Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/"Люблю свой тэатр, як любяць дзіця…" (2000 г., Літаратура і мастацтва)

"Люблю свой тэатр, як любяць дзіця…" (2000 г., Літаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

АРНОЛЬД РАНЦАНЦ: "ЛЮБЛЮ СВОЙ ТЭАТР, ЯК ЛЮБЯЦЬ ДЗІЦЯ…"

Убачыўшы аднойчы на сцэне Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі Арнольда Ранцанца, ужо не зблытаеш яго ні з кім: асаблівы стыль ігры артыста адразу запамінаецца і хочацца прыходзіць на яго спектаклі зноў і зноў… Сёння, 17 лістапада, у тэатры – бенефіс А. Ранцанца.

– Арнольд Аляксандравіч, кажуць, што ваш бенефіс – гэта будзе нешта цікавае і незвычаннае…


– Гэта вельмі дарагая для мяне тэма. Апошнія тры гады я жыву бенефісам. Усяго было тры варыянты сцэнарыя. Як мы прыйшлі да канчатковага? Аднойчы (а для мяне нічога выпадковага няма) да мяне прыйшла думка запрасіць для пастаноўкі бенефіса цудоўную моладзь з Акадэміі мастацтваў (з курса, які быў спецыяльна набраны для размеркавання ў Музычны тэатр). Калі я глядзеў іх дыпломныя спектаклі, я бачыў адметны почырк. Запытаўшыся, хто пастаноўшчык, даведаўся, што рэжысура некаторых урыўкаў з мюзіклаў належыць Настассі Грыненцы, а пастаноўка танцаў у іх – Аляксею Грыненку. Я запрасіў іх, прапанаваў музычны матэрыял. I калі праз 10 дзён яны прыйшлі з цікавымі ідэямі – усё было вырашана. Склалася добрая творчая каманда – гэта вельмі важна.

У бенефісе заняты вядучыя салісты тэатра В. Пятліцкая, I. Скорабагатава, заслужаны артыст Расіі А. Кузьмін, В. Мінгалёў, а таксама маладыя артысты (у асноўным курс, які я згадваў). Я хачу, каб моладзь паверыла ў сябе. Я вельмі асцярожны і самакрытычны, але ўпэўнены, што будзе падзея (бо ў бенефісе ўсё незвычайна: Н. Грыненка надзвычай добра адчувае мюзікл – гэта рэдкасць у Беларусі, харэаграфія А. Грыненкі цікавая, індывідуальная і прафесійная, усё зроблена ў адным стылі – менавіта мюзікл). Буду вельмі рады, калі гледачы скажуць усім удзельнікам бенефісу "дзякуй" – апладысментамі.

– Дарэчы, як вы лічыце, за што публіка гэтак любіць Музычны тэатр?

– А вось за тое, што глядач трапляе ў казку, у незвычайную атмасферу і забывае пра ўсе цяжкасці жыцця. Гэта для яго як бальзам, сапраўды неабходна.

– Не так даўно тэатр змяніў назву. Чаму так адбылося?

– Папярэдні дырэктар С.Р. Косцін многа зрабіў для таго, каб тэатр музкамедыі стаў менавіта музычным. Пры ім у нас з'явілася балетная трупа, дзе працуе гонар рэспублікі: Юлія Дзятко і Канстакцін Кузняцоў. Заявіў пра сябе сімфанічны аркестр, праходзілі яго сольныя канцэрты. Была ўпершыню пастаўлена камічная опера (Г. Даніцэці, "Viva la Mamma!"). Тэатр пачаў расцвітаць. Усё гэта зрабіла магчымым змяненне яго статуса, тэатр стаў называцца музычным. Цяпер трэба адпаведна працаваць. На жаль, на сённяшні дзень мы не адпавядаем гэтай назве. Мы атрымалі як бы творчы аванс. Зараз у тэатры творчы і адміністрацыйны крызіс, але я веру ў тое, што настануць светлыя часы, і мы будзем адпавядаць назве "Музычны тэатр".

– Што для вас з'яўляецца стымулам у творчасці?

– Я люблю сваю прафесію. Але я вельмі самакрытычны чалавек. І калі б заўважыў, што нешта ў мяне не атрымліваецца, я б знайшоў сілы і пайшоў з тэатра. Калі я бяруся за ролю, дык павінен яе зразумець і данесці да гледача. Пакуль у мяне цэлыя рукі-ногі, пакуль я самакрытычна стаўлюся да сябе і сваёй творчасці, я буду працаваць. Зараз я адчуваю, што займаюся сваёй справай – гэта вельмі важна.

