастаноўка аказалася няўдалай у мастацкіх адносінах. Тут можна зразумець і пастаноўшчыкаў, і мастацкага кіраўніка – ім хацелася хутчэй выйсці да гледача. Наступны спектакль, які выйшаў праз некалькі месяцаў, быў зроблены на высокім прафесійным узроўні і прыкметны сваёй пастановачнай культурай. Гэта – опера Сяргея Баневіча "Гісторыя Кая і Герды". Паставіў яе вядомы рэжысёр з Санкт-Пецярбурга Юрый Аляксандраў, а сцэнаграфію ажыццявіў не менш вядомы мастак Вячаслаў Окунеў. Фінансаваў пастаноўку тэатр музычнай камедыі, бо маладому калектыву справіцца з такою вялікаю працай было б цяжка. Спектакль уражвае маштабнасцю, багатым афармленнем, высокай пастановачнай культурай, у ім заняты хор і балет тэатра музкамедыі, а таксама салісты ДАВТа Н. Руднева, I. Ланюк, М. Качаноўскі. Наступнай прэм'ерай дзіцячага музычнага тэатра, якая адбылася ў гэтым жа сезоне, быў спектакль "Чараўнік" на музыку англійскага кампазітара Д. Рансуіка. Даваць пэўную характарыстыку гэтаму спектаклю цяжка. Ён прайшоў толькі два разы і больш наўрад ці будзе ісці. Па-першае, цяжка сабраць такую колькасць выканаўцаў – каля 200 дзяцей, тым больш што спектаклю павінны папярэднічаць рэпетыцыі. А па-другое, гэтая пастаноўка больш нагадвала святочны ранішнік з музычнымі нумарамі. Да таго ж "Чараўнік" не значыўся ў рабочым плане тэатра, і, каб паставіць гэты спектакль, прыйшлося перанесці планавую пастаноўку "Марыцы". Выйшла "Марыца" ў канцы сезона ў пастаноўцы А. Барсегяна. Яе нельга аднесці да ліку бясспрэчных удач. Як і большасць класічных аперэт, яна не пазбаўлена таго налёту махровасці, ад якога ўмеюць пазбаўляцца толькі найбольш таленавітыя пастаноўшчыкі. Але ў цэлым спектакль успрымаецца нядрэнна, і публіка наведвае яго з задавальненнем. Варта адзначыць, што на спектаклях класічнага рэпертуару заўсёды поўная зала, хоць нельга сказаць, што ўсе яны пастаўлены выдатна.

У той час С. Косціну як дырэктару прыйшлося вырашаць адно даволі складанае пытанне. Тады ў рэпертуары тэатра быў спектакль "Калі заспявае певень" (музыка А. Чыркуна, лібрэта Г. Марчука), заснаваны на нацыянальным матэрыяле. Гэта быў дзяржзаказ, так бы мовіць, уклад тэатра ў справу адраджэння. Але мастацкія якасці спектакля не вытрымлівалі ніякай крытыкі, галоўны яго недахоп – адсутнасць музычнай драматургіі. Ці можа быць карыснай для нацыянальнага адраджэння нізкапробная пастаноўка? У сувязі з гэтым хочацца ўспомніць крытычны артыкул аднаго з музыказнаўцаў пад назвай "Калі змоўкне певень?". Як кажуць, каментарыі тут не патрэбны. Вось гэты кан'юнктурны момант і ліквідаваў С. Косцін. Ён узяў на сябе смеласць зняць з пракату гэты спектакль, які ішоў на сцэне прыкладна год.

