Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Містэр Ікс, які марыў стаць Дзедам Марозам (1999 г., Культура)

Містэр Ікс, які марыў стаць Дзедам Марозам (1999 г., Культура)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

МІСТЭР ІКС, ЯКІ МАРЫЎ СТАЦЬ ДЗЕДАМ МАРОЗАМ

Кожны артыст павінен мець сваю таямніцу. Часта менавіта разгадванне гэтых сакрэтаў падтрымлівае і стымулюе цікавасць гледачоў. Таму многія зоркі наўмысна ствараюць вакол сябе таямнічасць, плёткі, інтрыгі і, такім чынам, застаюцца ў коле ўлюбёнцаў публікі. Некаторыя ж – наадварот, не любяць распавядаць падрабязнасці свайго жыцця, калі на тое няма асаблівай прычыны. Але ж якраз іх біяграфіі хапіла б на некалькі прыгодніцкіх раманаў.

Лічу, зусім невыпадкова для народнага артыста Беларусі, саліста Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Пятра Рыдзігера любімай роляй стаўся містэр Ікс у аперэце Імрэ Кальмана "Прынцэса цырка". Справа тут, як мне думаецца, не толькі ў чароўнай музыцы. Без усялякіх перабольшванняў Пётр Рыдзігер – сапраўдны "Ікс" і "Ігрэк" на зорным небасхіле нашай культуры. Дык, можа, праверым музыку калі не алгебрай, дык – сціплай спробай "вылічыць", чаго варты гэты Ікс?

Тым больш, што ён па паходжанні калі не містэр, дык дакладна "Их Сиятельство". Менавіта так дражнілі маленькага Пецю хлапчукі-казахі Сяміпалацінска, дзе ён нарадзіўся. І дадражніліся: лепей за яго ніхто не ўвасабляе аперэтачных князёў ды графаў. Можа, таму, што ён іграе крыху і сябе самога?

Прадзед артыста, Аляксандр Фёдаравіч Рыдзігер, які загінуў у 1918 г., быў ваенным міністрам Мікалая II, за што бацькоў будучага саліста ў 40-ыя гады саслалі з Эстоніі ў Казахстан. Прапрапрадзед, Фёдар Васілевіч Рэдзігер (менавіта так гучала прозвішча ў яго нямецкім арыгінале), – генерал, чый партрэт знаходзіцца ў Эрмітажы, у галерэі герояў вайны 1812 г.

Што ж да музычных каранёў, дык бабуля іграла на фартэпіяна, а маці якая скончыла Днепрапятроўскі універсітэт па спецыяльнасці фізіёлаг, была спявачкай і піяністкай.

– Пётр Васілевіч, нарэшце я зразумела, чаму Вы заканчвалі Інстытут імя Гнесіных у Маскве таксама па дзвюх спецыяльнасцях: як піяніст і як оперны спявак. Відаць, з дзяцінства марылі выбраць тыя ж прафесіі, што і Ваша маці?

– А вось і не. Больш за ўсё я марыў стаць Дзедам Марозам.

– Каб усе падарункі сабе захапіць?

– Каб раздаваць іх – вельмі ўжо падабалася нешта дарыць. Ну, а потым – кім толькі не марыў стаць: міліцыянерам, вадалазам, кінаакцёрам.

– І пры гэтым з чатырох гадоў Вы займаліся з маці музыкай, што, відаць, і дапамагло Вам стаць у будучым лаўрэатам Міжнароднага конкурсу піяністаў імя Шапэна ў Варшаве. Яшчэ адным прызнаннем піяністычных здольнасцей стала запрашэнне Вас на гастролі Галіны Вішнеўскай у якасці яе канцэртмайстра.

– Усё адбылося выпадкова. У інстытуце была з ёй творчая сустрэча, і напрыканцы, атрымаўшы адказы на ўсе пытанні, студэнты пачалі прасіць, каб яна праспявала. Але ж яна была без канцэртмайстра. Выкладчык прымусіў мяне сесці за раяль – і я без усялякіх рэпетыцый, як кажуць, з ліста пачаў ёй акампаніраваць. І яна – запрасіла мяне на гастролі.

– А як жа Вы самі пасля працы ў Куйбышаўскім оперным тэатры, у Малым тэатры ў Ленінградзе раптам рашыліся на працяглыя "гастролі" ў аперэту? Ды ўвогуле, з усіх жанраў свету – абралі аперэту?

– У Мінск мяне запрасіў тагачасны галоўны дырыжор Тэатра музкамедыі Іосіф Араміс. Я вырашыў паспрабаваць – і застаўся.

Аперэта стала для Пятра Рыдзігера родным домам, але ён не адмаўляўся і "пабыць у гасцях": тэатры былога СССР часта запрашалі яго на выкананне партый Яўгенія Анегіна, Ялецкага ў операх Чайкоўскага, Фігара ў "Севільскім цырульніку" Расіні. Апошнім часам працу ў тэатры артыст сумяшчае з выкладчыцкай дзейнасцю, і гэта старонка яго творчай біяграфіі таксама поўніцца паданнямі пра яго чарадзейны спосаб выпраўляць маладым спевакам няўмела "пастаўлены" голас. Што ж да маладых піяністаў, дык тыя зайздросцяць сваім аднакурснікам-вакалістам і жаляцца, чаму ж гэта Пётр Васілевіч не вядзе канцэртмайстарскі клас. А паклоннікі Рыдзігера ўздыхаюць, чаму ў яго бывае так мала сольных канцэртаў. І новых роляў у тэатры. Можа, тут ячшэ характар вінаваты?

– Пётр Васілевіч! Кажуць, Вы чалавек неабавязковы. Можаце нават на запіс сваёй уласнай праграмы не прыйсці.

– А-а-а, было такое. Прыйшоў я на рэпетыцыю, убачыў, што аркестр не падрыхтаваўся – і пайшоў. Навошта мне голас зрываць на бясконцых паўторах з пачатку?

– А як жа запіс?

– Ды навошта ён мне такі!

Дык можа, гэта не характар, а пачуццё ўласнай годнасці?

Тады пажадаем "Их Сиятельству" ззяць і надалей. І часцей прымяраць на сябе ролю Дзеда Мароза, які раздае прыхільнікам вакалу свае музычныя падарункі.

Надзея БУНЦЭВІЧ.
Культура. – 1999. – 9–15 кастр. – С. 10.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: