Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Юбілейныя матывы (1996 г., Мастацтва)

Юбілейныя матывы (1996 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

ЮБІЛЕЙНЫЯ МАТЫВЫ

Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі Рэслублікі Беларусь – адзіны такога тыпу ў нашай краіне. Праўда, на Усебеларускай тэатральнай канферэнцыі, якая адбылася ў 1993 годзе, паўставала пытанне пра адкрыццё ў Беларусі другога такога тэатра – у Гродне, але, улічваючы абставіны сённяшняга дня, відаць, не хутка мы гэтага дачакаемся. 

А за гэты час наш адзіны тэатр музкамедыі падышоў да свайго 25-гадовага юбілею. Яго яшчэ і цяпер лічаць маладым, бо на памяці гледачоў сярэдняга пакалення ўся гісторыя стварэння калектыву.

25 гадоў назад, у студзені 1971 года, ён пачаў сваё існаванне. Яго трупа была ў асноўным сфарміравана з выпускнікоў мастацкіх навучальных устаноў Мінска і Масквы, а таксама з акцёраў былога Магілёўскага тэатра музычнай камедыі, які на той час працаваў у Бабруйску. Першым спектаклем новага тэатра была гераічная музычная камедыя Ю. Семянякі "Спявае жаваранак".

Першае дзесяцігоддзе свайго існавання Дзяржаўны тэатр музычнай камедыі зведаў цяжкасці, звязаныя ў асноўным з адсутнасцю ўласнага памяшкання. Даводзілася рэпеціраваць у непрыстасаваных залах і ставіць спектаклі на розных сцэнічных пляцоўках горада. Але творчай энергіі ў маладога калектыву было шмат. У сезоне 1973-74 года, калі Кулалаўскі тэатр святкаваў 800-ы паказ несмяротнай "Паўлінкі", Тэатр музкамедыі ажыццявіў уласны, музычны варыянт гэтага твора. Аўтарам музыкі новага спектакля быў Ю. Семяняка. Дарэчы, Юрый Уладзіміравіч і да гэтага часу лідзіруе ў спісе беларускіх кампазітараў – аўтараў музычных камедый. Акрамя ўжо названых, у свой час на сцэне Тэатра аперэты былі пастаўлены яго камедыі "Тыдзень вечнага кахання" і "Сцяпан – вялікі пан".

Першае дзесяцігоддзе Тэатра музкамедыі, у адрозненне ад цяперашняй сітуацыі, вызначалася большай колькасцю пастановак беларускіх кампазітараў, і ў тым ліку тых, якія грунтаваліся менавіта на беларускай тэматыцы. Р. Сурусам былі напісаны музычныя камедыі "Несцерка" і "Судны час". Першая з іх аж 16 сезонаў не сыходзіла з рэпертуарнай афішы тэатра і з'яўлялася многія гады адзіным беларускім творам на гэтай сцэне. Але вобраз нашага Тэатра музычнай камедыі быў бы недакладны без класічнай аперэты і твораў савецкіх кампазітараў, з якімі ў той час ён таксама пазнаёміў мінскіх гледачоў. Гэта "Фіялка Манмартра" Кальмана, "Цыганская любоў" Легара, "Вольны вецер" Дунаеўскага, "Пацалунак Чаніты" Мілюціна і інш.

У кастрычніку 1981 года, больш як праз дзесяць гадоў свайго вандроўнага існавання, тэатр, нарэшце, атрымаў уласнае памяшканне – сучасны будынак з усімі службамі, неабходнымі для пастаноўкі і пракату спектакляў.

У тэатры з'явілася больш магчымасцей для творчасці. Але ў калектыве з часу яго ўзнікнення не было галоўнага рэжысёра, таго лідэра, які б, добра ведаючы магчымасці тэатра ўвогуле, вызначаў генеральную лінію творчага росту. Дарэчы, гэта праблема застаецца для тэатра актуальнай і цяпер.

Са спектакляў, якія выйшлі да сярэдзіны 80-ых гадоў, найбольш удалымі можна назваць класічную аперэту "Ноч у Венецыі" I. Штрауса ў пастаноўцы С. Штэйна і гераічную камедыю беларускага кампазітара А. Мдывані "Дзяніс Давыдаў" у пастаноўцы Б. Уторава, якая прысвячалася 40-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

У 1984 годзе ў тэатры нарэшце з'явіўся галоўны рэжысёр – Вячаслаў Цюпа, і існаванне беларускай музкамедыі другой палавіны 80-ых гадоў было асветлена яго яркай індывідуальнасцю. В. Цюпа – неардынарны рэжысёр, са сваёй асаблівай эстэтыкай. Акрамя таго, ён добра адчуваў крызіс тэатра, і ў прыватнасці – тэатра музычнага, што з'яўлялася вынікам крызіснай сітуацыі ўсяго грамадства таго часу (пачатак эпохі перабудовы), і імкнуўся да пераўтварэнняў. Сабраўшы вакол сябе групу аднадумцаў, якія разумелі яго эстэтыку, ён пачаў выпускаць спектаклі, якія вызначаліся нетрадыцыйнасцю пастановачных прынцыпаў. Адкрыўся Клуб аматараў аперэты, які працаваў даволі актыўна і на пасяджэннях якога В. Цюпа дзяліўся з гледачамі сваімі мастакоўскімі ідэямі. Адна за адной выходзілі прэм'еры ў яго пастаноўцы, якія вылучаліся яркай відовішчнасцю і адметнасцю рэжысёрскага почырку: "Гуляем у прынца і жабрака" А. Журбіна, "Сірано" С. Пажлакова, класічная аперэта "Сільва" I. Кальмана і фольк-опера "Клоп" У. Дашкевіча. За спектакль "Клоп" рэжысёр-пастаноўшчык В. Цюпа быў адзначаны прэміяй Ленінскага камсамола Беларусі. Менавіта гэты спектакль прынёс вядомасць нашай аперэце далёка за межамі Беларусі. "Клоп", як лепшы спектакль сезона 1986-87 года, быў адабраны для ўдзелу ва ўсесаюзным фестывалі "Тэатр-88", які праходзіў у Маскве. Пасля гэтага "Клапа" ўключылі ў афішу Фестывалю тэатраў музычнай камедыі, які праходзіў у 1990 годзе ў Адэсе. Але, вярнуўшыся з фестывалю пераможцам, спектакль… сышоў з рэпертуарнай афішы тэатра. Каб зразумець гэты парадокс, трэба ведаць сітуацыю, якая на той час склалася ў калектыве. Як часта здараецца ў тэатрах, многія гэтага рэжысёра не прынялі, не зразумелі яго эстэтыкі, баяліся навацый, якія патрабавалі пэўнай ломкі выпрацаванага гадамі стылю работы. Для многіх у тэатры В. Цюпа быў нязручны, ды і сам ён не імкнуўся да кампрамісаў, упэўнены ў правільнасці выбранага шляху. Гэта супрацьстаянне скончылася тым, што В. Цюпу перавялі ў іншы тэатр. Канфліктная сітуацыя тым часам паглыблялася. Вярнуўшыся з адэскага фестывалю многія вядучыя салісты, занятыя ў спектаклях В. Цюпы, адчулі сябе непатрэбнымі. Некаторыя з іх пакінулі тэатр, у тым ліку і Н. Гайда. А між іншым, на чале з В. Цюпам у тэатры ўжо складаўся новы творчы напрамак, што прызнавалі нават у Міністэрстве культуры, абяцаючы арганізацыйную дапамогу. Вось класічны прыклад барацьбы старога з новым у мастацтве! Ні ў адным тэатры ніколі не праходзіць гладка працэс новаўвядзенняў; творчыя канфлікты – заканамерная з'ява ў мастацтве. Іншая справа, што вырашаць іх трэба цывілізавана, але для гэтага трэба мець як мінімум, пастаяннае кіраўніцтва. А Тэатр музкамедыі на той час застаўся і без галоўнага рэжысёра, і без дырэктара. Такім было становішча тэатра ў канцы 80-ых. 

I вось у 1990 годзе гэты калектыў узначаліў новы дырэктар – Сяргей Косцін, які раней працаваў намеснікам старшыні СТД. Дарэчы, ён стаў восьмым па ліку дырэктарам гэтага тэатра. З яго прыходам для беларускай музкамедыі пачаўся новы адлік часу. Косцін мае прыроджаны талент кіраўніка, умее нейтралізоўваць амбіцыі, якія ёсць у кожнага творчага чалавека, умее згладжваць вострыя вуглы дзеля агульнай справы. Карацей кажучы, ён аказаўся на сваім месцы. Добра ведаючы сутнасць тэатральных праблем і спецыфіку музычнага тэатра, ён у кароткі тэрмін здолеў падняць у калектыве творчы дух. Адразу была акрэслена задача вярнуць у тэатр Наталлю Гайду, адно імя якой з'яўляецца візітнай карткай беларускай музкамедыі, а таксама аднавіць спектакль "Клоп" – лепшую на той час пастаноўку. Потым спецыяльна для Н. Гайды была пастаўлена "Джулія" – мюзікл беларускага кампазітара У. Кандрусевіча.

Сезон 1991-92 года быў знамянальны тым, што на базе Тэатра музкамедыі адкрыўся Дзіцячы музычны тэатр пад кіраўніцтвам Г. Аляксандрава. Сярод пастановак гэтага калектыву высокім прафесіяналізмам вылучаюцца "Гісторыя Кая і Герды" С. Баневіча і "Дзіцячы альбом" П. Чайкоўскага. Ажыццявілі пастаноўку названых спектакляў вядомыя рэжысёры з Санкт-Пецярбурга Ю. Аляксандраў і А. Пятроў. Ёсць у рэпертуары дзіцячага музычнага тэатра і беларускі твор – опера "Вясновая песня" В. Войціка. Аднак да ліку бясспрэчных удач апошні спектакль аднесці нельга, перш за ўсё з-за слабасці лібрэта.

У 1992 годзе ў тэатры быў пастаўлены амерыканскі мюзікл "Хэло, Долі". Гэту складаную пастаноўку ажыццявіў В. Цюпа, які зноў стаў супрацоўнічаць з тэатрам. Для пастаноўкі харэаграфічных нумароў і пластыкі была запрошана балетмайстар з Англіі Джэйн Нолан.

У канцы 1992 года на базе балетнай трупы тэатра ўзнік харэаграфічны калектыў "Мінск-балет". У гэтым вялікая заслуга галоўнага балетмайстра тэатра Ніны Дзьячэнка. Яна здолела настолькі ўзняць прафесійны ўзровень трупы, што з'явілася магчымасць ставіць і балетныя спектаклі. "Мінск-балет" упершыню выйшаў да гледача з аднаактовымі балетамі "Штраусіяна" і "Іспанскі дывертысмент", а зараз у яго рэпертуары харэаграфічная мініяцюра "Па-дэ-катр", балеты "Шэхеразада", "Шапэніяна", "Дон-Кіхот", "Кармэн-сюіта" і вялікая канцэртная праграма з лепшых нумароў балетнай класікі. Высокі прафесіяналізм маладой балетнай трупы дазволіў ёй ажыццявіць гастрольныя паездкі за мяжу. На працягу 1995 года "Мінск-балет" два разы выязджаў на гастролі ў Іспанію, у далейшым таксама плануюцца замежныя гастролі.

Увесь гэты час С. Косцін выконваў, па сутнасці, абавязкі і дырэктара, і мастацкага кіраўніка, бо галоўнага рэжысёра ў тэатры не было. У лістападзе 1992 года Упраўленнем культуры гарвыканкама быў падпісаны загад аб яго назначэнні адначасова і мастацкім кіраўніком тэатра. Па сутнасці, такі сінтэз шмат у чым карысны, бо дужа часта адміністрацыйнае і творчае кіраўніцтва не знаходзяць паразумення паміж сабой.

Стала відавочным, што Тэатр музкамедыі знаходзіцца на ўздыме. I, каб падтрымаць яго творчы тонус, у маі 1993 года гарвыканкам выдзяляе тэатру валютныя сродкі для набыцця музычных інструментаў і радыёакустычнага абсталявання. У тэатры часта адбываюцца вялікія гала-канцэрты, аркестр выступае з сольнымі нумарамі, выконвае складаныя сімфанічныя творы.

1993 год быў знамянальны тым, што наш Тэатр музкамедыі, адным з першых сярод падобных былога Саюза, уступіў у Міжнародную асацыяцыю музычных тэатраў, куды ўваходзяць вядучыя музычныя тэатры еўрапейскіх краін. С. Косцін, будучы на кангрэсе Міжнароднай асацыяцыі ў Вене, пазнаёміў музычную грамадскасць Еўропы з асаблівасцямі развіцця нашага тэатра. На кангрэсе канкрэтна дамовіліся, што ў хуткім часе з Вены прыедзе да нас пастановачная група, каб прыступіць да пастаноўкі класічнай венскай аперэты. Але жыццё і абставіны карэкціруюць планы…

У канцы гэтага ж года ў тэатры адбылася прэм'ера спектакля, які прыцягнуў да сябе асаблівую ўвагу. Была пастаўлена камічная опера Г. Даніцэці "Viva la mamma!" – твор, раней у нас невядомы. Выдатны рэжысёр з Санкт-Пецярбурга Ю. Аляксандраў, які ўжо раней супрацоўнічаў з нашым тэатрам, прывёз гэтую партытуру з Германіі. Спачатку паставіў спектакль у сваім Камерным тэатры ў Пецярбургу, а потым перанёс пастаноўку на нашу сцэну. Для нашага тэатра гэта была этапная работа, а таксама вялікая школа прафесійнага майстэрства для салістаў-вакалістаў і для аркестра.

Наступны сезон таксама быў плённы. Калі не лічыць урачыстых вечароў і бенефісаў, а таксама балетных спектакляў, у тэатры адбыліся тры прэм'еры. Гэта мюзікл У. Кандрусевіча "Шклянка вады" – спектакль вельмі цікавы і адметны як па музычнаму вырашэнню, так і па пастаноўцы; аперэта М. Стрэльнікава "Халопка", адметная тым, што на сцэне нашага тэатра яна ўпершыню ідзе без купюр, у такім выглядзе, як яе задумаў аўтар; і аперэта Ф. Легара "Вясёлая ўдава" – пры яе пастаноўцы (таксама ўпершыню) былі выкарыстаны аўтарская партытура і першапачатковы тэкст лібрэта. Пакуль што гэта апошняя прэм'ера, якая адбылася ў калектыве.

Сезон 1994-95 года быў апошнім, калі ў тэатры працаваў С. Косцін. Не ўнікаючы ў падрабязнасці, адзначым, што ў сілу шэрага аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын яму давялося пакінуць пасаду. 

З 1995 года тэатр узначальвае дзевяты дырэктар – Расціслаў Бузук. Для калектыву, які існуе 25 гадоў, гэта амаль што рэкордная колькасць кіраўнікоў. I, як заўсёды, тэатр не мае галоўнага рэжысёра. Да свайго юбілею трупа прыйшла, перажыўшы чарговую хвалю катаклізмаў. Р. Бузуку давялося ўзначаліць калектыў у складаны перыяд, калі за ўсё добрае і дрэннае, за арганізацыйную і творчую работу даводзіцца несці асабістую адказнасць, хоць у калектыве ён працуе нядаўна. Трэба было б сустрэць юбілей новай пастаноўкай (раней, нават у неюбілейныя гады, іх выходзіла па некалькі за сезон), а тут адначасова збегліся розныя акалічнасці, і галоўная з іх – адсутнасць сродкаў. Для таго, каб цяпер паставіць толькі адзін спектакль, патрабуецца прыкладна 500 мільёнаў беларускіх рублёў, а тэатр атрымлівае з бюджэту сродкі толькі на зарплату. "Вось жа шанцуе іншым, – кажа Расціслаў Леанідавіч, – напрыклад, оперны тэатр сам прэзідэнт узяў пад апеку. Няхай бы нас хто-небудзь усынавіў!"

Тэатру ёсць што ставіць і ёсць на каго ставіць. Але замест матэрыяльнай падтрымкі і творчай стымуляцыі тэатр атрымаў новы штатны расклад, скіраваны на скарачэнне – у мэтах усё той жа эканоміі бюджэту. А новыя пастаноўкі – гэта не толькі папаўненне рэпертуару, але і здаровы творчы тонус усёй трупы. Незанятасць акцёраў дрэнна адбіваецца на мікраклімаце тэатра. Для таго, каб, як у былыя гады, запрасіць рэжысёра з Расіі, трэба мець прыкладна 2 тысячы долараў. Вось і перажывае зараз тэатр своеасаблівы перыяд – чакання змены існуючай сітуацыі. З'яўляючыся па статусу рэслубліканскім тэатрам, ён фінансуецца як гарадскі, з гарадскога бюджэту. У былыя гады тэатр меў добрых спонсараў, шэсць камерцыйных фірм аказвалі істотную дапамогу і ў фінансаванні пастановак, і ў правядзенні дабрачынных праграм. А калі ў тэатры змянілася кіраўніцтва, то і ранейшыя сувязі ўжо не заўсёды спрацоўваюць. Але падтрымаць тэатр у юбілейны год усё ж было каму. Генеральным спонсарам правядзення юбілейных урачыстасцей выступіла фінансавая кампанія "Крэдытімпэксбанк", значную частку сродкаў выдзеліў таксама гарвыканкам.

Юбілейная праграма пачалася за тыдзень да асноўных урачыстасцей, якія праходзілі ў канцы студзеня, паказам лепшых спектакляў тэатра. Паказ гэты быў своеасаблівы – у некаторых спектаклях прадугледжваўся выхад адразу некалькіх выканаўцаў адной і той жа ролі. А на ўрачысты гала-канцэрт былі запрошаны і былыя салісты тэатра, якія зараз працуюць у іншых краінах, і вядучыя салісты з расійскіх тэатраў аперэты. Ветэраны тэатра, якія працуюць тут з дня яго заснавання, атрымалі каштоўныя падарункі.

Чакалася, што, нарэшце, вядучыя артысты атрымаюць ганаровыя званні, да якіх тэатр іх ужо даўно прадставіў. Але гэта чаканне абяцае перарасці ў доўгачаканне. У нас ужо стала традыцыяй, што артыст атрымлівае ганаровае званне тады, калі яго творчы рэсурс ужо выпрацаваны. Сумна і тое, што тыя артысты, якія ганаровыя званні маюць, перасталі атрымліваць штомесячныя надбаўкі да зарплаты. Адно толькі суцешна, што страты ад гэтага невялікія, бо надбаўкі былі мізэрныя. Паводле новага распараджэння, артыст разам з ганаровым званнем – адзіны раз! – атрымлівае пэўную суму грошай: за званне "Заслужаны" – 10 мінімальных зарплат, за званне "Народны" – 20. Р. Бузук, які наогул любіць выказвацца афарызмамі, ахарактарызаваў гэта так: "Единовременное пособие на погребение звания". Што ж, творчыя людзі нават негатыўныя бакі свайго існавання ўмеюць, як кажуць, прыгожа абставіць.

Усё пазнаецца ў параўнанні. Калі параўноўваць апошні тэатральны сезон з папярэднімі, то творчага ўзлёту ў тэатры не было. А калі параўноўваць наш тэатр з Рыжскім тэатрам аперэты, які з-за фінансавых цяжкасцей наогул спыніў сваё існаванне, то ў нас такой пагрозы пакуль няма. Так што будзем з аптымізмам глядзець у будучыню!


Зоя ЛЫСЕНКА.
Мастацтва. – 1996. – № 6. – С. 5–9.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: