« Назад ПРАШУ ВАС, МАЭСТРА!
Гэтымі магічнымі словамі, якія ўжо самі па сабе як быццам гучаць музыкай, запрашалі афішы ўсіх прыхільнікаў тэатра музкамедыі на бенефіс вядучага саліста Арнольда Ранцанца. Гэтыя словы гучалі лейтматывам і самога бенефіса. Артыст запрашаў усіх – і музыкантаў, і калег-акцёраў, і гледачоў падзяліць з ім радасць творчасці.
Як сказаў мастацкі кіраўнік і дырэктар тэатра Сяргей Косцін, усе акцёры хочуць, каб у іх адбыўся бенефіс, але не ўсе гэтага дабіваюцца. Так, у наш складаны час тэатры не маюць сродкаў, каб належным чынам ушанаваць сваіх вядучых акцёраў, і тады найбольш энергічныя з іх самі знаходзяць для гэтага ўсё неабходнае. Так адбылося і з Арнольдам Ранцанцам, у гонар 50-годдзя якога было задумана падрыхтаваць тэатральнае свята. Не гаворачы пакуль пра творчы бок справы, неабходна адзначыць, што толькі дзякуючы асабістай энергіі бенефіцыянта ўдалося знайсці спонсараў з ліку вядучых камерцыйных банкаў і фірм, якія і пералічылі неабходную суму на правядзенне імпрэзы. Шкада, канечне, што артысту давялося шмат сіл і энергіі ўкласці ў арганізацыйны бок справы, але затое ў выніку гэтых намаганняў сапраўдную перамогу атрымаў дух творчасці. Гэта быў той выпадак, калі палёт творчай фантазіі не стрымліваўся недахопам матэрыяльных сродкаў – бенефіс атрымаўся бліскучы і па-сучаснаму раскошны. А цяпер пра творчы бок. Поспех бенефіса ў многім залежаў ад пастаноўшчыкаў і ад акцёраў, якія разам з А. Ранцанцам удзельнічалі ў ім. Гэта не была канцэртная праграма з наборам асобных нумароў ці сцэн са спектакляў. Рэжысёр-пастаноўшчык Сусана Цырук распрацавала скразную драматургію гэтага прадстаўлення, дзе ніводны з нумароў нельга замяніць іншым або пераставіць іх месцамі, – настолькі яны звязаныя паміж сабой логікай усяго дзейства. Для ўдзелу ў бенефісе быў запрошаны ўлюбёнец мінскай публікі Аляксандр Кузьмянкоў, які ўжо некалькі гадоў як пакінуў наш тэатр і працуе ў іншай рэспубліцы, але на якога публіка не забылася і была рада новай сустрэчы. Дарэчы, А. Кузьмянкоў – сааўтар С. Цырук у распрацоўцы сцэнарыя і ў пастаноўцы бенефіса. Імі таксама былі зроблены многія ператэкстоўкі вядомых нумароў – з дасціпнасцю і густам, спецыяльна да гэтага выпадку. Сцэнарый "дапамог" А. Ранцанцу паўстаць перад гледачом ва ўсёй шматграннасці свайго акцёрскага майстэрства. Ён валодае яркім драматычным талентам, але спецыфіка жанру музкамедыі не заўсёды дазваляе гэта выявіць, і вось у бенефісе пастаноўшчыкі далі магчымасць акцёру паказаць усяго сябе, раскрыць найбольш яркія грані свайго акцёрскага дару. Кульмінацыяй сталася новая песня Уладзіміра Кандрусевіча (словы Марыны Кандрусевіч) "Супер-мен", першым выканаўцам якой быў сам бенефіцыянт. Атрымаўся найбольш яркі і запамінальны з усіх нумароў праграмы. Майстар камп'ютэрнай гукатэхнікі Вячаслаў Раманоўскі надаў гэтай музыцы эфектнае электроннае гучанне. Артысты балета таксама паказаліся ў гэтым нумары (як і ў многіх іншых) па-новаму. Яны з поспехам даказалі, што класічная харэаграфічная падрыхтоўка не перашкода для манеры танца-мадэрн. Балетмайстар-пастаноўшчык Галіна Шылянкова-Воранава знайшла стылістычнае адзінства пластычнага вырашэння ўсяго прадстаўлення, нягледзячы на шматжанравасць і разнастайнасць нумароў праграмы. Высокі прафесіяналізм і вялікі вопыт балетмайстра разам з майстэрствам рэжысёра спрыялі таму, што прадстаўленне набыло ўсе рысы цэласнай пастаноўкі. Будзем спадзявацца, што правядзенне бенефісаў у нашым тэатры музкамедыі працягнецца як традыцыя. Тым больш, што яшчэ не было доўгачаканага бенефіса ў прымадонны беларускай аперэты Наталлі Гайды, у іншых вядучых салістаў. Але цяжка ўявіць, што народная артыстка пачне хадзіць па камерцыйных фірмах і збіраць сродкі на ўласны бенефіс. Не творчая гэта справа. Добра было б, каб пры СТД ці, напрыклад, пры кожным тэатры існаваў бенефісны фонд, і тады б спонсарская дапамога атрымала б больш устойлівую і цывілізаваную форму.
|
тел.: (017) 275-81-26
220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44
Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by