Летам 1992 года тэатр упершыню не паехаў на гастролі. У летні перыяд ішлі рэпетыцыі, і сезон 1992/93 года быў самы насычаны, што дазваляла гаварыць пра творчы рост тэатра і адзначаць яго творчы накірунак. У гэтым сезоне адбылася рэкордная за апошнія гады колькасць прэм'ер. Мюзікл "Хэло, Долі!" амерыканскага кампазітара Дж. Германа паставіў В. Цюпа. Спектакль атрымаўся неардынарным. Сам музычны матэрыял, які быў ва ўсіх на слыху дзякуючы бліскучай галівудскай экранізацыі, да многага абавязваў. Для пастаноўкі была запрошана балетмайстар з Англіі Дж. Нолан. Яна дапамагла нашым выканаўцам спасцігнуць каларыт твора, без яе ўдзелу агульнае пластычна-харэаграфічнае вырашэнне спектакля не было б такім каларытным. Над музычным матэрыялам вельмі многа папрацаваў дырыжор А. Сасноўскі. Ён зрабіў аранжыроўку, прыстасаваў музычны матэрыял да сучаснага ўспрымання. У спектаклі задзейнічаны таксама сцэнічны аркестр, што стварала праблемы гукавога балансу і г. д. Гэта адна са складаных пастановак, і, трэба сказаць, не самая лёгкая для ўспрымання, але відовішчная і цікавая. Спектакль прыкладна на палавіну фінансаваў спонсар тэатра – фірма "Осмій". У тэатра ёсць і іншыя сгюнсары: фірмы "Вабі", "Алеся", "Белэкс", "Форціс", "Лазком". Напрыклад, на сродкі спонсараў быў зроблены цыкл абанементаў на спектаклі для дзяцей-інвалідаў, адбыліся іншыя дабрачынныя праграмы.

Амаль адначасова з прэм'ерай мюзікла "Хэло, Долі!" адбылася прэм'ера спектакля "Дзіцячы альбом" на музыку Чайкоўскага. За аснову быў узяты яго зборнік фартэп'янных п'ес для дзяцей (аўтар аркестравай рэдакцыі Л. Дзесятнікаў), а літаратурнай асновай сталі творы У. Набокава, Л. Талстога і М. Гарына-Міхайлоўскага, па матывах якіх вядомы рэжысёр з Санкт-Пецярбурга Аляксандр Пятроў напісаў лібрэта. Ён жа і пастаноўшчык гэтага спектакля. Прыцягальнай аказалася сама ідэя паяднання класічнага музычнага і літаратурнага матэрыялаў адзінай тэмай. Гэты спектакль – туга па страчанай інтэлігентнасці і культуры мінулай эпохі. Ён не разлічаны на лёгкае ўспрыманне, у ім ёсць элементы элітарнасці. Зноў жа, падтрымліваючы дзіцячы музычны тэатр, гэты спектакль фінансаваў тэатр музычнай камедыі.

Прыкладна ў гэты час у калектыве з'явіліся новыя салісты-вакалісты, якія раней працавалі ў тэатрах Расіі: Святлана Лугава, Аляксей Ісаеў і Уладзімір Пятроў. Таму не існуе дэфіцыту на амплуа герояў. Акрамя таго, гэтыя салісты не замыкаюцца толькі на тэатры музычнай камедыі. У. Пятроў актыўна супрацоўнічае з оперным тэатрам, дзе выконвае шэраг партый рускага класічнага рэпертуару. А. Ісаеў займаецца актыўнай канцэртнай дзейнасцю, асабліва плённай аказалася яго творчая садружнасць з Ігарам Лучанком. Наогул, цяпер у трупе наглядаецца адносны баланс сярод салістаў-вакалістаў, што не абмяжоўвае тэатр у выбары рэпертуару.

Снежань 1992 года быў адметны тым, што на базе балетнай трупы тэатра нарадзіўся другі ў рэспубліцы харэаграфічны калектыў пад назвай "Мінск-балет". У гэтым заслуга галоўнага балетмайстра тэатра заслужанай артысткі Расіі Ніны Дзьячэнкі. Звычайна ў тэатрах музычнай камедыі балет адыгрывае дапаможную ролю, з'яўляючыся фонам да асноўнага сцэнічнага дзеяння, і артысты балета такім чынам паступова страчваюць многія прафесійныя якасці.

Н. Дзьячэнка – выдатны педагог, у мінулым – вядучая танцоўшчыца Пермскага тэатра оперы і балета. Яна не магла дапусціць, каб выпускнікі акадэміі танца, якія нядаўна папоўнілі балетную трупу, засталіся без сапраўднай работы, і вырашыла ставіць з імі самастойныя балетныя спектаклі. Такім чынам, перад Новым, 1993 годам адбылася прэм'ера двух аднаактовых балетаў: "Штраўсіяна" і "Іспанскі дывертысмент". Перанос пастаноўкі "Штраўсіяны" ажыццявіла вядомы балетмайстар з Масквы Наталля Васкрасенская. "Іспанскі дывертысмент" ставіла Ніна Дзьячэнка. За аснову гэтай пастаноўкі быў узяты двухактовы балет "Іспанскія мініяцюры", у якім яна сама ў свой час танцавала.

Увесь гэты час дырэктар тэатра, па сутнасці, выконваў і абавязкі мастацкага кіраўніка. Галоўнага рэжысёра ў тэатры няма з таго часу, як адтуль пайшоў В. Цюпа. I ў лістападзе 1992 года упраўленнем культуры гарвыканкама быў падпісаны загад аб назначэнні дырэктара тэатра музычнай камедыі С. Косціна адначасова і мастацкім кіраўніком.

У канцы сезона 1992/93 года адбылася яшчэ адна прэм'ера дзіцячага спектакля – оперы Віктара Войціка "Вясновая песня" (аўтар лібрэта Святлана Клімковіч). Нарэшце з'явіўся доўгачаканы беларускі твор для дзяцей, праца над якім ішла ў цесным кантакце паміж яго стваральнікамі і самім дзіцячым тэатрам. Да ліку бясспрэчных удач спектакль гэты аднесці нельга перш за ўсё з-за слабасці лібрэта. На фоне разгорнутай музычнай драматургіі неадэкватнымі выглядаюць многія сцэнічныя калізіі. Рэжысёр Сусана Цырук зрабіла ўсё магчымае, каб спектакль набыў агульнае эмацыянальнае вырашэнне.

У канцы сезона, у маі, у тэатры адбылася вельмі ўрачыстая падзея, звязаная з набыццём новых музычных інструментаў. Нарэшце здзейснілася даўняя мара – забяспечыць аркестр выдатнымі інструментамі лепшых замежных фірм і замяніць радыё-тэхнічную апаратуру і акустычнае абсталяванне. На гэтыя мэты Мінгарвыканкам выдзеліў валютныя сродкі. Адбыўся вялікі канцэрт-прэзентацыя, калі ўпершыню ў гісторыі тэатра сімфанічны аркестр выйшаў на сцэну і выступіў з чыста аркестравымі нумарамі. Над падрыхтоўкай канцэрта працавалі дырыжоры А. Сасноўскі і А. Лапуноў. Для музыкантаў гэта была вельмі адказная праца, бо аркестр павінен быў пераўвасобіцца з тэатральнага ў сцэнічны, непазбежна ўзніклі праблемы адаптацыі да сцэны. Канцэрт стаў вялікім стымулам для музыкантаў, бо з'явілася магчымасць даказаць, што па прафесійных якасцях яны могуць стаць упоравень з музыкантамі філарманічнага ці опернага аркестра. Так закончыўся папярэдні тэатральны сезон.

Пасля гэтага канцэрта ў артыстаў аркестра з'явілася ўпэўненасць у сваіх сілах, яны адчулі смак да сімфанічнай музыкі. I бягучы сезон таксама адкрыўся вялікім гала-канцэртам з удзелам аркестра, салістаў і хору тэатра. А пазней, у лістападзе, прайшоў вечар памяці П.I. Чайкоўскага, 100-годдзе з дня смерці якога адзначала сусветная грамадскасць. У канцэрце аркестр выканаў найскладаныя сімфанічныя творы кампазітара.

Мастацкае кіраўніцтва тэатра дало згоду на пастаноўку балета "Шэхерэзада" на музыку сімфанічнай сюіты Рымскага-Корсакава – аднаго са складаных твораў кампазітара. Цікава адзначыць заўвагу дырыжора А. Лапунова пра музыкантаў аркестра: кожны вечар, які б спектакль ні ішоў, перад яго пачаткам яны паўтаралі свае сольныя фрагменты з "Шэхерэзады" – настолькі гэтая музыка іх захапіла. У кастрычніку адбылася прэм'ера балета. Паставіла яго заслужаная артыстка Расіі Ларыса Трамбавельская, у мінулым – танцоўшчыца Вялікага тэатра, сёння – выдатны балетмайстар. "Шэхерэзада" – аднаактовы балет, і разам з ім адбылася прэм'ера харэаграфічнай мініяцюры "Па-дэ-катр" Ц. Пуні – аднаго з узораў рамантычнага балета. Перанос пастаноўкі "Па-дэ-катра" ажыццявіла заслужаная артыстка Расіі балетмайстар Ксенія Тэр-Сцяпанава, былая танцоўшчыца Кіраўскага тэатра. У свой час яна сама танцавала ў гэтай пастаноўцы, а цяпер, ужо як балетмайстар, лічыцца захавальніцай класічнай спадчыны. Гэтымі пастаноўкамі была канчаткова разбурана сцяна некаторага недаверу да магчымасці стварэння на высокім прафесійным узроўні балетных спектакляў у тэатры музкамедыі.

Балетная трупа тэатра ўжо мела гастрольныя паездкі па рэспубліцы, зараз вырашаецца пытанне аб паездцы ў Германію. Н. Дзьячэнка стварала свой калектыў з такім разлікам, каб ён быў мабільны. Не сакрэт, што балетныя спектаклі ў тэатры оперы і балета нават жыхарам сталіцы не заўсёды даступныя. А калектыў "Мінск-балет" можа стаць другой харэаграфічнай сцэнай рэспублікі і дзякуючы сваёй мабільнасці выязджаць у тыя месцы, дзе балет бачаць рэдка.

Перад Новым годам у тэатры адбылася чарговая прэм'ера, якая стала падзеяй у музычным жыцці. Гэта – камічная опера Г. Даніцэці "Viva la Mamma!" Нашаму слухачу вядома толькі пяць ці шэсць опер Даніцэці, у той час як кампазітар напісаў іх каля сямідзесяці. Опера " Viva la Mamma!" ніколі не ставілася ні ў адным з тэатраў былога Саюза, нашым слухачам гэты твор быў невядомы. Рэжысёру Ю. Аляксандраву ўдалося прывезці з Германіі партытуру гэтай оперы. Ён спачатку паставіў спектакль у сваім камерным тэатры "Санкт-Пецярбург-опера", а цяпер перанёс гэтую пастаноўку на нашу сцэну. Выканаўчы стыль гэтай оперы – бельканта, што патрабуе ад салістаў віртуознага вакальнага майстэрства. Пастаноўка выклікала шырокі рэзананс не толькі ў рэспубліцы, але і за яе межамі.

У хуткім часе пасля Новага года адбылася прэм'ера аперэты А. Стрэльнікава "Халопка" ў пастаноўцы В. Цюпы. Гэтая аперэта з савецкай класікі, па тэматыцы яна нейтральная, не прывязана ні да якой ідэалогіі (што псуе многія савецкія аперэты). Гэты спектакль па сваёй эстэтыцы не падобны на іншыя пастаноўкі Цюпы.

Сёння ж кампазітар У. Кандрусевіч у цеснай садружнасці з тэатрам рыхтуе мюзікл "Шклянка вады". Ён напісаў новы твор па аднайменнай п'есе Рацара і Канстанцінава. З тэатрам музычнай камедыі Кандрусевіч падтрымлівае даволі цесныя сувязі. Тое ж можна сказаць і пра Я. Глебава, Р. Суруса, В. Войціка. Але пакуль што не хапае новай пастаноўкі, цалкам заснаванай на нацыянальным матэрыяле. Да гэтага тэатр імкнецца.

Відавочна, што ў апошнія гады ўзрос аўтарытэт тэатра музычнай камедыі. У мінулым годзе адбылася яшчэ адна даволі значная падзея – тэатр уступіў у міжнародную грамадскую арганізацыю пад назвай "Еўрапейская акадэмія музычных тэатраў". Прэзідэнт асацыяцыі – дырэктар музычнага тэатра з Фларэнцыі Баджаскіна Масіма. У лістападзе 1993 года ў Вене адбыўся II кангрэс ЕАМТ, дзе С. Косцін двойчы выступіў перад прадстаўнічай аўдыторыяй. Членства ў гэтай грамадскай арганізацыі ўжо прынесла свае вынікі – ёсць дамоўленасць аб творчым супрацоўніцтве на міжнародным узроўні.

Пасля тэатра оперы і балета тэатр музычнай камедыі – адзін з буйнейшых у рэспубліцы. Музычны тэатр – складаны арганізм, але ў той жа час наяўнасць у ім розных творчых калектываў дазваляе пашыраць дыяпазон творчасці: балетная трупа ставіць самастойныя спектаклі, салісты-вакалісты і аркестр могуць удзельнічаць у пастаноўцы оперы. Музычная камедыя – найбольш ёмісты з усіх жанраў сцэнічнага мастацтва. I чым вышэйшы будзе прафесійны ўзровень усіх творчых калектываў тэатра, тым шырэйшы стане яго творчы дыяпазон. Якраз такая тэндэнцыя і назіраецца апошнім часам у тэатры музычнай камедыі.


Зоя ЛЫСЕНКА.
Тэатральная Беларусь. – 1994. – № 3. – С. 31–36.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: