« Назад
І ГЭТА БЫЎ НЕ СОН…
Цяпер, калі на вуліцах Мінска ляжыць снег і дзьме пранізлівы вецер, перад вачамі паўстае неверагоднай прыгажосці краявід. У бездань пранізліва блакітнага бязвоблачнага неба ўпіраюцца магутныя горныя вяршыні, пакрытыя вечнымі льдамі. У іх атачэнні велічна вымалёўваецца пік гары Манблан. Яркае сонца залівае сваім бурштынавым святлом раскошныя альпійскія лугі, ахопленыя непасцігальным у гэты час цвіценнем траў. 3 абрывістых скал імкліва зрываюцца грымучыя вадаспады, рассыпаючыся ў паветры на мільёны дробных дыяментаў… I думаецца: што гэта – сон, ява? Такое сапраўды магло б прысніцца. Але ўсё гэта мы ўбачылі на ўласныя вочы, праязджаючы па дарогах Швейцарыі. Ды, зрэшты, пра ўсё па парадку.
Запросіны ў Швейцарыю
Апошнім часам балетная трупа Дзяржаўнага тэатра музычнай камедыі Рэспублікі Беларусь – творчы калектыў, які стварыла і ўзначальвае заслужаная артыстка Расіі Ніна Дзьячэнка, – усё больш прыцягвае да сябе ўвагу не толькі самых патрабавальных айчынных знаўцаў харэаграфічнага мастацтва, а і замежных імпрэсарыо. У 1995–97 гг. калектыў неаднаразова і паспяхова гастраляваў у Іспаніі і Партугаліі, яго з захапленнем прымалі гледачы Англіі, Шатландыі, Германіі.
Генеральны менеджэр швейцарскай гастрольна-канцэртнай арганізацыі, якая прадстаўляе сваім гледачам новыя музычныя праекты і калектывы, вартыя ўвагі, зацікавіўшыся маладой перспектыўнай трупай з Беларусі, увесну 1998 г. наладзіў стасункі з кіраўніцтвам тэатра. Урэшце прыехаў у Мінск, пазнаёміўся з прэсай, прагледзеў відэакасеты, наведаў шэраг спектакляў і творчы вечар лаўрэатаў міжнародных конкурсаў, салістаў балета тэатра Ю. Дзятко ды К. Кузняцова. Спецыяльна для гэтага вечара, па просьбе Юліі і Канстанціна (хто ж не марыць пра партыі Жызэлі і Альберта!) быў падрыхтаваны другі акт балета А. Адана "Жызэль". I менавіта "Жызэль" зацікавіла швейцарскага менеджэра, бо гэты балет ужо некалькі гадоў не паказваўся ў Швейцарыі.
У выніку, Аляксандр Янкоў, прадстаўнік саліднай швейцарскай арганізацыі "Pro Musica", якая аб'ядноўвае ў сваім складзе вядучых крытыкаў і дзеячаў музычнага мастацтва, заказаў пастаноўку спектакля і запрасіў на гастролі з ім у Швейцарыю балетную трупу і аркестр нашага тэатра.
Магчыма, каб не паступіла гэта зусім канкрэтная прапанова, якая адкрывае перспектыву выезду на гастролі за мяжу не толькі балета, а і аркестра тэатра, Н. Дзьячэнка пакуль і не рызыкнула б "замахнуцца" на пастаноўку "Жызэлі" – шэдэўра сусветнай балетнай класікі. Але чалавек валявы і мэтанакіраваны, яна зацікавілася прапановай, бо прывыкла ставіць перад сабой і сваім калектывам усё больш складаная творчыя задачы. Намер уключыць спектакль у рэпертуарна-пастановачны план тэатра быў падтрыманы мастацкім саветам. А пераадолець шэраг узнікшых цяжкасцяў па здзяйсненні гэтай работы дапамагло кіраўніцтва горада, прынамсі, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Васіль Васільевіч Гурын.
Прэм'ера спектакля, прымеркаваная да пачатку новага тэатральнага сезона, была паказана на родных падмостках і цёпла сустрэта мінскімі гледачамі. Ды наперадзе былі гастролі ў Швейцарыі. I калі калектыў балета рыхтаваўся да свайго ўжо дзевятага па ліку замежнага турнэ, дык аркестр тэатра на гастролі за мяжу выязджаў упершыню. Упершыню за 28 гадоў працы ў тэатры (20 гадоў вядучай салісткай балета, апошнія 8 гадоў – загадчыцай літаратурнай часткі) выпраўлялася на замежныя гастролі з родным мне калектывам балета і я.
Пасля двух сутак дарогі на аўтобусах фірмы "Інтэркар" праз Польшчу і Германію, а першай гадзіне ночы 3 лістапада мы прыбылі на мяжу Швейцарыі. Дабрадушны швейцарскі пагранічнік, даведаўшыся, адкуль мы, і пракаментаваўшы: "О, Беларусь – Лукашэнка!", быў з намі вельмі прыветны і зычлівы. Фармальнасці праходжання тамтэйшай мяжы занялі, наўздзіў, зусім няшмат часу.
Шафхаўзен, 4 лістапада
Горад Шафхаўзен, дзе адбыўся наш першы спектакль, ляжыць у маляўнічай мясцовасці на беразе магутнай і паўнаводнай ракі Рэйн, непадалёк ад мяжы з Германіяй. Своеасаблівасць і непаўторнасць архітэктурнаму абліччу горада надаюць вузкія звілістыя вулачкі з невысокімі, у гатычным стылі, старадаўнімі будынкамі і прыгожымі скульптурнымі ансамблямі. У муніцыпальным тэатры Шафхаўзена праводзіўся восеньскі фестываль музычных спектакляў. "Жызэль" адкрывала фестывальную афішу, пасля нас выступаў Іспанскі нацыянальны балет ды іншыя калектывы.
3 вялікім хваляваннем чакалі ўсе мы пачатку гэтага першага спектакля. Хвалявалася Ніна Дзьячэнка, якая два дні практычна не пакідала тэатр, праводзіла ўрок, рэпетыцыі, давала інтэрв'ю тэлебачанню і прэсе, разам з мастаком спектакля Вольгай Жалонкінай кіравала ўстаноўкай святла і манціроўкай дэкарацый. Узбуджана даваў апошнія настаўленні артыстам аркестра і карэктаваў нюансы дырыжор Міхаіл Сінькевіч. Укладала сваю душу і унікальнае майстэрства, грыміруючы і прычэсваючы выканаўцаў, Юлія Раброва. Адпрасаваўшы і падрыхтаваўшы гару касцюмаў, завіхалася між артыстаў загадчыца касцюмернага цэха Галіна Сердзюкова. Разаграваліся і апрабоўвалі тэхнічна складаныя мясціны сваіх партый артысты балета.
Ды й як ужо тут не хвалявацца! Бо Аляксандр Янкоў папярэдзіў: "На такі прыём, як у Мінску (ён прыязджаў на прэм'еру), – не разлічвайце: у нас, як правіла, дзеянне па ходзе спектакля не перапыняецца апладысментамі. На спектаклі прыязджаюць гледачы з Берна, Жэневы ды іншых гарадоў. Швейцарская публіка – надта спешчаная, часам тут "не праходзяць" нават самыя праслаўленыя калектывы".
Ва ўтульнай, кампактнай глядзельнай зале, з высокім купалападобным скляпеннем, распісаным фрэскамі, з партэрам на 363 месцы і двума ярусамі балконаў – усяго 700 месцаў – быў аншлаг. У сярэдзіне I акта нечакана пачуліся апладысменты. Дынаміка і драматычны напал дзеяння паступова ўзмацнялі ўзаемасувязь паміж сцэнай і залай, а да кульмінацыйнай развязкі акта лёд насцярожанай увагі быў поўнасцю растоплены. Юлія Дзятко правяла сцэну вар'яцтва Жызэлі надзвычай эмацыянальна і пераканаўча, настолькі хвалююча-кранальна, што нават у нас, хто стаяў за кулісамі, літаральна камяк падкаціўся да горла. Глядзельную залу апанавала хвіліннае маўчанне, якое потым выбухнула громам апладысментаў! Заслона пасля I акта не закрывалася некалькі хвілін.
3-за невялікіх памераў сцэны выканаўцам спектакля давялося крыху эканоміць на шырыні і амплітудзе рухаў, але, разам з тым, гэта ўнесла ў танец Юліі Дзятко і Канстанціна Кузняцова незвычайную адухоўленасць і эмацыянальную напоўненасць. Сугучна шчымліва-хвалюючаму сола альта, кожная падтрымка ў адажыо II акта, кожны арабеск напаўняліся струменлівай кантыленай руху, глыбокім зместам і сэнсам. У варыяцыі Жызэлі бязважка-лунаючыя скокі па-дэ-ша, субрэса з эфемерна-таючым надломам корпуса "прапяваліся" Юліяй Дзятко ўсім целам, кожнай часцінкай душы, і гэта быў, напэўна, адзін з лепшых яе спектакляў. Дуэт Ю. Дзятко і К. Кузняцова ўздымаўся да ўзроўню споведзі, гучаў як гімн вечнага кахання.
Я была ў глядзельнай зале, і мне падалося, што апладысменты ў канцы спектакля ды бясконцыя паклоны доўжыліся больш за 10 мінут. Гэта быў поспех. Пасля спектакля Аляксандр Янкоў запрасіў Ніну Дзьячэнку ў рэстаран, што насупраць тэатра, каб абмеркаваць далейшыя планы. Наведвальнікі рэстарана, у асноўным публіка, што прысутнічала на спектаклі, пазналі Ніну Мікалаеўну і сустрэлі яе апладысментамі.
З рэцэнзіі на спектакль. "Не спрачацца, а захапляючыся – дыскутаваць дало нагоду майстэрства артыстаў… І калі публіка сама нястрымна апладзіруе ў сярэдзіне актаў, для гэтага павінна быць важкая прычына: разуменне высокага ўзроўню танцавальнай тэхнікі, больш чым фантастычнага матэрыялу з эпохі Рамантызма і, нарэшце, удзячнасць бачыць пачуцці, якія ўжо аджылі і "ачышчаюць", што тэатр робіць таксама магчымым… Канстанцін Кузняцоў як мімічна, так і танцавальна паказаў развіццё вобраза закаханага чалавека, які страціў сваё шчасце і адчуў пакуту, усвядоміў гэта, сам зведаў небяспеку і стаў сапраўдным мужчынам. У выкананні Юліі Дзятко Жызэль – летуценніца, спачатку наіўная, квітнеючая, шчаслівая, потым – на мяжы адчаю і, нарэшце, чароўная ў "апраметнай" прывідна цудоўных віліс… I танцы ўсіх віліс з іх выдатнай сінхроннасцю мелі толькі адзін недахоп: сцэна Шафхаўзена была для іх занадта маленькай…"
Назаўтра мы, 8 чалавек, што жылі ў прыватным гатэлі невялікага гарадка Штайн-ам-Райна за 20 кіламетраў ад Шафхаўзена (астатнія размяшчаліся ў трох іншых гатэлях), мелі магчымасць пазнаёміцца з нашай гасціннай гаспадыняй фрау Рытай. Не ведаючы мовы, мы на здзіўленне добра разумелі адзін аднаго. Фрау Рыта карміла нас сняданкам і расказвала пра сябе. Ёй 67 гадоў, разам з мужам Рока яны трымаюць гатэль з 15-ці нумароў на 34 чалавекі і невялікі рэстаранчык. Гэта іх сямейная справа, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Іх дарослы сын жыве з сям'ёй ў Берне. Трымаць усё ў парадку памагае маладая жанчына. Фрау Рыта запрашала нас і нашых знаёмых спыняцца ў яе гатэлі… А пасля мы з інспектарам балета і выканаўцай ролі Берты Валянцінай Саладзілінай шпацыравалі па гэтым прыемным курортным гарадку, дзе Рэйн імкліва нясе свае воды, а паветра крыштальна чыстае і свежае, як крынічная вада, дзе а 6-ай раніцы б'е царкоўны звон, абвяшчаючы пачатак новага дня, а праз гадзіну ажываюць вузкія вулачкі, дзе мясцовыя жыхары ездзяць на веласіпедах, бесклапотна пакідаючы іх у любым месцы, а дзеці, якія ідуць у школу, вітаюцца з незнаёмымі людзьмі.
Цуг, 5 лістапада
Па дарозе ў Цуг мы бачылі неапісальную прыгажосць швейцарскіх Альпаў, якая так ярка захавалася ў памяці. Выехаўшы з Шафхаўзена ў 13 гадзін, мы перасеклі нямецкую частку Швейцарыі, увесь час падымаючыся ў горы, і да 17 гадзін апынуліся ў Цугу. Сучасны, з бетону і шкла, будынак "Тэатр Казіно Цуг" стаіць на самым беразе Жэнеўскага возера. На яго водную гладзь адкрываецца цудоўны від са шкляных вокнаў-сцен глядзельнага фае, а па каскадзе прыступак можна спусціцца да самай вады. У цугскіх афішах і праграмках, акрамя інфармацыі пра калектыў, значылася: "Гастролі праходзяць пад патранажам пасольства Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі".
На сцэне гэтага тэатра выканаўцы адчувалі сябе, нібыта ў родных сценах, і для гэтага былі падставы. Глядзельная зала, аркестравая яма і, самае галоўнае, сцэна па памерах і планіроўцы аказаліся практычна такімі ж, як у нас у Мінску. I яшчэ адна прыемная акалічнасць: на спектаклі ў Цугу прысутнічалі прадстаўнікі беларускага пасольства, якія перад пачаткам прыйшлі сказаць добрыя словы і пажадаць поспеху.
Натхнёныя выканаўцы, што называецца выкладваліся, дэманструючы ўсё, на што яны здольныя, адчуваючы жывы водгук глядзельнай залы і радуючыся шчодрым апладысментам. У дакладнай плыні рухаў спляталі нястрымны карагод белых начных прывідаў-віліс артысткі кардэбалету. У шырокай амплітудзе жэтэ лунала над сцэнай па-царску велічная, уладарная і непранікальна-халодная Мірта – Ксенія Сямёнава. Глыбінёй увасаблення ролі Альберта ўзрушваў сэрцы гледачоў Канстанцін Кузняцоў. Гэты вобраз у яго інтэрпрэтацыі варты асобнай размовы і падрабязнага прафесійнага разбору. Танец Кузняцова ўражвае прыгажосцю і высакароднасцю, гэта па-акцёрску напоўнены, дзейсны танец, які раскрывае пластычнымі сродкамі найтонкія нюансы пачуццяў і перажыванняў. У людзей, якія разбіраюцца ў тонкасцях балетнага мастацтва, выклікае захапленне дасканаласць формы, чысціня ліній, акуратнасць ног і пазіцый; высокі скачок, які завісае ў паветры, пакрывае прастору, завяршаецца нячутным прызямленнем у мяккае пліе; дынамічныя, віртуозныя вярчэнні, выбуховыя туры – словам, высокая харэаграфічная культура.
Прыйшоўшы пасля спектакля за кулісы, часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Швейцарыі Андрэй Гіро быў шчыра рады поспеху сваіх суайчыннікаў. Сярод мноства цёплых слоў, адрасаваных выканаўцам спектакля, ён сказаў і тое, што я занатавала дакладна: "За апошнія чатыры гады гэта, напэўна, адна з самых яскравых падзей у культурным жыцці Швейцарыі". I, звяртаючыся да Аляксандра Янкова, шчыра зазначыў: "Дзякую Вам за тое, што ў нашай роднай Беларусі Вы адшукалі такую жамчужыну і адкрылі гэты калектыў швейцарскім гледачам".
З рэцэнзіі на спектакль. "Спектакль быў высокай якасці. I адметны ўжо той факт, што трупа гастралюе са сваім аркестрам, які пад кіраўніцтвам дырыжора Міхаіла Сінькевіча надаў партытуры Адана драматычна абгрунтаванае, лірычна асэнсаванае жыццё… Прадстаўленая Юліяй Дзятко сцэна вар'яцтва Жызэлі пераканаўча кранальная, Канстанцін Кузняцоў надаў раскаянням Альбрэхта рэдкую выразную інтэнсіўнасць. Гэтыя якасці ў другім акце зліліся ў абаіх абдуманым, нюансаваным, паглыбленым валоданнем формай і прывялі да напоўненага танцавальнага ўражання".
Пасля спектакля, а 2-й гадзіне ночы, мы прыехалі ў гатэль горада Кюлі, што паміж Цугам і Віспам, а, прачнуўшыся, раніцай апынуліся ў казцы. Гатэль стаяў ля падножжа высокай гары, спрэс засаджанай вінаграднікамі. Іх салатава-зялёныя лозы тэрасамі ўздымаліся да самай вяршыні гары. Недзе ў вышыні віднеўся, нібы цацачны, старадаўні замак, вакол якога былі раскіданы малюсенькія сялянскія дамкі – ну, проста, жывая дэкарацыя да "Жызэлі"! А насупраць усёй гэтай жыццесцвярджальнай прыгажосці стаялі голыя каменныя волаты з пакрытымі вечнымі льдамі вяршынямі. Мы спусціліся да Жэнеўскага возера. 3-за адсутнасці беларускіх манет кідалі ў ваду каменьчыкі, загорнутыя ў папяровыя "зайчыкі". Артысты аркестра з дырыжорам М. Сінькевічам, узняўшыся на плоскі дах гатэля, загаралі пад швейцарскім лістападаўскім сонцам. Было цёпла, светла і радасна на душы.
Вісп, 6 лістапада
У знакаміты гарналыжны курорт Вісп, размешчаны ў самым "паднябессі", мы прыехалі, калі сонца схавалася за адным з востраканечных пікаў, якія шчыльным колцам акружаюць з усіх бакоў горад. У параўнанні з ласкавай сонечнай раніцай у Кюлі, тут было па-сапраўднаму холадна.
Менавіта за гэты спектакль у Віспе больш за ўсё хваляваўся Аляксандр Янкоў, таму што ў Культурным цэнтры Ла Постэ прысутнічалі прадстаўнікі арганізацыі "Pro Musica". Іх думка пра спектакль і калектыў, які наш імпрэсарыо адкрываў швейцарскім гледачам, была надзвычай важная для яго. Не буду падрабязна апісваць ход спектакля – спашлюся на швейцарскага крытыка, які напісаў ёмісты артыкул.
З рэцэнзіі на спектакль. "Аркестр і балетны ансамбль з Мінска прадставілі гэты балет, гэты твор мастацтва, з вялікім пачуццём і вельмі арганічна. Суправаджэнне аркестра, сцэнаграфія, багатыя касцюмы (Вольга Жалонкіна), светлавое афармленне і выкананне трупы – усё прываблівала… Танцоўшчыцы і танцоўшчыкі, якія вельмі часта падчас выканання сцэн узнагароджваліся апладысментамі, падарылі прысутным вечар, поўны грацыі, поўны чароўнай лёгкасці лунаючых рухаў і менавіта тое, што ператварае балет у мастацтва, казачнае, летуценнае, проста нерэальнае… Выканаўца ролі Жызэлі (Юлія Дзятко) і яе партнёр Альбрэхт (Канстанцін Кузняцоў) паказалі са свайго боку балетны танец у тэхнічнай і пантамімічнай дасканаласці. Фрау Дзятко, акрамя сваіх цудоўных танцавальных магчымасцяў, валодае выяўленай драматычнай сілай. Наўрад ці думаеш пра месца, дзе адбываецца дзеянне, калі яна ў канцы першага акта выказвае свой боль, даведаўшыся пра нявернасць Альбрэхта. Таксама і сумесныя танцавальныя па з уражлівым Альбрэхтам (сп. Кузняцоў) застаюцца незабыўнымі. Прысутныя сапраўды перажылі незабыўны вечар, напоўнены прыгажосцю музыкі і выканання".
…Праляцелі чатыры дні, праведзеныя ў Швейцарыі, якія аказаліся такімі насычанымі і багатымі на ўражанні. Можна было падводзіць вынікі. Усе тры спектаклі прайшлі пры перапоўненых залах (кожная на 700 месцаў). Усе тры спектаклі стабільна і прафесійна правялі артысты балета і аркестра.
Непазбыўнасцю гора, якое перапоўніла мацярынскае сэрца, кранала сэрцы гледачоў Валянціна Саладзіліна – Берта. Вельмі цёпла прымалася гледачамі і адзначалася крытыкай як "сімбіёз пачуццяў і сілы" сялянскае па-дэ-дэ I акта ў выкананні Вольгі Лядскай і Віталія Краснаглазава, хаця мы, ведаючы патэнцыйныя магчымасці гэтых выканаўцаў, бачылі нявыкарыстаныя імі рэзервы для надання бляску іх найскладанаму ў тэхнічных адносінах дуэту. Андрэй Кісялёў стварыў на сцэне тэатра Шафхаўзена каларытны вобраз ляснічага Ганса, а ў выкананні гэтай партыі Максімам Кілеевым у Цугу і Віспе праявіўся глыбокі драматычны напал, які афарбаваў ролю трагедыйным гучаннем. Аксана Сямёнава – Мірта была карэктная ў тэхнічным кантэксце ролі, пластычная і па-акцёрску пераканаўчая. Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, стаўшы ўлюбёнцамі публікі, сваім віртуозным майстэрствам штораз пацвярджалі званне "лепшага дуэта", якім яны двойчы былі ганараваныя на міжнародных конкурсах артыстаў балета ў Люксембургу і Маскве.
Гастролі атрымалі шырокі рэзананс у прэсе.
Пра наш тэатр даведаліся гледачы ў далёкай Швейцарыі.
Калектыў атрымаў афіцыйнае запрашэнне на новыя гастролі – у студзені 2000 года.
Людміла РАБУШКА, заслужаная артыстка Беларусі. Літаратура і мастацтва. – 1999. – 15 студз. – С. 14–15.
|