Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Уладзімір Кандрусевіч: небяспечныя сувязі з… (1999 г., Культура)

Уладзімір Кандрусевіч: небяспечныя сувязі з… (1999 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

УЛАДЗІМІР КАНДРУСЕВІЧ: НЕБЯСПЕЧНЫЯ СУВЯЗІ З…

… ЮБІЛЕЕМ

Ужо сам па сабе юбілей – рэч небяспечная. Мала ў каго ёсць проціяддзе ад гэтага збранзавелага монстра, які прымушае юбіляра адчуваць сябе помнікам. Вядома, "круглая" дата – цудоўная нагода нагадваць пра сваю асобу на працягу года, выключная па сваёй значнасці падстава для правядзення аўтарскага канцэрта, на які можна сабраць усе творы, што ў свой час былі своечасова забытыя.

Але з Уладзімірам Кандрусевічам усё гэта зусім не стасуецца. Яго імя, вядомае не толькі музыкантам, але і ўсім аматарам тэатра, выклікае павагу без усялякай "юбілейнай мішуры". Наадварот, сам юбілей здаецца несапраўдным, "мішуровым". Ды не можа быць, каб гэтаму кампазітару споўнілася ажно 50! Не толькі таму, што выглядае ён на "дваццаць з хвосцікам" і застаецца нібыта казачным прынцам з тэатральнага спектакля, а галоўнае таму, што музыка ў яго пры ўсёй сваёй "векапомнасці", калі здаецца, што яна крочыла разам з намі заўжды, – маладая. Чароўная, бы прынцэса. I заўсёды з усмешкай, хай нават з гаркавай, як у балеце "Крылы памяці" ці ў сімфоніі "Плач перапёлкі". I побач з усім гэтым – раптам "палціннік"? Быць не можа!

Ажно не. Няўмольныя лічбы "юбілеюць" сваё, і не дапаможа ні Мефістофель з балета "Выратаванне чыстай душы", ні Воланд з "Майстра і Маргарыты" – спектакля, што стаў класікай Дзяржаўнага тэатра лялек Беларусі. Стаў класікай яшчэ і з дапамогай музыкі Уладзіміра Кандрусевіча, якую не змагла пераўзысці нават больш позняя оперная пастаноўка паводле гэтага рамана.

Але не толькі ў зайздросніках прычына небяспечнасці сувязяў кампазітара як з уласным юбілеем так і з…

… ТЭАТРАМ

Справа яшчэ ў тым, што стварэнне гукавой ауры спектакляў адносіцца да так званай "прыкладной музыкі". Куды больш прэстыжна быць кампазітарам-сімфаністам, майстрам буйной формы – нават калі самі сімфоніі не прэтэндуюць на званне шэдэўра. А пісаць музыку да спектакляў – ці ж гэта "высокі" жанр? Вось і прыходзіцца тэатральным кампазітарам раз-пораз даказваць сваё "сур'ёзнае" стаўленне да прафесіі, каб не праслыць "прыкладніком".

Але скажам шчыра: Уладзімір Кандрусевіч – менавіта тэатральны кампазітар. Ужо па складзе свайго

мыслення, па ўменні ствараць кідкія, запамінальныя вобразы – пластычныя і амаль відовішчныя. I галоўнае, ён стваральнік беларускага мюзікла, кампазітар, які выявіў сутнасць гэтага жанру не ў адной назве, а ў самой музыцы, аркестроўцы і драматургіі сваіх твораў. Ці ж могуць быць небяспечнымі сувязі з Музай па мянушцы…

… МЮЗІ?

Яшчэ як! Бо пры ўсёй талерантнасці беларусаў, пры нашым спрадвеку ўважліва-спагадлівым стаўленні да іншых культур мы любім, каб гэтае "новае" прыходзіла да нас аднекуль з-за мяжы ва ўжо канчатковым выглядзе – абы не ствараць самім. Як толькі мы павінны да нечага прыкласці ўласныя намаганні – тут імгненна ўступае ў свае правы беларуская традыцыйнасць, вернасць спадчыне, што дасталася нам ад прадзедаў. Так што калі ў Дзяржаўным тэатры музычнай камедыі Беларусі ставілі мюзікл "Джулія", кампазітару даводзілася нават сядаць у аркестравую яму, каб годна сыграць "нязвыклыя" для нас блюзавыя рытмы. Шкада, што не быў ён "па сумяшчальніцтве" яшчэ і артыстам балета, бо тады і пластычны бок мюзікла, відаць, адпавядаў бы жанру па сваёй раскаванасці.

"Шклянцы вады" пашанцавала болей – ужо хаця б па колькасці ўкладзеных грошай. Пастаноўка мюзіклаў ніколі не будзе таннай – і апошняя партытура з амаль сімвалічнай назвай "Небяспечныя сувязі" пакуль не дасягнула сцэны. Што ж, каб трапіць у мюзікл, гэты французскі раман чакаў больш за тры стагоддзі. Колькі ж прыйдзецца чакаць самому мюзіклу, каб трапіць на сцэну? Пытанне тым больш актуальнае, што лібрэта "Небяспечных сувязей" сталася апошняй работай жонкі кампазітара Марыны Кандрусевіч – таленавітай паэткі з яркім выразным мысленнем і надзвычай тонкім драматургічным пачуццём. Заўчасна загінуўшы, яна так і не дачакалася прэм'еры. Калі ж дачакаемся мы?

Так што ёсць пэўная заканамернасць у тым, што многія мюзіклы Уладзіміра Кандрусевіча ствараюцца для тэатраў драматычных: іх артысты, хаця і спяваюць "непастаўленымі" галасамі, куды больш схільныя да пародыі і постмадэрнісцкай "гульні" са словамі і музычнымі цытатамі.

Як ні дзіўна, але на дзень нараджэння наш тэатр музкамедыі не паднёс юбіляру нават рэпертуарную "Шклянку вады". Я ж кажу, юбілей – "мішуровы"! На самой справе Уладзіміру Пятровічу заўсёды будзе столькі, колькі – яго "мюзіКЛёвай" музыцы.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 1999. – 2 кастр.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: