Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Цыганскі барон", які ледзь не схалануў Мінск (1997 г., Літаратура і мастацтва)

"Цыганскі барон", які ледзь не схалануў Мінск (1997 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

"ЦЫГАНСКІ БАРОН", ЯКІ ЛЕДЗЬ НЕ СХАЛАНУЎ МІНСК

Погляд крытыка на прэм’еру

Каб пабачыць здачу спектакля "Цыганскі барон", тэатр музычнай камедыі мне давялося ледзь не штурмаваць. Дырыжор А. Сасноўскі, які знаходзіўся за запаветнымі дзвярыма глядацкага фае, з крыкамі: "Гэта прэса! Гэта прэса!! Дайце прайсці прэсе!!!" літаральна працягнуў мяне за руку праз натоўп жадаючых бясплатна трапіць на прэм'еру.

У зале рабілася нешта неверагоднае: усе да аднаго месцы былі занятыя, і народ, як мог, уладкоўваўся хто на прыстаўных крэслах, хто на прыступках, а хто і на бакавых парапетах цэнтральнай ложы. Знаны фатограф В. Стралкоўскі, які шмат чаго пабачыў, дык і ўвогуле, махнуўшы рукой на ўмоўнасці, уладкаваўся на падлозе, што не зашкодзіла яму ўпаляваць выдатныя кадры. Кіраўніцтва спехам адчыніла ўрадавую ложу, куды рынуліся яшчэ некалькі дзесяткаў прагнучых да відовішча. "Вяльможная" ложа мужна супраціўлялася бурнаму нашэсцю "чэлядзі", бо крэслаў там аказалася разы ў тры менш, чым тых, хто туды набіўся.

Ды ўсё ж у час спектакля не абваліліся ні ложа, ні столі, ні лесвіцы, ні шыкоўныя люстры – краса і гонар тзатра музкамедыі ні нават (і дзякуй Богу!) актрыса I. Скорабагатава (Служанка), якая воляю рэжысёра Б. Лагоды мусіла ў фінале гойдацца над сцэнай, завіснуўшы на тоненькай вяровачцы.

Здача адбылася без асаблівых прыгод.

Прэм'ера на другі дзень і ўвогуле прайшла добра.

Шчырыя авацыі гледачоў былі для стваральнікаў спектакля самай высокай узнагародай. Але адгучалі апладысменты, патухла святло, апусцела глядзельная зала... I, пакуль цыганы дружным натоўпам едуць у замак графа Аманая святкаваць вяселле Барынкая ды Сафі, на "вялікую дарогу", вострачы пёры, выходзіць "табар" крытыкаў. Напэўна, яны не будуць такімі ж рахманымі, як аперэтачныя цыганы. Бо ў спектаклі намяшана і добрага, і пошлага, і смешнага, і проста недарэчнага. Як кажуць у такіх выпадках, "з рога ўсяго многа". А значыць, дбайным крытыкам ёсць пра што пісаць.

З прывабных рысаў пастаноўкі я адзначыла б перш за ўсё яе лагічнасць, абгрунтаванасць, паслядоўнасць. Тут пастаянна адчуваецца цвёрдая рэжысёрская рука, якая трымае сваёй уладай усё, што адбываецца на сцэне. Але тэмпарытм пастаноўкі даволі марудны: павольна разгойдваючыся, як дрэнна змазаныя калёсы, яна набірае хуткасць толькі пад самы канец. А спектакль жа цягнецца тры з лішнім гадзіны!

Прыемна бачыць хор не масай статыстаў, а жывым арганізмам спектакля, нават яго дзейнай асобай. Прыемна чуць яго зладжанае гучанне, пераконваючыся ў тым, што хормайстар Т. Гуліна, ведае сваю справу на "выдатна". Вельмі высокай адзнакі заслугоўвае і праца балетмайстра Н. Дзячэнкі – ну і, безумоўна ж, ейных падшэфных (устаўны балетны нумар на музыку "Цыганскіх напеваў" П. Сарасатэ з салістамі Ю. Дзятко і К. Кузняцовым штораз выклікае цалкам заслужаную буру авацый). Харэаграфія Н. Дзячэнкі робіць спектакль надзвычай пластычным, я б сказала, нават нейкім паветраным. А некаторыя сцэны з так званымі "падтанцоўкамі" (напрыклад, полька "Трык-трак", яна ж – дуэт Мірабэлы і Стэфана, ці знакаміты нумар Зупана "Я собой хорош", ці куплеты Суддзі) можна без перабольшвання назваць бліскучымі і зноў захапіцца ў іх майстэрствам акцёраў З. Вяржбіцкай, Г. Казлова, А. Ранцанца, В. Сердзюкова. Гледзячы на вядучых нашых артыстаў у такія хвіліны, разумееш, што вось гэтыя лёгкасць, натуральнасць, весялосць "цераз край", – і ёсць тое галоўнае, з-за чаго людзі розных пакаленяў і густаў аддаюць перавагу аперэце перад усімі іншымі тэатральнымі жанрамі.

Але ёсць у спектаклі, на жаль, сцэны, якія, наадварот, адлюстроўваюць найгоршыя бакі жанру аперэты, а менавіта – танны гумар, дрэнны густ, жаданне выціскаць з публікі смех любым спосабам. Тая ж З. Вяржбіцкая (Мірабэла) "дзякуючы" рэжысёру мусіць паказваць "зайчыка": скакаць па сцэне, наставіўшы на макаўку два пальцы, чытай – рогі. Некалькі разоў глядзела спектакль, але ніводнага разу не было таго, каб публіка станоўча зрэагавала на гэткую "мізансцэну". Наадварот, нечаканыя "скокі" актрысы ў зусім ціхамірнай сцэне выклікаюць хутчэй збянтэжанасць і раздражнёнасць, чым смех. Тое ж сказала б наконт агульнай трактоўкі сваёй ролі А. Ранцанцам (Зупан). Часам падаецца, што са спектакля ў спектакль акцёр тыражуе адны і тыя ж прыёмы, галоўны з якіх – націск. Я б нават напісала гэтае слова з вялікай літары. Націск, праца на пастаянным "forte" – у літаральным і вобразным сэнсе, – бывае, перашкаджаюць бачыць у акцёры менавіта тыя якасці, што падкрэсліваюць яго безумоўны талент: гнуткасць, багатую інтанацыйную палітру, глыбокае адчуванне спецыфікі жанру музычнай камедыі ў самых розных яго праявах. Я памятаю лепшыя, сапраўды зорныя ролі А. Ранцанца, і калі пачынаю параўноўваць, разумею, што ў спектаклі "Цыганскі барон", як і ў спектаклі "Халопка", як і ў спектаклі "Вясёлая ўдава" акцёр карыстаецца, па сутнасці, адной фарбай... 

Ацэнка працы акцёраў для крытыка – справа вельмі адказная, бо найдрабнюткая адмоўная заўвага ўспрымаецца імі як вялікая абраза. Але ж я зусім не хачу абразіць маіх любімых акцёраў, за якіх заўсёды шчыра хварэю – і на прэм'ерных паказах, і на шараговых, будзённых спектаклях! Ды ўсё ж лічу сваім абавязкам (такая ў крытыка прафесія) звярнуць увагу на відавочныя, з майго пункту гледжання, пралікі.

Вельмі шкада, што паміж галоўнымі героямі спектакля Сафі і Барынкаем у выкананні Л. Станевіч і А. Ісаева так і не ўзнікае жаданага пачуцця, ці, як сказала адна мая вельмі разумная калега, "харызмы", на якой мог бы грунтавацца спектакль. "Харызмы" і праўда няма. Не трэба быць музыкантам, каб ацаніць выдатны, сапраўдны оперны голас А. Ісаева. Але менавіта як музыкант заўважу: нягледзячы на тое, што артыст стаў, нарэшце, браць такія паказальныя для барытона і не любімыя ўласна ім высокія "соль" (колькі разоў чула, як ён наўмысна змяняў мелодыю, каб не спяваць верхнія ноты!), А. Ісаеў мала клапоціцца пра нюансы, спяваючы гучна, моцна, на поўны голас. Таму ягоным героям – у тым ліку і Барынкаю – не хапае цеплыні, лірычнасці. Цікава, якім бы мог быць Барынкай у П. Рыдзігера – цяпер ужо, можна сказаць, ветэрана тэатра, яго вядучага саліста? Па нейкіх прычынах ён не спявае гэтую партыю, але з'яўляецца ў апошняй карціне 2-й дзеі спектакля ў ролі графа Аманая, маладжавага дзядзькі Сандара Барынкая. I з'яўленне ягонае прыводзіць у трапятанне ўсю жаночую палову глядзельнай залы, у тым ліку і мяне асабіста. Эпізадычная роля зроблена артыстам бліскуча і нічога, апроч захаплення, не выклікае. А можа, і сапраўды – "лепей меней, ды лепей"?..

З несумненных акцёрскіх удач назаву ролі I. Цярэнцьевай (Арсена) і В. Сердзюкова (Суддзя). Прыемным адкрыццём для публікі стала Л. Кузьміцкая (Чыпра) – маладая спявачка з добрымі дадзенымі актрысы музычнага тэатра.

Пры пастаноўцы аперэты другі пасля рэжысёра стваральнік спектакля – дырыжор. Трэба аддаць належнае А. Сасноўскаму: ён чуйна вядзе спектакль за сабой, а аркестр пад ягоным кіраўніцтвам дэманструе добра падрыхтаваную працу. Але ў ігры музыкантаў усё ж адчуваецца пэўная неахайнасць, часам нават надакучлівая. Напрыклад, ужо на некалькіх спектаклях я заўважыла, што яўна "не строит" камертон аркестра – габой. А ў яго ж ва ўверцюры такія выразныя сола!..

Зноў жа, як музыканту мне дзіўна чуць гучанне фанаграмы "Цыганскіх напеваў" П. Сарасатэ ў згаданай танцавальнай сцэне. Спасылкі на тое, што ў Мінску, маўляў, няма скрыпача, які мог бы сядзець у аркестры і граць сола ў гэтым творы, – непераканаўчыя. Пры "жывым" аркестры скарыстоўваць фанаграмы сімфанічнай музыкі ўвогуле недапушчальна. Тым больш – пры цяперашніх амбіцыях тэатра, які імкнецца да перайменавання ў "Мінскі музычны".

Вельмі няўдалымі падаліся мне ў "Цыганскім бароне" дэкарацыі (мастак Я. Ждан). Гэткія "тканіны з прэтэнзіяй" толькі прыбядняюць спектакль.

Прэм'ера класічнай аперэты I. Штрауса адбылася не ў лепшыя для тэатра часы. Зноў яго ліхаманяць праверкі, рэвізіі. А новы галоўны рэжысёр, здаецца, зусім не адпавядае свайму "лагоднаму" прозвішчу. Прынамсі, на прэс-канферэнцыі, што адбылася пасля здачы спектакля, адчувалася, што Б. Лагода настроены вельмі рашуча і што прыказка "молада-зелена" – зусім не пра яго. Можа, гэта і добра, але не грэх напомніць новаму кіраўніку тэатра, што ў жыцці мастацкім лепш благі мір, чым добрая сварка.

Ну, а калі ўжо ў канцы гэтых сціплых нататкаў замільгацелі прыказкі, дык дадам яшчэ адну. Таксама як пажаданне Б. Лагоду: "Спяшайся павольна"...


Вольга БРЫЛОН.
Літаратура і мастацтва. – 1997. – 4 ліп. – С. 10–11.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: