« Назад
РАСЦІСЛАЎ БУЗУК: "ДЫРЭКТАР ТЭАТРА – НЕ ЗАГАДЧЫК ГАСПАДАРКІ"
Нядаўна давялося паглядзець у сталічным Музычным тэатры прэм'еру камічнай оперы "Даратэя", музыку да якой напісаў Ціхан Хрэннікаў, а пастаноўку ажыццявіў рэжысёр Барыс Лагода. Спектакль атрымаўся вясёлы. Артысткі Ірына Шыцікава і Ірына Цярэнцьева сваім іскрамётным тэмпераментам і талентам прымусілі гледачоў не раз шчыра апладзіраваць. У зале было шмат моладзі, а пасля спектакля чула, як адзін юнак казаў сваёй спадарожніцы, што на такую оперу ён згодны хадзіць кожны тыдзень. Падумалася: прыемна было б пачуць гэтыя словы стваральнікам спектакля...
А праз некалькі дзён я дамовілася пра сустрэчу з дырэктарам тэатра Расціславам БУЗУКОМ, захацелася яго спытаць, якімі клопатамі жыве сёння творчы калектыў.
– Расціслаў Леанідавіч, нашым чытачам цікава будзе даведацца пра гісторыю тэатра.
– Якраз праглядаў нядаўна дакументы часоў заснавання: тэатр узнік па рашэнню ўрада ў 1971 годзе і называўся Тэатрам музычнай камедыі. Пастанову падпісаў Пётр Машэраў. Гарвыканкам выдзеліў тады для артыстаў 58 дзяржаўных кватэр. Дарэчы, у наш час гэты факт успрымаецца як фантастыка.
Спачатку тэатр не меў свайго памяшкання, артысты рэпеціравалі і выступалі на розных сцэнах, а з 1981 года пасля рэстаўрацыі аднаго са старых мінскіх будынкаў трупа нарэшце атрымала пастаянны адрас.
– Для любога тэатра самае галоўнае – рэпертуар. Вы пра гэта пішаце і ў сваёй кнізе "Тэатральныя далягляды". Як за гэтыя гады мянялася рэпертуарная афіша?
– На самым пачатку рэпертуар склалі класічныя аперэты Штрауса, Кальмана. Пяць гадоў назад у нас з'явілася выдатная балетная трупа, і сёння ў рэпертуарнай афішы 18 спектакляў розных жанраў. Ёсць нават дзіцячая опера, опера для дарослых – "Цыганскі барон"...
Тэатру, можна сказаць, стала цесна ў рамках музычнай камедыі, і з 1 студзеня 2000 года ён перайменаваны ў Дзяржаўны музычны тэатр.
Асобна заўважу: ні ў адным тэатры музычнай камедыі ў межах СНД няма самастойнага балета, як у нас. Артысты балета не толькі забяспечваюць нам танцавальныя нумары ў аперэце, мюзіклах, але і танцуюць у сапраўдных балетных спектаклях.
– Памятаю, калі стваралася балетная трупа, хапала скептыкаў: маўляў, ці не зашмат для Мінска мець дзве балетныя трупы...
– Так, лічылася, што ў Мінску вельмі моцны Тэатр балета пад кіраўніцтвам славутага балетмайстра В. Елізар'ева. Але мы не адмовіліся ад сваёй задумы. Наш балетмайстар Ніна Дзьячэнка – добры арганізатар, творчы чалавек, улюбёны ў балет. Як паказаў час, мы не памыліліся, калі стварылі балетную трупу.
Сёння ў нашым рэпертуары сем балетных спектакляў: "Жызель", "Дон Кіхот", "Шчаўкунчык" і іншыя. Балетную трупу тэатра ахвотна запрашаюць на гастролі ў еўрапейскія дзяржавы. Выступалі ў Іспаніі, Партугаліі, Англіі, Шатландыі, Германіі, Швейцарыі. Наш балетны дуэт – Канстанцін Кузняцоў і Юлія Дзятко – лаўрэаты пяці міжнародных конкурсаў. Выдатна танцуе і пара – Дзіяна Стэцура і Віталь Краснаглазаў. Апошні нядаўна стаў лаўрэатам Міжнароднага конкурсу ў Пярмі.
– Нядаўна была на спектаклі "Даратэя", і здалося, што справы ў тэатра ідуць паспяхова: цудоўныя дэкарацыі, касцюмы, добрыя артысты, шмат гледачоў. Ці на ўсіх спектаклях так?
– Практычна на ўсіх. Вось ужо гады тры, як на нашы спектаклі збіраецца поўная зала гледачоў. Імкнёмся гэтую любоў і надзею апраўдаць. Мы ўвесь час у пошуку. Нядаўна правялі канцэрт "Парад маладых дырыжораў". Запрасілі 7 маладых выпускнікоў нашай кансерваторыі, а таксама Дзмітрыя Вараб'ёва з Санкт-Пецярбурга. Гучала музыка Глінкі, Чайкоўскага, Свірыдава, Хачатурана, Глебава, Шастаковіча, Шчадрына, Гершвіна і іншых. Запрасілі таксама Брэсцкі сімфанічны аркестр. Так што разам ігралі амаль 100 чалавек.
Па ацэнках тэатралаў, мерапрыемства атрымалася. Прайшоў з поспехам і канцэрт "Шэдэўры класічнага балета". Паставіла яго наш галоўны балетмайстар Ніна Дзьячэнка. Атрымалася вельмі цікавая праграма. У нас перспектыўны галоўны дырыжор Аляксандр Сасноўскі. Нягледзячы на тое, што ён працуе ў тэатры ўжо амаль 20 гадоў, яму самому няма яшчэ і 50-ці.
– Пашанцавала, што ў тэатры сабраліся такія таленавітыя людзі...
– Нельга сказаць: пашанцавала. Каб тут сабраліся менавіта такія людзі, трэба было прыкласці пэўныя намаганні. Напрыклад, "Даратэю" паставіў рэжысёр-пастаноўшчык Барыс Лагода. Ён закончыў акцёрскі факультэт Мінскага тэатральнага інстытута, працаваў у беларускіх тэатрах, затым закончыў Інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве, факультэт музычнай рэжысуры. Пасля быў запрошаны працаваць у Новасібірскі тэатр аперэты. А потым мы яго запрасілі ў наш тэатр. Так што "каманду" трэба падбіраць.
– Ці ёсць у вашым рэпертуары спектаклі на музыку беларускіх кампазітараў?
– У нас ідзе з поспехам мюзікл "Шклянка вады" беларускага кампазітара Уладзіміра Кандрусевіча па п'есе англійскага драматурга Скрыга {Скрыба}, а зусім нядаўна, 15 ліпеня, адбылася прэм'ера мюзікла для моладзі "Пунсовыя ветразі" беларускага кампазітара Валерыя Іванова.
– Колькі чалавек у трупе тэатра?
– Па штатнаму раскладу ў нас досыць вялікі калектыў – 450 чалавек: артысты аркестра, балета, салісты-вакалісты, рэжысёры, дырыжоры, балетмайстры, касцюмеры, рабочыя сцэны.
– Цяжка кіраваць такім вялікім калектывам?
– Творчы калектыў – складаны арганізм. У кожнага свае прэтэнзіі, амбіцыі. Усякае бывае, але я заўсёды кажу калегам: давайце ўсё спрэчнае вырашаць тут, у калектыве, гледзячы ў твар адзін аднаму, на худсавеце высвятляць нейкія непаразуменні, даказваць сваю правату, а не выносіць праблемы за парог тэатра. Мне здаецца, унутранае жыццё тэатра павінна быць для гледачоў усё ж такі пэўнай тайнай. Я прыхільнік традыцый старога МХАТа, дзе ў свае канфлікты нікога не ўцягвалі. Увогуле канфлікты разбураюць тэатр.
– Ці адчувае ваш тэатр падтрымку дзяржавы?
– Амаль усе тэатры свету знаходзяцца на датацыі. Іншая справа, што яны фінансуюцца з розных крыніц. У адных краінах тэатры падтрымліваюць разнастайныя фонды, як, напрыклад, у Амерыцы, у Францыі – дзяржава. Каб тэатр стаў камерцыйным, трэба ісці на нейкія "выкрунтасы": скажам, заахвочваць публіку эротыкай. Тэатр, які прытрымліваецца эстэтычных прынцыпаў, не можа быць самаакупным.
– Ці часта ваш тэатр выязджае на гастролі?
– Усё ўпіраецца ў фінансы. Мы можам згадзіцца на гастролі толькі пры ўмове, што ўсе выдаткі бярэ на сябе бок, які запрашае. Дарэчы, калі мы гастраліравалі ў Іспаніі, на нашых спектаклях быў поўны аншлаг. Хаця самыя танныя білеты каштавалі каля 50 долараў.
– Як сёння жывуць артысты, які ў іх заробак?
– Шкада, але артысты атрымліваюць вельмі малыя зарплаты, асабліва моладзь у балеце – каля 20 долараў. Крыху выратоўваюць гастролі. А наогул праблема ёсць.
– Рыхтуючыся да інтэрв'ю, я даведалася, што вы аўтар навуковых артыкулаў па праблеме тэатра, кандыдат мастацтвазнаўства, а гэта значыць, грунтоўна ведаеце тэатр, яго тонкасці. На вашых плячах дырэктара шмат арганізацыйных задач.
– Я скончыў Беларускую кансерваторыю па класу баяна, працаваў выкладчыкам музыкі ў музычнай школе, займаўся пытаннямі культуры ў розных дзяржаўных установах, абараніў дысертацыю па драматычнаму тэатру, выкладаў і цяпер выкладаю на кафедры тэатральнай творчасці Беларускага універсітэта культуры спецкурс па тэатральнаму мастацтву. Чатыры гады працаваў намеснікам дырэктара Рускага тэатра, а потым запрасілі сюды.
Некаторыя думаюць, што дырэктар тэатра – нешта накшталт загадчыка гаспадаркі. Але я ўпэўнены: дырэктар тэатра – гэта чалавек, які павінен зразумець і артыста, і рэжысёра, нешта ўраўнаважыць у адносінах паміж імі. I, безумоўна, чалавек, які жыве тэатрам.
– Вялікі дзякуй за размову. Гледача не падманеш. Калі ён ідзе ў тэатр, значыць, яму тут падабаецца. Я віншую вас з новай прэм'ерай і лічу, што яна ўдалася: менавіта пасля яе мне і захацелася ўзяць гэтае інтэрв'ю.
Т. КУВАРЫНА. Голас Радзімы. – 2000. – 16 жн.
|