Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Артыст двух тэатраў (1994 г., Літаратура і мастацтва)

Артыст двух тэатраў (1994 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АРТЫСТ ДВУХ ТЭАТРАЎ

У рэпертуары ДАВТа Беларусі тры оперы вялікага Чайкоўскага: "Іаланта", "Яўгеній Анегін" і "Пікавая дама". Пабываўшы на гэтых спектаклях, вы атрымаеце задавальненне ад далучэння да сапраўднага мастацтва, пачуўшы лірычны барытон Уладзіміра Пятрова, які выконвае партыі Раберта, Яўгенія Анегіна і Ялецкага.

Калі вам больш па душы іскрыстая, гарэзлівая аперэта, наведайце тэатр музычнай камедыі. Усім вядомая кальманаўская мелодыя і немудрагелісты тэкст зусім іначай гучаць, калі партыю Эдвіна ў "Сільве" выконвае Уладзімір Пятроў, робячы перажыванні героя сугучнымі нашаму часу, блізкімі і зразумелымі гледачу. Артыст выконвае таксама партыі ў спектаклях "Ноч у Венецыі", "Прынцэса цырка", "Марыца", "Лятучая мыш".

Акрамя высокай выканаўчай тэхнікі і чароўнай прыгажосці голасу, вас кранае шчырасць артыста. Не дзіўна, што ён стаў лаўрэатам 2-й прэміі і ўладальнікам прыза глядацкіх сімпатый на сёлетнім конкурсе імя М. Рымскага-Корсакава, які адбыўся ў Пецярбурзе.

"Кожная перамога вельмі прыемная, а перамога на такім сур'ёзным конкурсе прыемная ўдвая, – гаворыць У. Пятроў. – Гэта вынік велізарнай працы, зробленай разам з канцэртмайстрам Таццянай Траццяк. Гэта наша агульная перамога. Мы стараліся як мага старанней падрыхтавацца да конкурсу. Дырыжор Аляксандр Анісімаў паставіў "высокую планку", прапанаваўшы мне ўдзельнічаць у конкурсе. Менавіта ён задаў адпаведны ўзровень і карэктаваў падрыхтоўку. Я заўсёды лічыў і лічу, што поспех – гэта не выпадковасць. Гэта плён штодзённай карпатлівай працы. Нельга спыняцца на дасягнутым".

Так, і кожны, хто ведае Уладзіміра Пятрова, скажа, як шмат ён працуе. З раніцы ён на рэпетыцыі ў адным тэатры, потым – на ўроку ў другім, потым зноў рэпетыцыя.

Быць артыстам аднаго тэатра досыць цяжка, а двух – проста вельмі складана. Ды так, відаць, наканавана лёсам Уладзіміра Пятрова. Калі ў 1985 годзе ён закончыў Уральскую кансерваторыю (клас Б. Вінаградава), то атрымаў прапанову працаваць у Омскім музычным тэатры. А рэпертуар музычнага тэатра ўключае і оперу, і аперэту, і вадэвіль, і музычную драму. I партыі былі ва Уладзіміра Пятрова самыя разнастайныя. Гэта Яўгеній Анегін у оперы "Яўгеній Анегін" П. Чайкоўскага, Жэрмон у оперы "Травіята" Д. Вердзі, Эдвін у аперэце "Каралева Чардаша" ("Сільва") І. Кальмана, Арлоўскі ў аперэце "Лятучая мыш" І. Штрауса. Цікавая была работа над роллю Астапа Бендэра ў "Залатым цяляці" Ц. Хрэннікава, школай акцёрскага майстэрства сталася музычная драма "Я прыйшоў даць вам волю" кампазітара Я. Пцічкіна; Сцяпан Разін – адметная партыя, цікавая для сцэнічнага ўвасаблення.

Першы Усерасійскі конкурс аперэты і мюзікла ў Омску (1991 г.) прынёс У. Пятрову званне лаўрэата. Пасля гэтага ён трапіў на Міжнародны конкурс аперэты і мюзікла. Там прысутнічаў дырэктар Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Беларусі С. Косцін... I вось вясной 1992 г. артыста запрасіла Свярдлоўская опера, але амаль адначасова запрасіў і беларускі тэатр музычнай камедыі. Уладзімір Пятроў выбраў Мінск.

– Я ўдзячны Сяргею Рыгоравічу Косціну, – гаворыць артыст, ён вельмі ўважлівы да артыстаў не толькі ў творчых, а і ў чалавечых стасунках.

– Вы працуеце ў двух тэатрах. З чым гэта звязана?

– Для кагосьці можа быць нечаканасцю, што я працую і ў ДАВТе Беларусі, і ў тэатры музычнай камедыі. Для мяне ж гэта заканамернасць. Бо ў Омску я сумяшчаў у адным тэатры працу і над операй, і над аперэтай.

– А ці ёсць сярод вашых, такіх разнастайных, роляў асабліва любімая?

– Гэта – Яўгеній Анегін, партыя, якую я рыхтаваў яшчэ ў кансерваторыі. Яна мне вельмі дарагая. Блізкая і эмацыянальна, і духоўна. Я яе адчуваю. Роля Яўгенія Анегіна вельмі жыццёвая і сучасная. Колькі б я яе ні спяваў, з кожным разам яна робіцца мне бліжэй і больш зразумелай. Мне памаглі зрабіць гэтую партыю мае настаўнікі ў кансерваторыі. Яны былі тымі з магікан, хто скрупулёзна, разбіраючы кожную ноту, без цяперашняй сумятні, ствараючы атмасферу творчасці, у якую акунаешся, вызваляючыся ад штодзённых клопатаў і побыту. Абстаноўку яны ўмелі ствараць духоўную. Я ім вельмі ўдзячны. Цяпер, праз гады, да мяне прыйшло разуменне, здавалася б, простай рэчы: што рэжысёр і дырыжор павінны на рэпетыцыі ствараць атмасферу, пры якой можа раскрыцца артыст.

У студэнцкія гады мне давялося працаваць над операй "Багема" Пучыні з рэжысёрам Федасеевым. Партыя Марселя, якую я выконваў, выклікае шмат успамінаў. Мы працавалі над спектаклем раніцай і вечарам, рэпеціруючы з вялікім задавальненнем. Шмат было натхнёных момантаў – настолькі пранікнёная музыка Пучыні і блізкі сюжэт ("Багему" можна лічыць маладзёжнай операй).

– А якая музыка, акрамя опернай, вам яшчэ падабаецца?

– Мне падабаецца спяваць пад гітару, музіцыраваць. Дома ў мяне ёсць гітара, я часам спяваю ў коле блізкіх, для сваёй сям'і.

Калі вучыўся, мне падабалася аўтарская песня. Мяне крыху закранула пакаленне шасцідзесятнікаў – Візбар, Акуджава. Я неяк заўважыў, што на канцэрты аўтарскай песні прыходзіць зусім асаблівая публіка. З якой увагай яна слухае! I шырока расплюшчаныя вочы – як шырока раскрытыя душы. У аўтарскай песні прываблівае тая шчырасць, калі слова ідзе ад сэрца да сэрца. Я пачаў задумвацца: што ж асаблівага ў аўтарскай песні? У Высоцкага ёсць мелодыя? Не. Але тая шчырасць, якая зыходзіць з глыбіні душы, ні з чым не параўнаная!

– Многія знаныя спевакі спявалі ў царкоўным хоры. Ваша стаўленне да духоўнай музыкі?

– Гэта той пласт, да якога я практычна не меў дачынення. У Омску, акрамя працы ў тэатры, я рабіў праграмы з аркестрам, супрацоўнічаў з муніцыпальным хорам. Праца над праграмай духоўнай музыкі была ў мяне ў перспектыве. У сувязі з пераездам гэтыя планы пакуль не ажыццявіліся. У першы год знаходжання ў Мінску перш за ўсё трэба было ўвайсці ў рэпертуар, што, я і зрабіў, увайшоўшы ў 5 спектакляў у тэатры музкамедыі і ў 3 спектаклі ў ДАВТе.

Я думаю, духоўная музыка глыбока асабістая. Да яе чалавек павінен прыйсці, усвядоміўшы яе як неабходнасць, як жыццёвую патрэбу. У кожнага павінна быць штосьці святое за душой. Тады можна будаваць нейкія людскія адносіны, выхоўваць дзяцей. Бо вера – гэта прыкмета здаровага грамадства. Цяпер модным робіцца насіць крыжыкі паверху адзення. Мне ж здаецца, да веры павінна быць вельмі інтымнае стаўленне. З глыбокай пашанай ставячыся да духоўнай музыкі, я чакаю таго часу, які паверне мяне на гэты жыватворны шлях. Бо духоўная музыка – гэта тая музыка, якую трэба слухаць, якая ачышчае душу.

– Кажуць, што артыст аперэты павінен спяваць, як оперны спявак, танцаваць, як артыст балета, і іграць, як драматычны акцёр. Наколькі гэта слушна?

– Опера гэта альбо аперэта – трэба моцна верьшь у тое, што ты робіш, пра што спяваеш, чаго чакае глядач ад цябе ў ствараемым вобразе, калі ён цябе слухае і чуе твае патаемныя думкі. Тады паміж сцэнай і глядзельнай залай працягваюцца нябачныя ніці зносін, узнікае энергія, якая сілкуе і артыста, і гледача. Калі я гляджу спектакль па тэлевізары, такога пачуцця не ўзнікае. Чым і розніцца тэатр ад іншых мастацтваў – "сиюминутностью". У артыста няма, як у паэта альбо жывапісца, друкарні ці палатна, каб зафіксаваць свае думкі, свае вобразы. Кожны спектакль памірае ў момант свайго заканчэння. Толькі хвіліны натхнёнай творчасці ашчадна захоўваюцца ў памяці гледача.

– А што для вас шчасце?

– Я лічу, што для мужчыны галоўнае ў жыцці – справа, якой служыш, праца ў першую чаргу. У гэтым сэнсе я шчаслівы. Я займаюся сваёй справай, у мяне ёсць што сказаць гледачу. Я не хаваю, што люблю выходзіць на сцэну, на публіку. Несці свае перажыванні, свае эмоцыі. Але бясспрэчна, без чаго не магло адбыцца маё першае шчасце, – без маёй жонкі, без маёй сям'і. Мудра заўважана: мой дом – мая крэпасць. Пасля рэпетыцыі я імкнуся дадому. Таму што, вяртаючыся дадому, я ведаю, што мяне з нецярпеннем чакаюць блізкія людзі, здольныя зразумець мяне: мая жонка, дачка і сын.

Шчаслівы лёс? Магчыма. Уся справа ў тым, якія мэты ставіць перад сабой чалавек. А на сённяшні дзень самае лепшае ў гэтым лёсе, на мой погляд, тое, што ён далёка не завершаны. На сцэне тэатра музычнай камедыі адбылася прэм'ера аперэты М. Стрэльнікава "Халопка": Уладзімір Пятроў выконвае ў ёй партыю Андрэя Туманскага. Тэатр оперы і балета распачаў гастролі ў Іспаніі "Севільскім цырульнікам" Д. Расіні: у ролі Фігара – Уладзімір Пятроў.


Ларыса ВІШНЕЎСКАЯ.
Літаратура і мастацтва. – 1994. – 20 мая. – С. 11.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: