« Назад ПАШЫРЭНЬНЕ ДЫЯПАЗОНУ
Адной з самых яркіх прэм'ер мінулага сезона была камічная опера Г. Даніцэці "Viva la mamma!", паказаная Дзяржаўным тэатрам музычнай камедыі. Калі імя італьянскага кампазітара Г. Даніцэці слухачам вядома, дык назву гэтай оперы многія чуюць упершыню. Наогул, з усяго мноства опер, напісаных Даніцэці, слухачу вядомы пяць ці шэсьць. Прэм'ера камічнай оперы "Viva la mamma!" пашырыла наша ўяўленьне пра Даніцэці, яркага прадстаўніка рамантычнай опернай школы. Яго творчасьць прыпадае на першую палову XIX ст., на час росквіту нацыянальных традыцый у італьянскай опернай школе. Усе яго творы вызначаюцца меладычным багацьцем, а калі казаць пра пануючы вакальны стыль, уласьцівы операм Даніцэці, дык гэта бельканта, росквіт якога ў італьянцаў супаў з творчасьцю кампазітара.
Камічная опера "Viva la mamma!" была ўпершыню пастаўлена ў Неапалі ў 1827 годзе і мела зусім іншую назву, якая ў перакладзе з італьянскай мовы азначае "Тэатральныя прыемнасьці і непрыемнасьці". Дык чаму ж гэты твор зараз мае іншую назву? Справа ў тым, што яна запазычана з нямецкай пастаноўкі. Наш тэатр працаваў не з арыгінальным аўтарскім матэрыялам (якога ў нас няма і ніколі не было), а з тым варыянтам, які рэжысёру-пастаноўшчыку ўдалося знайсьці ў Германіі. Некалькі гадоў назад вядомы рэжысёр з Санкт-Пецярбурга Юрый Аляксандраў трапіў на фестываль музычных тэатраў у Германіі і там пазнаёміўся з дадзенай пастаноўкай. Трэба сказаць, што ў яго вельмі прыхільнае стаўленьне да гэтага кампазітара: з 60 сьпектакляў, ажыцьцёўленых рэжысёрам, 15 – па творах Даніцэці. Дыпломнай работай Ю. Аляксандрава была адна з лепшых камічных опер Даніцэці – "Дон Паскуале", якую ён паставіў на сцэне нашага опернага тэатра. I, адкрыўшы для сябе яшчэ адзін твор гэтага аўтара, Юрый Аляксандраў зрабіў усё магчымае, каб паставіць яго на сцэне Камернага тэатра ў Санкт-Пецярбургу, якім ён кіруе, а потым і ў нас. I, хто ведае, каб не ён, дык ці была б пастаўлена гэта опера наогул, бо да гэтага часу яна не ішла ні ў адным тэатры былога Саюза. Калі на фестывалі ў Дрэздэне Аляксандраў убачыў гэты сьпектакль, як ён сьцьвярджае, не ў самым блізкім для сябе выкананьні, дык яго захапіла музыка. Не ўдаючыся ва ўсе перыпетыі сюжэта і пастановачных калізій, не разумеючы ніводнага слова, ён успрыняў гэты твор менавіта праз музыку. Праз дырэкцыю фестывалю Аляксандраў зьвязаўся з тэатрам, які паставіў сьпектакль, і ў хуткім часе ў Кіраўскі тэатр, дзе працаваў рэжысёр, даслалі партытуру. У тэатры размножылі клавір, але да пастаноўкі справа не дайшла. I калі пяць гадоў таму назад Аляксандраў адкрыў свой камерны музычны тэатр "Санкт-Петербург-опера", дык адразу пачаў думаць пра пастаноўку Даніцэці. Але ў маладога тэатра яшчэ не было сіл, каб адразу паставіць сьпектакль, і спатрэбілася яшчэ некалькі гадоў, каб ажыцьцявіць задуму. Ну, а цяпер Юрый Аляксандраў перанёс пастаноўку на нашу сцэну. Сьпектакль "Viva la mamma!" пабудаваны па прынцыпу "тэатр у тэатры". Сюжэтная канва будуецца так, што перад гледачом паўстае трупа тэатра з італьянскага горада Рыміні, якая рэпеціруе оперу "Ромулус і Эрзільля", заснаваную на антычным сюжэце. У час рэпетыцыі артысты імкнуцца пераканаць адзін аднаго ў сваёй таленавітасьці і незаменнасьці. Акрамя таго, кожны з іх імкнецца паўплываць на аўтара оперы, каб дабіцца для сябе эфектнага нумара. Напрыклад, капрызная і пагардлівая Прымадонна, якая ўвесь час носіцца са сваім аўтарытэтам, як з царскай каронай. Ролю Прымадонны выконвае сапраўдная прымадонна нашага тэатра Натальля Гайда. Яна стварае цэласны вобраз, насычаны яркімі каларытнымі рысамі. I што цікава, без відавочных камедыйных прыёмаў і трукаў атрымліваецца сапраўды камедыйны тып. З непараўнальнай Прымадоннай увесь час спрачаецца мама Агата – былая артыстка. Яе дачка Луіджыя зараз працуе ў гэтым тэатры і прымае ўдзел у рэпетыцыі. Вось мама Агата і зьявілася, каб дапамагчы сваёй дачцэ ўдала выступіць у прэм'еры. Яна ўсялякімі сродкамі імкнецца ўзьдзейнічаць на аўтара, каб ён напісаў для яе дачкі арыю. Сцэны спрэчак і сварак паміж Прымадоннай і мамай Агатай найбольш камічныя ў сьпектаклі, яны і складаюць асноўны ход сюжэта. Першае зьяўленьне мамы Агаты выклікае некаторы шок (у добрым сэнсе гэтага слова). Ролю выконвае мужчына, і гэта акалічнасьць, памножаная на эфект дасьціпнасьці і нават пэўнай экстравагантнасьці ў сцэне выхаду, дае заяўку на яркую характарнасьць персанажа, што далей цалкам пацьвярджаецца. Арнольд Ранцанц не першы раз выконвае жаночую ролю. На сцэне Музкамедыі ён сыграў гандлярку Нэнсі ў сьпектаклі "Гуляем у прынца і жабрака", стварыў гратэскавы вобраз Атаманшы ў сьпектаклі "Гісторыя Кая і Герды". Але тыя ролі былі зусім іншага плана... I вось – сапраўдная опера. Трэба адзначыць, што ў ролі мамы Агаты стаўка рабілася на акцёрскую ігру. У опернага сьпевака выкананьне гэтай партыі было б, відаць, больш прафесійным, але стварыць такі яркі і каларытны вобраз мог толькі выдатны характарны акцёр. Практычна гэта яго бенефіс. Заўважу, што А. Ранцанц не прафесійны вакаліст, а драматычны акцёр, і, беручыся за гэту ролю, ён моцна сумняваўся, ці здолее авалодаць вакальным бокам партыі. Але адпрацаваць музычны матэрыял ролі яму дапамагла канцэртмайстар I. Труханава, ды і салісты-вакалісты, з якімі ён працаваў разам, у прыватнасьці – Н. Гайда. I, як адзначыў пастаноўшчык Ю. Аляксандраў, не кожны вакаліст можа справіцца з такой роляй, маючы на ўвазе яе яркую характарнасьць. Выкананьне гэтай партыі А. Ранцанцам пазначана музычнай культурай, і гэта тым важней, што стыль оперы складаны, у ёй шырока прадстаўлены ансамблі. Ролю Луіджыі, дачкі мамы Агаты, выконвае Зінаіда Вяржбіцкая, вельмі спрактыкаваная і вопытная артыстка. У гэтым амплуа яна існуе арганічна. Роля невялікая, і З. Вяржбіцкая ўкладвае ў яе сваю ўнутраную энергію і такім чынам робіць яе больш напоўненай. Луіджыю таксама выконвае маладая салістка Леся Лют. У яе трактоўцы гэты вобраз набывае рысы амаль дзіцячай даверлівасьці і непасрэднасьці. А між іншым, вакол гэтага персанажа інтрыга разгортваецца ўсё больш імкліва. Мама Агата змагаецца за шчасьце сваёй дачкі. Сутыкненьні абвастраюцца; і ўсё сцэнічнае дзеяньне разьвіваецца ў пастаяннай дынаміцы. Тэмпарытм сьпектакля не збаўляецца, размоўныя дыялогі чаргуюцца са складанымі ансамблямі, і кожная сцэна іскрыцца гумарам, а галоўнае – тонкім пачуцьцём густу. Разам з Прымадоннай у рэпетыцыях оперы "Ромулус і Эрзільля" ўдзельнічае Тэнар з Сібіры, які супрацоўнічае з італьянскай трупай. Ён і Прымадонна – галоўныя дзеючыя асобы будучага сьпектакля. Дык вось гэты "валютны" Тэнар увесь час пагражае пакінуць тэатр і тым самым сарваць прэм'еру. Адзін толькі яго зьнешні выгляд – сібірскія валёнкі і фуфайка – надаюць вобразу столькі каларыту і характарнасьці, што акцёру толькі застаецца сваёй ігрой гэта апраўдаць. Васіль Мінгалёў вельмі арганічны ў сваёй ролі. I камічнае, і лірычнае ў яго выкананьні падаецца вельмі шчыра і з нейкай даверлівай непасрэднасьцю. У пастаноўцы ёсьць асобныя пікантныя моманты, зьвязаныя менавіта з гэтым персанажам, але яны не абцяжарваюць сьпектакль і не даводзяць яго да мяжы вульгарнасьці. Дзякуючы агульнай пастановачнай культуры сьпектакля ўсе пікантныя моманты набываюць эстэтычнае гучаньне і не выклікаюць ханжаскай крытыкі. Незаменныя ў гэтай оперы таксама два барытоны. Гэта Уладзімір Пятроў – Імпрэсарыо і Аляксей Ісаеў – Муж Прымадонны. У сваім звычайным рэпертуары гэтыя салісты часьцей выступаюць у амплуа герояў, у " Viva la mamma!" іх персанажы павінны натуральна існаваць у агульнай атмасферы камедыйнасьці. У. Пятроў у ролі Імпрэсарыо праз усе напластаваньні камічнага паказвае тонкія рысы чалавечай натуры. Роля Мужа Прымадонны, здаецца, мае больш фактуры і характарных рыс, і цікава сачыць, як А. Ісаеў, па сутнасьці, акцёр не камедыйны, арганічна існуе ў гэтым рэчышчы. Ён тонка адчувае стыль, агульную атмасферу і эстэтыку сьпектакля. Муж Прымадонны ў такой ступені ёю ганарыцца, што быццам сам носіць уяўную карону сваёй жонкі. Ніводная падзея ў тэатры не адбываецца без яго ўдзелу, ён усяляк падтрымлівае аўтарытэт гераіні Н. Гайды, але не забывае і пра сябе – нават прапаноўвае сябе ў якасьці выканаўцы ў сьпектаклі, нягледзячы на тое, што гэта роля ...жаночая. Але Мужа Прымадонны гэта не засмучае... У тэатры ўсё магчыма, – разважае ён, – з вобраза палоннай каралевы можна зрабіць вобраз караля, а калі што не сыдзецца, дык зымправізуем... Бліжэй да фіналу камічнае саступае месца лірычнаму. Нягледзячы на ўсе перыпетыі сюжэта, надыходзіць шчасьлівая разьвязка. Мама Агата выратоўвае Імпрэсарыо ад немінучага банкруцтва, і ў рэшце рэшт адбываецца доўгачаканая прэм'ера. Фінальная сцэна выклікае шчымлівыя перажываньні і кранае за душу. Гэты момант некаторым гледачам можа падацца нечаканым, але ён, тым не менш, абвастрае інтрыгу. Менавіта такога фіналу ў аўтара няма, яго прыдумаў сам Ю. Аляксандраў, бо лічыць, што ў некаторых операх Даніцэці няма драматургічнай разьвязкі. Таму пры пастаноўцы "Дона Паскуале" ў оперным тэатры, ён дазволіў сабе пэўнае ўмяшаньне ў партытуру. Рэжысёр "Viva la mamma!" як бы "ўманціраваў" у музычную драматургію твора фрагмент з оперы Даніцэці "Любоўны напітак", знайшоўшы пры гэтым тэматычную сувязь. Перад прэм'ерай зьяўля-цца Рускі тэнар, які напярэдадні паскандаліў у тэатры і быццам бы паехаў назад у Сібір, і гучыць арыя Немарына. Па-першае, нумар з "Любоўнага напітку" ўсім знаёмы, і такім чынам раней невядомы твор Даніцэці набліжаецца да слухача. А па-другое, сама тэма Рускага тэнара нікога не можа пакінуць абыякавым. Настрой узмацняе і сцэнаграфічнае вырашэньне фіналу, калі на фоне маляўніча выпісанага пейзажу рускіх прастораў пасярод сьнежнай завеі выдзяляецца постаць рускага самародка з сялянскім абліччам, які сьпявае італьянскую музыку. Гэта сцэна не толькі пашырае сэнсавы дыяпазон сьпектакля, але і наводзіць на філасофскі роздум. Тут закранаецца тэма спрадвечнай загадкавасьці славянскай натуры. Васіль Мінгалёў, выканаўца ролі Рускага тэнара, вельмі лірычны ў гэтай сцэне. I тут жа, праз момант, ён зноў набывае ўласьцівую гэтаму персанажу зухаватасьць. Такія пераходы і шматграннасьць у абмалёўцы вобраза найбольш уражваюць і выклікаюць захапленьне акцёрскім майстэрствам. Нельга не адзначыць творчы рост В. Мінгалёва, які асабліва выявіўся ў апошніх прэм'ерах. Што да сцэнаграфіі сьпектакля, то яна часам стварае ўражаньне некаторай стылявой эклектыкі. Як быццам сьпехам узялі і сабралі асобныя афарміцельскія элементы з розных сьпектакляў. Як сьцьвярджае мастак-пастаноўшчык У. Жданаў, гэта ішло ад агульнай рэжысёрскай задумы, і розныя сцэнаграфічныя "запазычаньні" ўдала спрацоўваюць на асноўную ідэю сьпектакля. Асабліва тое датычыць фінальнай сцэны, хоць заднік гэты "пазычылі" ў оперным тэатры. Тым, хто бачыў "Viva la mamma!", магчыма, падалося нязвыклым, што аркестр разьмясьціўся на сцэне, разам з усімі выканаўцамі. Такім чынам, па задуме рэжысёра, аркестр і асабліва дырыжор зрабіліся дзеючымі асобамі сьпектакля. Дырыжор нават уступаў у дыялог з выканаўцамі, зьвяртаўся непасрэдна да публікі. Гэта зусім іншы прынцып і ўзровень пастаноўкі! Як сьцьвярджае сам Ю. Аляксандраў, яму вельмі хацелася, каб аркестр, а таксама дырыжор у рэшце рэшт павярнуліся тварам да публікі. Гледачы ўпершыню ўбачылі, што Аляксандр Сасноўскі, музычны кіраўнік сьпектакля, валодае і акцёрскімі здольнасьцямі, таксама як і малады дырыжор Вячаслаў Чарнуха. Ім трэба было, як дзеючым асобам, арганічна ўвайсьці ў мізансцэны і пры гэтым не пакідаць без увагі аркестр. А ўмовы для аркестра на сцэне былі не зусім зручныя. Ён быў разьдзелены немалой сцэнічнай прасторай, на якой адбывалася дзеяньне, і, такім чынам, музыканты не толькі не чулі адзін аднаго, але і не бачылі. Адсюль вынікала праблема гукавога балансу, якая выклікала нямала цяжкасьцей падчас рэпетыцый. А салістам таксама было складана, бо аркестр аказваўся ў іх за сьпінай і ім даводзілася ўвесь першы акт, як кажуць, трымаць вуха востра. У другой дзеі аркестр заняў сваё звыклае месца ў яме. Усё гэта вынікала з рэжысёрскай задумы. Першы акт Ю. Аляксандраў задумаў як рэпетыцыю, дзе былі паказаны закулісныя інтрыгі і гледачу прыадкрываліся шмат якія тэатральныя таямніцы, а другі акт – як непасрэдна сьпектакль. Цяпер ужо цяжка ўявіць сабе іншы варыянт рэжысёрскага вырашэньня. Тады не было б мноства цікавых сцэнічных момантаў, якія набліжаюць гледача да разуменьня шматлікіх нюансаў тэатральнага жыцьця, пра якія ён раней не задумваўся, не было б таго эфекту спалучэньня незвычайнага з будзённым, што ўспрымаецца як цікавая пастановачная знаходка. I ўсё гэта дае падставу разважаць пра супадзеньні рэжысёрскага і дырыжорскага тэмпераментаў і іх гарманічнае спалучэньне, што ў канчатковым выніку адбілася на якасьці ўсяго сьпектакля. Работа над операй Даніцэці зьяўляецца творчым ростам і вялікай школай для аркестра. Самі музыканты ўсьведамляюць, што ім вельмі карысна авалодаць такой партытурай, дзе кожная нота на вагу золата. Гэта будзе спрыяць і лепшаму выкананьню аркестрам аперэтачнай музыкі. Разам з дырыжорамі А. Сасноўскім і В. Чарнухам вялікую работу правяла хормайстар Тамара Гуліна. У сьпектаклі шырока прадстаўлены ансамблі, і менавіта яны выклікалі найбольшыя цяжкасьці пры пастаноўцы. У ранейшых пастаноўках салістам ніколі не даводзілася сьпяваць, напрыклад, актэт. Толькі пры падрыхтоўцы гэтай оперы салісты па-сапраўднаму адчулі, што такое ансамблевыя сьпевы і наколькі гэта складана. Магчыма, яны яшчэ не дасягнулі віртуознага майстэрства, але тое, што гэта зроблена на годным узроўні, – відавочна. Для салістаў пастаноўка оперы – цудоўная школа вакальнага майстэрства. Зрэшты, тэатр можа ганарыцца, што цяпер ён мае такіх салістаў. Яшчэ б некалькі гадоў таму назад гэта прэм'ера была б для тэатра немагчымай. Пастаноўка "Viva la mamma!" пашырыла гарызонты жанру тэатра музычнай камедыі. Зрэшты, камічная опера не зьяўляецца чымсьці чужародным для музкамедыі, наадварот, музкамедыя як жанр шмат запазычыла ад камічнай оперы. Іншая справа, што пры пастаноўцы падобнага твора вырашаюцца іншыя, больш складаныя задачы. Можа падацца неверагодным, але на пастаноўку гэтага сьпектакля пайшло ўсяго некалькі тыдняў. Ужо на шосты дзень рэпетыцый быў зроблены першы прагон. Работа ў Ю. Аляксандрава расьпісана на некалькі гадоў уперад літаральна па днях, зараз ён шмат ставіць за мяжой, таму доўга затрымлівацца ў Мінску не мог. I наш тэатр, здаецца, сам зьдзівіўся, што змог падняць такую каласальную работу за такі кароткі прамежак часу. Сустрэча з рэжысёрам сусьветнага ўзроўню, аказваецца, можа даць такі магутны імпульс усёй трупе. Тэатр разьвітаўся з Ю. Аляксандравым, спадзеючыся, аднак, на новую сустрэчу. Рэжысёр выказаў жаданьне супрацоўнічаць з беларускай музкамедыяй і надалей. Магчыма, праз некаторы час ён адкрые для нас яшчэ адзін твор свайго любімага аўтара.
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by