Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Нечаканасць ці заканамернасць поспеху? (1999 г., Мастацтва)

Нечаканасць ці заканамернасць поспеху? (1999 г., Мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

НЕЧАКАНАСЦЬ ЦІ ЗАКАНАМЕРНАСЦЬ ПОСПЕХУ?

Штрыхі да творчага партрэта лаўрэатаў міжнародных конкурсаў Ю. Дзятко і К. Кузняцова

Шэсць гадоў таму, калі балетная трупа Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі вынесла на суд гледачоў свае першыя балетныя спектаклі, мала хто верыў у поспех гэтага смелага пачынання. Маўляў, ну што за балет у музкамедыі? А праз некалькі гадоў, калі многія гледачы пераканаліся, што балетныя пастаноўкі ў гэтым тэатры вызначаюцца высокім прафесіянальным узроўнем, усё роўна не сціхалі галасы: навошта глядзець тую ж "Кармэн-сюіту" ў Музкамедыі, ці не лепш паглядзець гэты спектакль у Акадэмічным тэатры балета? I пакуль мясцовыя скептыкі ўпарта не хацелі заўважаць відавочны поспех балетнай трупы Тэатра музкамедыі, яе па заслугах ацаніў імпрэсарыо з Іспаніі, запрасіўшы малады калектыў на гастролі ў сваю краіну.

З самага пачатку ў поспех верыла толькі галоўны балетмайстар тэатра Ніна Дзьячэнка, а таксама яго дырэктар – Сяргей Косцін, які тады яшчэ працаваў у калектыве і падтрымліваў балетную трупу ў яе пачынаннях. Для веры ў поспех, зразумела, былі падставы, найперш – маладыя творчыя сілы, якія на той час папоўнілі трупу. Было гэта ў 1992 годзе, калі цэлая кагорта выпускнікоў харэаграфічнага вучылішча прыйшла працаваць у тэатр, а Ніна Дзьячэнка, ведаючы маладых танцоўшчыкаў як сваіх вучняў (бо яна была іх педагогам у вучылішчы), хацела даць ім у тэатры сапраўдную работу.

Сярод маладых танцоўшчыкаў асабліва вылучаліся сваёй стараннасцю і працаздольнасцю Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў. На гэтыя іх якасці Ніна Мікалаеўна звярнула ўвагу яшчэ ў вучылішчы. Акрамя таго, маладых людзей звязвала шчырая прыхільнасць адзін да аднаго, што, відаць, таксама спрыяла іх поспеху ў працы. Інакш кажучы, лепшага дуэта ў трупе не было. Гэта яскрава выявілася нават у першых пастаноўках, якія выйшлі ў канцы 1992 года, – аднаактовых балетах "Штраусіяна" і "Іспанскі дывертысмент", дзе яны атрымалі вядучыя партыі. Як сцвярджае Ніна Мікалаеўна, і Юлія, і Канстанцін валодаюць незвычайнымі якасцямі партнёраў.

Калі дзве першыя харэаграфічныя пастаноўкі па характару музыкі і па настрою ў нечым блізкія да эстэтыкі тэатра музкамедыі, дык балет "Шэхеразада" М. Рымскага-Корсакава і харэаграфічная мініяцюра "Па-дэ-катр" Ц. Пуні, якія былі пастаўлены ў 1993 годзе, з'явіліся наступнай прыступкай у прафесіянальным росце балетнай трупы і яе вядучых салістаў. "Шэхеразаду" ставіла вядомы балетмайстар з Масквы Л. Трэмбавельская, якая высока ацаніла майстэрства нашых танцоўшчыкаў. У прэм'ерных спектаклях К. Кузняцоў выконваў партыю Джына, а крыху пазней – партыю Сіндбада, галоўную. Юлія Дзятко ў гэтым спектаклі танцавала партыю Царэўны, і іх дуэт зноў не мог не прыцягнуць да сябе ўвагі і спецыялістаў, і шараговых гледачоў. У адзін вечар з балетам "Шэхеразада" ішла харэаграфічная мініяцюра "Па-дэ-катр", дзе не было другарадных партый, і майстэрства Юліі Дзятко не саступала майстэрству больш вопытнай Таццяны Ерахавец, якая раней ужо працавала ў акадэмічнай балетнай трупе. Як сказала пастаноўшчык "Па-дэ-катра" К. Тэр-Сцяпанава, нашых танцоўшчыц з гэтым нумарам яна б не пабаялася выпусціць нават на сцэну славутага маскоўскага Вялікага тэатра. А ўсім вядома, што гэты ўзор рамантычнага балета складаны для выканання.

Паколькі па сваёй працягласці "Па-дэ-катр" не мог запоўніць цэлае аддзяленне, таму вечар балета дапаўняўся нумарамі з іншых вядомых твораў. Ю. Дзятко і К. Кузняцоў выконвалі па-дэ-дэ з балета "Арлекінада" Р. Дрыго, яшчэ раз паказаўшы высокую тэхніку выканання і гарманічную зладжанасць дуэта.

Бясспрэчна, усім танцоўшчыкам балетнай трупы Тэатра музкамедыі казачна пашанцавала – яны працуюць пад кіраўніцтвам такога балетмайстра, як Н. Дзьячэнка, якая зрабіла з іх сапраўдных артыстаў. Так, у мастацтве вельмі многае залежыць ад асобы. I калі б ў гэты час у тэатры не працавала Н. Дзьячэнка, дык не было б і балетных спектакляў, і не прыязджалі б сюды славутыя балетмайстры з Масквы і Санкт-Пецярбурга, а маладыя танцоўшчыкі не зведалі б, што такое сапраўдны балет.

Творчая няўрымслівасць галоўнага балетмайстра не дазваляла задавальняцца дасягнутым. У 1994 годзе Любоў Кунакова ажыццявіла ў тэатры пастаноўку "Шапэніяны" і "Дон-Кіхота", а ў наступным, 1995 годзе Гедымінас Таранда узнавіў тут славутую "Кармэн-сюіту" (у версіі А. Алонса), якую ў свой час танцаваў з Маяй Плісецкай. Зразумела, пра пастановачны ўзровень спектакляў гавораць самі імёны харэографаў, але і ўсе маладыя танцоўшчыкі годна праявілі сябе. Тым больш гэта датычыць дуэта Кармэн – Ю. Дзятко і Хазэ – К. Кузняцова.

Менавіта ў гэты перыяд, у 1995 годзе, Тэатр музкамедыі наведаў імпрэсарыо з Іспаніі. Ён ацаніў майстэрства маладых танцоўшчыкаў і запрасіў трупу на гастролі. З таго часу яны па некалькі разоў на год ездзяць не толькі ў Іспанію, але і ў іншыя еўрапейскія краіны.

Прафесіянальны рост, поспех за мяжой далі імпульс смелым думкам дуэта: яны, як самыя моцныя танцоўшчыкі трупы, вырашылі паспрабаваць сябе ў якасці ўдзельнікаў балетных конкурсаў. Першы ў іх жыцці аказаўся вельмі ўдалым. Гэта быў прэстыжны міжнародны конкурс "Арабеск-96", які праходзіў у Пярмі. У ім прымалі ўдзел больш як 90 танцоўшчыкаў з розных краін свету, у фінал выйшлі 17 чалавек, у тым ліку і наша пара. Канстанцін Кузняцоў стаў лаўрэатам, заваяваўшы бронзавы медаль, а Юлія Дзятко – дыпламантам. Іх педагог-рэпетытар Мар'яна Барысаўна Подкіна атрымала дыплом за лепшую падрыхтоўку дуэта.

За тры гады, што прайшлі пасля першага конкурсу, героі гэтага артыкула прынялі ўдзел ужо ў пяці міжнародных конкурсах, дзе заваявалі званні лаўрэатаў і дзе адзначаўся іх дуэт. Напрыклад, у 1997 годзе яны прывезлі з Люксембурга медаль за лепшы дуэт конкурсу. Але самым прэстыжным быў Міжнародны конкурс у Маскве (1997 г.), які праходзіць раз у чатыры гады і мае на мэце выяўленне лідэраў сусветнай балетнай сцэны. У ім прынялі ўдзел 54 танцоўшчыкі з розных краін. Косця Кузняцоў стаў лаўрэатам, заваяваўшы сярэбраны медаль, а Юля Дзятко стала дыпламантам. А абодва яны былі адзначаны як лепшы дуэт, што асабліва прэстыжна.

Не сакрэт, што звычайна на конкурсах ідзе "вярбоўка" танцоўшчыкаў. Мінскі дуэт таксама неаднойчы атрымліваў розныя прапановы, але пакуль што ён застаецца верным свайму калектыву. Вядома, можна было б падпісаць кантракт з якой-небудзь трупай – на непрацяглы час, на выгадных умовах, але пакінуць свой тэатр назаўсёды... гэта пакуль здаецца ім немагчымым.

Разважаючы пра творчую адметнасць беларускага дуэта, нельга не згадаць імя Раду Паклітару, у балетных колах ужо даволі вядомае. Не закранаючы іншых работ Раду, спынімся толькі на тым, што звязвае гэтага маладога харэографа з дуэтам Дзятко – Кузняцоў. Напрыклад, ён рыхтаваў з імі асобныя нумары для замежных паездак, у прыватнасці – на фестываль імя Бетховена ў Боне. А вясной 1998 года ў Тэатры музкамедыі адбыўся творчы вечар Юліі і Канстанціна, спецыяльна да якога Р. Паклітару паставіў харэаграфічную сюіту "Імгненні". У якасці музычнай асновы былі ўзяты творы М. Равэля, К. Сен-Санса, іспанскія народныя песні ў выкананні М. Кабалье, а сюжэтны ход гэтай сюіце зададзены вершамі К. Бальмонта, якія вельмі пранікнёна, нават музыкальна выканаў артыст Тэатра музкамедыі Анатоль Касцецкі. У выніку атрымаўся лірыка-харэаграфічны твор, складзены з шасці асобных нумароў, але злучаных паміж сабой тэматычна. Атрымалася дзівоснае па тонкасці спалучэнне класічнага танца і новых харэаграфічных форм.

Сюіта – гэта паэтычны роздум, які закранае тэму ўзаемных стасункаў аўтара і яго вобразаў. Нарадзіўшыся ва ўяўленні, яны нібы набываюць сваё самастойнае жыццё і вяртаюцца да аўтара, узбагаціўшыся новым сэнсам. Сам Раду выступае ў сюіце ў вобразе Творцы, з'яўляючыся на сцэне на некалькі імгненняў. Ён нібы нараджае вобразы і выпраўляе іх у самастойнае жыццё. I нават калі ён знікае ў промні святла, яго вобразы застаюцца жыць... Хіба не ў гэтым сутнасць творчасці ўвогуле? 

Нездарма свае паэтычныя мроі малады харэограф пачаў ажыццяўляць з такімі танцоўшчыкамі, як Дзятко і Кузняцоў. Акрамя таго, што яны выдатны дуэт, што каштоўнае само па сабе, Раду Паклітару адзначыў іх уменне ўлоўліваць творчы імпульс і нават узбагачаць яго, прапускаючы праз сваё ўспрыманне. Яны абодва вельмі натхнёныя і рамантычныя ў сваіх варыяцыях і дэманструюць пры гэтым выдатныя выканальніцкія здольнасці. Разам з Юляй і Косцем у сюіце заняты іх маладыя калегі –Дыяна Стацура і Віталь Краснаглазаў, здольнасці якіх адзначаюць літаральна ўсе, у тым ліку і нашы героі. Іх ансамбль прыцягальны тым, што кожны ў ім застаецца самім сабой.

Па сваёй сутнасці класічныя танцоўшчыкі, Юля Дзятко і Косця Кузняцоў рухомыя ў творчасці. Іх цікавяць розныя танцавальныя стылі і плыні, а таксама характарныя танцы, у якіх можна выявіць свой артыстызм. Але і ў класічным балеце таленавітыя танцоўшчыкі не толькі ўзнаўляюць дасканаласць харэаграфічнага малюнка, але і імкнуцца перадаць унутраны свет сваіх персанажаў. Гэта датычыць апошняй пастаноўкі тэатра, балета "Жызэль", дзе і Юлія, і Канстанцін, выконваючы галоўныя партыі, перадаюць не толькі агульны дух рамантычнага балета, але і ўмеюць паказаць жывыя чалавечыя пачуцці.

"Жызэль" – не толькі вяршыня рамантычнага балета, але і вяршыня выканальніцкага майстэрства. У гэтым творы дамінуюць дзве лініі: драматычная – у першым акце і рамантычная – у другім. I ў спектаклі найлепшым чынам перапляліся драматызм, які ўласцівы выканальніцкай манеры Ю. Дзятко, і рамантызм К. Кузняцова.

Другая дзея гэтага балета была падрыхтавана яшчэ ў мінулым сезоне, і з ёю трупа выязджала на замежныя гастролі (такія былі ўмовы кантракта). Першая дзея была гатовая да пачатку бягучага сезона, і, такім чынам, прэм'ера "Жызэлі" пазначыла яго адкрыццё. А ў лістападзе трупа павезла спектакль на чарговыя гастролі ў Швейцарыю, бо менавіта з гэтым балетам яе запрашаюць замежныя імпрэсарыо.

Поспех спектакля шмат у чым залежаў яшчэ і ад таго, што яго пастаноўшчык Ніна Дзьячэнка запрасіла ў якасці рэпетытара народную артыстку Інесу Душкевіч, якая ў свой час выконвала партыю Жызэлі на сцэне Акадэмічнага тэатра балета. Ніна Мікалаеўна лічыць яе адной з лепшых выканальніц гэтай партыі, і зразумела, што для нашага дуэта такое супрацоўніцтва было надзвычай плённым.

Здаецца, цяпер ужо нікога не трэба пераконваць у прафесіянальнай сталасці балетнай трупы Тэатра музкамедыі. Гэтага маладыя артысты дасягнулі ўсяго за шэсць гадоў. За гэты перыяд у іх асяроддзі выраслі сапраўдныя майстры, якія могуць канкурыраваць з лепшымі танцоўшчыкамі свету. А Юля і Косця – яшчэ такія маладыя... Яны толькі набліжаюцца да свайго 25-годдзя. Несумненна, мы яшчэ даведаемся пра іх новыя перамогі і творчыя здзяйсненні.

Зоя ЛЫСЕНКА.
Мастацтва. – 1999. – № 4/5. – С. 8–9.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: