« Назад
У СУЛАДДЗІ З МУЗЫЧНАЙ СЦЭНАЙ
16 снежня ў Музеі тэатральнай і музычнай культуры (гасцёўня У. Галубка) адкрылася персанальная выстава работ галоўнага мастака Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі, заслужанага дзеяча культуры Беларусі, лаўрэата ўсесаюзных і міжнародных конкурсаў Яўгена Ждана. У кампактнай экспазіцыі прадстаўлены лепшыя творы майстра, якія яскрава адлюстроўваюць яго рознабаковы, шматгранны дар.
Яўген Ждан добра вядомы ў нашай краіне як таленавіты тэатральны мастак, творчасці якога ўласцівы вобразнасць і паэтычнасць мовы, багацце мастацкіх сродкаў, глыбокае пранікненне ў задуму рэжысёра, у драматычную і музычную аснову твора. У розныя гады на сцэне Нацыянальнага тэатра оперы і 6алета, тэатра музычнай камедыі ён ажыццявіў пастаноўкі шэрагу спектакляў, якія атрымалі высокую адзнаку гледачоў і прэсы, сталі значнымі падзеямі ў культурным жыцці. На выставе экспануюцца эскізы мастацкага афармлення і касцюмаў да спектакляў "Князь Ігар", "Русалка", "Яўген Анегін", "Дон Кіхот", "Бахчысарайскі фантан", "Паненка і хуліган", "Капялюш Напалеона", "Цыганскі барон", "Цалуй мяне, Кэт!" і іншыя, якія выкананы ў яркай своеасаблівай манеры і нясуць адбітак творчай індывідуальнасці мастака. Амаль кожная з яго тэатральных работ можа разглядацца як самастойны жывапісны твор з глыбокім філасофскім падтэкстам і абагульненнямі. Напрыклад, менавіта такое "самастойнае жыццё" набыў у адным з музеяў Японіі "Дэман", створаны ў свой час Я. Жданам, як суперзаслона да аднайменнага спектакля ў тэатры оперы і балета. Такі ж лёс напаткаў і суперзаслоны да спектакляў тэатра музычнай камедыі "Капялюш Напалеона" і "Цалуй мяне, Кэт!" – іх жывапісныя палотны таксама набытыя замежнымі музеямі для сваіх калекцый.
Багаты творчы плён унёс Яўген Ждан і ў скарбніцу беларускага жывапісу і графікі. Дасканалае валоданне прынцыпамі і спецыфікай сцэнаграфічнага мастацтва паўплывала на жывапісныя і графічныя творы мастака. У сваіх работах ён смела выкарыстоўвае тэатральныя прыёмы, што дазваляе адысці ад звыклых стэрэатыпаў мыслення і вырашэння кампазіцыйных пабудоў, а шырыня дыяпазону мастацкіх сродкаў – ад рэалізму да мадэрна, класічнага і авангарднага кірункаў – уносіць асабісты светапогляд і навізну ў жывапісныя і графічныя кампазіцыі. Прадстаўленыя на выставе палотны "Тарэйкаўская Божая маці", "Кірыла і Мяфодзій", "Францішак Скарына", "Сон генія", графічны твор "Рэквіем" уражваюць метафарычнасцю вобразаў, спалучэннем рэалістычнасці і сімволікі, якая нясе глыбокі сэнс; цеплынёю і энергетыкай дабра вее ад "Партрэта маці", жыццесцвярджальнасцю і любоўю да сваёй радзімы прасякнуты краявіды родных мясцін.
Яўген Ждан вядзе актыўную культурна-асветніцкую дзейнасць. На сваёй радзіме, у вёсцы Сноў, ён стварае студыю выяўленчага мастацтва, культурны цэнтр і карцінную галерэю, у якой у бліжэйшы час будзе экспанавацца больш за 100 яго твораў. Сярэдняй школе № 64 г. Мінска і школе ў Снове, дзе мастак вучыўся, ён падарыў па 30 сваіх работ, а ў дар гісторыка-краязнаўчаму музею Нясвіжа плануе перадаць 80 сваіх твораў. За плённую працу на ніве беларускай нацыянальнай культуры Яўген Ждан вылучаны на атрыманне прэміі "За духоўнае адраджэнне".
Пра ўсё гэта гаварылі вядучыя дзеячы мастацтва на адкрыцці выставы, на якой, адбылася таксама прэзентацыя выдадзенай нядаўна грунтоўнай манаграфіі, дзе ў добрай паліграфічнай якасці прадстаўлены каляровыя рэпрадукцыі твораў мастака. (Адну з экспануемых карцін і сваю манаграфію Я. Ждан падарыў Музею тэатральнай і музычнай культуры).
Прыхільнікі творчасці Яўгена Ждана і ўсе, хто цікавіцца выяўленчым і тэатральным мастацтвам, могуць наведацца ў Траецкае прадмесце – выстава працуе да 16 студзеня.
Людміла РАБУШКА, загадчык літаратурнай часткі Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі. Літаратура і мастацтва. – 1998. – 25 снеж. – С. 2.
|