Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/У добры шлях, "Дон-Кіхот"! (1995 г., Мастацтва)

У добры шлях, "Дон-Кіхот"! (1995 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

У ДОБРЫ ШЛЯХ, "ДОН-КІХОТ"!

Такім чынам, "Дон-Кіхот" на сцэне Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь. Выканаўцы – трупа "Мінск-балет". Альтэрнатыва? Можна сказаць – так. Годная? Скептычна настроены балетны глядач, які прызвычаіўся да высокамастацкіх, прафесійных, цудоўна аформленых пастановак ДАВТа Беларусі, можа аднесьціся да новага сьпектакля маладой балетнай трупы з іроніяй, можа нават не прыняць яго па прычыне зусім зразумелага снабізму. Але ўсё гэта будзе няслушна, як няслушнае кожнае адмаўленьне спробы выйсьці на якасна новы ўзровень, а менавіта так мы і будзем расцэньваць пастаноўку гэтага балета ў трупе "Мінск-балет".

– Чаму "Дон-Кіхот"? А чаму не "Жызэль"? – спытае ўсё той жа скептычна настроены глядач. Відаць, таму што "Дон-Кіхот" – сьпектакль вельмі ўдзячны, як ніякі іншы з класічных балетаў. Ён прыносіць велізарную радасьць як гледачам, так і выканаўцам пры ўмове, вядома, акцёрскай удачы і віртуознасьці танца ўсіх удзельнікаў сьпектакля. Сапраўды, гэта той балет, ставячы які, маладая трупа ідзе на вельмі вялікую, але, тым не менш, апраўданую рызыку, перш за ўсё таму, што ў яе актыве ўжо "Па-дэ-катр", "Шапэніяна", па-дэ-дэ з балета "Арлекінада" – г. зн. нумары і сьпектаклі, якія прадугледжваюць не толькі добрую класічную падрыхтоўку ўсёй трупы, але і наяўнасьць у ёй віртуозных салістаў. А па-другое, вось што сказаў пра "Дон-Кіхота" выдатны рускі крытык В. Гаеўскі: "Ва ўсе часы, пры ўсіх абставінах у выдатных выканаўцаў розных эпох гэты іспанскі балет іграў, па сутнасьці, адну ролю – новага слова, і прытым вольнага слова. У "Дон-Кіхоце" дадзены правобраз свабоднага танца... I не дзіўна, што ўжо ў нашу эпоху "Дон-Кіхота" танцавалі лепш за ўсё тыя артысты, якія з лёгкасьцю пераходзілі мяжу, што аддзяляе строгі класічны танец ад вольнага танца-"мадэрн": М. Плісецкая, К. Максімава, А. Месэрэр, У. Васільеў... Яркую асобу тут ставілі вышэй, чым ідэальны акадэмізм, а моцную страсьць цанілі больш, чым віртуозны танец" 1.

Трупа "Мінск-балет" танцуе не толькі класіку, але і характарныя танцы. "Іспанскі дывертысьмент" – цікавы, арыгінальны сьпектакль, пастаўлены на матэрыяле іспанскага фальклору, даў неабходную магчымасьць трупе паспрабаваць сябе ў жанры іскрамётнага іспанскага танца і зрабіўся своеасаблівай прыступкай на шляху да "Дон-Кіхота".

Сьпектакль у пастаноўцы знакамітай танцоўшчыцы Марыінскага тэатра Л. Кунаковай – зразумела, зьява неадназначная ў многіх адносінах. Цудоўная выканаўца партыі Кітры змагла перадаць салістам любоў і беражлівыя адносіны да сваіх герояў, зрабіла ўсё, што ад яе залежала, каб сьпектакль атрымаўся ўдалы, але ўсё ж такі ў драматургічных адносінах 2-актовая версія сьпектакля моцна прайграе 3-актоваму балету, які ідзе на сцэне ДАВТа Рэспублікі Беларусь. Хоць так званыя "гастрольныя трупы" практыкуюць і аднаактовыя пастаноўкі "Дон-Кіхота", натуральна, на шкоду ўсяму класічнаму балету. У сьпектаклі адсутнічаюць сцэна "Сон Дон-Кіхота" (што тлумачыцца малой колькасьцю ў трупе жаночага кардэбалета), некаторыя масавыя і сольныя танцы, але, на мой погляд, знакаміты цыганскі танец, праслаўлены заслужанай артысткай Расіі Л. Трамбавельскай, у сьпектаклі можна было пакікуць (замест яго была "Джыга" – танец кантрабандыстаў, сам па сабе яркі і цікавы, але тыпова "ўстаўны", які выглядаў крыху іншародным у балеце). Магчыма, пастаноўшчык хацела зрабіць так, каб яе версія сьпектакля адрозьнівалася ад, так сказаць, "казённай" пастаноўкі? Цалкам магчыма. Так што не будзем сьцьвярджаць, што ўсе гэтыя купюры зьбядняюць сьпектакль, а наадварот, павіншуем калектыў з першым "поўнаметражным" балетам, бо да гэтага часу ў трупе "Мінск-балет" ішлі толькі аднаактовыя сьпектаклі і дывертысьменты. I не трэба тлумачыць, што гэта вялікі крок наперад, бо розьніца паміж аднаактовым і шматактовым сьпектаклямі відавочная, бо другі ставіць непараўнальна больш складаныя драматургічныя і выканаўчыя задачы.

Трэба адзначыць асаблівую мужнасьць і адданасьць сваёй справе вядучых салістаў трупы "Мінск-балет" Юліі Дзятко і Канстанціна Кузьняцова. Пачаўшы сваю кар'еру ў Тэатры музычнай камедыі, як і ўсе артысты балета, з выкананьня вальсаў, полек, чардашаў у знакамітых аперэтах (бо нават адзіны балет Д. Шастаковіча "Паненка і хуліган" ужо шмат сезонаў не ішоў у тэатры), артысты не маглі і марыць пра выкананьне сольных, а тым больш вядучых балетных партый у сьценах роднага тэатра. Аднак дзякуючы галоўнаму балетмайстру тэатра заслужанай артыстцы Расіі Н. Дзьячэнка, балетмайстру-рэпетытару А. Рымашэўскаму, мастацкаму кіраўніку тэатра С. Косьціну і многім-многім іншым самаадданым людзям нават самыя сьмелыя мары зрабіліся явай. Усяго за некалькі сезонаў Ю. Дзятко станцавала Каханую ў "Штраусіяне", Царэўну ў "Шэхеразадзе", партыі ў "Балеро", "Іспанскім дывертысьменце", "Па-дэ-катры", "Шапэніяне"; а К. Кузьняцоў, у сваю чаргу, – Паэта ў "Штраусіяне", Джына і Сіндбада ў "Шэхеразадзе", партыі ў "Балеро", "Іспанскім дывертысьменце", па-дэ-дэ з балета "Арлекінада". Але ўсё ж такі партыі Базіля і Кітры – гэта тая прыступка, на якую маюць магчымасьць узьняцца вельмі нешматлікія танцоўшчыкі. I гэта падарунак лёсу. Можна лічыць, што артысты заслужылі яго.

Базіль К. Кузьняцова – сапраўдны прадстаўнік народа, бесшабашны і знаходлівы. Ён не губляецца ў любых абставінах, не баіцца саперніцтва. Невысокі, стройны, надзіва жвавы, сьветлавалосы сьмяшлівы хлопец, ён зьяўляецца ў нечаканых месцах, і танец яго, іскрамётны і тэмпераментны, вызначаецца сьмеласьцю і элегантнасьцю. Асабліва хочацца адзначыць поўнае ўзаемаразуменьне партнёраў. Кітры і Базіль сапраўды вядуць сьпектакль і зьяўляюцца яго стрыжнем. За іх ігрой сочыш з неаслабнай увагай і кожны раз радуешся іх зьяўленьню на сцэне. Кітры Ю. Дзятко юная, чароўная, непасрэдная, але і хітрая адначасова. Яе вочы зіхацяць весялосьцю, а усьмешка нагадвае сонечнага зайчыка – так няўлоўна яна загараецца. Танцоўшчыца лёгка спраўляецца з тэхнічнымі складанасьцямі партыі, і ёй можна пажадаць хіба што большай упэўненасьці ў выкананьні фуэтэ – яна ж валодае добрым вярчэньнем і апломбам! К. Кузьняцову хочацца нагадаць пра неабходную стабільнасьць выкананьня ўсіх без выключэньня рухаў у партыі.

Выканаўцам партый Эспада і Вулічнай танцоўшчыцы I. Ханцэвічу і Л. Кісялёвай, якія валодаюць цудоўнымі зьнешнімі данымі, трэба пажадаць большай артыстычнасьці і раскаванасьці, упэўненасьці выкананьня; трэба думаць, што з цягам часу яны будуць больш адпавядаць сваім героям. Несумненна, прывабіць, але і, магчыма, прынясе пэўнае расчараваньне гледачу партыя Гамаша. Яна цікавая хаця б ужо тым, што няўдалага жаніха Кітры цяжка адназначна назваць сьмешным, а тым больш дурнем, якім ён зьяўляецца ў многіх іншых "Дон-Кіхотах". Ён поўны ўласнай годнасьці і здольны захоўваць яе ў вельмі нявыгадных для сябе сітуацыях. Гамаш выклікае павагу, нягледзячы на сьмешны парык і суперарыстакратычныя манеры "а ля Людовік XIV". Але партыя здаецца як бы не зусім дадуманай, у ёй адсутнічае фінальная кропка. У драматургічным плане роля Гамаша ў балеце "Дон-Кіхот" ДАВТа РБ поўнасьцю завершана, больш лагічная і цікавая. У. Крупскі, выканаўца партыі Гамаша ў сьпектаклі трупы "Мінск-балет", вельмі арганічны і прыцягвае да сябе асаблівую ўвагу ва ўсіх сваіх партыях. Гледачу, несумненна, запомніліся горды і няўмольны Шахрыяр з "Шэхеразады", элегантны і стрымана-страсны Закаханы з "Начнога спатканьня" ("Іспанскі дывертысьмент").

Ролі сябровак Кітры выканалі маладыя танцоўшчыцы Д. Лапкоўская і К. Сямёнава. Яны цалкам справіліся са сваімі партыямі, але трэба сказаць, што, верагодна, у дуэце артысткі адчувалі сябе на сцэне больш упэўнена, чым у варыяцыях; тым не менш у вельмі складаных устаўных варыяцыях у фінальным па-дэ-дэ, танцоўшчыцы прадэманстравалі незвычайныя здольнасьці і пачуцьцё стылю. Кардэбалет добрасумленна выканаў сваю задачу, але ўсё ж засталося ўражаньне малой колькасьці прысутных на сцэне, схематычнасьці пабудоў – інакш кажучы, не было агністага, тэмпераментнага народнага натоўпу, які спачувае і хвалюецца, весяліцца і сумуе, г. зн. душы сьпектакля, якой ён зьяўляўся ва ўсіх пастаноўках "Дон-Кіхота".

Сакраментальная для ўсіх сьпектакляў роля Дон-Кіхота на гэты раз была даволі ўдалая, дзякуючы перш за ўсё таленту выканаўца Г. Казлова, вядомага артыста аперэты, які з лёгкасьцю зьмяняе розныя амплуа, што сьведчыць пра надзвычайную шырыню акцёрскага дыяпазону.

На заканчэньне неабходна сказаць, што сьпектакль "Дон-Кіхот" у трупе "Мінск-балет" – важная падзея ў культурным жыцьці нашай рэспублікі. I перш за ўсё ў жыцьці балета. Цяпер ужо можна з упэўненасьцю сказаць пра нараджэньне новага балетнага, менавіта балетнага тэатра. Гэта першы важны асьпект, а другі заключаецца ў тым, што цяпер маладыя выпускнікі Беларускага харэаграфічнага вучылішча будуць мець у два разы больш шанцаў трапіць на танцавальную сцэну, а акрамя таго немалаважную магчымасьць выбіраць, і, хочацца верыць, нейкія маладыя дараваньні, не заўважаныя, не разгледжаныя своечасова, знойдуць сябе потым у сьценах новага тэатра.

У добры шлях, "Мінск-балет"!

У добры шлях, "Дон-Кіхот"!


Натальля КУЛЬГАН.
Мастацтва. – 1995. – № 5. – С. 12–14.


1 В. Гаевский. Дивертисмент. Москва: Искусство. 1981, с. 210.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: