« Назад ДЫК АДКУЛЬ ЖА ГЭТА ТРУПА?
Як ні дзіўна, але на пытанне, дадзенае ў загалоўку, можна адказаць па-рознаму. Можна сказаць: маўляў, артысты прыехалі з Іспаніі. А можна – яны з нашага Тэатра музычнай камедыі. I абодва варыянты будуць правільнымі, бо балетная трупа гэтага тэатра ўсё часцей гастралюе за мяжой: у Германіі, Англіі, Шатландыі, Партугаліі і, вядома ж, у Іспаніі. А апошнім часам і ўвогуле: нават прэм'еры пачалі паказвацца найперш за мяжой, а ўжо потым – для айчынных аматараў Тэрпсіхоры. Не верыце? Каб паверыць, трэба было апынуцца ў тэатры падчас аднаактовага балета "Новыя амазонкі".
Прэм'ера яго адбылася 12 снежня 1997 года ў іспанскім горадзе Гранада. Беларуская прэса да той Іспаніі, зразумела ж, не даехала. Таму, каб убачыць спектакль хаця б праз тры з паловай месяцы пасля замежнага трыумфа, гэта прэса шнырыла па зале роднага тэатра ў пошуках вольных месцаў. Знайсці іх было няпроста, бо нават Ніна Дзячэнка – галоўны балетмайстар тэатра і пастаноўшчык "Новых амазонак" – стаяла. Аншлагі на балетных спектаклях у Тэатры музкамедыі даўно ўжо сталі з'явай прывычнай. Ды ўсё ж яны не самая галоўная заваёва трупы за пяцігоддзе свайго існавання. Цікавасць гледачоў – толькі вынік тых глыбокіх змен, што адбыліся. Сёння на рахунку трупы – 21 прэм'ера за пяцігоддзе. Лічба гэта ўключае не толькі аднаактовыя і двухактовыя балеты, але і аперэты, мюзіклы, у стварэнні якіх балет прымаў самы актыўны ўдзел. Сярод іх – 11 менавіта балетных спектакляў, якія не ўвайшлі ў планы тэатра, а рэпеціраваліся ў вольны ад працы час. Апошнія з тых пастановак – "Новыя амазонкі" паводле "Балеро" М. Равеля. Пастановак на гэтую музыку было так шмат, што сёння ўжо не ўсе і памятаюць рамантычную гісторыю пра тое, як семдзесят гадоў таму знакамітая танцоўшчыца Іда Рубінштэйн заказвала Равелю некалькі аркестровак п'ес Альбеніса. Раптам высветлілася, што гэтаму перашкаджаюць аўтарскія правы на п'есу, закупленыя выдавецтвам. I тады Равель напісаў уласны твор. Ідэя паслядоўнага варыяцыйнага развіцця на нязменную мелодыю вабіла многіх інтэрпрэтатараў: не толькі харэографаў, але і дырыжораў. З музыкі для танцаў у карчме (а менавіта такім было першае харэаграфічнае прачытанне) "Балеро" стала самастойнай сімфанічнай партытурай – каб зноў і зноў вяртацца ў балет. Прычым на Беларусі – ажно тройчы (акрамя знакамітай пастаноўкі В. Елізар'ева, што працягвае ісці ў нашым Вялікім тэатры, гэта ж сцэна ведала спектакль 1963 года). Калі "Балеро" В. Елізар'ева нагадвае патрыятычна-ўзнёслы плакат кшталту "А ты запісаўся дабравольцам?", дык варыянт Н. Дзячэнка бліжэй да ўсходніх малюнкаў, дзе эротыка прачытваецца па-за відарысам. Невыпадкова з агромністай колькасці аўдыёзапісаў (на жаль, "Новыя амазонкі" дасюль ідуць пад фанаграму – у гастрольным, так бы мовіць, варыянце) Н. Дзячэнка спыніла свой выбар на дастаткова вольным прачытанні Равеля – з падкрэсленымі "падвываннямі" духавых, з джазава-акцэнтаванымі "пад'ездамі" саксафона. Харэаграфічнае прачытанне дакладна перадае ўсе асаблівасці менавіта такога музычнага вырашэння, дасціпна прытрымліваецца ўсіх ступеняў формы. У якасці лібрэта гледачам прапануецца верш М. Цвятаевай "Двое" і праграма, складзеная з дзевяці назваў частак: "Свяшчэнны рытуал", "Абуджэнне", "Малітва", "Заваёўнік", "Паядынак", "Звергнутая", "Спакуса", "Забаронены плод", "Перамога?!". Кожная з назваў, не кажучы ўжо пра верш, мае не толькі сюжэтны сэнс, але і больш глыбокі, філасофскі. Пошук жа гэтай філасофіі ў балеце не дае вялікага плёну, нават у чымсьці перашкаджае, прымушаючы звяртаць увагу на пераход ад адной часткі да другой. Ды ўсё ж не гэта ў балеце галоўнае, а тое, з якім задавальненнем, сапраўдным захапленнем танцуюць яго артысты. У "Новых амазонках" заняты К. Кузняцоў і Ю. Дзятко – прызнаныя "майстры балетнай сцэны, лаўрэаты міжнародых конкурсаў. Спектакль дае магчымасць рэалізаваць свой творчы патэнцыял іншым салістам: Л. Кісялёвай, Д. Сцяцура, І. Ханцэвічу. Дый па астатніх балетах, што ідуць у адзін вечар з "Новымі амазонкамі", відаць сапраўдны рост трупы ўвогуле. Тая ж "Кармэн-сюіта" набыла больш характарнай адточанасці, "Шапэніяна" – класічнай адпрацаванасці кожнай дэталі (у першую чаргу, у салістаў). Калі балет музычнай камедыі і далей 6удзе расці, развівацца і ўдасканальвацца такімі ж тэмпамі, дык хутка на пытанне "Адкуль тая трупа?" мы будзем адказваць аднасэнсова: маўляў, такі высокі ўзровень магчымы толькі на Беларусі. А яшчэ як з’явіцца ў рэпертуары новы беларускі балет, дык пытанне пра паходжанне трупы будзе і зусім залішнім. Дачакаемся?..
|
Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by