Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Я літары ведаю, каб вучыць дабру… (1996 г., Літаратура і мастацтва)

Я літары ведаю, каб вучыць дабру… (1996 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

Я ЛІТАРЫ ВЕДАЮ, КАБ ВУЧЫЦЬ ДАБРУ…

Прэм’ера ў тэатры "Казка"

Ужо некалькі гадоў у дзіцячым музычным тэатры "Казка", што існуе на базе Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, не было прэм'ер. Апошняя адбылася ў 1993 годзе – дзіцячая опера "Вясновая песня" Віктара Войціка. З-за розных аб'ектыўных і суб'ектыўных прычын праца над новымі творамі ішла з цяжкасцямі. I вось сёлета тэатр "Казка" нагадаў пра сябе новай пастаноўкай, і зноў – творам Віктара Войціка. "Прыгоды ў замку Алфавіт" – на афішы новы спектакль значыцца як мюзікл для дзяцей, хаця мюзіклам гэты сцэнічны твор можна назваць вельмі ўмоўна. Што датычыць музычнай драматургіі, то яе, у звыклым разуменні, у спектаклі няма. У музычнай канве твора выразна прасочваюцца матывы знаёмых дзіцячых песень В. Войціка, удала скампанаваных у скразное музычна-драматургічнае дзеянне. Заўважу, што гаворка тут не пра чысціню жанру (мюзікл гэта ці не), а хутчэй пра тое, наколькі часам цяжка бывае вызначыць жанр музычнага спектакля, для якога, па сутнасці… не існуе адпаведных азначэнняў.

Музычныя спектаклі для дзяцей часцяком называюць операмі, але гэтую прэм'еру назваць операй было б яшчэ большай нацяжкай. Неаспрэчнае адно – музыка ў новым спектаклі ўздзейнічае і ўспрымаецца адразу, яна вобразна і эмацыянальна акрэсленая, даходлівая. Асабліва яркія месцы ў ёй абумоўленыя характарнасцю вобразаў, хаця не заўсёды ў дыханні аркестра перадаецца гэтая яркасць: адчуваецца, што музычны бок спектакля яшчэ не да канца адпрацаваны. Дарэчы, гэта зазначае і музычны кіраўнік спектакля Глеб Аляксандраў. У партытуру нават у працэсе пракату спектакля ўносяцца сякія-такія змены, адпрацоўваюцца асобныя нюансы.

Што датычыць літаратурнай асновы, то тут, як сцвярджае мастацкі кіраўнік тэатра дырыжор Глеб Аляксандраў, збылася ягоная мара – паставіць спектакль паводле твора вядомага беларускага пісьменніка Уладзіміра Ліпскага. Яшчэ з 1991 года, калі ствараўся тэатр "Казка" і Беларускі дзіцячы фонд стаў адным з яго заснавальнікаў, паміж імі існуе ўзаемная творчая зацікаўленасць. Уладзімір Ліпскі, прэзідэнт фонду, заўсёды падтрымліваў ідэю стварэння дзіцячага музычнага тэатра, а тэатр меў намер ажыццявіць спектакль паводле ягоных твораў. Наогул, "Казка" падтрымлівае кантакты з беларускімі аўтарамі, супрацоўнічае з імі, ствараючы спектаклі.

У новай працы – моцная літаратурная аснова. Тэкст лібрэта напісала Святлана Клімковіч па кнізе Уладзіміра Ліпскага "Вясёлая азбука". Але ўведзены персанажы і мастацкія вобразы з іншых дзіцячых кніг пісьменніка, што ў выніку не супярэчыць драматургічнай логіцы. У адным дзеянні сустракаюцца і Чорцік-Дуронік, і Сцірачка-Гумка з Клякса-Ваксай, і Каралева Лянота, і Змей Хапун… Гэта лібрэта атрымалася адным з найбольш удалых у Святланы Клімковіч менавіта дзякуючы таму, што пры яго стварэнні яна абапіралася на добрую літаратурную аснову, багатую яркімі вобразамі і персанажамі. Па сутнасці, у лібрэта як бы тры пласты: сама літаратурная аснова, вершы, прыўнесеныя лібрэтыстам, і фрагменты тэксту, прыўнесеныя рэжысёрам-пастаноўшчыкам (у асноўным – пралог і эпілог). Можна заўважыць пэўную стылістычную неадэкватнасць паміж асобнымі фрагментамі лібрэта, але гэта не надта ўплывае на якасць спектакля ў цэлым.

А задуманы ён як павучальная гісторыя з ярка акрэсленай выхаваўчай накіраванасцю, што, аднак, не дэкларуецца, а выяўляецца ў проціпастаўленні дабра і зла, прытым дзеянне разгортваецца ў яркай і займальнай форме.

Спектакль "шматнаселены", у ім занята 45 дзяцей, ды яшчэ некалькі дарослых выканаўцаў. А паставіў яго артыст тэатра музкамедыі Анатоль Касцецкі. I гэта здарылася не раптам – гэта заканамерна, бо А. Касцецкі працуе ў школе, дзе вучацца юныя выканаўцы, педагогам па тэатральным майстэрстве. I вядома, што ён лепш за кожнага рэжысёра ведае здольнасці сваіх выхаванцаў, ведае, як з імі трэба працаваць і чаго ад кожнага з іх можна дамагчыся. Гэта мінская сярэдняя школа № 170 з эстэтычным ухілам, дзе вучацца самыя звычайныя дзеці. Незвычайнымі тут хутчэй можна назваць педагогаў, якія ўкладваюць усе свае сілы і здольнасці ў развіццё дзяцей, а таксама прыцягваюць у школу з гэтай мэтай спецыялістаў. I вось вынік – наведнікі школьнай харавой студыі сталі ўдзельнікамі сапраўднага прафесійнага спектакля.

Дарэчы, гэтая студыя ўвесь час лічылася дзіцячай студыяй тэатра "Казка", бо і ў ранейшых спектаклях былі занятыя многія з яе ўдзельнікаў. Кіруе студыяй хормайстар Алена Гуляева. Яна ў аднолькавай меры любіць і мастацтва, і дзяцей, – вось і вынік…

А ў тым, што дзеці валодаюць асновамі акцёрскага майстэрства і адчуваюць сцэну – канешне, заслуга Анатоля Касцецкага, іх настаўніка і рэжысёра. Дарэчы, і ў новым спектаклі ён выконвае ролю Настаўніка.

Да такога арганічнага існавання на сцэне дадаецца і высокі ўзровень музычнай падрыхтаванасці дзяцей. (Многія з іх яшчэ іграюць на музычных інструментах.) Трохі слабейшай выглядае іх харэаграфічная падрыхтаванасць, але ж балетмайстар Марына Філатава нямала папрацавала, малюнак танцавальных нумароў цікавы, адчуваецца, што і пластыкай дзеці займаліся.

Наконт прафесійных акцёраў. Напачатку рэжысёр планаваў, што іх павінна быць двое: на ролі Настаўніка і Змея Хапуна. Але пазней зразумеў, што на ролю Каралевы Ляноты таксама лепш прызначыць прафесійную выканаўцу. Роля характарная, што вымагае акцёрскага майстэрства, да таго ж – Каралева Лянота і Змей Хапун ствараюць дуэт, па каларытнасці гэтыя вобразы амаль раўназначныя, таму і сілы выканаўцаў павінны быць раўназначныя. Акрамя таго, іх шматзначныя "недзіцячыя" дыялогі – ўспрымаліся як недарэчнасць.

Цяпер – пра сюжэт. У замак Алфавіт, дзе жывуць старанныя дзеці і іх Настаўнік, залазіць Змей Хапун, які ненавідзіць навуку. Ён крадзе першыя дзве літары алфавіту і хавае іх у сваім падземным царстве. Змей Хапун радуецца – без гэтых літар замак Алфавіт не працуе! У ягоным царстве жывуць дзеці, якія збеглі са школы, – гэта для яго дапамога. Акрамя таго, суседка, Каралева Лянота, абяцае Змею Хапуну паспрыяць у цёмных справах. Але, як заўсёды ў казках, дабро перамагае зло. Смелыя дзеці знаходзяць схаваныя літары, і дапамагае ім у гэтым вельмі спрытны Чорцік Дуронік. А ад Змея Хапуна застаецца толькі мокрая пляма.

Роля Настаўніка ў спектаклі нібыта адасобленая. Гэты персанаж з'яўляецца на авансцэне ў пралогу, яго задача – настроіць гледачоў адпаведным чынам, у вобразнай форме растлумачыць асноўную ідэю спектакля, разлічанага на старэйшых дашкольнікаў і малодшых школьнікаў. Ім, зразумела, патрэбны ўступны каментарый. Анатоль Касцецкі, прапанаваўшы такі рэжысёрскі ход, сам выконвае ролю Настаўніка, сам прыдумаў і тэкст пралога. Такім чынам, Настаўнік тлумачыць маленькім гледачам: на гэтым спектаклі вы атрымаеце ўрок сумленнасці і дабрыні, а таксама ўрок мовы, якую даў нам Бог…

Ды і дзеці ў зале – не пасіўныя гледачы. Для таго, каб на працягу ўсёй дзеі падтрымліваць іх увагу, рэжысёр скарыстоўвае просты прыём: удзельнікі спектакля, кожны з якіх увасабляе адну з літар Алфавіта, выстройваюцца на сцэне ў належным парадку, каб гледачы маглі прачытаць падказку ці каментарый далейшага ходу падзей.

А сам Настаўнік непрыкметна адыходзіць на другі план, асноўная дзея адбываецца без яго. Па сутнасці, гэты вобраз з'яўляецца ў спектаклі нібыта як сімвал асноўнай ідэі. У эпілогу Настаўнік зноў звяртаецца да гледачоў, з высновай: я літары ведаю, каб вучыць дабру…

А вось роля Змея Хапуна, якую выконвае артыст Васіль Сердзюкоў, падаецца ў спектаклі ключавой. Яна вельмі каларытная, нават можна сказаць – пікантная, і для яе ўвасаблення несумненна патрэбны акцёрскае майстэрства і гэткі шарм, чым і валодае В. Сердзюкоў. У дуэце з ім працуе артыстка Анжэліка Чумакова. Яе Каралева Лянота – таксама вельмі каларытны вобраз. Іншыя ўдзельнікі спектакля – дзеці, іх больш за сорак, і ў масавых сцэнах, і ў індывідуальных ролях. Усе яны даравітыя, здольныя да мастацкай творчасці. Але ўсё ж вылучу аднаго з малодшых удзельнікаў спектакля – Сярожу Платонава ў ролі Чорціка Дуроніка. Здаецца, у гэтага хлопчыка ёсць усё, каб стаць у далейшым сапраўдным майстрам сцэны. I як добра, што педагогі, заўважылі ў ім іскрынку таленту.

Адразу пасля прэм'еры тэатр "Казка" атрымаў запрашэнне з Санкт-Пецярбурга на ўдзел у традыцыйным, VII Міжнародным дзіцячым музычным фестывалі "Гимн великому городу". У гэтым прадстаўнічым фестывалі бралі ўдзел многія вядомыя дзіцячыя калектывы не толькі з бліжняга, але і з далёкага замежжа. I вось дзіцячы музычны тэатр з Мінска са сваім новым спектаклем стаў яго лаўрэатам.

Вось так, яшчэ раз, падарыла дзецям "Казка" хвіліны радасці…


Зоя ЛЫСЕНКА.
Літаратура і мастацтва. – 1996. – 23 жн. – С. 10.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: