« Назад "УДАВА", ЗНІЯКАВЕЛАЯ АД СПЁКІ, АБО ЦІ ТРЭБА "АМПУТАВАЦЬ ГАЛАВУ"?
Новы спектакль Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі
Ну, вось і здзейснілася. Прэм'ера "Вясёлай удавы" Ф. Легара, пра якую так многа гаварылі ў тэатры музычнай камедыі, нарэшце адбылася. I прыпала на тыя ашалелыя дні пачатку чэрвеня, калі слупок тэрмометра падымаўся да 32-градуснай адзнакі. Не ведаю, хто як, а я асабіста дрэнна пераношу спякоту. У мяне настае, як выказваецца адзін з герояў "Вясёлай удавы", Нэгаш (Г. Казлоў), "поўнае размякчэнне мозгу", калі, згодна з парадай таго ж Нэгаша, "галаву трэба ампутаваць і аддаць сабакам". Зрэшты, больш не буду пакуль што цытаваць нятленныя перлы, якія прамаўляюць са сцэны мае любімыя артысты. Я – пра спёку. Мяне яна даканала. А спектакль – дабіў. Бо такой – "прабачце мяне – "радасці" на сцэне беларускай музкамедыі не з'яўлялася даўно. Дый што магло нарадзіцца ў тэатры, які быў у ліхаманцы ўвесь гэты сезон – у ліхаманцы ад бясконцых праверак, камісій, рэвізій? Што магло з'явіцца ў шматпакутным тэатры, дзе няма згоды паміж акцёрамі, дзе не адчуваецца сапраўднага мастацкага кіраўніцтва і дзе ў чарговы раз здымаюць з пасады чарговага дырэктара?.. Тым не менш, прэм'еру ўсё ж справілі, прымеркаваўшы яе да 125-годдзя з дня нараджэння Ф. Легара і да 90-годдзя з дня першай пастаноўкі "Вясёлай удавы" ў венскім тэатры "Ан дэр Він". "Вясёлая ўдава" – адзін з тых твораў, што, як правіла, значацца ў афішы амаль кожнага тэатра аперэты. Калісьці гэты спектакль ішоў і ў Мінску, і ставіў яго рэжысёр Л. Вільковіч. Не было ў той пастаноўцы нічога дзіўнага, і ніякіх Амерык яго стваральнікі не адкрывалі. I тым не менш, "Вясёлая ўдава" была не горшая за іншыя тагачасныя пастаноўкі. А калі ў галоўных ролях выходзілі на сцэну Н. Гайда і Р. Харык, В Мазур і П. Рыдзігер, неяк не думалася пра тое, што дэкарацыі спектакля вельмі сціплыя, а сюжэт самой аперэты немудрагелісты. Гэты сюжэт, што называецца, "чытаўся", чытаўся лёгка і з задавальненнем. А яшчэ былі ў тым спектаклі нейкія святло і шчырасць. Не ведаю, можа, даваць такія эпітэты былой пастаноўцы мяне прымушае настальгія па тых часах, калі я, студэнтка кансерваторыі, толькі пачынала адкрываць для сябе наш чароўны і дзівосны тэатр музкамедыі, у які проста закахалася на ўсё жыццё. "Вясёлая ўдава" рэжысёра Л. Вільковіча – адтуль, з тых успамінаў... Але прамінула 10 гадоў, мой улюбёны тэатр прыкметна ўзмужнеў, пахарашэў, пасур'ёзнеў. I – пабагацеў. На фоне іншых спектакляў "Вясёлая ўдава" ўсё больш і больш глядзелася папялушкай, адкрыта старэла. Нарэшце, пастаноўку знялі. Летась беларускі тэатр музычнай камедыі стаў членам Еўрапейскай музычнай акадэміі тэатраў. Будучы на кангрэсе гэтай акадэміі, былы дырэктар тэатра С. Косцін атрымаў аўтарскую партытуру "Вясёлай удавы", г. зн. першакрыніцу. Нашаму тэатру быў дадзены унікальны шанц – узнавіць твор такім, якім яго стварыў сам маэстра Легар. Не сакрэт, што, у адрозненне ад класічных оперных партытур, аперэтачныя ў нас амаль не выдаюцца, і кожнаму тэатру – маю на ўвазе тэатры аперэт былога Саюза – даводзіцца ой як круціцца, "збіраючы па крупінках" тую ці іншую вядомую аперэту. Дырыжоры самі дапісваюць аркестроўкі, рэжысёры дапускаюць шматлікія ўстаўныя нумары (так, напрыклад, усё ў той жа "Вясёлай удаве", як правіла, выконваецца вельмі папулярны цяпер нумар "Арэлі", які належыць пяру кампазітара А. Голендэра і быў "уманціраваны" ў спектакль аж у 1906 годзе, калі "Удаву" паставіў С.-Пецярбургскі тэатр "Пасаж"). Напэўна, гэта заганная практыка. Але я ўсё ж дазволю сабе выказаць крамольную думку і заўважу, што простаму гледачу абыякава, што ўстаўляюць пастаноўшчыкі ў той ці іншы спектакль. Важна, каб ён "дыхаў", быў жывы, каб захапляў. Напрыклад, у мінулым сезоне ў нас адбылася прэм'ера аперэты М. Стрэльнікава "Халопка". Пастаноўшчыкі адкрылі ўсе купюры, працуючы таксама з аўтарскай партытурай. I што ж? Атрымалі маруднае, сумнае відовішча цягам на 4 гадзіны. Адразу ж пасля прэм'еры рэжысёр вымушаны быў пераставіць адны сцэны і скараціць іншыя. Не хачу, аднак, працягваць гэтыя спрэчныя развагі. Усё адносна. Галоўнае, каб тое, што прапануецца гледачу, было таленавітае, цікавае, дасціпнае. I тады пастаноўшчыкам даруецца многае з таго, да чаго можна было б "чапляцца". Нібы пацвярджаючы гэтыя думкі, на маё пытанне: "Як трэба ставіць класічныя аперэты, ці ёсць нейкі эталон?" – рэжысёр цяперашняй версіі "Вясёлай удавы" М. Дотлібаў (ён меў гонар ставіць Легара ў Вене) адказаў: "Ніякіх правілаў няма". Напэўна, таму "Вясёлая ўдава" ў новым мінскім варыянце без шкадавання пазбавілася голендэраўскіх "Арэляў" і як сапраўдная модніца, прымерыла на сябе балетны дывертысмент (даўжынёй амаль у 15 хвілін!), спецыяльна напісаны да гэтага выпадку беларускім кампазітарам У. Дарохіным. Праўда, У. Дарохін пісаў сваю музыку, грунтуючыся на мелодыях самой "Удавы". Тут я павінна змяніць свой з'едлівы тон і заўважыць, што гэта па-майстэрску зробленая музыка ў цэлым не пярэчыла легараўскай, а сам балетны дывертысмент ("Начны Парыж" – так ён называецца) у бліскучай пастаноўцы Н. Дз'ячэнкі ўпрыгожыў спектакль. Увогуле, 3-ці акт, пра які тут ідзе гаворка, аказаўся найбольш удалым, кампактным і багатым на адкрыцці. Вось дзе прыдалася наяўнасць аўтарскай партытуры, калі дырыжор А. Лапуноў упершыню пасля шматгадовага пераможнага шэсця "Вясёлай удавы" па савецкіх тэатрах аднавіў забытыя, дагэтуль нікім не пастаўленыя сцэны з гэтай аперэты. Маю на ўвазе цудоўны нумар Нэгаша "Мы – парыжане" і сцэну парыжскіх грызетак ("Мы – парыжскія грызеткі" – з задавальненнем спяваюць актрысы З. Вяржбіцкая, А. Чумакова і Л. Шаўчэнка, якія, праўда, чамусьці ў дзвюх папярэдніх дзеях ціхмяна выконвалі ролі пасольскіх жонак. Гэткае пераўвасабленне, як і шмат іншых "знаходак" пастаноўкі, трэба думаць, – плод гуллівай фантазіі рэжысёра). Увогуле, хараство музыкі Легара – рэч самакаштоўная і не мае патрэбы ў дадатковых характарыстыках. "З "Вясёлай удавой", – пісаў сам кампазітар, – я знайшоў свой стыль, да якога імкнуўся ў папярэдніх творах. Я думаю, што жартоўная аперэта не ўяўляе цікавасці для сённяшняй публікі. Я не магу бачыць прызначэнне аперэты ў тым, каб падвяргаць асмяянню ўсё цудоўнае і ўзвышанае. Мая мэта – зрабіць аперэту высакароднай. Глядач павінен перажываць, а не глядзець і слухаць заведамае глупства". Гэтыя словы маглі б стаць дэвізам для пастаноўшчыкаў "Вясёлай удавы". Але ў рэжысёра М. Дотлібава, відаць, быў свой позірк на тое, як трэба ставіць аперэту (бо правілаў жа няма!). Выбачайце, калі памыляюся, але мне здаецца, што ягонай мэтай было... надаць пошласці легараўскаму твору, прычым, на максімальную велічыню. Рэжысёр сам зрабіў пераклад п'есы В. Леона і Л. Штайна з нямецкай мовы, а таксама ажыццявіў яе "драматургічную рэдакцыю" (так напісана ў праграмцы). Думаю, Легар павярнуўся б у труне, калі б пачуў і пабачыў, што робяць і што гавораць героі выпакутаванай ім аперэты. Граф Даніла (А. Ісаеў), шукаючы гаспадыню згубленага веера, звяртаецца да жонкі саветніка пасольства: "Як у вас абстаяць справы з тым, што ссоўваецца-рассоўваецца?"... Той жа Даніла дзякуе Нэгашу: "Залаты вы чалавек", – і атрымлівае ў адказ: "А ў ламбард не бяруць: пробу ставіць няма куды". "Псік, стары барбос!" – кідае свайму мужу, ваеннаму аташэ, жонка Сільвіяна (Л. Шаўчэнка). Першай рэплікай барона Зэты (А. Ранцанц) робіцца фраза аднаго вядомага палітыка – "працэс пайшоў". А далей на працягу ўсяго спектакля акцёр упарта намагаецца пераймаць манеру гаворкі ды рухі іншага вядомага палітыка, хіба толькі не картавіць. Ды й на тым дзякуй!.. Публіка, як і трэба было чакаць, з захапленнем усё гэта прымае. Смяецца і рагоча. Але што вынясе яна з такога "шоу", прабачце за высокі штыль, у сэнсе духоўнасці? Не хачу абражаць тых, каму пастаноўка падабаецца. Але не хачу і атаясамлівацца з імі. Я бачыла ў гэтых сценах іншы тэатр і не хачу, каб цяперашняй "Удавой" мне "ампутоўвалі галаву", а тым больш "аддавалі яе сабакам". Я не хачу, каб з мяне як з гледача рабілі поўную дурніцу, і не жадаю гэтага іншым. Зрэшты, мая галава можа пацярпець і пасля выхаду гэтых нататкаў. I таму, пакуль яна пры мне, спяшаюся напаследак выплюхнуць сваю апошнюю "дозу атруты". Дырыжор Анатоль Лапуноў, не вагаючыся, назваў на прэс-канферэнцыі "Вясёлую ўдаву" – цытую – "самым лепшым спектаклем тэатра". Дазвольце, паважаны маэстра! Як можна называць гэтак спектакль, дзе няма ніводнага жывога характару, па сутнасці, ніводнай вартаснай акцёрскай работы?! Бадай, толькі адна пара – З. Вяржбіцкая ды В. Мінгалёў (баранеса Зэта і Каміл дэ Расільён) па-сапраўднаму спрабуюць нешта іграць. Усе астатнія акцёры з рознай ступенню гучнасці вымаўляюць тэкст і спяваюць пад музыку (дарэчы, маэстра, – у гэты момант іх часцяком зусім не чуваць...) Выканаўцы галоўных роляў Л. Станевіч і А. Ісаеў (Ганна і Даніла), працуючы ў пары не першы спектакль, зрабілі вялікі крок наперад у параўнанні са сваімі акцёрскімі набыткамі ў ранейшых пастаноўках. Парадавала, што А. Ісаеў стаў больш мяккі, чуйны да сваёй партнёркі, а Л. Станевіч прыкметна набыла раскаванасць, нязмушанасць сцэнічных паводзінаў. I ўсё ж вядучым салістам не хапае тых акцёрскіх якасцяў, праз якія глядач паверыў бы ва ўзаемнасць пачуцця Ганны і Данілы. Шмат працы чакае спевакоў і ў плане ўдасканалення свайго вакальнага майстэрства. Вонкавае аблічча, афармленне спектакля прываблівае, уражвае. Праўда, і тут не магу не сказаць пра пэўны "перабор". Прыгажосць і незвычайнасць касцюмаў (Т. Тулуб'ева) і дэкарацый (I. Нежны) у нейкі момант становяцца празмернымі, пярэстымі. З-за стракатасці іх перастаеш заўважаць. Вочы неяк самі сабой заплюшчваюцца, патрабуючы адпачынку ад гэткага бляску. А вушы цярпліва працягваюць "трымаць" тое, што на іх "вешаюць"... Але – даруйце, даруйце мне гэткую недалікатнасць у выразах. Пэўна, усё ад неймавернай спёкі. Я, канечне ж, зноў і зноў буду прыходзіць у свой улюбёны тэатр. З надзеяй на тое, што ўсё ў ім стане на свае месцы і што спектаклі накшталт "Вясёлай удавы" не запануюць на яго сцэне. ...У адрозненне ад млявацякучага "замужжа ўдавы" прыемна ўразіла мяне іншае вяселле, сапраўднае – галоўнага дырыжора тэатра А. Сасноўскага. Яно адзначалася ў дзень прэм'еры, за кулісамі, і шчырасцю падзей зусім не нагадвала сцэнічнае. З чым і віншую...
|
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by