Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Набытак рэспублікі (1998 г., Культура)

Набытак рэспублікі (1998 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
Опрос
Вы уже видели премьеру оперетты "Прекрасная Елена"? Как впечатления?
« Назад

НАБЫТАК РЭСПУБЛІКІ

Балетная трупа Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі ўжо некалькі гадоў вядзе актыўную артыстычную і нават гастрольную дзейнасць. Свой першы юбілей, пяцігоддзе, трупа пад кіраўніцтвам заслужанай артысткі Расіі Ніны Мікалаеўны Дзячэнка святкавала летась, у канцы года – але ў Іспаніі, дзе артысты былі на гастролях. Тутэйшыя паклоннікі віншавалі артыстаў зусім нядаўна, на вечарыне балетаў, дзе ўпершыню на мінскай сцэне была паказана самая апошняя праца трупы, балет "Новыя амазонкі". З нагоды юбілею – наша размова з Нінай ДЗЯЧЭНКА.

– Практычна вечарына з балетаў "Шапэніяна", "Кармэн-сюіта" і "Новыя амазонкі" была святочным бенефісам балетнай трупы. Але ці так ужо ўсё бясхмарна на гарызонце маладых танцоўшчыкаў?


– Справа ў тым, што, па маіх адчуваннях, тое, што зроблена, у прынцыпе нікому не патрэбна. З гэтай думкай я жыву ўсе шэсць гадоў. Спачатку гэта было відавочнае адмаўленне на ўсіх узроўнях. Мы змагаліся за жыццё, карабкаліся, цяпер нас прызналі – стала трохі лягчэй, але, тым не менш, мы падобныя да няродных дзетак у сваёй краіне. Між тым, я лічу, што тое, што мы маем, гэта ўжо набытак краіны – я не баюся гэтага гаварыць. Бо ўсякі калектыў, які можа вырашаць такія задачы, якія вырашае наш, – набытак краіны. I было б лагічна, каб краіна звяртала ўвагу на наша, практычна гаротнае становішча.

Кароткі век у артыстаў балета, дваццаць гадоў працы, потым – забыццё. Таму артыст балета павінен выкладвацца ўвесь час. Фізічны пік формы ў танцоўшчыкаў прыходзіцца на тэрмін ад пяці да пятнаццаці гадоў працы. Першыя пяць гадоў ідзе набор формы, гэта факт агульнавядомы. Вось цяпер мы набралі гэтую форму. Зараз мы "на вяршыні", калі можна так сказаць.

Што патрэбна любому артысту – драмы, оперы, балета? Магчымасць самавыражэння, прыкладання ўсіх сіл у сваёй прафесіі, новыя работы. Я разумею цяжкасці эканамічнага становішча, але ўсё ж такі і ў гэтых цяжкасцях на поп-фестывалі, запрашэнне дарагіх артыстаў сродкі знаходзяцца. А пра сваіх артыстаў краіна практычна не думае, на жаль. Наша балетная трупа за апошнія тры гады фактычна не мела ніводнага планавага спектакля – мы працуем "падпольна". Артысты балета з дзяцінства прызвычаіліся да працы, і таму, калі чуюць вокліч: "На працу!", – цалкам мабілізуюцца. Мы абавязаны працаваць, павінны знайсці водгук у гледача, павінны зрабіць так, каб ён адчуў прыгажосць нашага мастацтва. Вось і працуем. Работа гэтая не аплочваецца ні артыстам, ні балетмайстру. Хаця, між тым, тэатр эксплуатуе ўсе нашы балетныя спектаклі. Але ў плане тэатра ніводзін з нашых балетаў не стаяў. На чым гэта адбіваецца? У рэшце рэшт, і на якасці пастановак. Калі я прыйшла сюды на працу, па запрашэнні дырэктара Сяргея Косціна, то я адчувала, ён добра разумеў, што тэатру музычнай камедыі неабходны моцны балет. І першыя пастаноўкі "Штраусіяна", "Іспанскі дывертысмент", "Шахеразада", "Дон Кіхот", хаця і не былі ў плане, але так ці інакш фінансаваліся. Былі зроблены і дэкарацыі, і касцюмы, знаходзілі неяк спонсараў. Апошнім часам спонсараў няма, і наш новы дырэктар, які, шчыра кажучы, балет разумее і падтрымлівае, наогул вельмі добра да нас ставіцца, не ў стане аказаць істотную дапамогу ў пастановачнай працы. Ягоныя магчымасці вельмі абмежаваныя сёння, і гэта адбіваецца на нашых спектаклях. Напрыклад, тых жа "Новых амазонак" я не змагла выпусціць у дэкарацыях, якія, на маю думку, былі неабходныя. I тое афармленне, якое бачыць глядач, – гэта проста выйсце са становішча. Такая ж самая справа і з іншымі балетнымі пастаноўкамі. Гэта вельмі балюча бачыць, бо на сённяшні дзень мы ў стане вырашаць вельмі складаныя мастацкія задачы. Шмат новых задумак, планаў, але наўрад ці яны здзейсняцца.

– I ўсё ж такі, што гэта за планы?

– Я вельмі сур'ёзна думаю аб дзіцячым рэпертуары. На сённяшні дзень у тэатры ідзе тры дзіцячыя спектаклі і нас вельмі часта просяць дадаць да іх балетныя. Таму час ад часу мы паказваем дзецям "Шахеразаду" ці "Зачараванага прынца" – і дзеці вельмі добра прымаюць нашы балеты, глядзяць іх на адным дыханні. У плане таксама вялікая праца – балет Дэліба "Капелія".

– Час ад часу чуюцца рэплікі, што ваш рэпертуар перагукаецца з рэпертуарам трупы Нацыянальнага тэатра балета...

– Мы ідзем сваім шляхам і не кідаем выклікі ніякім іншым трупам. Мы хочам жыць і працаваць. Наш рэпертуар апошнім часам складваецца не столькі па маім жаданні, а па замовах замежных імпрэсарыо. Дзякуючы гастролям, мы так-сяк здолеем процістаяць цяжкасцям сённяшніх дзён, бо тая заработная плата, якую маюць мае артысты, проста ганебная. Напрыклад, лаўрэат чатырох міжнародных балетных конкурсаў (сярэбраны медаль прэстыжнага маскоўскага конкурсу) атрымлівае два мільёны трыста тысяч рублёў у месяц.

– Вы не баіцеся, што ў рэшце рэшт выхаваныя вамі артысты могуць пачаць шукаць лепшай долі ў іншых трупах?

– Вядома ж, баюся. I гэта ўжо здараецца. Практычна мы выхавалі балерыну Таццяну Ерахавец. Цяпер яна працуе ў Вялікім тэатры, атрымлівае, відаць, іншыя грошы.

Я вельмі шчыра паводжу сябе са сваімі артыстамі. Тое, што абяцаю, – выконваю любой цаной. I калі сутыкнуся з фактам сыходу каго-небудзь з іх з трупы па рэальна зразумелых абставінах, – пастаўлюся да гэтага з паразуменнем. Можа, нават і дапамагу знайсці вартае іх месца.

– Да пастановак у тэатры музкамедыі вы нейкім дзівам здолелі запрашаць вельмі вядомых харэографаў Гедымінаса Таранду, Ларысу Трэмбавельскую, Галіну Кунакову...

– Зразумела, гэта ўсё на асабістых стасунках. Я шчыра прасіла іх аб дапамозе, і яны адгукаліся. Цяпер для пастаноўкі "Капеліі" я б хацела запрасіць галоўнага балетмайстра Пермскага тэатра Кірыла Шмаргонера. Я б магла зрабіць гэтую пастаноўку сама, але, шчыра кажучы, гэта не мая тэма, а яму вельмі добра ўдаюцца спектаклі такога плана. Ён ставіць іх з вялікім гумарам, лёгкімі, іскрыстымі. Аднак, відаць, планам гэтым не наканавана ажыццявіцца. Апошнім разам, напрыклад, Гедымінасу Тарандзе мы не маглі заплаціць аж два гады, пакуль самі не паехалі на гастролі ў Іспанію і не зарабілі грошай, з якіх і выплацілі ганарар харэографу.

– У музкамедыю трапляюць не лепшыя выпускнікі харэаграфічнай вучэльні. Відаць, гэта няўдзячная праца – атрымліваць пасрэдны "матэрыял" і рабіць з іх добрых артыстаў?

– Наадварот, вельмі ўдзячная праца, але яна вельмі нялёгкая, гэта так. Сапраўды, лепшыя выпускнікі вучэльні ідуць у Вялікі тэатр. А потым, калі я прыходжу на спектаклі, бачу таленавітых хлопцаў, дзяўчат, што гадамі стаяць у кардэбалеце з іх вельмі добрымі магчымасцямі, выдатнымі знешнімі і прафесійнымі дадзенымі, у мяне сціскаецца сэрца. Паўтаруся, вельмі кароткі век артыстаў балета. Не паспеў у першыя пяць гадоў дасягнуць належнага ўзроўню – наогул не дасягнеш. Калі яны заканчваюць навучанне, то быццам бы атрымліваюць прафесію, але артыстамі становяцца толькі ў тэатры. Можна быць выдатнікам у вучэльні, а потым – прапасці, знікнуць. I наадварот – калі нават не выдатнік трапляе ў тэатр да добрага педагога і атрымлівае магчымасць прыкласці свае творчыя сілы, ён становіцца вельмі добрым артыстам. Паказальныя ў гэтым плане лёсы нашых Юліі Дзятко і Косці Кузняцова.

– Ці не шкадуаце вы, што пасля Пермскага тэатра прыехалі ў Мінск?

– Я прыехала з-за мужа, гэта яго запрасілі у Мінск (муж Ніны Мікалаеўны – Эдуард Іванавіч Пелагейчанка, вядучы саліст Нацыянальнага тэатра оперы – І. К.). Але ў нас было запрашэнне, напрыклад, і з Санкт-Пецярбурга. I гэта я была "віноўніцай" таго што мы абралі Мінск. У самыя цяжкія хвіліны бывае, што шкадую пра гэта.

Я не пабаюся сказаць, што тая справа, якую я зрабіла, не была тут па сілам нікому. Не ведаю як, але мне гэта ўдалося. Магчыма, мне дапамагла адказнасць. Гэтую адказнасць я адчуваю ўвесь час. Адказнасць за тых хлопцаў і дзяўчат, якія прыйшлі ў тэатр да мяне. І гэтая адказнасць не дае мне спакойна жыць.

Ігар КЛОКАЎ.
Культура. – 1998. – 24 крас. – 1 мая. – С. 8.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: belmustheatre@gmail.com
Мы в социальных сетях: