Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/…Калi блiжэй Вена ды Парыж (2001 г., Лiтаратура і мастацтва)

…Калi блiжэй Вена ды Парыж (2001 г., Лiтаратура і мастацтва)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

…КАЛI БЛIЖЭЙ ВЕНА ДЫ ПАРЫЖ

3 кастрычнiка спектаклем "Вясёлая ўдава" адкрыў свой чарговы сезон Дзяржаўны музычны тэатр Беларусi

Чарговы сезон – чарговыя перамены, звязаныя з прызначэннем новага дырэктара. Яго імя ведаюць і прыхільнікі аперэты, і аматары папулярнай эстраднай песні. Гэта – Аляксей Ісаеў, які 10 гадоў таму быў запрошаны ў наш тэатр музычнай камедыі з Расіі, з поспехам выступаў у амплуа героя, адначасова заваёўваючы сваім прыгожым барытонам (і яркім знешнім абліччам) аўдыторыю т.зв. масавых канцэртаў, потым пайшоў з тэатра, заняўшыся выключна канцэртнай дзейнасцю, і вось…


I вось – заслужаны артыст Беларусі Аляксей Ісаеў нечакана з'явіўся ў ролі дырэктара тэатра. Факт гэтага прызначэння быў успрыняты творчай грамадой неадназначна, "аброс чуткамі". Галоўны рэжысёр Б. Лагода пакінуў калектыў; галоўны дырыжор А. Сасноўскі апынуўся на месцы чарговага. У якасці в.а. галоўнага рэжысёра з'явіўся Б. Утораў; перайшоў на працу ў новым жанры маэстра Г. Праватораў, з якім не быў прадоўжаны кантракт у філармоніі… А што далей? Пра гэта вялася размова на прэс-канферэнцьіі, наладжанай дырэктарам Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі для сталічных журналістаў.

10 лістапада мае адбыцца прэм'ера – аднаўленне колішняй пастаноўкі "Лятучай мышы" Я. Штрауса. Будуць новыя касцюмы і дэкарацыі, маэстра Г. Праватораў "перагледзіць" музычны матэрыял, а вось мізансцэны застануцца ранейшыя. Аднаўленнем рэжысуры займаецца спрактыкаваная артыстка Валянціна Пятліцкая. На думку дырэктара, рэпетыцыі паказалі задаволенасць усіх удзельнікаў гэтай працы.

29 лістапада плануецца канцэрт-бенефіс народнай артысткі Беларусі Вікторыі Мазур, а крыху менш як праз месяц – новая імпрэза. З мэтай рознабаковага паказу ўсёй тэатральнай трупы (вакалістаў, артыстаў балета і хору) А. Ісаеў замаўляе "эстрадна-аперэтачна-мюзікхольны канцэрт-рэвю" ў 2-х аддзяленнях, працягласцю дзве з лішкам гадзіны. Арганізаваць гэты нон-стоп стракатых святочных нумароў запрошаны вядомы беларускі рэжысёр Васіль Бізюк, а эстрадны бляск гучанню аркестра забяспечыць дырыжор з Растова-на-Доне Міхаіл Радзінскі.

Чакаецца прыезд расійскага рэжысёра Якава Ліўшыца, які пры канцы студзеня распачне працу над аперэтай І. Кальмана "Цыган-прэм'ер" ("Кароль скрыпачоў"), а Барыс Утораў прапануе паставіць новую "Каралеву чардаша" ("Сільву"). Чакаецца і прэм'ера ў балетнай трупы, якой па-ранейшаму кіруе Ніна Дзячэнка.

Артысты гатовы, як гэта было за савецкім часам, рыхтаваць за сезон 5-7 новых работ. Аднак цяперашняя нестабільнасць фінансавання вытворчага працэсу (пашыў касцюмаў, выраб дэкарацый) вымушае рабіць рэпертуарныя планы больш сціплымі.

Ёсць у дырэктара задумкі наконт гастроляў. Калі балет і аркестр маюць ужо рэгулярную практыку замежных творчых вандровак, дык артысты аперэты запатрабаваныя пакуль толькі ў Мінску. Сам жа А. Ісаеў запрашаў некаторых калег у асабістыя канцэртныя турнэ па Беларусі, і гэтыя выступленні мелі поспех у публікі. Выснова? Трэба выязджаць у абласныя і раённыя цэнтры да патэнцыяльных прыхільнікаў гэтага жанру, якія гады ў рады наведваюць сталіцу, а жывы музычны тэатр, наогул, не бачылі ніколі.

Адчуваючы свой абавязак перад юнай аўдыторыяй, калектыў бярэцца за работу пад умоўнай назвай "Прыгоды у краіне Мульці-Пульці". Апошнія гады на яго сцэне прэм'ер для дзяцей не было, з-за розных прычын сышлі з афішы "Сцяпан – вялікі пан", "Дзіцячы альбом", "Гісторыя Кая і Герды", "Прыгоды ў замку Алфавіт", засталіся замартызаваныя старыя пастаноўкі "Стойкі алавяны салдацік" і "Залатое кураня". Цяпер паводле прапановы А. Ісаева, будзе створана відовішча з удзелам персанажаў папулярных мультфільмаў і з выкарыстаннем адпаведнай музыкі. Над спектаклем працуе рэжысёр Настасся Грыненка – нядаўняя выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў.

Высока ацэньваючы творчы патэнцыял трупы тэатра, яго дырэктар, тым не менш, прызнаўся, што з дапамогай абвестак ў "Комсомольской правде" хоча знайсці новых салістаў, дырыжораў, рэжысёраў у Расіі, каб запрасіць на сталую працу ў Мінск. Менавіта сярод іх дырэктару бачыцца і "гаспадар, які ведае трупу, клапоціцца пра яе"… Але хіба такога чалавека няма сярод сённяшніх майстроў беларускага мастацтва, ветэранаў тэатра, творцаў маладзейшага пакалення, якіх рыхтуюць старэйшыя і паважаныя беларускія навучальныя ўстановы?

На жаль, досыць скупа і без відавочнай асабістай зацікаўленасці (балазе, журналісты нагадалі) выказалася новае кіраўніцтва тэатра пра беларускі рэпертуар, пра стасункі са сваімі аўтарамі. Хаця гісторыя гэтага параўнальна маладога калектыву захавала гады сапраўднага творчага супрацоўніцтва з айчыннымі кампазітарамі: Юрыем Семенякам, Андрэем Мдзівані, Віктарам Войцікам, Алегам Чыркуном, Уладзімірам Кандрусевічам (чый мюзікл "Шклянка вады" дагэтуль у рэпертуарным актыве)…

Што ж, можна скептычна ставіцца да нацыянальнай рэпертуарнай спадчыны. Але трэба імкнуцца ажывіць, мадэрнізаваць яе лепшыя старонкі. Можна чакаць, пакуль хтосьці з аўтараў пачне займацца самарэкламай, пастукаецца ў дзверы Тэатра. А можна пагартаць даведнікі, вывучыць спісы створанага ў адпаведным жанры, пазнаёміцца з вядучымі ды перспектыўнымі кампазітарамі, з іх музыкай, замовіць арыгінальны твор…

Напэўна, упрыгожыла б наша культурнае жыццё і зрабіла гонар тэатру "Агатка" Я. Голанда. Набыткам зрабілася б "Чарадзейства ў краіне Оз" А. Атрашкевіч, што ідзе ў Маладзечанскім абласным тэатры. Зацікавілі б і творцаў, і публіку мюзіклы У. Кандрусевіча "Небяспечныя сувязі", "31 чэрвеня" У. Дамарацкага… Безумоўна, мае права на жыццё папуры з лепшых савецкіх дый дыснееўскіх "мульцікаў". Але маюць права на музычна-сцэнічнае ўвасабленне і героі беларускіх казак. (Яны, дарэчы, няблага пачуваюць сябе ў радыётэатры).

Хораша сказаў А. Ісаеў: "Хацелася б не згубіць тое добрае, што назапашана тэатрам за больш чым 30 гадоў. I навошта арыентавацца на Хабараўск, калі значна бліжэй да нас Вена ды Парыж?!"

Мінск, вядома, – таксама сталічны горад. Гожы, тэатральны, прывабны для гасцей, блізкіх і далёкіх суседзяў. А быў бы ён, адназначна, правінцыйным мястэчкам, якіх многа, калі б не існавала своеадметная дзяржава – Беларусь. А яна, дзяржава Беларусь з яе галоўным, старажытным і сучасным горадам, не існавала б, калі б не народ, адметны сваімі нацыянальнымі традыцыямі, менталітэтам, культурай, мовай.

Дык будзем спадзявацца… Спадзявацца на мудрасць энергічнага дырэктара, які мае намер спалучаць адміністрацыйныя справы з канцэртна-эстраднай і сцэнічнай дзейнасцю. На тое, што заслужаны артыст Беларусі Аляксей Ісаеў скіруе жыццё калектыву ў напрамку, адпаведным назве Дзяржаўнага музычнага тэатра Беларусі. Што нашаму тэатру наканаваны еўрапейскі ўзровень і нацыянальная адметнасць і ён не ператворыцца ў "хабараўскую філію" ці ў "тутэйшае падмаскоўе"… Наша карэнная інтэлігенцыя можа дазволіць сабе і такі спадзеў, ці не праўда?

Ну, а пакуль парадуемся, што папулярны творчы калектыў свой 32-гі сезон пачаў у пасвяжэлым, абноўленым закуліссі: па ініцыятыве дырэктара зроблены рамонт – першы за 20 гадоў існавання гэтага прыгожага будынка па вуліцы Мяснікова…

С. БЕРАСЦЕНЬ.
Лiтаратура і мастацтва. – 2001. – 12 кастр.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: