« Назад АЛЯКСЕЙ ІСАЕЎ: "Я СТАЎ СВАІМ У БЕЛАРУСІ"
Не так часта салісты музычнага тэатра выступаюць на эстрадзе. I тых вакалістаў, якія ў сваёй творчасці сумяшчаюць некалькі музычных жанраў, літаральна можна па пальцах пералічыць. Да іх шэрагу адносіцца вядучы саліст Тэатра музычнай камедыі Аляксей Ісаеў, якога добра ведаюць і прыхільнікі песеннага жанру.
У нашым тэатры А. Ісаеў працуе чацвёрты год, сюды яго запрасілі з Растоўскага тэатра аперэты. У тэатры А. Ісаеў мае ўсё, аб чым можа марыць артыст яго амплуа. Ён выконвае ўсе партыі барытонавага рэпертуару, карыстаецца вялікай папулярнасцю сярод гледачоў, карацей кажучы, у яго ёсць усё, з чаго складаецца аўтарытэт вядучага саліста тэатра. Але для творчай натуры А. Ісаева гэтага недастаткова. Ён лічыць, што вакаліст, які мае акадэмічную падрыхтоўку, з поспехам можа працаваць і ў эстрадным жанры. І гэта артыст даказаў сваёй канцэртнай дзейнасцю. Прыехаўшы ў Мінск, А. Ісаеў пачаў наладжваць сувязі з беларускімі кампазітарамі-песеннікамі. Адразу пазнаёміўся з І. Лучанком, які дапамог яму ў арганізацыі сольных канцэртаў. Зараз у А. Ісаева шчыльныя творчыя сувязі з Э. Зарыцкім, Э. Ханком і іншымі беларускімі кампазітарамі і музыкантамі. З прадстаўнікамі іншых творчых прафесій А. Ісаеў таксама наладжвае карысныя сувязі. Напрыклад, тэксты для многіх песень піша для яго Г. Сакалоўскі, галоўны рэдактар газеты "Во славу Родины". З беларускай арміяй у артыста асобыя адносіны, ён часта разам з армейскімі калектывамі выступае ў супольных канцэртах. А яшчэ А. Ісаева называюць салонным спеваком – па той прычыне, што яго часта запрашаюць на закрытыя вечары з удзелам першых асоб дзяржавы. I артыст не крыўдзіцца, ён гаворыць: "Я не пярэчу, калі мяне часам называюць салонным спеваком – у добрым сэнсе гэтага слова. Няма нічога дрэннага ў тым, што на сустрэчы вышэйшага ўзроўню запрашаюць прафесіяналаў – значыцца, маё майстэрства і майстэрства маіх калег у рэспубліцы цэняць". А. Ісаеў сцвярджае, што адразу пасля прыезду ў Беларусь ён адчуў сябе тут патрэбным: "Беларусь дала мне ўсё: магчымасць праяўляцца ў любімай рабоце, кантакты з цікавымі творчымі асобамі, урэшце – асабістую ўладкаванасць. Я ўдзячны лёсу, што на Беларусі ў мяне ўсё так добра складваецца. Сапраўды, на гэтай зямлі жывуць вельмі добразычлівыя людзі". Адзінае, на што можа паскардзіцца артыст, – немагчымасць працаваць з такой інтэнсіўнасцю, на якую ён здольны. Творчай энергіі ў А. Ісаева намнога больш, чым магчымасцей праявіць яе. Бо для таго, каб арганізаваць канцэрт, аднаго творчага запалу мала, патрэбны матэрыяльныя сродкі. Пошук спонсараў, збор сродкаў на канцэрты – гэтым артыст займаецца сам. Хоць не творчая гэта справа, але калі самому не праявіць ініцыятывы, то і канцэрт не адбудзецца, вось такі ў нас час. Канцэрты А. Ісаева маюць сваю адметную стылістыку, і на працягу гадоў яна істотна не змяняецца. Ён падбірае рэпертуар з улікам сваіх вакальных дадзеных. Калі гэта песні сучасных кампазітараў, то абавязкова такія, у якіх надаецца вялікае значэнне вакальнай культуры. Калі гэта шлягер мінулых гадоў, то гэта ўменне данесці да публікі тыя асаблівасці песні, якія зрабілі яе папулярнай. Канцэрты А. Ісаева маюць крыху настальгічны характар, бо ён выконвае творы, усім добра знаёмыя і любімыя, карацей кажучы – песенную класіку. Асобнае месца ў яго творчасці займаюць старадаўнія рамансы і народныя песні, якія артыст выконвае з такой душой і майстэрствам, з такім своеасаблівым натхненнем, што публіка ніколі не стамляецца слухаць іх зноў і зноў. З пачатку гэтага тэатральнага сезона ў Мінску адбыўся пакуль што адзін канцэрт А. Ісаева. I, як заўсёды, на сустрэчу з любімым выканаўцам прыйшлі яго даўнія прыхільнікі, а таксама тыя, хто адкрыў для сябе гэтага спевака ўпершыню. На гэтым восеньскім канцэрце было шмат традыцыйнага, што так любяць прыхільнікі спевака, а таксама былі новыя нумары і новыя ўдзельнікі канцэрта. Як заўсёды, у канцэрце браў удзел інструментальны ансамбль пад кіраўніцтвам У. Цатурава – даўні партнёр спевака па творчай дзейнасці. У канцэрце ўпершыню выступіў музыкант, аранжыроўшчык і кампазітар Б. Ідзельчык. Яго аранжыроўкі папулярных песень мінулых гадоў вызначаліся своеасаблівай прыгажосцю і тонкім густам. У канцэрце таксама браў удзел паказальны аркестр Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі пад кіраўніцтвам палкоўніка М. Жарко. У далейшым А. Ісаеў плануе прыцягнуць да ўдзелу ў канцэртах вакальную і балетную групу. Наогул, для таго, каб канцэрты адбываліся часцей і праходзілі на высокім прафесійным узроўні, трэба мець пастаянны калектыў: інструментальны ансамбль, вакальную і балетную групы – гэта як мінімум. Тады рэпетыцыйны працэс будзе праходзіць гладка, і вынікі будуць больш значнымі. Але для гэтага патрэбны сродкі. А. Ісаеў жартуе: "Калі творчаму чалавеку гавораць, што з творчасцю трэба пачакаць, бо цяпер для гэтага няма магчымасцей, гэта тое саме, што галоднаму чалавеку раіць чакаць лепшых часоў. Творчасць патрабуе свайго выхаду менавіта цяпер, яе нельга няволіць". І хоць не ўсё задуманае ўдаецца рэалізаваць, творчасць спевака ўсё адно прыносіць людзям адчуванне радасці і надзеі на лепшае. Нядаўна А. Ісаеў стаў лаўрэатрм прэміі Саюза моладзі Беларусі. Яго творчасць прызналі і ацанілі не толькі людзі сярэдняга ўзросту, для якіх, па сутнасці, рыхтуе спявак свае праграмы. Значыць, у артыста ёсць той неабходны ўровень майстэрства і таленту, які прыводзіць да ўсеагульнага прызнання. Далейшага яму плёну у творчасці!
|
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by