Учреждение Заслуженный коллектив Республики Беларусь
Белорусский государственный академический музыкальный театр
Главная/Пресса/Класiка перамагае час (2001 г., Чырвоная змена)

Класiка перамагае час (2001 г., Чырвоная змена)

Подписаться на рассылку:
это поле обязательно для заполнения
Имя:*
это поле обязательно для заполнения
Фамилия:*
это поле обязательно для заполнения
E-mail:*
Спасибо! Форма отправлена
« Назад

КЛАСIКА ПЕРАМАГАЕ ЧАС

Семнаццаць гадоў у Дзяржаўным музычным тэатры (Тэатры музкамедыі) ігралі спектакль "Жанчына-кажан". Але з 1998 года знакамітая аперэта Іагана Штрауса апынулася "на паліцы" – для "рэстаўрацыі". Нарэшце спектакль вяртаецца ў рэпертуар.

"Жанчына-кажан" – класіка "аперэтачнага" жанру. Бадай, пасля "Прынцэсы цырка" гэта самая вядомая аперэта. Цікавы музычны жарт пра шлюбную здраду і шлюбную вернасць калісьці лічылі наватарскім творам. Сучаснікі Іагана Штрауса ў асноўным пісалі аперэты з адзінай мэтай, каб пазабавіць гледачоў. Але знакаміты аўстрыйскі кампазітар, скрыпач і дырыжор пайшоў іншым шляхам. Яго аперэты не толькі забаўляюць, але і нясуць пэўную карысць для душы.

...Генрык Айзенштэйн (артыст Віктар Бажэнаў), сур'ёзны, з добрымі манерамі, культурны буржуа... залгаўся. Ён размаўляе з чароўнай жонкай Разаліндай (артыстка Людміла Станевіч) і, здаецца, забывае, з кім гаворыць і аб чым. Бо яго думкі – далёка ад раскошных пакояў яго дома (мастакі С. Кошкін і Яўген Ждан). Яны нават не ў турме, куды гэтым вечарам Генрыка павінны пасадзіць за хуліганства, якое ён здзейсніў у час палявання. У яго галаве лунаюць думкі пра нейкую жанчыну, з якой Генрык нядаўна блізка пазнаёміўся. Імя гэтай жанчыны час ад часу зрываецца з языка Айзенштэйна, вельмі здзіўляючы Разалінду.

Пераканаўчы, моцны голас акцёра арганічна спалучаецца з сапрана выканаўцы ролі Разалінды. Арыгінальныя адценні ў музычную палітру ўзаемаадносін галоўных персанажаў уносяць іншыя героі. Для заможнай, але не вельмі трывалай па характары Разалінды падтрымкай у будзённым жыцці служыць Адэль, яе пакаёўка (артыстка Валянціна Пятліцкая). У спрэчках з пакаёўкай Разалінда пэўным чынам самасцвярджаецца, набывае ўпэўненасць у сабе. Цікава, што ў дуэтах два жаночыя персанажы не "спаборнічаюць", а дапаўняюць адзін аднаго. У жыцці так часта бывае: гаспадар і слуга, нягледзячы на разыходжанне характараў, складаюць адно цэлае.

Калі асоба Адэлі яднае Разалінду і Генрыка, то "сябар" сям'і Альфрэд (дыпламант міжнароднага конкурсу артыст Васіль Мінгалёў) іх раз'ядноўвае. У час адсутнасці мужа Альфрэд робіць нясціплыя "крокі" насустрач Разаліндзе. Маладая жанчына пачынае раўнаваць мужа да таямнічай незнаёмкі, і Альфрэд гэтым карыстаецца. Яму нават шанцуе пасядзець побач з гаспадыняй дома на вузкай канапе! Вобраз Альфрэда ў спектаклі – адзін з самых цікавых. З аднаго боку, гэты мужчына надзвычай прыгожы, далікатны. Салодкім голасам ён спрактыкавана ўздзейнічае на слых жанчыны. Аднак прыгажосць і далікатнасць ператвараюць Альфрэда ў камічны персанаж. Ён хоча выкарыстаць сваю абаяльнасць не на добрую справу. Такія "фокусы", як правіла, канчаюцца анекдатычна.

Ёсць у Генрыка і іншы сябар – Фальк, дырэктар тэатра (лаўрэат міжнароднага конкурсу Эдуард Мартынюк). Гэты персанаж нясе з сабой сапраўдны вір нечаканых падзей. Яго з'яўленне на сцэне накіроўвае дзеянне ў новым, імклівым накірунку. Менавіта ён праводзіць Генрыка не ў турму, а на... бал-маскарад. А дырэктар турмы Франк (засл. артыст Рэспублікі Беларусь і Украіны Арнольд Ранцанц), які прыязджае па Генрыка, забярэ за краты менавіта Альфрэда. Той паспеў ужо напіцца, і яму ўсё адно, дзе бавіць вечар.

Аднак не толькі па сюжэце спектакля Фальк з'яўляецца моцным "рухавічком" дзеяння. Яскравы тэнар маладога выканаўцы – сапраўдная знаходка для музычнага тэатра. Акцёр хутка знаходзіць дакладны тон ва ўзаемаадносінах з партнёрамі на сцэне, імкнецца да імправізацыі. Яго ігра стымулюе дзеянне, узнімае рытм спектакля на неабходную вышыню, калі эмацыянальны фон, бывае, зніжаецца.

Асаблівы каларыт узноўленай пастаноўцы надае дырыжорская работа Генадзя Праваторава. Народны артыст Расіі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, ён працуе з аркестрам Музычнага тэатра нядаўна. Але складваецца ўражанне, што музыканты даўно прызвычаіліся да яго дырыжорскай палачкі.

Вядома, самае цікавае ў п'есе А. Мал'яка і Л. Галеві "Гадзіннік з боем", паводле якой створана аперэта (дарэчы, у перакладзе тэксту на рускую мову ўдзельнічаў знакаміты майстар слова Мікалай Эрдман), пачынаецца на бале. Сюды прыязджаюць не толькі Фальк з Генрыкам, але і Разалінда, і нават Адэль. Незнаёмая жанчына ў прыгожай чорнай сукенцы, у масцы а-ля "крылы кажана" адразу прыцягвае ўвагу Генрыка. У яе паводзінах, у манеры гаварыць і ўсміхацца ён бачыць нешта блізкае, роднае. Узнікае пачуццё, быццам ведаеш гэту жанчыну даўным-даўно.

Аднак не Жанчына-кажан робіцца "зоркай" балю. На першае месца ў намінацыі "глядацкіх сімпатый" выходзіць таямнічая паненка, якую прымаюць за замежную госцю. Нават гаспадар бала, князь Арлоўскі (артыст Аляксандр{Антон} Заянчкоўскі) звяртае на яе ўвагу, а Фальк спяшаецца першым прызнацца ёй у каханні.

Як жа здзіўляюцца Генрык і Фальк, калі даведваюцца, што першы закахаўся ў... асабістую жонку, а другі – у яе пакаёўку! У фінале дзеянне пераносіцца ў турму, куды шчаслівыя ўдзельнікі балю прыходзяць, каб вызваліць Альфрэда. Бліскучы ўрок няверным мужам і легкадумным мужчынам увогуле даюць Штраус і аўтары п'есы. Стваральнікі ж спектакля даказваюць гледачам, што класіка – сапраўды скарб мастацтва, які не старэе з цягам часу.

Паводле слоў дырэктара музычнага тэатра Аляксея Ісаева, задача групы ўзнаўлення спектакля заключалася ў тым, каб захаваць аўтарскія правы рэжысёра Анатоля Малчанава, надаць яго пастаноўцы былую якасць. Гэтым займалася рэжысёр узнаўлення Валянціна Пятліцкая. Ёй дапамагалі хормайстар Святлана Пятрова і балетмайстар Ніна Дзьячэнка. Можна сказаць, што праца ім удалася. Адно тое ўжо важна, што творцы новага пакалення выказалі далікатнасць, уважлівасць да працы сваіх папярэднікаў. Гэта рыса інтэлігентнага стаўлення да прафесіі. Бо культура пачынаецца з павагі.

Андрэй АХМЕТШЫН.
Чырвоная змена. – 2001. – 18 снеж.



Исключительные права на материалы, размещенные на Интернет-сайте Белорусского государственного академического музыкального театра (www.musicaltheatre.by), в соответствии с законодательством об авторском праве и смежных правах Республики Беларусь, принадлежат Учреждению “Заслуженный коллектив Республики Беларусь “Белорусский государственный академический музыкальный театр” и не подлежат использованию в какой бы то ни было форме без письменного разрешения правообладателя. По вопросам использования материалов, размещенных на сайте, обращаться на e-mail: marketing@musicaltheatre.by

Мы в социальных сетях: