« Назад
СВЯТЛО ДУШЫ Ў КАРЦІНАХ ЯЎГЕНА ЖДАНА
У дні калядных святаў шаноўная творчая публіка шчыра віншавала свайго калегу, вядомага жывапісца, галоўнага мастака Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Яўгена Іванавіча Ждана з высокай узнагародай дзяржавы – прэміяй "За духоўнае адраджэнне" 1998 года. Радасная вестка хутка даляцела ў родныя мясціны, на Нясвіжшчыну, якая ўзгадавала таленавітага мастака і якой ён заўжды будзе ўдзячны.
...Мы сустрэліся з мастаком у яго майстэрні на ціхай сталічнай вуліцы. Гаворка адразу зноў жа пайшла пра спадчыну.
– Толькі што, акурат да Ражджаства Хрыстова, адкрыўся Нясвіжскі праваслаўны сабор, якому я перадаў у дар 16 ікон, – распавядае Яўген Іванавіч. – Гэта – абразы Еўфрасінні Полацкай, Кірылы Тураўскага, Міна Полацкага... У хуткім часе ў вёсцы Сноў, дзе стаіць хата маіх бацькоў, хачу адкрыць сваю карцінную галерэю.
– Мабыць, род Жданаў быў багаты на мастакоў?
– У XIV–XV стагоддзях у нашых мясцінах тварыў вядомы дойлід Ждан... Мой дзядзька быў дырэктарам Сноўскай школы, многім вядомы яго пейзажы, эцюды... Безумоўна, талент даруецца ад Бога, але ж нешта ёсць і ад радаслоўнай.
– Больш чым за трыццаць гадоў творчай дзейнасці вы дасягнулі сапраўдных вяршынь майстэрства, атрымалі шырокае прызнанне. Гэтай прэміяй адзначаны менавіта якія работы?
– О, іх шмат... У першую чаргу – карціны з цыкла "Сабор беларускіх святых"; за гала-канцэрт "Беларусь сінявокая" ў маім афармленні; за цыкл "Паданне аб зямлі Нясвіжскай"; за серыю графічных работ; за творы, прысвечаныя 1000-годдзю хрышчэння Русі, Полацкай епархіі, славянскага пісьменства і друку, 500-годдзю Францыска Скарыны...
– Нядаўна ўбачыла свет цудоўная кніга – манаграфія Яўгена Ждана, у якой сабраны лепшыя вашы творы. Вы ўзнагароджаны медалём Саюза мастакоў Беларусі "За асаблівы ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва"... Вы пераможца шматлікіх конкурсаў. Лепшыя галерэі Еўропы лічаць за гонар убачыць вашыя карціны... Скажыце, Яўген Іванавіч, як творца, ці лічыце вы сябе шчаслівым чалавекам?
– Я шмат працую і атрымліваю ад гэтага самую вялікую асалоду. Ніколі не гнуўся перад начальствам, не працаваў пад прымусам на заказ... Можа, таму ў мяне шмат сапраўдных сяброў. Што паспеў стварыць і як успрымаюцца мае карціны – не мне меркаваць. Дай Бог, каб было яшчэ часу адлюстраваць усё задуманае ў карцінах, выхаваць яшчэ больш маладых мастакоў.
– Некалькі слоў пра работу ў тэатры, і не толькі музычнай камедыі.
– Да тэатра музычнай камедыі я 20 гадоў быў першым мастаком-пастаноўшчыкам у оперным тэатры, затым працаваў у творчым аб'яднанні "Белдзяржэстрада"... Лічу, што сапраўдны мастак не павінен адрывацца ад калектыву, зачыняцца адзін у майстэрні. Мая душа – у творчым калектыве тэатра, дзе атрымліваеш сапраўднае задавальненне...
Наконт "не толькі". Мяне запрасілі ў Ніжні Ноўгарад, у тэатр імя Пушкіна, дзе я ўдзельнічаў у пастаноўцы чатырох спектакляў. Помню зк мастак-афарміцель і свой першы спектакль на маскоўскай сцэне, у Вялікім тэатры.
...Калі хочаце працягнуць нашу размову, то прыязджайце ў хуткім часе ў Сноў – на адкрыццё карціннай галерэі Ждана.
– Дзякуем, абавязкова зноў сустрэнемся. Творчага вам плёну і моцнага здароўя!
Віктар ЗАГРАДСКІ. Народная газета. – 1999. – 15 студз. – С. 1.
|