– Хто галоўны крытык вашай творчасці: вы сам, ваша жонка ці, можа, гледачы?

– Мне пашчасціла. У мяне цудоўная жонка. Я дзякую Богу, што ў яе хапае на мяне мужнасці і цярплівасці – я часам, напэўна, бываю нястрыманы (з-за сваёй прафесіі). Марына Барысаўна – вельмі тактоўны чалавек. Я веру яе густу. Староннія людзі могуць не сказаць праўду пра выступленне. А жонка – самы галоўны мой глядач і крытык. Яна – мой бог.

– Людзі па-рознаму прыходзяць да сваёй прафесіі. Калі ў вас з'явілася цікавасць да мастацтва?

– Я гадаваўся ў дзіцячым доме. Мяне жыццё добра загартавала. Я – змагар па сваёй натуры, і да таго ж – аптыміст. У дзіцячым доме я пастаянна хадзіў у лес і спяваў арыі. Мне гэта было цікава. Я марыў пра дзве прафесіі: доктара-хірурга і артыста, прычым, хацеў быць толькі добрым доктарам ці добрым артыстам. Займаўся ў самадзейнасці, добра атрымлівалася: я нават чачотку ўмеў танцаваць. Пасля трапіў у рамеснае вучылішча. Пачаў хадзіць у аперэту, марыў выступаць на сцэне. Мяне прынялі ў балетную студыю пры Краснаярскім тэатры музычнай камедыі. А скончыў я тэатральны інстытут у Ташкенце – як артыст драмы і кіно. Там раз на чатыры гады быў такі набор.

Зараз я магу сказаць, што маё паступленне туды не было выпадковасцю, як можа падацца на першы погляд. Спачатку да мяне ў інстытуце не маглі знайсці "ключык", і нават хацелі адлічыць. А выпускны экзамен я здаў на "выдатна". З усяго курса (нас было 25 чалавек) так здалі толькі двое. Я атрымаў мноства запрашэнняў, але трапіў у аперэту. Аднак мне не хапала драмы. Я змяніў тэатр – і ў драме… пачаў сумаваць па аперэце. Таму свядома пайшоў у Крыварожскі рускі музычна-драматычны тэатр (адзіны такі ў былым СССР), дзе ставіліся і драматычныя спектаклі, і музычныя.

– Дарэчы, мяне вабяць вашыя, так бы мовіць, драматычныя ролі ў Музычным тэатры…

– Я іграў Івана Прысыпкіна ў спектаклі "Клоп" (пастаноўка В. Цюпы). Я фанатычна любіў гэтую ролю. Мэндэль Крык ("Біндзюжнік і Кароль") – этапная роля, як і Горас Вандэргельдэр у "Хэло, Долі!". Псіхалагічна такія ролі заўсёды цікавыя для артыста. Тым больш, што мне сапраўды не хапае добрай драмы. Таму я і люблю сучасны мюзікл. Там ёсць добрая драматургія. Сёння ў рэпертуары захаваліся два такія спектаклі (рэжысёр Б. Утораў): "Шклянка вады" і "Дарагая Памэла". Яны мне вельмі дарагія.

– А ўсё ж такі як заслужаны артыст Украіны апынуўся ў Беларусі?

– У 1979 г. Крыварожскі тэатр быў на гастролях у Бабруйску і Гомелі. Тагачасны міністр культуры Беларусі ўбачыў мяне ў спектаклях і запрасіў у тэатр музычнай камедыі, які праз два гады павінен быў адкрыцца ў Мінску. Дарэчы, яшчэ калі быў студэнтам, на пытанне: "Дзе б ты хацеў працаваць?" чамусьці называў два гарады: Краснадар і Мінск. Гэта ўсё ж такі лёс. Ён прывёў мяне ў Мінск, і вось больш за дваццаць гадоў я працую тут. Не так даўно мне далі другое званне: "Заслужаны артыст Беларусі".

– Ці можна сказаць, што вы знайшлі свой тэатр?

– Гэта чацвёрты тэатр, у якім я працую. Так, сапраўды, я магу сказаць, што знайшоў менавіта свой тэатр. Гэта надзвычай важна. Я ганарыўся, калі гаварылі, што мінскі тэатр мае сваю асаблівую культуру. Я надзвычай люблю свой тэатр, нягледзячы на ўсе яго праблемы. Люблю так, як любяць дзіця ў сям'і.

– А калі тэатр хварэе, чым яго звычайна лечаць?

– Сапраўдным мастацтвам, класікай.

– Акрамя прэм'ер, у тэатры ідуць досыць даўнія пастаноўкі. Што вам дапамагае з году ў год іграць адны і тыя ж ролі?

– Справа ў прафесіяналізме. Спачатку, калі я быў маладзейшы, было складана. А цяпер гэта ўжо прафесіяналізм – гэта ў крыві. Сапраўды, у нас спектаклі ідуць і дзесяць гадоў, ёсць такія, дзе якую-небудзь ролю іграю я адзін. I заўсёды выходжу на сцэну, кожны раз хоць што-небудзь змяняючы ў вобразе. Я заўсёды адчуваю дыханне залы. Гледачы бываюць розныя. Гэта ж не робаты: націскнуў кнопку – заапладзіравалі. I калі глядач мяне не разумее, значыць гэта я нешта не данёс. Складана дастаць да струначкі сэрца кожнага ў зале. Таму, калі адчуваю яе магнетызм, адбываецца кантакт, я пачынаю жыць на сцэне і забываю, што іграў гэтую ролю шмат разоў.

– Як вы любіце адпачываць?

– Шчыра кажучы, апошнія тры гады я зусім не адпачываю. Менавіта тры гады назад у мяне ўзнікла ідэя бенефісу, а калі ёсць ідэя, я не магу спакойна адпачываць. Увогуле, люблю адпачываць дома, на канапе, гледзячы добры фільм – я многа бяру адтуль.

– А якія фільмы вы называеце добрымі?

– Я вельмі люблю рэжысёра Фрэнсіса Копалу. Перагледзеў па некалькі разоў усе часткі фільма "Хросны бацька" – зусім не лічу, што гэта баявік. Мне падабаюцца акцёры Аль Пачына, Марлон Брандо, Энтані Хопкінс, Джэк Нікалсан. Для мяне было ўзрушэнне ўбачыць фільм "Палёт над гняздом зязюлі" Мілаша Формана з Джэкам Нікалсанам у галоўнай ролі. Увогуле, люблю прафесійныя фільмы, добрыя псіхалагічныя баевікі, дэтэктывы, але а6авязкова добрыя, дзе іграюць выдатныя артысты.

– Музыка якіх кампазітараў адгукаецца ў вашым сэрцы?

– Я люблю Дунаеўскага, Мілюціна – з савецкіх кампазітараў. Канешне, Кальмана, Легара, Уэбера… Мне падабаецца музыка Уладзіміра Кандрусевіча, вельмі таленавітага чалавека, на жаль, не цалкам запатрабаванага. Я – удзельнік яго мюзіклаў "Джулія", "Шклянка вады". Вельмі ўдзячны яму, што ён дзеліцца са мной сваімі новымі творчымі ідэямі.

– У размове з вамі я неаднойчы чула, што для вас нічога выпадковага няма…

– Сапраўды, хаця раней не верыў у гэта. Аднойчы мы былі на гастролях у Ленінградзе. Там я сустрэў Марыну Барысаўну. На першым жа спатканні я расказаў ёй усё пра сябе. Я ёй вельмі ўдзячны, што яна дзеля мяне кінула ўсё і паехала ў Мінск. Прайшла праз шматлікія цяжкасці, цяпер яна вельмі паважаны чалавек у тэатры. Пасля таго, як я яе сустрэў, пайшоў у царкву і сказаў: "Божа, напэўна, гэта лёс". Я падзякаваў Госпаду і пахрысціўся. Пасля я пачаў аналізаваць сваё жыццё, як я вучыўся, як трапіў у тэатр… Сапраўды – лёс. I тое, што я сустрэў Марыну Барысаўну, безумоўна! Мне пашчасціла.

– Памагай вам Бог!

Гутарыла
Вольга НАВАЖЫЛАВА.
Літаратура і мастацтва. – 2000. – 17 лістап.



тел.: (017) 275-81-26

220030, г. Минск, ул. Мясникова, 44

Свидетельство о государственной регистрации № 100744263 от 18 февраля 2009г., УНП 100744263

Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: